БІЯЦЭНАГЕНЕ́З (ад біяцэноз +...генез),

гістарычны працэс фарміравання і развіцця біяцэнозаў. Адбываецца праз змену (экзагенез) відаў, якія дамінуюць (з іх кансорцыямі), змену складу біяцэнозаў уключэннем і выключэннем (трансгенез) відаў і некаторай іх трансфармацыяй (спецыягенез). Кожны этап біяцэнагенезу ва ўмераным клімаце дынамічны і адбываецца на працягу некалькіх тысячагоддзяў; на раўнінах трапічнай зоны доўжыцца мільёны гадоў. Суправаджаецца фарміраваннем новых рознасцяў глебаў, жывых арганізмаў і інш. Сінонімы біягенацэнозу — філацэнагенез і фітацэнагенез — прапанаваў сав. вучоны У.М.Сукачоў.

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАГЕНЕ́З (ад аўта... + ...генез),

у эвалюцыйным вучэнні адна з канцэпцый, у аснове якой ляжыць перадумова аб незалежнай ад знешніх умоў эвалюцыі жывой прыроды, што накіроўваецца і рэгулюецца ўнутр. нематэрыяльнымі фактарамі. Аўтагенез блізкі да віталізму. Аўтагенетычны характар маюць вучэнні аб градацыі Ж.​Б.​Ламарка, арыстагенез Г.​Осбарна, батмагенез Э.​Копа, номагенез Л.​С.​Берга і інш. Прыхільнікі аўтагенезу бачаць доказы аўтагенетычных тэндэнцый эвалюцыі ў з’явах эвалюцыйнага паралелізму і канвергенцыі ў біялогіі.

т. 2, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАГЕНЕ́З (ад грэч. kata уніз + ...генез),

кірунак эвалюцыі, які прыводзіць да агульнага недаразвіцця і спрашчэння будовы арганізма дадзенай групы. Звязаны з пераходам у спрошчанае экалагічнае асяроддзе (напр., сядзячы спосаб жыцця, паразітызм і інш.). Прыводзіць да агульнага зніжэння морфафізіял. арганізацыі, дэзінтэграцыі, дэгенерацыі і рэдукцыі некат. органаў і іх сістэм (катамарфоз). Абумоўлены экалагічнымі і генет. аспектамі рэгрэсіўнай эвалюцыі. Напр., групы, якія зведалі К.: абалоннікі, імшанкі, калаўроткі, падводныя кветкавыя расліны, тлі, чарвяцы.

т. 8, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯГЕНЕ́З (ад дыя... + ...генез),

сукупнасць прыродных фізіка-хімічных працэсаў ператварэння рыхлых асадкаў на дне вадаёма і на сушы ў асадкавыя горныя пароды ва ўмовах верхняй зоны зямной кары. Вылучаюць Д. ранні (этап фізіка-хім. ўраўнаважання асадку) і позні (этап пераразмеркавання рэчыва з утварэннем розных мінер. сцяжэнняў). У выніку Д. змяншаецца колькасць глеевай вады, асадак робіцца больш шчыльным і цвёрдым. Ператварэнне асадкавай пароды да поўнай літафікацыі (акамяненне) адбываецца на стадыях катагенезу і метагенезу.

У.​І.​Шкуратаў.

т. 6, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фронтагене́з

(ад фронт + -генез)

утварэнне атмасфернага фронту.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МЕТАГЕНЕ́З (ад мета... + ...генез) у біялогіі, адна з форм чаргавання пакаленняў, пры якой пакаленні асобін, што размнажаюцца палавым шляхам, змяняюцца на пакаленні асобін, якія размнажаюцца бясполым шляхам. Характэрны для кішачнаполасцевых, некат. плоскіх і кольчатых чарвей. Напр., у эхінакока ў кішэчніку асн. гаспадара адбываецца выспяванне яец (палавое размнажэнне), а ў целе прамежкавага гаспадара ўтвараецца лічынка (фіна), унутры якой пачкаваннем фарміруюцца даччыныя пузыры з галоўкамі чарвей (бясполае размнажэнне). Кожная галоўка ў кішэчніку асн. гаспадара дае пачатак новай стужачнай форме.

Р.​Г.​Заяц.

т. 10, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАГЕНЕ́З (ад ала... + ...генез),

кірунак эвалюцыі групы арганізмаў, пры якой у блізкіх відаў адбываецца змена адных прыватных прыстасаванняў на іншыя, а агульны ўзровень арганізацыі застаецца ранейшым. Выяўляецца гэта ў адаптыўных ператварэннях (напр., пры змене асяроддзя наземнага на воднае) — аламарфозах, або ідыяадаптацыях.

Адзначаецца на ўсіх стадыях індывід. развіцця жывёлы — ад зародка, лічынкі і маляўкі да дарослай асобіны. Пры гэтым адны органы прагрэсіўна развіваюцца, іншыя — трацяць функцыян. значэнне і рэдукуюцца. Прыкладам прыстасавання арганізмаў да спецыфічных умоў эмбрыянальнага або лічынкавага развіцця (цэнагенез) з’яўляюцца якасныя новаўтварэнні: амніён, харыён, плацэнта і інш.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ААГЕНЕ́З (ад аа... + ...генез),

паслядоўны працэс развіцця жаночай гаметы ад першаснай палавой клеткі да спелага яйца. Ахоплівае стадыі: размнажэння (павелічэнне колькасці дыплоідных палавых клетак — аагоніяў), росту аацытаў (павольны ў першай фазе, якая ў чалавека і жывёл можа працягвацца гадамі, у другой фазе — хуткі, з інтэнсіўным павелічэннем аб’ёмаў клетак) і іх выспявання (меятычнае дзяленне з утварэннем гаплоідных яйцаклетак, здольных да апладнення). У губак, некаторых кішачнаполасцевых і чарвей аагенез адбываецца ў любой частцы цела, у астатніх жывёл і чалавека лакалізаваны ў яечніках, у раслін — у аагоніях, архегоніях або зародкавым мяшку.

т. 1, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТМАГЕНЕ́З (ад грэч. bathmos ступень + ...генез),

эвалюцыйная канцэпцыя, паводле якой у аснове прагрэс. развіцця жывых арганізмаў ляжыць унутр. імкненне да самаўдасканалення — «сіла росту», або батмізм. Дзеянне гэтага ўнутр. фактару накіроўваецца, на думку аўтара батмагенезу амер. палеантолага Э.​Д.​Копа (1871), вонкавымі ўплывамі, намаганнямі, што выклікаюцца патрэбнасцю, а таксама неўсвядомленым або свядомым выбарам. Менавіта свядомы выбар на аснове «сілы росту» ўласцівы, паводле батмагенезу, усяму жывому, стварае новыя адаптацыі арганізмаў, а натуральны адбор толькі захоўвае або знішчае іх. Канцэпцыя батмагенезу аўтагенетычная, падобная да вучэння Ж.Б.Ламарка і ляжыць у аснове псіхаламаркізму. Гл. таксама Неаламаркізм.

т. 2, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІНАГЕНЕ́З (ад гіна... + ...генез),

развіццё зародка з генетычнага матэрыялу яйцаклеткі; тып палавога размнажэння. Пры гінагенезе мужчынская гамета з інактываваным ядром, пранікаючы ў яйцаклетку, актывуе яе да драблення, але ў далейшым развіцці не ўдзельнічае. З’яўляецца формай партэнагенезу, процілегласцю андрагенезу, адбываецца ў выніку незавершанага апладнення, часцей пры апладненні яец аднаго віду спермай іншага (роднаснага) віду. Назіраецца ў некаторых відаў нематодаў, касцістых рыб, земнаводных і пакрытанасенных раслін. У эксперыменце гінагенез, як спосаб кіравання развіццём і полам, можна выклікаць штучна тэрмашокам, апрамяненнем яйцаклеткі, мікрахірургічным выдаленнем з зіготы мужчынскага прануклеуса.

т. 5, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)