ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ВІ́ЦЕБСКАЙ ВО́БЛАСЦІ 3 1862 у Віцебску існаваў Віцебскі цэнтральны архіў старажытных актаў, з 1903 — губ. архіў. У 1919 заснавана губ. архівасховішча Віцебскага губ. архіўнага ўпраўлення, з 1924 Віцебскі акр. аддзел Цэнтр. архіва БССР, з 1927 Віцебскі гіст. архіў, з 1930 Віцебскае аддзяленне Цэнтр. архіўнага ўпраўлення БССР (у 1933—36 Паўн.-Бел., з 1938 Віцебскі абл. архіў). На 1.1.1997 у архіве 6219 фондаў, 1 033 696 спраў з 1917. Зберагае дакументы губ., пав., валасных, акруговых, раённых, гар. і сельскіх устаноў, арг-цый, прадпрыемстваў. якія дзейнічалі на тэр. Віцебскай вобл., асабістыя фонды. Сярод іх матэрыялы пра гісторыка і краязнаўца А.П.Сапунова, пра Віцебскую нар. мастацкую школу і мастакоў М.Шагала, К.Малевіча, Ю.Пэна, В.Ермалаеву, нар. кансерваторыю і дырыжора М.А.Малько, кампазітара М.В.Анцава, якія працавалі ў ёй, і інш.; успаміны Р.Я.Арансона «Карнілаўскія дні ў Віцебску», дакументы па гісторыі нэпа і калектывізацыі, перыяду Вял. Айч. вайны і інш. Дакументы на бел., рус., ням. і яўр. мовах.

Аддзелы: камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; інфарм.-пошукавых сістэм: выкарыстання дакументаў; гасп.-разліковы.

А.Р.Трусава.

т. 6, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІТЭ́ТЫ БЕДНАТЫ́, камбеды,

органы вясковай беднаты, надзвычайныя органы сав. улады на вёсцы ў 1918—19. Ствараліся паводле дэкрэта ВЦВК і СНК РСФСР ад 11.6.1918 «Аб арганізацыі і забеспячэнні сялянскай беднаты». На Беларусі К.б. пачалі стварацца ў канцы чэрв. 1918 на неакупіраванай герм. войскамі тэр. Віцебскай (6 паветаў), Магілёўскай (11) і Мінскай (6) губ. Да ліст. 1918 тут створана больш за 7 тыс. К.б. Асн. іх задачы: размеркаванне хлеба, прадметаў першай неабходнасці, с.-г. інвентару; садзеянне харчовым атрадам у канфіскацыі лішкаў збожжа ў заможных сялян. Пазней К.б. сталі займацца мабілізацыяй сялян, аказаннем дапамогі Чырв. Арміі, барацьбой з дэзерцірамі. Яны арганізоўвалі таксама школы, хаты-чытальні, б-кі, распаўсюджвалі сав. перыядычныя выданні. 6—9.11.1918 6-ы Усерас. з’езд Саветаў прыняў Пастанову «Аб ліквідацыі камітэтаў беднаты і перавыбарах валасных і сельскіх Саветаў». У неакупіраваных паветах Магілёўскай і Віцебскай губ. пачаліся перавыбары; на вызваленай да гэтага часу тэр. Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губ. ствараліся рэўкомы, адначасова на працягу 1919 тут арганізоўваліся і камбеды. Вынікам дзейнасці К.б. было ўмацаванне на вёсцы бяднейшых і серадняцкіх гаспадарак, аслабленне пазіцый заможных сялян, змена парт. складу Саветаў на карысць РКП(б).

С.Дз.Жмуроўскі.

т. 7, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў МІ́НСКАЙ ВО́БЛАСЦІ.

Засн. ў Мінску ў 1923 як частка сховішча Цэнтр. архіва БССР, з 1927 Мінскі гіст. архіў, з 1936 Мінскае аддзяленне цэнтр. дзярж. архіваў БССР, з 1938 Мінскі абл. архіў. На 1.7.1938 на захаванні лічылася 1088 фондаў, больш за 1 млн. спраў. Захоўваліся дакументы губ., пав., валасных органаў улады і кіравання, гасп., фін., паліцэйскіх, судовых, культ.-асв. і інш. устаноў Мінскай губ. за 1793—1918, дакументы сав. перыяду. У час 2-й сусв. вайны дакументы размеркаваны па розных памяшканнях г. Мінска, значная частка іх страчана. У ліп. 1944 архіў аднавіў дзейнасць. У 1964 дакументы дарэв. перыяду перададзены ў Цэнтр. дзярж. гіст. архіў. На 1.1.1997 у архіве 5967 фондаў, 1 237 986 спраў. Зберагае дакументы органаў дзярж. улады і кіравання, прафс., грамадскіх і каап. арг-цый, устаноў адукацыі, аховы здароўя, сац. забеспячэння, статыстыкі, судоў і пракуратуры, прадпрыемстваў, арг-цый прам-сці і сельскай гаспадаркі і інш. Сярод іх пастановы ЦВК БССР і рашэнні па моўнай палітыцы, пратаколы выканкомаў сельскіх і раённых Саветаў пра раскулачванні і высяленні, спісы высланых з тэр. вобласці, дакументы Надзвычайных дзярж. камісій па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў ням.-фаш. захопнікаў і прычыненых імі страт на тэр. Мінскай вобл., сучасныя дакументы і фонды асабістага паходжання. У 1996 архіву перададзены дакументы былога парт. архіва Мінскага абкома КПБ. Дакументы на бел., рус., польск., ням. і яўр. мовах.

Аддзелы: уліку і забеспячэння захаванасці дакументаў; камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; інфарм.-пошукавых сістэм, выкарыстання дакументаў; навук.-тэхн. апрацоўкі дакументаў.

Г.І.Ляшук.

т. 6, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (Літоўска-Беларуская ССР, Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі, Літбел). Існавала ў гады грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20. Утворана ў адпаведнасці з рэкамендацыямі ЦК РКП(б) у лют. 1919 шляхам аб’яднання БССР і Літ. ССР (рэзалюцыі аб аб’яднанні зацверджаны рашэннямі I Усебел. з’езда Саветаў і з’езда Саветаў Літвы). Вырашальную ролю ў справе ўтварэння рэспублікі адыграла падрыхтоўка Польшчы да вайны з Сав. Расіяй. 27.2.1919 на сумесным пасяджэнні ЦВК рэспублік створаны ўрад (СНК) Літбела на чале з В.С.Міцкявічусам-Капсукасам і агульны ЦВК на чале з К.Г.Цыхоўскім. 28.2.1919 зацверджаны афіц. назва («Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі») і сімволіка рэспублікі. У склад Літбела ўвайшлі тэр. Віленскай, Мінскай, часткі Ковенскай і Гродзенскай губ. На тэр. Мінскай губ. і Вілейскага пав. Віленскай губ. дзейнічаў Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт. Плошча Літбела складала каля 207 тыс. км², насельніцтва — каля 4 млн. чал. Адм. цэнтр — г. Вільня (цяпер Вільнюс). Вядучай партыяй у рэспубліцы была Камуністычная партыя (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ, утворана ў сак. 1919]. Дазвалялася дзейнасць партый, якія прадстаўлялі яўр. насельніцтва (Бунд, Паалей Цыён, Яўр. камуніст. саюз) і польск. камуніст. групы. Дзейнасць інш. партый забаранялася. Рэсп. органамі ўлады былі прыняты інструкцыі аб валасных, гар. і пав. Саветах, дэкрэты пра арганізацыю сав. міліцыі і суда, раўнапраўе ўсіх мясц. моў, ураўнаванне жанчын у правах з мужчынамі, скасаванне саслоўяў і тытулаў. У пач. крас. 1919 царква была аддзелена ад дзяржавы. Да мая 1919 Прэзідыум ЦВК Літ.-Бел. ССР распрацаваў праект рэсп. Канстытуцыі (моцы не набыў). Зямельны фонд, лясы, нетры, воды, сродкі зносін і банкі абвяшчаліся агульнадзярж. уласнасцю. 16.2.1919 СНК БССР выдаў пастанову аб нацыяналізацыі прамысл. прадпрыемстваў. Прамысл. і харч. тавары размяркоўваліся па картачнай сістэме і ў выглядзе пайка. Збор прадуктаў праводзіўся шляхам прымусовай харчразвёрсткі. Урад Літбела імкнуўся да стварэння саўгасаў, камун і сельгасарцелей на базе былых памешчыцкіх маёнткаў. 11.4.1919 уведзена ўсеагульная працоўная павіннасць. У галіне культуры і адукацыі ўрад Літбела выдаў дэкрэты аб абавязковым бясплатным навучанні дзяцей і моладзі ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў (24.3.1919), адкрыцці нар. ун-та ў Вільні (10.3.1919), стварэнні гіст.-этнагр. музея (25.3.1919) і музея прыкладнога мастацтва (26.3.1919) у Вільні. Выдавалася 6 газет (2 на рус., па адной на літ., бел., польск. і яўр. мовах). 28.2.1919 ЦВК Літбела прыняў дэкларацыю аб знешняй палітыцы, у якой прапанаваў усім народам і іх урадам прызнаць Літ.-Бел. ССР, дэклараваў гатоўнасць «вырашыць усе спрэчныя пытанні палюбоўна і міралюбіва». У сувязі з польск. інтэрвенцыяй шмат увагі аддавалася мерапрыемствам у ваен. галіне. Ва ўмовах актывізацыі баявых дзеянняў на Зах. фронце 13.3.1919 Зах. армія перайменавана ў Беларуска-літоўскую армію. 8.4.1919 ЦВК Літбела абвясціў у рэспубліцы ваен. становішча. 19.4.1919 створаны Савет абароны Літвы і Беларусі, які валодаў усёй паўнатой ваен. і дзярж. улады (старшыня Міцкявічус-К.апсукас). 12.4.1919 органы ўлады Літбела пераехалі ў Дзвінск (цяпер Даўгаўпілс), 28.4.1919 — у Мінск, 19.5.1919 — у Бабруйск. 2.5.1919 Савет абароны абвясціў усеагульную мабілізацыю ва ўзбр. сілы Літбела, 31.5.1919 падтрымаў прапанову ЦК РКП(б) аб стварэнні ваен. саюза паміж сав. рэспублікамі. 21.6.1919 ЦВК Літбела адобрыў дагавор аб ваенна-паліт. саюзе сав. рэспублік. У крас.вер. 1919 значная частка Літбела (у т. л. Вільня і Мінск) акупіравана польск. войскамі. 14.7.1919 ЦК РКП(б) вырашыў ліквідаваць СНК і Савет абароны Літбела, але захаваць рэсп. ЦВК. 17.7.1919 Савет абароны ліквідаваны, наркаматы Літбела перайменаваны ў аддзелы Мінскага губ. ВРК. У вер. 1919 ЦК КП(б)ЛіБ і Мінскі губ. ВРК пераведзены ў Смаленск. Пасля падпісання мірнага дагавора паміж РСФСР і Літвой (12.7.1920) і абвяшчэння незалежнасці БССР (31.7.1920) Літбел юрыдычна спыніла існаванне.

Кр.: Борьба за Советскую власть в Литве в 1918—1920 гг.: Сб. док. Вильнюс, 1967; Борьба за Советскую власть в Белоруссии, 1918—1920 гг.: Сб. док. и материалов. Т. 1—2. Мн., 1968—71; Идеологическая деятельность Компартии Белоруссии, 1918—1945: [Сб. док.]. Ч. 1. Ми., 1990; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў Т 1. Мн., 1997.

Літ.:

Шкляр Е.Н. Борьба трудящихся Литовско-Белорусской ССР с иностранными интервентами и внутренней контрреволюцией (1919—1920 гг.). Мн., 1962;

Великий Октябрь в судьбах белорусского и литовского народов: (Материалы межресп. науч. конф., посвящ. 60-летию образования Литовско-Белорусской ССР): Мн., 1981;

Селиванов П.А. Укрепление тыла Красной Армии: Деятельность Советов и ревкомов Белоруссии (1918—1920 гг.). Мн., 1987;

Платонов Р., Сташкевич Н. К вопросу о становлении белорусской национальной государственности // Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Гомель, 1993. Ч. 2;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;

Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 1998;

Круталевич В.А. История Беларуси: Становление национальной державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999.

А.В.Ціхаміраў.

т. 9, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПААЗЕ́Р’Е, Падзвінне,

гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі. Займае большую ч. Віцебскай вобл. На ПдУ па дняпроўска-дзвінскім водападзеле мяжуе з Падняпроўем, на Пд і ПдЗ па ўмоўнай лініі на Пн ад Барысава і Лагойска праз Паставы — з Цэнтральнай Беларуссю і Панямоннем. Як гіст.-этнагр. рэгіён адпавядае асн. масіву стараж. Полацкай зямлі (полацкія крывічы). У складзе Кіеўскай Русі Полацкая зямля была найб. самастойнай з уласцівымі ёй векавымі традыцыямі грамадска-паліт. ладу і арыгінальнай культурай. У 11 ст. тут было каля 10 буйных удзельна-валасных і эканам. цэнтраў (Полацк, Віцебск, Друцк, Лукомль, Браслаў і інш.; гл. Полацкае княства). Для П. разам з часткай Падняпроўя на працягу сярэднявечча і да 2-й пал. 19 ст. захавалася этнагр. назва Белая Русь, якая паступова пашырылася на ўсю сучасную тэр. Беларусі. З утварэннем Рэчы Паспалітай (1569) пашырылася каталіцтва, павялічыліся землеўладанні езуітаў. Ратуючыся ад рэліг. ганенняў і сац. ўціску, сюды перасялілася ч. рус. старавераў. У выніку Лівонскай вайны 1558—83, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўночнай вайны 1700—21 мясц. эканоміка і культура панеслі вял. страты, адбыліся істотныя змены ў геагр. размяшчэнні і этнасац. структуры насельніцтва, якое скарацілася ў некалькі разоў. У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай (1772 і 1793) П. далучана да Расіі і ўваходзіла ў склад Полацкай, з 1796 — Беларускай, з 1802 — Віцебскай губ.; зах. ч. ўваходзіла ў Віленскую губ. Пасля 1917 і ўтварэння БССР усх. П. ў складзе БССР; зах. (левабярэжная) ч. П. ўз’яднана з БССР у 1939.

Традыц.-быт. культура складвалася на працягу стагоддзяў, адлюстроўваючы як агульнабел. рысы, так і спецыфіку мясц. гіст. і прыродных умоў. Нар. вытв. практыка выпрацавала свой гадавы каляндар, своеасаблівыя спосабы апрацоўкі глебы, догляду пасеваў, уборкі ўраджаю і інш. з улікам мясц. прыродных умоў. Палі апрацоўвалі з дапамогай мясц. варыянта сахі з перакладной паліцай, архаічнай бараны-сукаваткі (смыка); на сугліністых глебах выкарыстоўвалі круглую калоду з зубамі, матыку ці чакуху для здрабнення камякоў. Выбраны на палях лён вымочвалі на дне вадаёмаў, а потым апрацоўвалі на тыповых для П. 2-рэбравых нахільных мялках. Сакавітыя лугі і выпасы спрыялі развіццю жывёлагадоўлі. Асн. і найчасцей адзінай рабочай жывёлай у сял. гаспадарцы быў конь. З канца 19 ст. жывёлагадоўля мела выразны мяса-малочны кірунак (вядомы цэнтр маслабойнай вытв-сці ў Віленскай губ. — Дзісенскі пав.). З развіццём капіталіст. адносін пашырыліся лясныя і адыходныя промыслы — нарыхтоўка лесу, выраб брусоў, абадоў, бандарнай клёпкі і вываз іх у прыбалт. парты. Мноства сялян ішло на буд. і земляныя работы: мясц. каменячосаў (жарнаклёваў), муляраў, цесляроў можна было сустрэць у адыходзе ў губернях Расіі. Найб. густа населеным здаўна было левабярэжжа Зах. Дзвіны. На П. пераважалі маладворныя сельскія пасяленні (3—5 сядзіб), раскіданыя сярод лясных пагоркаў паблізу рэк і азёр, у баку ад вял. дарог. Наяўнасць блізка ад вёсак і хутароў выгану і свабодных зямель, суседства з вадаёмам і лесам надавала пасяленцам азёрнага краю патрыярхальна-экзатычныя рысы. Невял. вёскі, хутары і асобныя двары звязвалі вузкія прасёлкі і сцяжынкі; сельскія дарогі вызначаліся слабай набітасцю грунту і невыразнымі абрысамі. Узімку ўзнікалі часовыя дарогі, т.зв. зімнікі. Найб. пашыраны тып сядзібнай забудовы — вянковы. Побач з размяшчэннем пабудоў па перыметры двара сустракалася і кампактная забудова, калі гасп. памяшканні цесна прымыкалі да жылля, утвараючы адзіны жыццёва-быт. комплекс з крытым дваром (вядомы толькі ў рэгіёне). На адлегласці 50—60 м у глыбіні сядзібы будавалі гумно і лазню. Гумно ў мясц. вызначэнні — комплекс гасп. пабудоў з уласна гумном (ток, такаўня), сушылкай (асець, ёўня), пуняй для саломы і сена, азяродамі. На адкрытай мясцовасці нярэдка ставілі невял. млын-вятрак, што задавальняў патрэбы сял. гаспадаркі. Тыповая планіроўка жылля: хата + сенцы + стопка (варыўня). Зруб хаты рабілі з круглых бярвён хвоі ці елкі, звязаных паміж сабой у просты вугал «з астаткам» («у чашку»), Стрэхі звычайна 2-схільныя закотам, з 2-й пал. 19 ст. — каркасныя («на кроквах»); крылі іх саломай «пад колас», радзей — дранкай.

Для традыц. адзення жыхароў уласцівы прамы, свабодны крой. Найб. пашыраныя колеры адзення белы і светла-шэры. З верхняга адзення апрача агульнабел. світ і кажухоў у шырокім ужытку быў палатняны насоў, які насілі ў любое надвор’е. Паясное жаночае адзенне вызначалася значнай тыпалагічнай разнастайнасцю: льняныя спадніцы, разнаколерныя набіванкі, саяны, андаракі, узорныя дрыліхі (гл. Лепельскі строй). Ва ўзорнай тэхніцы ўпрыгожвання пераважалі вышыўка і набіванка, якія ў жан. адзенні (сарочках, фартухах) гарманічна спалучаліся з карункамі і мярэжкай. У вышыўцы дамінаваў чырв. колер, у набіванцы — сіні ці блакітны. Кераміка вызначалася масіўнасцю формы (да апошняга часу тут захаваўся налеп) і грунтоўнасцю апрацоўкі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначаюцца мясц. вусна-паэт. творчасць і традыц. абраднасць. Побач з агульнабел. каляндарна-земляробчымі і сямейна-абрадавымі песнямі пашыраны тыя жанры, якія ў інш. рэгіёнах маюць абмежаваны арэал або зусім невядомы, — валачобныя, масленічныя, талочныя, ільнаробчыя, ярынныя песні. Для песеннага фальклору П. ўласціва сольнае (манадыйнае) выкананне: мелодыя песень роўная, з плаўнымі пераходамі, напевы нетаропкія і свабодныя. Мясц. гаворкі П. складаюць групу паўн.-ўсх. дыялекту (гл. Дыялект).

В.С.Цітоў.

т. 11, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)