ДРО́НТАВЫЯ (Raphidae),

сямейства птушак атр. голубападобных. 2 роды, 3 віды: дронт звычайны, або дода (Raphus cucullatus), белы (R. apterornis) і пустэльнік (Pezophaps solitaria). Вынішчаны паляваннем, завезенымі свойскімі жывёламі і макакамі. Былі пашыраны на Маскарэнскіх а-вах (Індыйскі ак.), дода на в-ве Маўрыкій (апошнія звесткі ў 1681), белы на в-ве Рэюньён (вымер каля 1750), пустэльнік на в-ве Радрыгес (канец 18 ст.). У некат. музеях (Оксфард, Капенгаген, Масква і інш.) зберагліся шкілеты і асобныя часткі цела пераважна доды.

Маса да 20 кт (дода). Галава вял., дзюба кручкаватая. Крылы маленькія, пер’е кароткае. 4 пальцы. Неслі 1 яйцо. Расліннаедныя.

Да арт. Дронтавыя. Дронт звычайны, або дода.

т. 6, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́МАНТ (Mammuthus primigenius),

вымерлае млекакормячае сям. сланоў атр. хобатных. Жыў у сярэднім і познім плейстацэне, быў пашыраны ў тундры і стэпах Еўропы, Паўн. Азіі і Паўн. Амерыкі. Нагадваў сучаснага інд. слана. На Беларусі рэшткі знойдзены больш чым у 200 месцах (найб. — у бас. рэк Дняпро і Сож, таксама на тэр. Мінска). Вымер каля 10 тыс. г. назад. У мёрзлым грунце Аляскі і Сібіры знаходзяць М., у якіх захаваліся мяккія тканкі, скура, поўсць, рэшткі корму ў страўніку. Выкапнёвыя рэшткі выкарыстоўваюць пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.

Даўж. да 4 м, выш. каля 3,5 м, маса да 7 т. Поўсць доўгая, густая, бурая або рыжаватая. Відазмененыя разцы (біўні) выгнутыя, даўж. да 4,5 м, маса кожнага да 120 кг. Зубы (у дарослых было 4) складаліся з тонкіх дэнцінава-эмалевых пласцінак і на працягу жыцця (70—80 гадоў) мяняліся 6 разоў. Расліннаедныя. Былі аб’ектам палявання чалавека каменнага веку.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)