БАРТКЕ́ВІЧ Леанід Леанідавіч (н. 25.5.1949, Мінск),

бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1979). У 1970—80 саліст-вакаліст ансамбля «Песняры» (найб. адказныя сола ў работах «Гусляр» І.​Лучанка і «Песня пра долю» У.​Мулявіна). У 1983—89 саліст Бел. тэлебачання і радыё. Запісаў з ансамблем і сола шмат бел. нар. песень на магнітную стужку і грампласцінкі (некат. ў дуэце з Данчыкам). З 1989 у ЗША.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМЕ́ШКА Аляксандр Сяргеевіч (н. 24.4.1947, г. Брэст),

бел. эстрадны артыст, выканаўца на ўдарных інструментах. Засл. арт. Беларусі (1979). Вучыўся ў Брэсцкім муз. вучылішчы (1964—66). У 1969—88 ударнік вак.-інстр. ансамбля «Песняры», выконваў адказныя сола як ударнік (у т. л. ў нар. песнях «Забалела ты, мая галованька», «Чарачка мая», «Галава — два вухі») і як вакаліст. З 1989 у Маскве ў артыстычных кааператывах (у т. л. «Песня»), з 1997 нам. начальніка канцэртнага аддзела акц. т-ва «Лужнікі».

т. 6, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РО́ЛІНГ СТОЎНЗ»

(Rolling Stones),

англійская рок-група. Створана ў 1962 у Лондане. У першым складзе: арганізатары і кіраўнікі М.​Джагер (вакаліст) і К.​Рычардс (гітарыст), а таксама Ч.​Уотс (барабаны), Б.​Джонс (гітара), Б.​Уаймэн (бас-гітара), з 1991 — Джагер, Рычардс, Уотс, Р.​Вуд. У першыя гады існавання ў рэпертуары пераважна творы рок-н-рола, песні дуэта Джагер-Рычардс. З канца 1960-х г. выконваюць толькі ўласныя песні, створаныя на аснове блюза. Сярод альбомаў: «Афтэмэс» (1966), «Стыл Вілс» (1989), «Брыджэс ту Бабілон» (1997). Група — лідэр сярод рок-музыкантаў па колькасці «залатых», «плацінавых» і «мультыплацінавых» альбомаў.

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 13, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІХАНО́ВІЧ Аляксандр Рыгоравіч (н. 13.7.1952, Мінск),

бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Бел. кансерваторыю (1982). З 1971 у Бел. філармоніі, саліст вак.-інстр. ансамбля «Верасы». З 1987 саліст-вакаліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі. З 1988 стваральнік і кіраўнік (з жонкай Я.Паплаўскай) першага на Беларусі Т-ра песні і творчай студыі пры ім (у 2003 пераўтвораны ў прадзюсерскі цэнтр «Прафіартвідыён»), Адначасова з 2001 муз. кіраўнік бел. канала «Сталічнае тэлебачанне». Выступае (з Паплаўскай) у складзе эстр. вак. дуэта. Аўтар шматлікіх папулярных эстр. песень.

Літ.:

Загородний Г. От «Верасов» — к Театру песни // Бел. думка. 1997 № 6.

Г.​М.​Загародні.

т. 17, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́РЫКАЎ Мікалай Мікалаевіч (н. 19.11.1957, г. Гомель),

бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Гомельскае муз. вучылішча (1978), Бел. кансерваторыю (1983, кл. С.​Асколкава). З 1985 саліст Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Г.​Цітовіча, з 1988 саліст-вакаліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі. Валодае моцным прыгожым голасам, тэмбр якога пашыраецца ад мяккага лірычнага барытона да аксамітнага драм. баса. Яго выкананню характэрны тэмперамент, драм. майстэрства, глыбокае пранікненне ў муз. вобраз. У канцэртным рэпертуары значнае месца займаюць песні бел. кампазітараў, у т. л. І.​Лучанка, Э.​Зарыцкага, Л.​Захлеўнага, У.​Будніка. Лаўрэат 1-га Усесаюзнага радыёконкурсу «Новыя імёны» (1987), Гран-пры Міжнар. конкурсу «Музыка свету» (1998, Італія).

В.​З.​Анісовіч.

т. 14, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́МЕН (Niemen) Чэслаў [сапр. Выджыцкі

(Wydrzycki) Чэслаў Юліуш; 16.2.1939, в. Старыя Васілішкі Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.1.2004], польскі спявак, кампазітар, інструменталіст. Вучыўся ў Гродзенскім муз.-пед. вучылішчы (1954—58),

у муз. школе ў Гданьску. З 1962 саліст групы «Небеска-Чарні», заснавальнік і вакаліст груп «Акварэле», «Немен Энігматык», «Немен», «Немен Аэраліт». З 1980-х г. выступаў сольна. Першы выканаўца польскай папулярнай музыкі. Валодаў моцным нізкім голасам шырокага дыяпазону, для яго характэрна экспрэсіўная манера выканання. Аўтар і выканаўца музыкі і песень да спектакляў, кінафільмаў, у т. л. «Гульня» Е.​Каваляровіча, «Выйшаў у ясны, пагодны дзень» К.​Вайцяхоўскага, «Вяселле» А.​Вайды. Запісаў шмат альбомаў з групамі і асобна. Лаўрэат міжнар. фестываляў эстраднай песні ў г. Аполе (1967), Сопат (1979).

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 18, кн. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУ́МЕНКА Якаў Паўлавіч (н. 28.3.1959, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.​І.​Глінкі (клас хар. дырыжыравання, 1984), Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (клас вакалу, 1992). З 1984 артыст ансамбля нар. музыкі «Свята», саліст Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Г.​Цітовіча, з 1990 — Нац. тэлерадыёкампаніі і ансамбля нар. музыкі «Бяседа» (1992—97), з 1993 саліст-вакаліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі. Валодае голасам прыгожага барытанальнага тэмбру. Яго выкананне вылучаецца яскравай сцэнічнасцю, шчырасцю, эмацыянальнай выразнасцю. У рэпертуары эстр. песні бел. кампазітараў, шэраг уласных песенных твораў на словы бел. паэтаў, у т. л. «Іншапланецянка», «Колькі год Беларусі», «Ночка-чараўніца», «Арабінавы сум», «Не хадзіце, мае хлопчыкі», «Я вымалю цябе», «Мне ўсё верыцца», «Дзяўчына-красуня» і інш.

Г.​М.​Загародні.

т. 11, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)