прыцмо́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Цмокнуць губамі, языком, звычайна выказваючы якое‑н. пачуццё (здзіўленне, задавальненне, злосць і інш.). Апранаючыся, .. [Чыжык] агледзеў свае гамашы, здзіўлена прыцмокнуў языком. Лупсякоў. — Ты праўду кажаш. З Рыгора можа быць талковы брыгадзір, але... — тут Васіль прыцмокнуў языком. Арочка.

2. Цмокнуць, прымушаючы каня ісці. Старшыня ўзяўся за лейцы, зычна прыцмокнуў. Якімовіч. І я тут не адгаварыўся, усе разам кінулі мяне ў вазок на гарохавінне, і Алесь прыцмокнуў на каня. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кама́шы ’чаравікі з паўхалявамі’ (Мат. Гродз., Сцяшк., Бес.; смал. КЭС; гарад., в.-дзвін., докш., брасл. Сл. паўн.-зах.), кыма́шы ’тс’ (Бяльк.), ’мужчынскія чаравікі, туфлі з гумавымі ўстаўкамі па баках, без шнуроўкі’ (ТСБМ), ’жаночыя чаравікі на шнурках, на гузіках, з гумкамі’ (вілен., гродз., смарг., Сл. паўн.-зах.). Тое ж гама́шы (дзятл., паст., Сл. паўн.-зах.). З ням. Kamasche і больш новага Gamasche (магчыма, праз пасрэдніцтва польск. мовы) < франц. gamache < праванс. gamacho < ісп. guadamaci ’ціснёная скура’ < араб. gadāmasī ’скура з горада Gadames (у Трыпалі)’. (Клюге₁₁, 184; Даза, 353; Слаўскі, 2, 36).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нагаві́цы ’штаны’ (ТСБМ, жлоб., Мат. Гом., Сцяшк. Сл.; слуц., ганц., пруж., беласт., Сл. ПЗБ), ’рукавіцы’ (докш., Цыхун, вусн. паведамл.), укр. ногавиці ’штаны суконныя’, ногавиця ’калашына’, рус. нога́вицы, ногави́цы ’шкарпэткі, гамашы’, ногави́цы ’частка адзення ці абутку, якая прыкрывае калені і галёнкі’, ’рукавіцы без пальцаў, каб рваць каноплі ці лён’, польск. nogawicy ’штаны’, ’панчохі, шкарпэткі’, nogawica ’калашына’, чэш., славац. nohavice ’калашына’, ’штаны’, в.-луж. nohajcy ’панчохі’, н.-луж. nogawica ’штаны’, славен. nogavica ’панчоха, шкарпэтка’, серб.-харв. но̀гавица ’калашына’, балг. нога́вици ’абмоткі з казінай шкуры, якія надзяваюцца пастухамі для аховы ног ад калючак’, макед. ногавица ’калашына’. Прасл. *nogavica, вытворнае ад noga, паводле Махэка, па ўзору rǫkavica (< rǫkavъ), паколькі адсутнічае прыметнік *nogavъ (Махэк₂, 401); развіццё семантыкі ад першапачатковага ’тое, што надзяваецца на нагу’ да ’штаны’; спецыфічнае для ўсходнеславянскіх гаворак значэнне ’рукавіца’, відаць, вынік пераносу назвы па функцыі (’тое, што служыць для аховы канечнасцей’) — ці не перажытак старога сінкрэтызму назваў, што абазначалі адначасова і верхнія і ніжнія канечнасці, параўн. лат. nagas ’рукі і ногі’ і інш.? Гл. таксама ганаві́цы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)