кружы́ць, кружу, кружыш, кружыць; незак.
1. каго-што. Прыводзіць у кругавы рух, застаўляць рухацца па кругу; круціць, вярцець. [Кавалеры] хвацка кружылі сваіх дам. Колас. Кружыць лісце вецер, Рве салому з хаты. Астрэйка.
2. Разм. Тое, што і кружыцца (у 2 знач.). Высока ў паднябессі, сумна і адзінока, кружыць коршак — няўжо адтуль выглядае сабе здабычу? Сачанка.
3. Ісці, зварочваючы ў бакі, часта мяняючы напрамак руху; блукаць. Пятнаццаць дзён мы кружылі бясконцымі дарогамі па пярэстых і залатых лясах, па карчэўю балот, па зжатых і сумных палях, дзе на іржэўніку завівалася павуціна і пражэрліва крычала вараннё. Каваль. Лявонка пабег на голас. Доўга кружыў па сцяжынках, прабіраўся праз густы бярэзнік. Шуцько.
4. Узнімаць снег, пыл, месці (пра мяцеліцу, завіруху і пад.). На двары кружыла мяцеліца. Галавач.
•••
Кружыць галаву — а) выклікаць галавакружэнне. Кружылі мядовым водарам галаву ліпы. Васілевіч; б) перан. пазбаўляць магчымасці разважаць, аб’ектыўна адносіцца да навакольнага. Поспех кружыць галаву.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шмат 1, прысл.
1. У вялікай колькасці, у значнай ступені; не мала, многа. Дом вялікі. На двары Шмат гуляе дзетвары, — Весела заўсёды. А. Александровіч. Ён [дзядзька] шмат пражыў І шмат спазнаў, Да дна Прамераўшы жыцця крутыя тоні. Калачынскі. Цяпер, вясною, працоўны дзень доўгі, але ж і зрабіць на працягу яго трэба шмат. «Звязда». // у знач. ліч. Няпэўна вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Шмат сцяжынак і глухіх дарог разыходзіцца адсюль у лес у розных кірунках. Колас. Будзем разам, сябры, Будаваць у бары, Будзем разам, сябры, — Нас так шмат, гэтак шмат. Бядуля. Ніхто спрачацца з тым не будзе, што ўсюды шмат мясцін прыгожых. Дубоўка. Што нашы сцежкі развяло, — Цяпер гадаць не шмат карысці. Гілевіч. / у знач. вык. А працы сёння шмат. Тры гады таму назад на гэтай [рагачоўскай] зямлі адшумела вайна. Брыль. Выпадкаў, калі гадзюка кусала чалавека, шмат. Бяспалы.
2. У спалучэнні з прыметнікамі і прыслоўямі вышэйшай ступені азначае: значна, намнога. Сходы барадатых прадстаўнікоў [вёскі] пачынаюцца шмат пазней. Крапіва. Сталіца! Ты шмат маладзейшаю стала, цябе не кране сівізна! А. Вольскі.
3. (часта з часціцай «ці»). У пытальных сказах азначае: колькі? Ці шмат людзей сабралася? Ці шмат год прайшло? Ці шмат войска ў ворага?
4. У спалучэннях з адноснымі займеннікамі абазначае: многія, многае. Цяпер свае прыпеўкі Я кіну да пары. Бо шмат каму, напэўна, Яны не па нутры. Купала. [Міхал] надумаўся прайсці сюды [на хутар] паглядзець, ён тут шмат з чым зжыўся. Чорны. Шмат якія пароды дзікіх жывёл звяліся. В. Вольскі.
шмат 2, ‑а, М шмаце, м.
Разм. Абрывак, адарваны кавалак чаго‑н. Помню я плямы крыві на снягу, На шматы скрамсанае цела, Мяса крывавае ў чорным кругу — На баль вараннё прыляцела. Крапіва. Пад нізкай столлю шпалеры віселі закуранымі шматамі. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)