МА́МАНТ (Mammuthus primigenius),

вымерлае млекакормячае сям. сланоў атр. хобатных. Жыў у сярэднім і познім плейстацэне, быў пашыраны ў тундры і стэпах Еўропы, Паўн. Азіі і Паўн. Амерыкі. Нагадваў сучаснага інд. слана. На Беларусі рэшткі знойдзены больш чым у 200 месцах (найб. — у бас. рэк Дняпро і Сож, таксама на тэр. Мінска). Вымер каля 10 тыс. г. назад. У мёрзлым грунце Аляскі і Сібіры знаходзяць М., у якіх захаваліся мяккія тканкі, скура, поўсць, рэшткі корму ў страўніку. Выкапнёвыя рэшткі выкарыстоўваюць пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.

Даўж. да 4 м, выш. каля 3,5 м, маса да 7 т. Поўсць доўгая, густая, бурая або рыжаватая. Відазмененыя разцы (біўні) выгнутыя, даўж. да 4,5 м, маса кожнага да 120 кг. Зубы (у дарослых было 4) складаліся з тонкіх дэнцінава-эмалевых пласцінак і на працягу жыцця (70—80 гадоў) мяняліся 6 разоў. Расліннаедныя. Былі аб’ектам палявання чалавека каменнага веку.

П.Ф.Каліноўскі.

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

cios, ~u

м.

1. удар;

zadać cios — нанесці ўдар;

odbić cios — парыраваць удар; адбіць удар;

2. буд. чэсаны камень;

3. ~y мн. біўні (слана, маманта)

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

ко́сць, -і, мн. ко́сці, касце́й, ж.

1. Асобная састаўная частка шкілета хрыбетных жывёл і чалавека.

Ключычная к.

2. мн. Астанкі цела нябожчыка.

3. зб. Іклы, біўні некаторых жывёл, якія выкарыстоўваюцца для дробных вырабаў.

Слановая к.

Упрыгожанні з косці.

4. мн. Кубікі або пласцінкі з рознага матэрыялу для гульні.

Гуляць у косці.

5. якая. Пра сацыяльнае паходжанне.

Панская к.

Да касцей — вельмі моцна (прамокнуць, прамерзнуць і пад.).

Легчы касцьмі — загінуць.

Скура ды косці — пра вельмі худога чалавека.

|| памянш. ко́стачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1, 2, 4 і 5 знач.).

Перамываць костачкі каму — абгаворваць, пляткарыць.

Разабраць па костачках — вельмі падрабязна.

|| прым. касцявы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.), ко́сны, -ая, -ае (да 1 знач.) і касцяны́, -а́я, -о́е (да 3 знач.).

Касцявая тканка.

Косныя хваробы.

Касцяны гузік.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

косць, ‑і; Р мн. касцей; ж.

1. Асобная састаўная частка шкілета хрыбетных жывёл і чалавека. Галёначная косць. Лакцявая косць. Грудная косць.

2. толькі мн. (ко́сці, касцей). Астанкі, прах, цела нябожчыка. Па выгане, як на пагосце, жанчыны ў той вечар рыдалі: — А хто ж прывязе нашы косці, зямелька, з нязнанае далі... Вялюгін.

3. зб. Іклы, біўні некаторых жывёл, якія скарыстоўваюцца для дробных вырабаў. Слановая косць. Разьба па косці.

4. толькі мн. (ко́сці, касцей). Кубікі або пласцінкі з рознага матэрыялу для гульні (з выразанымі на іх ачкамі, лічбамі і пад.). Гульня ў косці.

5. якая. Уст. Пра сацыяльнае паходжанне, пра класавую прыналежнасць. Дваранская косць.

•••

Адны косці — пра вельмі худога чалавека.

Белая косць (уст.) — пра людзей знатнага, дваранскага паходжання.

Да касцей — вельмі моцна, зусім, наскрозь (прамокнуць, прамерзнуць і пад.).

Да мозгу касцей гл. мозг.

Даць у косці гл. даць.

Злажыць косці гл. злажыць.

(І) касцей не сабраць гл. сабраць.

Косці парыць гл. парыць.

Косць ад косці — пра каго‑, што‑н., цесна звязанае з чым‑н.; пра ідэйную блізкасць.

Куды груган касцей не занясе гл. груган.

Легчы касцьмі гл. легчы.

На касцях — цаной вялікіх ахвяр (дасягнуць чаго‑н., зрабіць што‑н.).

Пералічыць косці гл. пералічыць.

Перажываць косці гл. перамываць.

Скура ды косці гл. скура.

Уесціся ў косці гл. уесціся.

Чорная косць (уст.) — пра людзей простага, недваранскага паходжання.

Шырокая косць; шырокі ў косці — пра шыракаплечага, каранастага чалавека.

Язык без касцей гл. язык.

Як без касцей — пра чалавека са спрытным, гібкім целам.

Як косць у горле — пра таго (тое), што вельмі перашкаджае, дакучае каму‑н., даймае каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)