БЛАКІРАВА́НЫ ДОМ,

тып малапавярховага жылога дома, які складаецца з некалькіх размешчаных у рад кватэр (блокаў) з асобнымі ўваходамі ў кожную і прыкватэрнымі зямельнымі ўчасткамі. Будуюцца 1-, 2-, 3-павярховыя і 2-павярховыя з кватэрамі ў 2 узроўнях (катэджны тып). Віды блакіроўкі: у 1 ці 2 рады, «пілой», «у елачку», «са зрухам». Колькасць блокаў у радзе і працягласць будынка залежаць ад канкрэтных умоў буд-ва.

На Беларусі буд-ва блакіраваных дамоў пачалося ў 1920-я г. (пас. Чырвоны Чыгуначнік у Мінску, Асінторф у Дубровенскім р-не, Залінейны р-н у Гомелі). З 1960-х г. шырока выкарыстоўваецца ў сельскім буд-ве. 1—3-павярховыя дамы пабудаваны па тыпавых праектах у вёсках Верцялішкі Гродзенскага, Мухавец Брэсцкага, Расна Камянецкага р-наў; 2-павярховыя ў 2 узроўнях на 2, 4, 6 кватэр у вёсках Сялюты Віцебскага, Новы Двор Шчучынскага, Міхалёва Бабруйскага, Новыя Гараны Полацкага р-наў і інш.

т. 3, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАРА́ДАВІЧ (Міхаіл Андрэевіч) (12.10.1771, Пецярбург — 27.12.1825),

расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1809), граф (1813). Вучыўся ва ун-тах Кёнігсберга, Гётынгена, Страсбурга. Удзельнік рус.-швед. вайны 1788—90, Італьянскага і Швейцарскага паходаў 1799 А.В.Суворава, кампаній супраць Францыі 1805—07, рус.-тур. вайны 1805—12, замежных паходаў рас. арміі 1813—14. Найб. вызначыўся ў вайну 1812 у Барадзінскай бітве (камандаваў правым крылом 1-й рас. арміі, на чале ар’ергарда прыкрываў яе адыход ад Масквы і забяспечваў яе флангавы марш на Старую Калужскую дарогу). У час праследавання французаў па Старой Смаленскай дарозе (камандаваў авангардам у складзе 2-га і 7-га пяхотных, 2-га кав. карпусоў і 4 казацкіх палкоў) вызначыўся ў баях пад Вязьмай, Дарагабужам і інш.; на тэр. Беларусі заняў мяст. Гараны, пасля пераправы цераз Дняпро ішоў з войскам праз населеныя пункты Стараселле, Маляўку, Талачын, Крупкі, Барысаў, Лагойск, Ракаў, Радашковічы, Гальшаны і інш. У час замежных паходаў удзельнічаў ва ўсіх гал. бітвах, у т.л. ў Лейпцыгскай бітве 1813. З 1818 ваен. губернатар Пецярбурга. Смяротна паранены на Сенацкай плошчы П.Р.Кахоўскім у час паўстання дзекабрыстаў.

т. 10, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛА́НКА»

(«Blitz»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгады Сіроцінскай і мясц. насельніцтва ў Бешанковіцкім і Сіроцінскім р-нах Віцебскай вобл. (у міжрэччы Зах. Дзвіны і Обалі, уздоўж чыг. Віцебск—Полацк) 23.9—4.10.1942 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 21-й ахоўнай дывізіі пры падтрымцы браняпоезда і паліцэйскіх падраздзяленняў мясц. гарнізонаў. 23 вер. праціўнік пачаў наступленне, імкнучыся акружыць брыгаду, расчляніць яе на часткі і знішчыць. Асн. сілы брыгады своечасова адышлі за р. Обаль і занялі абарону на яе правым беразе; атрады 4-ы (камандзір Дз.М.Ляўковіч) і 3-і (камандзір В.Р.Несцераў) апынуліся ў акружэнні. 4-ы атрад 3 сутак адбіваў атакі карнікаў, а потым пад прыкрыццём невялікага заслона (2 сутак стрымліваў праціўніка) прарваўся да в. Залужжа, адкуль мясц. жыхары вывелі яго да в. Грабянцы ў тыл ворага. На У ад в.Шашы бой у акружэнні вёў 3-і атрад, разам з якім у лесе хавалася каля 3 тыс. мясц. жыхароў. Спачатку праціўнік вёў моцны артыл. агонь, потым пачаў прачэсваць лес. Адбіваючыся апошнімі гранатамі, партызаны разам з жанчынамі, малымі і старымі пачалі адыход да Зах. Дзвіны, дзе размяшчаліся сілы загараджэння карнікаў. У гэты час эскадрылля сав. штурмавікоў, што наносіла ўдары па станцыях Полацк і Гараны, вярталася з задання. Лётчыкі заўважылі вял. колькасць гітлераўцаў на беразе ракі і з брыючага палёту абстралялі іх. Выкарыстаўшы паніку ў стане праціўніка, партызаны з часткай насельніцтва пераправіліся цераз раку і выйшлі ў размяшчэнне атрада «Смерць фашызму». Пацярпеўшы няўдачу ў аперацыі, карнікі загубілі 567 чал., спалілі 9 вёсак.

У.С.Пасэ.

т. 10, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)