АРГАНІЗА́ЦЫЯ (франц. organisation ад позналац. organizo надаю зграбны выгляд, упарадкоўваю),
1) ступень і характар упарадкаванасці элементаў сістэмы, яе адэкватнасць функцыям, што выконвае гэта сістэма. Паняцце «арганізацыя» азначае сістэмны аб’ект, упарадкаванасць, мэтанакіраваную дзейнасць кібернетычных сістэм, сац. сістэму як сродак дасягнення мэты. Сама канцэпцыя арганізацыі, такім чынам, уключае агульнафіласофскі, сістэмны, кібернетычны і сацыялагічны падыходы. Стварыць агульнае вучэнне аб арганізацыі спрабаваў А.А.Багданаў (1913), які выказаў ідэю ізамарфізму розных арганізацыйных структур, блізкую да агульнай тэорыі сістэмы, кібернетыкі, сінергетыкі, канцэпцыі глабальнага эвалюцыянізму і інш. Вызначальныя рысы арганізацыі — упарадкаванасць, функцыянальнасць, іерархічнасць. Упарадкаванасць уключае парадак (разнастайнасць устойлівых сувязяў у патоку змен), кампазіцыю элементаў (від ўладкаванасці) і функцыянальную залежнасць (змена элемента вядзе да змены інш. элементаў ці ўсёй сістэмы ў цэлым і, наадварот, змена сістэмы вядзе да змены яе структурных элементаў). Функцыянальнасць характарызуе адносіны сістэмы з навакольным асяроддзем, дасягненне за кошт арганізацыі прыстасавальнага (функцыянальнага) эфекту. Сутнасць іерархічнасці ў тым, што кожная арганізацыя мае розныя ўзроўні (сістэмы і падсістэмы, ступені, формы, структуры, тыпы і г.д.), разуменне якіх спрыяе выяўленню генетычнай сувязі паміж імі: у нежывой прыродзе — ад субклетачнага да Метагалактыкі, у жывой прыродзе — ад субклетачнага да біясфернага (і наасфернага), у грамадстве — ад чалавека да соцыуму.
2) Аб’яднанне людзей для сумеснай рэалізацыі пэўнай праграмы ці мэты на аснове вызначаных правілаў дзеяння.
3) Сукупнасць працэсаў ці дзеянняў, якія вядуць да ўтварэння і ўдасканальвання ўзаемасувязяў паміж часткамі цэлага.
Літ.:
Богданов А.А. Текстология: Всеобщая организационная наука. Кн. 1—2. М., 1989;
Пригожин И., Стенгерс И. Порядок из хаоса: Пер. с англ.М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫЯ РАДЫ́, радые актыўныя сем’і,
групы генетычна звязаных радыенуклідаў, у якіх кожны наступны ўзнікае ў выніку альфа-распаду або бэта-распаду папярэдняга. Кожны Р.р. пачынаецца з радыенукліда з найб. для гэтага рада перыядам паўраспаду (роданачальніка) і канчаецца стабільным нуклідам.
У Р.р. масавыя лікі А нуклідаў (членаў рада) адрозніваюцца на лік, кратны 4 (пасля α-распаду масавы лік нукліда памяншаецца на 4). Тэарэтычна магчыма існаванне 4 Р.р. з A = 4n + δ, дзе δ = 0, 1, 2 і 3, роданачальнікамі якіх з’яўляюцца торый-232 (A = 4n; рад торыю), нептуній-237 (A = 4n + 1, рад нептунію), уран-238 (A = 4n + 2, рад урану-238, ці урану-радыю), уран-235 (A = 4n + 3, рад урану-235, ці актынаурану). Рады торыю, урану-радыю і актынаурану, ці натуральныя Р.р., існуюць у прыродзе, бо перыяды паўраспаду 232Th (1,405∙1010 гадоў), 238U (4,468∙109 гадоў) і U (7,038∙108 гадоў) сувымерныя з узростам Зямлі. Канчатковымі стабільнымі прадуктамі распаду натуральных Р.р. з’яўляюцца ізатопы свінцу — 208Pb, 206pb, 207Pb. У прыродзе ёсць усе члены натуральных Р.р. (у т. л. і кароткажывучыя), што тлумачыцца ўстанаўленнем у кожным радзе т. зв. векавой раўнавагі, калі скорасці ўтварэння і распаду прамежкавых членаў Р.р. роўныя. Час устанаўлення векавой раўнавагі ~ 10T1/2, дзе T1/2 — перыяд паўраспаду самага доўгажывучага прамежкавага члена рада. Членаў рада нептунію (перыяд паўраспаду 2,14∙106 гадоў), які завяршае стабільны нуклід вісмут-209, у прыродзе няма, яны атрыманы штучна (гл.Ядзерная рэакцыя). Даследаванні Р.р. садзейнічаюць выяўленню новых радыеактыўных элементаў і іх ізатопаў. Гл. таксама Радыяхімія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТАМНЫЯ СПЕ́КТРЫ,
спектры, якія ўзнікаюць пры выпрамяненні і паглынанні фатонаў свабоднымі ці слаба ўзаемадзейнымі атамамі (атамнымі газамі, парай невял. шчыльнасці). Лінейчастыя, складаюцца з асобных спектральных ліній, кожная з якіх адпавядае пераходу электрона паміж двума адпаведнымі ўзроўнямі энергіі атама.
Спектральныя лініі характарызуюцца пэўнымі значэннямі частаты ваганняў святла ν, хвалевага ліку ν/c і даўжыні хвалі , дзе c — скорасць святла ў вакууме. Для найбольш простых атамных спектраў, якімі з’яўляюцца спектры атама вадароду і вадародападобных іонаў, месцазнаходжанне спектральных ліній вызначаецца па формуле:
, дзе En — энергія ўзроўню, h — Планка пастаянная, R — Рыдберга пастаянная, Z — атамны нумар, n — галоўны квантавы лік. Спектральныя лініі аб’ядноўваюцца ў спектральныя серыі, адна з якіх (пры , ) наз. серыяй Бальмера; адкрыццё яе ў 1885 дало пачатак выяўленню заканамернасцяў у атамных спектрах. Спектры атамаў шчолачных металаў, якія маюць адзін знешні электрон, падобны да спектра атама вадароду, але зрушаны ў бок меншых частот, колькасць спектральных серый павялічана, заканамернасці ў спектрах апісваюцца больш складанымі формуламі. Атамы, у якіх дабудоўваюцца dw- і f-абалонкі (гл. ў арт.Перыядычная сістэма элементаў Мендзялеева), маюць найб. складаныя спектры (многа соцень і тысяч ліній).
Тэорыя атамных спектраў заснавана на характарыстыцы электронаў у атаме квантавымі лікамі n і 1 і дазваляе вызначыць магчымыя ўзроўні энергіі. Вывучаны спектры вял. колькасці нейтральных і іанізаваных атамаў, расшчапленне спектральных ліній атамаў у магнітным (Зеемана з’ява) і ў электрычным (Штарка з’ява) палях. З дапамогай атамных спектраў вызначаецца састаў рэчыва (спектральны аналіз).
Літ.:
Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскоп я. М., 1962;
Фриш С.Э. Оптические спектры атомов М.; Л., 1963;
Собельман И.И. Введение в теорию атомных спектров. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎТАРСКАЯ ПЕ́СНЯ,
від музычна-паэтычнага мастацтва, дзе паэт, кампазітар і выканаўца аб’яднаны ў адной асобе. Аўтарскую песню наз. таксама бардаўскай ці паэтычнай (літаратурнай) песняй, а яе выканаўцаў — бардамі (ад назвы прафес. паэтаў сярэднявечча ў Ірландыі, Уэльсе і Шатландыі).
Бярэ пачатак у творчасці стараж.нар. спевакоў (скальдаў, бардаў, лірнікаў, гусляроў). Сінкрэтычны від мастацтва, дзе сродкі слова, музыкі і артыстычнага майстэрства ствараюць адзін непадзельны маст. вобраз і служаць перш за ўсё выяўленню сэнсу. Крытэрый паэтычнасці дазваляе далучаць да аўтарскай песні і творчасць выканаўцаў.
Як асобны від мастацтва аўтарская песня сфарміравалася на пач. 20 ст. Яе тыповая рыса — паліт. накіраванасць, вызначальная прыкмета — акампанемент гітары. Сярод вядомых выканаўцаў аўтарскай песні ў Францыі — Ж.Брэль, Ж.Беко, Ш.Азнавур. Палітычныя матывы распрацоўвалі ў сваёй творчасці Дж.Хіл, П.Сігер, В.Гатры, Дж.Баэз, Дз.Рыд (ЗША), В.Хара (Чылі). У б.СССР узнікла ў 1950-я г., пераважна сярод інтэлігенцыі, студэнтаў і турыстаў, і выконвала ролю «ціхай» апазіцыі існуючаму рэжыму. Найб. вядомы рас. барды Б.Акуджава і М.Анчараў (пачынальнікі), А.Галіч і У.Высоцкі, творчасць якіх адметная асаблівай публіцыстычнасцю, а таксама А.Гарадніцкі, Н.Матвеева, Ю.Візбар, Ю.Кім, Я.Клячкін, Ю.Кукін, В.Доліна, А.Дольскі, С.Нікіцін і інш. Сярод рускамоўных бардаў Беларусі А.Круп (пачынальнік, старшыня першага буйнога клуба самадз. песні «Свіцязь», 1966), М.Валодзін, Б.Вайханскі, У.Бобрыкаў, А.Казанцава і інш. З прадстаўнікоў беларускамоўнай аўтарскай песні, якая ўзнікла на хвалі нац. адраджэння на пач. 1980-х г., А.Камоцкі і С.Сокалаў-Воюш (пачынальнікі), А.Атаманаў, А.Мельнікаў, В.Цярэшчанка, В.Шалкевіч і інш. З 1960-х г. праводзяцца фестывалі аўтарскай песні (найб. значны — памяці В.Грушына, 1968, г. Самара), на Беларусі з 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ПІНГ (англ. doping ад dope даваць наркотык),
стымуляцыя псіхафіз. актыўнасці спартсмена з дапамогай фармакалагічных сродкаў і метадаў. прызнаных Мед. камісіяй Міжнар.алімп.к-та (МАК) допінгавымі. У спіс допінгавых сродкаў уваходзяць: узбуджальныя (амфетамін, эфедрын, кафеін); абязбольваючыя наркатычныя (марфін, кадэін, какаін і інш.); андрагенна-анабалічныя стэроіды (метанабол. 19-нортэстастэрон, станазалол, тэстастэрон); мачагонныя (фурасемід, гідрахлоратыязід, ацэтазаламід, аміларод і інш. для хуткага штучнага зніжэння масы цела, прыспешваюць працэс выдзялення мачы, што зніжае канцэнтрацыю ў ёй допінгавых субстанцый і перашкаджае іх выяўленню); пептыдныя гармоны і іх аналагі (плацэнтны ганадатрапін, кортыкатрапін, самататрапін, эрытрапаэтын). Д. з’яўляюцца таксама сродкі, выкарыстанне якіх не забаронена, але мае пэўныя абмежаванні; алкаголь, марыхуана, сродкі мясц. абязбольвання. У абгрунтаваных мед. паказаннямі выпадках дазваляецца выкарыстанне пракаіну, лідакаіну (ксілакаіну), карбакаіну. Кортыкастэроіды могуць выкарыстоўвацца толькі мясцова пры захворваннях вушэй, вачэй, скуры, пры інгаляцыйнай тэрапіі (астма, алергічны насмарк) і бэта-адрэналітыкі (прапраналол і інш.). Допінгавымі метадамі лічацца аўтатрансфузія (пераліванне ўласнай крыві), гетэратрансфузія (пераліванне донарскай крыві), пераліванне прэпаратаў, які маюць эрытрацыты (з уласнай або донарскай крыві), фармацэўтычныя, хім., фіз. маніпуляцыі з мэтай падмены саставу пробы біял. вадкасці.
Пошукі пазатрэніровачных спосабаў стымуляцыі псіхафіз. магчымасцей чалавека вяліся яшчэ ў старажытнасці. З канца 19 ст. ў спарт. дысцыплінах, што патрабуюць доўгатэрміновага напружання (напр., веласіпедны спорт), выкарыстоўвалі кафеін, алкаголь, эфір, стрыхнін і абязбольваючыя наркатычныя сродкі. Першыя антыдопінгавыя даследаванні (пачынальнік польскі фармацэўт А.Букоўскі) праведзены ў пач. 20 ст. на скакавых конях на іпадромах Будапешта, Варшавы, Вены. У 1950—60-я г. фармацэўтычныя сродкі пачалі шырока выкарыстоўваць у многіх відах спорту. Першы смяротны выпадак зафіксаваны ў час Алімп. гульняў у 1960 у Рыме (у выніку злоўжывання амфетаміну і вял. напружання пры высокай тэмпературы паветра памёр дацкі веласіпедыст К.Енсен). У 1967 МАК стварыў Мед. камісію, якая распрацавала правілы антыдопінгавага кантролю. На 94-й сесіі МАК (1988, Сеул) прыняты тэкст Міжнар.алімп. антыдопінгавай хартыі, якая вызначае прынцыпы барацьбы з Д., ролю і задачы ў ёй спарт і ўрадавых арг-цый. У 1989 Антыдопінгавая хартыя прынята Саветам Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДНЯ́К»,
аб’яднанне бел. пісьменнікаў у ліст. 1923 — ліст. 1928. Узнік як гурток маладых паэтаў пры час.«Маладняк». Заснавальнікі: М.Чарот, А.Вольны, А.Дудар, А.Александровіч, А.Бабарэка, Я.Пушча. Са стварэннем філіі ў Маскве (май 1924) і ініцыятыўных груп у Віцебску і Магілёве прыняў назву Усебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў. Меў філіі ў Мінску, Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Гомелі, Клімавічах (Калінінская філія), Магілёве, Оршы, Полацку, Слуцку, Смаленску, Ленінградзе, Празе, Рызе, студыі і гурткі ў многіх гарадах і мястэчках, а таксама нац. секцыі рус., літ., польск. і яўр. пісьменнікаў.
Членамі «М.» ў розны час былі М.Аляхновіч, З.Бандарына, І.Барашка, П.Броўка, З.Бядуля, У.Галубок, В.Гарбацэвіч, Ю.Гаўрук, П.Глебка, К.Губарэвіч, А.Гурло, У.Дубоўка, Я.Журба, У.Жылка, М.Зарэцкі, А.Звонак, В.Каваль, Т.Кляшторны, К.Крапіва, М.Лынькоў, В.Маракоў, Р.Мурашка, М.Нікановіч, Л.Родзевіч, В.Сташэўскі, П.Трус, У.Хадыка, Н.Чарнушэвіч, К.Чорны, С.Шушкевіч, А.Якімовіч і інш. Кіруючы орган — прэзідыум, з лют. 1925 Цэнтр. бюро, у розныя гады якое ўзначальвалі М.Чарот, А.Вольны, Дубоўка, П.Галавач. Друк. орган — час. «Маладняк», многія філіі мелі свае часопісы або альманахі. З мая 1925 «М.» выдаваў на свае сродкі бібліятэчку (кніжніцу) — невял. зборнікі твораў сваіх членаў (выйшла каля 60).
Творчая праграма «М.» сфармулявана ў дэкларацыі (снеж. 1924): «...ідэі матэрыялізму, марксізма і ленінізма ажыццявіць у беларускай мастацкай творчасці...»; мастацкі вобраз павінен аб’ектыўна адпавядаць рэальнасці. Праграма ўдакладнялася новымі дэкларацыямі (1925, 1926) у кірунку размежавання творчай і культ.-масавай працы, барацьбы за развіццё марксісцкай крытыкі і інш. Праводзіў выхаваўчую работу сярод моладзі, садзейнічаў выяўленню талентаў, наладжваў сувязі з літ. арг-цыямі інш. рэспублік, кнігаабмен з зарубежнымі краінамі. Творчасць маладнякоўцаў прасякнута пафасам сцвярджэння сацыяліст. ладу, вызначалася пошукамі новых маст. форм і сродкаў. Аднак многія з іх абвяшчалі літ. спадчыну перажыткам старога грамадства, захапляліся арыгінальнічаннем, фармаліст. штукарствам (атрымала назву «бурапена»). У сваёй дзейнасці «М.» кіраваўся ўказаннямі КП(б)Б, быў цесна звязаны з камсамолам. У маі 1926 у выніку расколу многія члены (К.Чорны, К.Крапіва, Дубоўка, Бабарэка, Глебка, Пушча, М.Лужанін і інш.), а на мяжы 1927—28 і асн. кіруючае ядро (М.Чарот, А.Вольны, А.Дудар, Сташэўскі і інш.) выйшлі з «М.». Рэарганізаваны ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў.
Літ.:
Гарэцкі М. «Маладняк» за пяць гадоў, 1923—1928. Мн., 1928;
Пшыркоў Ю.С. Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1960;
Перкін Н.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30-х гг.Мн., 1960;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЭ́ЗІЯ (ад грэч. poiēsis творчасць),
1) адзін з асноўных (побач з прозай) тыпаў мастацтва слова, які грунтуецца на вершаваным спосабе арганізацыі моўнага матэрыялу.
2) Вершапісанне розных мастакоў слова, аб’яднаных межамі пэўнай гіст. эпохі (напр., антычная П., П. Адраджэння), а таксама сукупнасць твораў аднаго аўтара ў розных родах і жанрах л-ры (напр., творчасць А.Пушкіна ўключае і драматургію ў вершах, і лірычную П., і раман у вершах, і вершаваную прозу).
3) Лірыка як род л-ры (побач з эпасам і драмай).
4) Мастацкая літаратура наогул (у адрозненне ад навуковай).
5) У пераносным сэнсе — высокі, натхнёны строй пачуццяў (у адрозненне ад прагматычна-утылітарнага, разумовага дачынення). У апошнім значэнні П. выступае як адметная якасць чалавечых адносін, характарыстыка спосабу асвойвання свету.
Як квінтэсенцыя прыстасавальных адносін П. можа існаваць толькі ў пачуццёва ўспрымальных вобразах; з’яўляецца маст. феноменам псіхаідэалаг. культуры. Найб. арганічна існуе ў вершах і паэмах, але пафас яе тлумачэння далёкі ад П. як гамы лірычных перажыванняў, таму ў паэтызацыі аналітычны пачатак прысутнічае ў мінім. ступені і для яе не патрэбны стылявыя кампаненты, якія здольны перадаваць ідэю, канцэптуальны сэнс (сітуацыя, сюжэт, прадметная і псіхал. дэталь, мова персанажаў і інш. — тое, што характэрна для прозы). Для перадачы П. актуальнымі з’яўляюцца алітэрацыя, асананс, рытм, метафара і інш. Узняты строй думак, уласцівы П., можа выяўляцца ў вершах і прозе, музыцы і жывапісе, адносінах да творчасці і г.д. Паэтычнасць растворана ў сувязях чалавека з сусветам, таму аб’ектаў паэт. адносін вял. мноства. Аднак далёка не кожны аб’ект паддаецца паэтызацыі (напр., немагчыма апаэтызаваць смерць, перажыванні скнары ці забойцы і інш.). П. і паэтызацыя, як правіла, не паддаюцца спробам аб’ектыўна-рацыяналістычнага вытлумачэння, бо гэты занятак знішчае сам дух П.
Вытокі бел. П. ў вуснай нар. творчасці (песні, балады, замовы). Першыя пісьмовыя ўзоры П. вядомы з пач. 16 ст.: творы Ф.Скарыны, Міколы Гусоўскага (на лац. мове), А.Рымшы, Я.Пашкевіча, Сімяона Полацкага і інш., вершы якіх мелі пераважна сілабічную структуру (гл.Сілабічнае вершаскладанне). Паступова бел. П. танізуецца, асабліва ў 1-й пал. 19 ст., калі з’явіліся ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, П.Багрыма, У.Сыракомлі і інш. Найважнейшым прадметам маст. пазнання стала чалавечая асоба, дэтэрмінаваная сац.-гіст. абставінамі. Пашырылася жанравая разнастайнасць П., ускладнілася маст. структура верша (творы Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, А.Гурыновіча). Класікі бел. П. Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка сінтэзавалі дасягненні папярэднікаў, узнялі П. на ўзровень сусв. л-ры. Пабольшала роля экспрэсіўнай паэт. мовы, індывід. пачатку ў П.; побач з удасканаленнем сілаба-тонікі (гл.Сілаба-танічнае вершаскладанне) з’явіліся такія формы верша, як верлібр, дольнік і інш., што забяспечыла ёй багатую рытміка-інтанацыйную выразнасць. Актыўнае ўзаемадзеянне формы і сэнсу адбываецца на ўсіх узроўнях паэт. творчасці, павышаючы ёмістасць вобраза і выразныя магчымасці слова. Паэты дамагаюцца высокай канцэнтрацыі выяўл. элементаў маўлення; умелае выкарыстанне паўз, націскаў рытмічнай плыні садзейнічае шматграннаму выяўленню аўтарскай інтанацыі ва ўсіх яе нюансах і дапамагае адчуць найтанчэйшыя ідэйна-маст. адценні. Пра развіццё бел. П. гл. таксама ў раздзеле Літаратура арт.Беларусь.
Літ.:
Жирмунский В.М. Теория стиха. Л., 1975;
Ралько І.Д. Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі. Мн., 1969;
Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;
Лойка А.А. Беларуская паэзія пачатку XX ст.Мн., 1972;
Шпакоўскі І.С. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВАЯ АРХІТЭКТУ́РА,
праектаванне і буд-вапрамысл. прадпрыемстваў і вытв. збудаванняў. Сродкамі П.а. ствараецца матэрыяльна і эстэтычна арганізаванае асяроддзе, неабходнае для ажыццяўлення чалавекам вытв. працэсу. Пры праектаванні аб’ектаў. П.а. ўлічваюцца рацыянальнае размяшчэнне прадпрыемстваў у сістэме горада, арх.-планіровачная арг-цыя і забудова саміх прадпрыемстваў і комплексаў, арг-цыякульт.-быт. абслугоўвання і камфортных умоў працы ў сферы вытв-сці, добраўпарадкаванне тэрыторый, а таксама эфектыўнасць капіталаўкладанняў.
Станаўленне і развіццё П.а. звязана з развіццём прамысл. вытв-сці і нар. гаспадаркі на ўсіх гіст. этапах. Да 18 ст.вытв. працэс быў засн на ручной працы, вытв. пабудовы не вылучаліся ў самаст. тып будынкаў. У эпоху прамысловага перавароту (з 1760-х г). калі вытв. працэс быў звязаны з выкарыстаннем машыннай тэхнікі, узнікла неабходнасць у буйных памяшканнях для машын, абсталявання, рабочых. Першыя прамысл. будынкі былі прамавугольныя ў плане, з нясучымі цаглянымі ці каменнымі сценамі і драўлянымі перакрыццямі (ф-кі ў Вялікабрытаніі). Пераважалі утылітарныя вырашэнні: падоўжаныя масіўныя сцены, якія часам чляніліся пілястрамі, упрыгожваліся паясамі фігурнай муроўкі. Выкарыстанне ў канцы 18—19 ст. каркасных канструкцый з металу і жалезабетону паспрыяла стварэнню вытв. будынкаў з рацыянальнай планіроўкай унутр. аблегчанымі сценамі, павелічэнню колькасці паверхаў і памераў светлавых праёмаў, што істотна змяніла вонкавае аблічча вытв. будынкаў. У П.а. пач. 20 ст. пашыраліся новыя канстр. сістэмы, якія давалі магчымасць перакрываць без апор вял. пралёты, выкарыстоўваліся новыя буд. і аддзелачныя матэрыялы. Лепшыя аб’екты П.а. (напр., турбінная ф-ка фірмы «АЭГ» у Берліне, 1909—12, арх. П.Берэнс, ф-ка «Фагус» у г. Альфельд, Германія, 1911—16, арх. В.Гропіус) з выразным рытмам калон, каркаснымі канструкцыямі, вялікапралётнымі перакрыццямі, новымі прыёмамі члянення вял. паверхняў сцен палосамі зашклення ў метал. пераплётах істотна паўплывалі на архітэктуру 20 ст. Сучасныя прамысл. будынкі і збудаванні вылучаюцца буйным маштабам, аб’ёмна-планіровачным вырашэннем і сілуэтам, становяцца важным арх. акцэнтам у гар. забудове.
На Беларусі з 9 ст. вядомы выраб прадметаў з дрэва, каменю, гліны, жалеза і інш., заснаваны на ручной працы. Першымі т.зв.вытв. збудаваннямі былі дамы-майстэрні: драўляныя пабудовы ў традыцыях нар. дойлідства, якія ўключалі жылую, вытв. і гасп. часткі (у Полацку, Віцебску, Магілёве, Гродне і інш.). Развіццё П.а. звязана з паяўленнем у 1-й пал. 18 ст. мануфактур (шкляныя ў Налібаках Стаўбцоўскага і Урэччы Любанскага р-наў, шаўковых паясоў у Слуцку, суконная ў Нясвіжы; усе Мінская вобл.). У 2-й пал. 18 ст. драўляныя 1-павярховыя будынкі мануфактур пастаўлены ў Гродне, Паставах і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст., калі ў П.а. пачалі выкарыстоўвацца новыя буд. матэрыялы (чыгун, пракатнае жалеза, бетон, жалезабетон), пабудаваны шэраг прадпрыемстваў (пераважна на берагах рэк або побач з чыгункай), у т. л.Добрушская папяровая фабрыка, Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна», суконная ф-ка ў в. Парэчча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. і інш. У пач. 20 ст. рэканструяваны старыя (папяровая ф-ка «Папірус» і хрусталёвы з-д у Барысаве, шклозавод «Старава» ў Бабруйскім пав.) і пабудаваны новыя прадпрыемствы. Пошук новых арх. форм вёўся ў кірунку стварэння арх. вобраза лаканічнымі і простымі маст. сродкамі, абапіраючыся на традыцыі. Адна з першых прамысл. пабудоў — станкабуд. з-д «Энергія» (1920) у Мінску. 1930-я г. адметныя буд-вам новых прадпрыемстваў і тэхнал. пераабсталяваннем старых. Больш шырокае ўжыванне металу і жалезабетону дазволіла якасна змяніць формы і арх. аблічча прамысл. будынкаў. Шматпралётныя карпусы з адносна вял. пралётамі, выразнай арх. кампазіцыяй і дакладнай арг-цыяй унутр. прасторы, з выяўленнем функцыян. і канстр. зместу будавалі без лішніх дэкар. дэталей у афармленні фасадаў (ф-кі панчошна-трыкат. імя КІМ у Віцебску, штучнага валакна ў Магілёве, кандытарская «Камунарка» ў Мінску, з-д «Гомсельмаш» у Гомелі). Пасляваен. аднаўленне і рэканструкцыя вяліся паралельна з увядзеннем новых будынкаў, абсталяваных новай тэхнікай. Пабудаваны аўтамаб. і трактарны заводы-гіганты ў Мінску, буйныя прадпрыемствы радыётэхн., прыладабуд., паліграф. прам-сці. Прамысл. аб’екты ўключаліся ў асн. горадабуд. вузлы і структуру старых і новых гарадоў, дапаўнялі і ўзмацнялі арх.-вытв. кампазіцыю гар. забудовы. У 1950-я г. паляпшалася аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне вытв. будынкаў, узведзены першы на Беларусі паўназборны шматпавярховы вытв. будынак — гал. корпус Мінскага гадзіннікавага завода. У кампазіцыі выкарыстоўваліся элементы класічнай спадчыны (Мінскі паліграфічны камбінат, з-д электронных выліч. машын у Мінску). Пашырыліся блакіроўка прамысл. будынкаў, уніфікацыя і тыпізацыя іх канструкцый, стварэнне карпусоў пад адным дахам (дывановы камбінат, з-ды электрамех. і электралямпавы ў Брэсце, комплекс харч. прадпрыемстваў у раёне Дражні ў Мінску). У 1960—70-я г. пабудаваны буйныя аб’екты вытв. аб’яднанняў «Палімір» у Наваполацку, «Хімвалакно» ў Магілёве, «Азот» у Гродне, «Беларуськалій» у Салігорску, «Гідрааўтаматыка» ў Гомелі і інш. На базе існуючых прадпрыемстваў створаны сучасныя вытв. комплексы з макс. блакіроўкай і кааперацыяй службаў і камунікацый, з эфектыўным выкарыстаннем тэрыторый, неабходнымі эстэт. і сан.-гігіенічнымі ўмовамі. Вял. перавагу мела аб’яднанне дробных прадпрыемстваў у камбінаты, замена старых 1-павярховых пабудоў сучаснымі шматпавярховымі будынкамі са свабоднай унутр. прасторай, што давала магчымасць мадэрнізаваць тэхнал. працэс, ствараць выразныя планіровачныя структуры і арх. прадстаўнічасць. Ствараюцца аб’яднаныя прамысл. комплексы — прамысл. вузлы, упарадкоўваюцца існуючыя прамысл. раёны. У павышэнні эстэт. і арх. выразнасці будынкаў і збудаванняў важнае месца належыць маст.выяўленню ўласцівасцей матэрыялаў і канструкцый, сістэме чляненняў сцен фасадаў, фактуры і колеру канстр. і аддзелачных матэрыялаў, колераваму вырашэнню інтэр’ераў. У арх.-кампазіцыйным вырашэнні выкарыстоўваецца прыём кантрасту падоўжаных 1-павярховых аб’ёмаў і шматпавярховых кампазіцыйных дамінантаў інж.-лабараторных карпусоў (Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік», Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній, Мінскі завод халадзільнікаў, Мінскі тонкасуконны камбінат і інш.). Новыя прамысл. будынкі гарманічна ўключаюцца ў прыродны ландшафт. Вядучая арг-цыя па праектаванні прамысл.буд-ва на Беларусі — ін-т«Белпрампраект» (засн. ў 1949). Значны ўклад у П.а. зрабілі архітэктары С.Баткоўскі, Э.Бацян, І.Боўт, У.Караль, С.Корчык, У.Некрашэвіч, Н.Шпігельман і інш.
Літ.:
Ким Н.Н. Промышленная архитектура. 2 изд. М., 1988;
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986.
І.І.Боўт.
Да арт.Прамысловая архітэктура. Будынкі суконнай фабрыкі ў вёсцы Парэчча Пінскага раёна Брэсцкай вобл. З малюнка Н.Орды. 19 ст.Да арт.Прамысловая архітэктура. Будынак гадзіннікавага завода ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТРЭ́Ту літаратуры — 1) апісанне знешняга выгляду чалавека
(рыс твару, фігуры, мімікі, жэстаў, манеры паводзін); адзін са сродкаў стварэння маст. вобраза, характарыстыкі героя, які спрыяе перадачы сац. і псіхал. тыпажу персанажа, выяўленню аўтарскіх адносін да яго. У стараж. л-ры П. не надавалася вял. значэння: герой не меў выразных індывід. рыс, яго знешні выгляд быў стэрэатыпны і абазначаў толькі прыналежнасць да пэўнага асяроддзя. Ў рамант. л-ры П. заняў важнае месца, дапамагаючы ўзвышаць ці эстэтычна зніжаць героя (напр., Бандароўна і пан Патоцкі ў паэме Я.Купалы «Бандароўна»). У рэаліст. л-ры П. найперш сродак псіхал. абмалёўкі характару (у творах Я.Коласа, К.Чорнага, І.Мележа, В.Быкава). Таксама сустракаецца эмац.-ацэначны П. (партрэтныя апісанні выяўляюць або пачуцці аўтарскай прыхільнасці да герояў, або іранічна-здзеклівыя адносіны да іх). Партрэтная характарыстыка можа быць прамая (аўтарская) і ўскосная (даецца адным персанажам другому). Яна псіхалагічна дзейсная і ў паказе душэўнага стану героя ў пэўны момант, у раскрыцці эвалюцыі яго характару. Таму П. часта даецца ў творы ў дынаміцы, фрагментамі, якія адлюстроўваюць гэту эвалюцыю.
2) Біягр. нарыс пра пісьменніка, мастака, грамадскага дзеяча, у якім аўтар узнаўляе цэласнае аблічча чалавека, абапіраючыся на суб’ектыўныя ўражанні пры захаванні дакумент. дакладнасці ў перадачы фактаў. Літ. П. паэтаў Зах. Беларусі (М.Васілька, М.Засіма, А.Салагуба),
сучасных бел. пісьменнікаў (У.Караткевіча, Н.Гілевіча) стварыў У.Калеснік.
У выяўленчым мастацтве — адзін з асн. жанраў (і асобны твор) жывапісу, графікі, скульптуры, прысвечаны адлюстраванню канкрэтнага чалавека або групы людзей. Аснова жанру — перадача індывідуальнага аблічча персанажа незалежна ад узроўню ўмоўнасці вобраза і дакладнасці яго знешняга падабенства. Глыбіня вобраза залежыць ад ступені раскрыцця ўнутр. свету персанажа, выяўлення сутнасці яго характару. Неад’емная частка агульнага зместу П. — узаемаадносіны мастака і мадэлі. У адлюстраванні характэрных для эпохі абставін, касцюма, тыпажа і інш. раскрываецца гістарызм П. Звычайна П. ствараюць з натуры; могуць быць выкананы з маскі, знятай з партрэтаванага, фотаздымка, з прыжыццёвага П., напр., па ўспамінах або ўяўленні мастака; спецыфічны від П. — аўтапартрэт. Паводле характару выканання, прызначэння, спецыфікі форм вылучаюць П.: станковыя (жывапісныя, графічныя, скульптурныя), манументальныя (манум. скульптура і жывапіс; гл. таксама Надмагілле), малых форм (мініяцюры, П. на медалях і манетах, гемы); інтымны, парадны, псіхалагічны, камерны, лірычны, гераічны, гіст., бытавы, сатыр., гумарыстычны (карыкатура, шарж) і інш.; у рост, па калені, па пояс, пагрудны (гл.Бюст), галава; анфас, профіль і інш. Могуць быць індывід., парныя, групавыя. У маст. практыцы П. часта спалучаецца з інш. жанрамі. Вылучаюць П.-карціну (партрэтаваны паказаны ў сюжэтнай ці сэнсавай узаемасувязі з прадметным, прыродным або арх. асяроддзем, інш. людзьмі), П.-тып (збіральны вобраз, структурна блізкі да П.) і інш.
Узнікненне П. звязана з імкненнем увекавечыць вобраз чалавека, што абумовіла, асабліва на ранніх стадыях, дамінаванне мемарыяльнага пачатку. Першыя яго ўзоры трапляюцца ў мастацтве стараж. Егіпта, Грэцыі, Рыма, краін Усходу і вызначаюцца спалучэннем рытуальнасці характару выявы, абагаўлення ці ідэалізацыі вобразаў з цікавасцю да індывід. асаблівасцей чалавека (гл.Партрэт пахавальны, Фаюмскі партрэт). У сярэднявеччы ў еўрап. мастацтве вобраз падпарадкоўваўся рэліг. канонам, часта з’яўляўся часткай арх.-маст. ансамбля храма, вылучаўся імперсанальнасцю (выявы ўладароў, іх прыбліжаных і інш.; гл. таксама Партрэт данатарскі). Часам рысы канкрэтных асоб надаваліся выявам святых, індывідуалізацыяй вызначаліся надмагільныя П. У Кітаі П. вызначаўся разнастайнымі тыпамі (данатарскі, культава-пахавальны, афіцыйны, свецкі і інш.), творы спалучалі дакладнасць індывід. рыс з увасабленнем ідэі вышэйшай гармоніі і велічы сусвету. Высокім маст. узроўнем вызначалася партрэтная мініяцюра краін Зах. Еўропы, Сярэдняй Азіі, Азербайджана, Ірана, Індыі, Афганістана і інш. У эпоху Адраджэння мастакі прадстаўлялі мадэль ва ўсёй шматграннасці вобраза, вылучалі індывід. своеасаблівасць моцнай і яркай асобы, ідэалізацыя якой вынікае з сутнасці самога арыгінала (С.Батычэлі, Данатэла, Джарджоне, Караваджа, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, А. дэль Сарта, Тыцыян у Італіі, А.Дзюрэр, Л.Кранах Старэйшы, Г.Гольбейн Малодшы ў Германіі, Рагір ван дэр Вейдэн, Я.Госарт, Р.Кампен, Я. ван Эйк у Нідэрландах і інш.). У 17 ст. партрэтны жывапіс імкнуўся да дэмакратызацыі вобразаў, глыбокага пранікнення ў духоўнае жыццё чалавека, большай адэкватнасці вобраза арыгіналу, перадачы шырокага спектра і крытычнага трактавання яго індывід. рыс (Рэмбрант, Ф.Халс у Нідэрландах, Д.Веласкес, Ф.Гоя, Ф.Сурбаран у Іспаніі, А. ван Дэйк, Я.Іорданс, П.П.Рубенс у Фландрыі і інш.). У 18 ст. пад уплывам гуманіст. ідэй Асветніцтва ўзмацнілася рэалістычнасць П. (А.Вато, Ж.Гудон, К. дэ Латур, Ж.Б.Перано, Ж.А.Фраганар, Ж.Б.С.Шардэн у Францыі, У.Хогарт у Вялікабрытаніі, П.Батоні ў Італіі і інш.). У 2-й пал. 18—19 ст. узрасла ўвага да адлюстравання ўнутр. свету чалавека, перадачы псіхалагізму (Т.Гейнсбара, А.Стывенс, Дж.Рэйналдс у Вялікабрытаніі, Г.Сцюарт у ЗША, Ж.Л.Давід, Э.Дэлакруа, Г.Курбэ, Т.Жэрыко, Ж А.Энгр у Францыі, В.Лейбль, А.Менцэль у Германіі, А.Каўфман у Швейцарыі, Я.Матэйка ў Польшчы, А.Антропаў, І.Аргуноў, У.Баравікоўскі, К.Брулоў, І.Вішнякоў, М.Ге, І.Крамской, А.Кіпрэнскі, Дз.Лявіцкі, В.Пяроў, Ф.Рокатаў, І.Рэпін, Ф.Шубін у Расіі і інш.).
На развіццё П. канца 19 — пач. 20 ст. істотна паўплывалі адкрыцці майстроў імпрэсіянізму і блізкіх да іх мастакоў (Э.Дэга, Э.Манэ, А.Радэн, А.Рэнуар у Францыі і інш.). Прыкметны ўплыў на развіццё сусв. П. зрабіла і творчасць мастакоў мадэрнісцкіх кірункаў (жывапісцы В. ван Гог, О.Какошка, А.Мадыльяні, П.Пікасо, П.Сезан і інш., скульптары — А.Бурдэль, А.Маёль і інш.). Псіхал. выразнасць, духоўная глыбіня вобразаў вылучае П. рус. мастакоў Ю.Аненкава, А.Галавіна, В.Сярова, М.Урубеля, Б.Кустодзіева, М.Ларыёнава, П.Малявіна, К.Сомава, З.Серабраковай і інш. З сярэдзіны 20 ст. П. развіваўся ў рэчышчы разнастайных кірункаў і плыняў у творчасці Р.Гутуза (Італія), Л.Ласанскага, Э.Уорхала (ЗША), І.Глазунова, П.Канчалоўскага, П.Корына, М.Несцерава, К.Пятрова-Водкіна (Расія), скульптараў К.Дунікоўскага (Польшча), Дж.Манцу (Італія), Ф.Крэмера (Германія), В.Мухінай (Расія) і інш.
На Беларусі першыя партрэтныя выявы вядомы з глыбокай старажытнасці (драўляная фігурка чалавека са стаянкі Асавец; канец 3-га — 1-я пал. 2-га тыс. да н.э.; багушэвіцкая статуэтка, 2-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Адметныя рысы П. праяўляюцца ў манум. жывапісе і скульптуры 12—14 ст. (фрэскі Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку, размалёўкі, выкананыя бел. майстрамі ў Польшчы). З літ. крыніц вядомы станковы П. 14 ст. У 16 ст. развіваецца ў графіцы (гравюрны П. Ф.Скарыны ў выдадзенай ім «Бібліі», 1517—19), мемарыяльнай скульптуры, медальерным мастацтве. У канцы 16—18 ст. пашырыліся рэпрэзентатыўны парадны (гл.Партрэт сармацкі), пахавальны, данатарскі, рыцарскі і інш. тыпы П. Сярод партрэтыстаў жывапісец І.Шрэтэр, графікі Г.Ляйбовіч, А. і Л. Тарасевічы. У 18 — пач. 19 ст. на развіццё П. ўплывалі класіцызм, рамантызм (жывапісцы І.Аляшкевіч, Ц.Бычкоўскі, А.Главацкі, Я.Дамель, С.Заранка, К.Карсалін, Ф.Смуглевіч, І.Хруцкі, А.Шэмеш, графікі Ю.Азямблоўскі, А.Бартэльс, К.Бахматовіч, Т.Кіслінг, Я.Клямбоўскі, К.Кукевіч, Ю.Пешка, скульптары Я.Астроўскі, К.Ельскі, Р.Слізень і інш.). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. П. адметны дэмакратызацыяй вобразаў, паглыбленнем сац. і псіхал. характарыстык (Л.Альпяровіч, Я.Кругер, Ю.Пэн, А.Ромер, Б. і К. Русецкія, Н.Сілівановіч і інш.). У 1-й пал. 20 ст. ў жанры П. працавалі І.Ахрэмчык, А.Бразер, Г.Віер, В.Волкаў, А.Грубэ, К.Змігродскі, М.Станюта, М.Філіповіч, у 2-й пал. 20 ст. — З.Азгур, А.Анікейчык, Л.Асядоўскі, А.Бембель, М.Будавей, С.Вакар, Г.Вашчанка, М.Данцыг, Л.Дударэнка, Я.Зайцаў, М.Кірэеў, П.Крахалёў, А.Кішчанка, А.Малішэўскі, А.Марачкін, В.Маркавец, І.Міско, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, У.Пасюкевіч, Ю.Піскун, В.Пратасеня, І.Пратасеня, А.Пушкін, М.Савіцкі, В.Сахненка, У.Стальмашонак, І.Стасевіч, І.Фяцісаў, Я.Харытоненка, Г. і Я. Ціхановічы, В.Шаранговіч, А.Шыбнёў, Л.Шчамялёў і інш.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Яго ж. Сучасны беларускі партрэт. Мн., 1982;
Беларуская станковая графіка / Склад. В.Ф.Шматаў. Мн., 1978;
Петерсон Э.А. Портретная скульптура Советской Белоруссии. Мн., 1982.
А.М.Пяткевіч (літаратура), М.Л.Цыбульскі.
К.Брулоў. Партрэт графіні Ю.Самойлавай з выхаванкай. 1839—40.А.Дзюрэр. Партрэт маладога чалавека. 1521.Да арт.Партрэт. П.Пікасо. Амбруаз Валар. 1909—10.І.Хруцкі. Партрэт невядомай. 1830-я г.Да арт.Партрэт. З.Азгур. Рабіндранат Тагор. 1956.У.Стальмашонак. Партрэт Якуба Коласа. 1966—67.Да арт.Партрэт. М.Філіповіч. Жанчына ў намітцы. 1930-я г.Да арт.Партрэт. М.Будавей. А.Макаёнак. 1985.Да арт.Партрэт. Ю.Піскун. Старасвецкая мелодыя. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ АДКРЫ́ЦЦІ,
выяўленне новых геагр. аб’ектаў або геагр. заканамернасцей. На ранніх этапах развіцця геаграфіі пераважалі адкрыцці новых геагр. аб’ектаў, яны былі непарыўна звязаны з працэсам стварэння карты зямной паверхні і да сярэдзіны 20 ст. практычна завершаны (за выключэннем некат. цяжкадаступных раёнаў сушы і ч. дна Сусветнага ак.). Геаграфічныя адкрыцці цесна звязаны з працэсам грамадскага развіцця. Асабліва важная роля ў развіцці геагр. уяўленняў належыць мараплаўцам перыяду Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, у Паўн. Азіі — дзейнасці рускіх землепраходцаў. З развіццём геаграфіі як навукі, асабліва з 2-й пал. 19 ст., усё большае значэнне набываюць адкрыцці, якія садзейнічаюць выяўленнюгеагр. заканамернасцей і ўзаемасувязей геагр. з’яў. Шырока выкарыстоўваюцца найноўшыя навук. дасягненні, у т. л.Касм. метады даследавання Зямлі.
Геаграфічныя адкрыцці і даследаванні
Азія. 330—325 да н.э. Паход праз Іранскае нагор’е ў Сярэднюю Азію і Зах. Індыю (Аляксандр Македонскі); 325—324 да н.э. Плаванне ад вусця р. Інд да вусця р. Еўфрат (Неарх і Анесікрыт); 921—922. Падарожжа з Харэзма з пасольствам у Волжскую Балгарыю праз Прыкаспій і Прыаралле (Ібн Фадлан); 1166—73. Падарожжа з Іспаніі ў Палесціну, Сірыю, Ірак, Іран (В.Тудэльскі); 1245—47. Падарожжа з Ліёна з папскім пасольствам у г. Каракарум у Манголіі (Дж. дэ Плана Карпіні); 1253—56. Падарожжа з Палесціны ў г. Каракарум (В.Рубрук); 1271—95. Падарожжа ў Кітай праз Цэнтр. Азію (Марка Пола); 1325—49. Падарожжы па краінах Азіі (Ібн Батута); 1405—31. Сяміразовыя плаванні флатылій з Кітая ў краіны Паўд. Азіі (Чжэн Хэ); 1466—72. Падарожжа ў Індыю (А.Нікіцін); 1498. Прыбыццё экспедыцыі Васка да Гама ў Індыю; 1500—20. Марскія экспедыцыі ў Індыю, Індакітай і Інданезію (П.А.Кабрал, Васка да Гама, Ф.Алмейда, А.Албукеркі і інш.); 1581—84. Паход у Зах. Сібір (Ярмак Цімафеевіч); 1618—19. Падарожжа ў Манголію і Кітай (І.Петлін); 1620—23. Дасягненне сярэдняга цячэння р. Лена (Пенда); 1639—41. Дасягненне Ахоцкага м. праз хр. Джугджур (І.Масквіцін); 1643. Дасягненне воз. Байкал (К.Іваноў); 1643—46. Плаванне па рэках Зея і Амур, Ахоцкім м. (В.Паяркаў); 1648. Плаванне з вусця р. Калыма ў Берынгава м. Праходжанне Берынгава прал. (С.Дзяжнёў); 1675—78. Падарожжа праз Сібір у Кітай (М.Спафарый); 1697—99. Апісанне Камчаткі (У.Атласаў); 1720—27. Экспедыцыя па Урале і Сібіры (Д.Месершміт); 1725—30. Камчацкая экспедыцыя. Праход цераз Берынгаў прал. з Пд на Пн (В.Берынг і інш.); 1733—43. Другая Камчацкая (Вял. Паўночная) экспедыцыя. Вывучэнне і картаграфаванне ўзбярэжжа і ўнутр. раёнаў Сібіры. Плаванні да Паўн. Амерыкі і Японіі (Берынг, А.Чырыкаў, Г.Мілер, І.Гмелін, В.Прончышчаў, Х. і Д.Лапцевы, С.Чэлюскін і інш.); 1768—74. Вывучэнне Урала, Сібіры, Казахстана (П.Палас, В.Зуеў); 1804—05. Апісанне берагоў Сахаліна, Японіі, Камчаткі (І.Крузенштэрн); 1830—56. Вызначэнне вышынь Гімалаяў, у т. л.г. Джамалунгма (Дж.Эверэст); 1848—49. Доказ астраўнога палажэння Сахаліна (Г.Невяльской); 1854—57. Падарожжа ў Індыю, Гімалаі, Каракарум (браты А., Г. і Р.Шлагінтвайт); 1856—57. Даследаванні Цянь-Шаня (П.П.Сямёнаў-Цян-Шанскі); 1868—71. Даследаванні пустыні Кызылкум, Цянь-Шаня, Алайскага і Заалайскага хрыбтоў (А.Федчанка); 1868—72. Падарожжы ва ўнутр. вобласці Кітая (Ф.Рыхтгофен); 1869—75. Фіз.-геагр. і геал. даследаванні шэрагу рэк Усх. Сібіры, хрыбтоў Усх. Саяна і Хамар-Дабана (А.Чаканоўскі); 1870—85. Цэнтральна-азіяцкія (Манголія, Джунгарыя, Тыбет) экспедыцыі (М.Пржавальскі); 1877—79. Пранікненне ў цэнтр.ч. Паміра (М.Северцаў); 1877—91. Даследаванні ўзбярэжжа Байкала, бас. рэк Селенга і Ніжняя Тунгуска, хрыбтоў Паўн.-Усх. Сібіры (І.Чэрскі); 1889—90. Падарожжы па Манголіі, пустыні Такла-Макан, гарах Куньлунь, Тыбет (М.Пяўцоў, У.Рабароўскі, П.Казлоў); 1892—94. Даследаванні Цэнтр. Манголіі, пустыні Гобі, гор Куньлунь, Наньшань, Манг. Алтай і інш. (У.Обручаў); 1893—1901. Падарожжы па Цэнтр. Азіі, Манголіі, Тыбеце (Казлоў); 1899—1902. Комплексныя даследаванні Аральскага м. (Л.Берг).
Афрыка. 15 ст. да н.э. Паходы ўверх па р. Ніл, да 5-га парога (старажытнаегіпецкія палкаводцы); не пазней 8 ст. да н.э. Адкрыццё паўн. ўзбярэжжа Афрыкі і Гібралтарскага прал. (фінікійскія мараходы); на мяжы 7 і 6 ст. да н.э. Трохгадовае плаванне вакол Афрыкі (фінікійскія мараходы); каля 500—470 да н.э. Плаванне ўздоўж берагоў Зах. Афрыкі да вулкана Камерун (Ганон); каля 50—100. Плаванні ўздоўж усх. берагоў Афрыкі да в. Занзібар (грэчаскія мараходы); каля 60. Паход уверх па Белым Ніле за 10°паўн. ш. (рымляне); 8—9 ст.Акрыццё Мадагаскара Адкрыццё Мадагаскара, узбярэжжа Мазамбіка, Каморскіх а-воў (арабскія мараходы); 1352—53. Перасячэнне Зах. і Цэнтр. Сахары (Ібн Батута); 1431—35. Адкрыццё Азорскіх а-воў (капітаны прынца Генрыха Мараплаўца); 1434—57. Адкрыцці Зялёнага мыса, рэк Сенегал і Гамбія, узбярэжжа Зах. Афрыкі да 10°паўн. ш. (капітаны прынца Генрыха Мараплаўца); 1456—62. Адкрыццё а-воў Зялёнага Мыса (А.Кадамоста); каля 1461—73. Адкрыццё вулкана Камерун, а-воў у Гвінейскім зал., апісанне ўзбярэжжа Афрыкі да 2°паўд. ш. (П.Сінтра, С.Кошта і інш.); 1487—88. Адкрыццё паўд. берага Афрыкі і мыса Добрай Надзеі (Б.Дыяш); 1497—98. Першае плаванне з Еўропы ў Індыю вакол Афрыкі (Баска да Гама); 1795—97, 1805—Об. Падарожжа ўверх па р. Гамбія, плаванне па р. Нігер (М.Парк); 1822—25. Двухразовае перасячэнне Сахары, даследаванне воз. Чад (Д.Дэнем, Х.Клапертан); 1850—55. Даследаванні Сахары, раёна воз. Чад, Цэнтр. Судана да р. Нігер (Г.Барт, Дж.Рычардсан); 1852—53. Перасячэнне Афрыкі з З на У ад г. Бенгела да вусця р. Рувума (А.Сілва Порту); 1854—56. Перасячэнне Цэнтр. Афрыкі ад г. Луанда да вусця р. Замбезі. Адкрыццё вадаспада Вікторыя (Д.Лівінгстан); 1856—63. Даследаванне воз. Танганьіка, адкрыццё воз. Вікторыя і р. Вікторыя-Ніл (Р.Ф.Бёртан, Дж.Спік, Дж.Грант); 1869—74. Даследаванне нагор’я Тыбесты (Г.Нахтыгаль); 1875—77. Адкрыццё р. Кагера, воз. Эдуард, масіву Рувензоры, плаванне па р. Конга ад вытокаў да вусця (Г.Стэнлі); 1880—83. Вывучэнне р. Уэле і водападзела паміж рэкамі Ніл і Конга (В.Юнкер).
Паўночная і Паўднёвая Амерыка. Каля 900. Першае плаванне да ўсх. берага Грэнландыі (Гунб’ёрн Ульфсан); 981—983. Адкрыццё паўд. і паўд.-зах. Грэнландыі (Эйрык Торвальдсан); 985. Плаванне да Паўн.-Усх. Амерыкі (Б’ярні Херульфсан); 1000—1001. Адкрыццё зямель «Маркланд» і «Вінланд» на ПнУПаўн. Амерыкі (Лейф Эйрыксан); 1492—1504. Чатыры плаванні Х.Калумба — адкрыццё Багамскіх а-воў, Кубы, Гаіці, Пуэрта-Рыка, Ямайкі, берагоў Паўд. і Цэнтр. Амерыкі; 1499. Адкрыццё берагоў Гвіяны і карыбскага ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі (А.Ахеда, А.Веспучы); 1500. Адкрыццё ўсх. ўзбярэжжа Бразіліі (Кабрал); 1513. Перасячэнне Панамскага перашыйка (В.Бальбоа); 1515—16. Адкрыццё зал. Ла-Плата і нізоўяў р. Парана (Х.Соліс); 1517—18. Адкрыццё п-ва Юкатан і зах. ўзбярэжжа Мексіканскага зал. (Ф.Кордава, Х.Грыхальва, А.Аламінас); 1519. Адкрыццё паўн. ўзбярэжжа Мексіканскага зал. (А.Пінеда); 1519—21. Заваяванне дзяржавы ацтэкаў, адкрыццё Мексіканскага нагор’я (Э.Картэс); 1520. Адкрыццё Патагоніі, Вогненнай Зямлі і Магеланава прал. (Ф.Магелан); 1529—36. Перасячэнне Прымексіканскай нізіны, Вялікіх раўнін і р. Рыо-Грандэ (А.Кавеса дэ Вака); 1532—34. Заваяванне Перу, адкрыццё Зах. і Цэнтр. Кардыльеры Андаў (Ф.Пісара, С.Белалькасар); 1535—37. Адкрыццё плато Пуна ў Андах, воз. Тытыкака, Чылійска-Аргенцінскіх Андаў і пустыні Атакама (Д.Альмагра); 1536—39. Завяршэнне адкрыцця бас.р. Магдалена і Паўн.-Зах. Андаў (Г.Кесада, Белалькасар); 1540—42. Адкрыццё бас.р. Каларада, Вял. Каньёна, Скалістых гор, паход па Вял. раўнінах да 40°паўн. ш. (Ф.Каранада, Г.Кардэнас); 1541—42. Перасячэнне Паўд. Амерыкі: паход ад зал. Гуаякіль да р. Амазонка, плаванне па ёй да вусця (Ф.Арэльяна); 1576—78. Пошукі Паўн.-Зах. праходу, адкрыццё Бафінавай Зямлі (М.Фробішэр); 1578—79. Дасягненне мора на Пд ад Вогненнай Зямлі — прал. Дрэйка (Ф.Дрэйк); 1609—10. Даследаванні ўсх. і паўн.-ўсх. берагоў Паўн. Амерыкі, адкрыццё заліваў Чэсапікскі, Дэлавэр, р. Гудзон, Гудзонава праліва і заліва (Г.Гудзон); 1615—28. Адкрыццё азёр Гурон і Антарыо, р. Саскуэхана (С.Шамплейн, Э.Бруле); 1616. Адкрыццё мыса Горн (В.Схаўтэн, Я.Лемер); 1678—81. Плаванне па р.Св. Лаўрэнція, Вял. азёрах, р. Місісіпі да мора (Р. Ла Саль); 1732. Адкрыццё крайняга паўн.-зах. выступу Паўн. Амерыкі (І.Фёдараў, М.Гвоздзеў); 1741. Адкрыццё Аляскі і Алеуцкіх а-воў (Берынг, А.Чырыкаў); 1792—94. Двухразовае перасячэнне Паўн. Амерыкі ў межах сучаснай Канады (А.Макензі); 1799—1804. Даследаванні Паўд. Амерыкі і Мексіканскага нагор’я (А.Гумбальт, Э.Банплан); 1804—06. Двухразовае перасячэнне Паўн. Амерыкі ў межах ЗША праз Скалістыя і Каскадныя горы (М.Льюіс, У.Кларк); 1819—20. Плаванне на З праз пралівы Ланкастэр, Бараў, Вайкаўнт-Мелвіл (У.Пары); 1832—35. Даследаванні Патагоніі, Вогненнай Зямлі, а-воў Галапагас (Р.Фіцрай, Ч.Дарвін); 1839—40. Даследаванні Кардыльер на тэр. Чылі (І.Дамейка); 1848—58. Даследаванні далін рэк Амазонка і Рыо-Негра (А.Уолес, Г.Бейтс); 1886. Перасячэнне ледзянога купала Грэнландыі па 64°паўн. ш. (Ф.Нансен); 1892—1909. Даследаванні на Пн Грэнландыі, дасягненне Паўн.геагр. полюса (Р.Піры).
Аўстралія і Акіянія. 1521. першае перасячэнне Ціхага ак., адкрыццё Марыянскіх а-воў (Магелан); 1526. Адкрыццё Н.Гвінеі (Ж.Менезіш); 1606. Адкрыццё Торэсава прал. (Л.Торэс); 1606. Адкрыццё зах. ўзбярэжжа п-ва Кейп-Йорк (В.Янсзан); 1642—44. Адкрыццё Тасманіі, Н.Зеландыі, а-воў Тонга, абследаванне паўн. берагоў Аўстраліі (А.Тасман); 1722. Адкрыццё в-ва Вялікадня (Я.Рогевен); 1769—78. Тры экспедыцыі ў Ціхі ак., адкрыццё і даследаванне многіх а-воў, усх. ўзбярэжжа Аўстраліі (Дж.Кук); 1797—1803. Адкрыццё Басава прал., падарожжа вакол Тасманіі, здымка берагоў Аўстраліі (Дж.Бас, М.Фліндэрс); 1824. Адкрыццё рэк Мурэй і Марамбіджы (Г.Юм, У.Ховел); 1829—30. Адкрыццё р. Дарлінг (Ч.Сцёрт); 1840. Адкрыццё піка Касцюшкі, даследаванне Аўстралійскіх Альпаў (П.Стшэлецкі); 1843—45. Даследаванне паўд. берагоў Н.Гвінеі, адкрыццё р. Флай (Ф.Блэквуд); 1860—61. Перасячэнне Аўстраліі ў мерыдыянальным напрамку да зал. Карпентарыя (Р.Бёрк); 1862. Двухразовае мерыдыянальнае перасячэнне Аўстраліі да п-ва Арнем-Ленд (Дж.Сцюарт); 1889—97. Даследаванні ўнутр. абласцей Н.Гвінеі (У.Мак-Грэгар).
Антарктыка. 1775. Адкрыццё а-воў Паўд. Георгія і Сандвічавых (Кук); 1820. Адкрыццё мацерыка Антарктыда (Ф.Белінсгаўзен, М.Лазараў); 1831—33. Адкрыццё Зямлі Эндэрбі, Антарктычнага п-ва і суседніх а-воў (Дж.Біска); 1833. Адкрыццё Берага Кемпа (П.Кемп); 1830—42. Адкрыццё Зямлі Вікторыя, хр. Адміралці, гор. Эрэбус і Тэрар, Ледзянога бар’ера Роса (Дж.Рос); 1893. Адкрыццё шэльфавага ледавіка Ларсена, Берага Оскара II, Берага Фойна (К.Ларсен); 1898. Адкрыццё Берага Данка (А.Жэрлаш); 1898—99. Зімоўка ў Антарктыдзе (К.Борхгрэвінк); 1902. Адкрыццё Заходняга шэльфавага ледавіка, Зямлі Вільгельма II (Э.Дрыгальскі); 1904. Адкрыццё Зямлі Котса (У.Брус); 1908. Адкрыццё ледавіка Бірдмара, дасягненне Паўд. магнітнага полюса (Э.Шэклтан, Д.Моўсан, А.Мак-Кей); 1911. Дасягненне Паўд.геагр. полюса (Р.Амундсен); 1911—12. Паўторнае дасягненне Паўд.геагр. полюса (Р.Скот); 1912. Адкрыццё шэльфавага ледавіка Фільхнера (В.Фільхнер); 1928—30. Адкрыццё Зямлі Мэры Бэрд, ледавіка Амундсена, хрыбтоў Эдсел-Форд, Гросенар, плато Рокфелер (Р.Бэрд); 1935. Адкрыццё Зямлі Элсуарта, гор Сентынел і інш. (Л.Элсуарт), 1956. Адкрыццё а-воў Гідрографаў, Геолагаў, п-ва Географаў, ледавіка Аненкава і інш. (М.Сомаў і інш.); 1957. Дасягненне Паўд. геамагнітнага полюса (А.Трэшнікаў і інш.); з 1965. Сістэм, комплекснае вывучэнне Антарктыды экспедыцыямі розных краін.