НІЧКО́Ў (Барыс Уладзіміравіч) (н. 24.9.1938, г. Екацярынбург, Расія),
бел. музыкант-габаіст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1983). Канд. мастацтвазнаўства (1999). Скончыў Уральскую кансерваторыю (Свярдлоўск, 1961). У 1960—66 саліст Дзярж. нар. аркестра Беларусі, аркестраў Бел. тэлебачання і радыё, Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1967 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі [у 1981—91 (з перапынкам) заг. кафедры, у 1986—91 прарэктар, з 1987 праф.]. Яго выканальніцкай манеры характэрны прыгажосць гуку, тэхн. дасканаласць. Арганізатар і маст. кіраўнік ансамбля салістаў Дзярж. аркестра сімфанічнай і эстр. музыкі Беларусі (з 1993). Аўтар кн. «Народныя духавыя інструменты ў музычнай культуры Беларусі» (1981). Лаўрэат Рэсп. конкурсу выканаўцаў на духавых інструментах (1963). Сярод вучняў Л.Каліноўскі, Ю.Лікін, І.Ляшчышын, Л.Мурашка, С.Сяргеенка.
Л.А.Сівалобчык.
т. 11, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)