Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫГА́ДА ВЫТВО́РЧАЯ,
калектыў рабочых прадпрыемства, які сумесна выконвае адзінае вытв. заданне і нясе агульную адказнасць за вынікі работы; першасная ячэйка прац. калектыву. Брыгады вытворчыя бываюць: спецыялізаваныя (аб’ядноўваюць рабочых адной прафесіі, напр., брыгада слесараў), комплексныя (аб’ядноўваюць рабочых розных прафесій, для выканання асобных работ ці аперацый у іх складзе могуць стварацца спецыялізаваныя звенні), зменныя (ствараюцца з рабочых адной змены) і скразныя (аб’ядноўваюць рабочых, занятых у некалькіх зменах). Кіруе брыгадай вытворчай брыгадзір, які прызначаецца з членаў брыгады і, як правіла, не вызваляецца ад асн.вытв. работы. Найб. пашыраная форма аплаты працы рабочых брыгады вытворчай — здзельная заработная плата, якая размяркоўваецца паміж членамі брыгады з улікам адпрацаванага кожным рабочага часу і тарыфнага разраду. Для павышэння калект. зацікаўленасці і больш эфектыўнага выкарыстання прац., матэр. і фін. сродкаў брыгады вытворчай пераходзяць на брыгадны падрад: заключаюць дагавор з адміністрацыяй, паводле якога брыгадзе перадаецца частка маёмасці прадпрыемства, устанаўліваюцца вытв. заданні; заробленыя грошы размяркоўваюцца паміж членамі брыгады паводле прац. ўкладу кожнага, а пры калект. згодзе — з выкарыстаннем каэфіцыента прац. ўдзелу. З пашырэннем арэндных адносін брыгадна-падрадная форма арганізацыі і аплаты працы перарасла ў арэндны падрад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧАЯ СТРУКТУ́РА ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
сукупнасць падраздзяленняў прадпрыемства з усталяванымі паміж імі ў працэсе выпуску прадукцыі сувязямі. Кожная стадыя вытв. працэсу афармляецца ў адпаведнае структурнае падраздзяленне. Першасная структурная вытв. адзінка — рабочае месца. Рабочыя месцы аб’ядноўваюцца ў вытв. ўчасткі, якія ўтвараюць асн. структурныя падраздзяленні — цэхі. На буйных прадпрыемствах цэхі аб’ядноўваюцца ў карпусы. У залежнасці ад складу вытв. падраздзяленняў прадпрыемства мае цэхавую, бясцэхавую (толькі ўчасткі) і мяшаную структуру. Паводле ролі ў вытв. працэсе адрозніваюць цэхі асн. (нарыхтоўчыя, апрацоўчыя і зборачна-аддзелачныя), дапаможныя (інстр.вытв-сць, энергет. і рамонтная гаспадаркі) і абслуговыя (складскія, транспартныя, энергасеткі і інш. камунікацыі). Канструктарска-тэхнал. падраздзяленні займаюцца праектаваннем вырабаў і падрыхтоўкай вытв-сці, органы кіравання прадпрыемствам арганізоўваюць, накіроўваюць і рэгулююць ход вытв-сці ў цэлым. Вытворчая структура прадпрыемства залежыць ад формы ўласнасці і кіравання, галіновай прыналежнасці прадпрыемства і звычайна перабудоўваецца пры асваенні новай прадукцыі, замене тэхналогіі і абсталявання.