БІЯСАЦЫЯЛО́ГІЯ (ад бія... + сацыялогія),

1) сінонім біяцэналогіі ў многіх еўрап. англамоўных краінах.

2) Антынавуковая паліт. канцэпцыя, якая тлумачыць сац. і паліт. працэсы, зыходзячы з біял. фактараў, зведзеных да паняцця аб расе. Гл. таксама Расізм.

т. 3, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСКЕ́Н (ад бія... + грэч. skene першапачатковая палатка),

найменшая гарыз. структурная адзінка мазаічнай экасістэмы, якая характарызуецца аднароднымі абіятычнымі ўмовамі і ўласным, спецыфічным для яе наборам відаў раслін, жывёл і мікраарганізмаў (напр., пясчаныя дзюны, дробныя вадаёмы, паверхня ліста або каменя і інш.).

т. 3, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯХАРЫЁН (ад бія... + харыён),

структурная частка экасістэмы; цэнтр актыўнасці арганізмаў у біятопе. У біяхарыёне (на падле, у экскрэментах, на вышэйшых грыбах, пнях, у гнёздах і інш.) трапляюцца асаблівыя, часта вельмі багатыя відамі, але пераважна кароткажывучыя згуртаванні. Тэрмін прапанаваў ням. вучоны В.Тышлер (1955). Гл. таксама Сінузія.

т. 3, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГРА́ФІЯ (ад бія... + ...графія),

1) апісанне жыцця і дзейнасці чалавека; жанр гіст., маст., навук. прозы. У біяграфіі на аснове фактычнага матэрыялу разглядаецца працэс фарміравання чалавечай асобы ў сувязі з грамадскімі адносінамі пэўнай гіст. эпохі. Бываюць навук., маст., акад., папулярныя і інш. Разнавіднасць біяграфіі — аўтабіяграфія.

2) Жыццё чалавека.

т. 3, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСПЕЛЕАЛО́ГІЯ (ад бія... + спелеалогія),

навука, якая вывучае жыццё ў пячорах, трэшчынах горных парод і інш. Асновы біяспелеалогіі створаны рум. біёлагам Э.Ракавіцэ (1907), які даследаваў асаблівасці экалагічных умоў пячор, трэшчын і іх уплыў на жывыя арганізмы, заканамернасці эвалюцыі падземных біёт, размнажэнне, геагр. пашырэнне іх жыхароў і інш.

т. 3, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЫ́П (ад бія... + тып),

1) сукупнасць асобін у складзе папуляцыі (унутрыпапуляцыйная групоўка) з падобным генатыпам. У 1920—30-я г. Біятып разглядаўся як самая дробная таксанамічная катэгорыя, з якой складаецца від (гл. Экатып). Зрэдку да біятыпу адносяць групу асобін, падобных фенатыпічна, але не абавязкова генетычна ідэнтычных.

2) Тое, што жыццёвая форма.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЦЫ́КЛ (ад бія... + цыкл),

1) самы вял. экалагічны падраздзел біясферы. Вылучаюць біяцыклы: суша, акіян і кантынентальныя вадаёмы. Кожны біяцыкл падзяляецца на біяхоры (сукупнасць падобных біятопаў); напр., біятопы пясчаных, гліністых, камяністых пустыняў аб’ядноўваюцца ў біяхор пустыняў, які разам з біяхорамі лясоў, стэпаў і інш. складае біяцыкл сушы.

2) Заканамерная змена фазаў або стадый развіцця арганізма.

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯКАРО́ЗІЯ (ад бія... + карозія),

працэс пашкоджання (парушэння) металаў у выніку жыццядзейнасці жывых арганізмаў (пераважна анаэробных бактэрый; гл. Анаэробныя арганізмы). Бывае на вода- і нафтаправодах, падводных частках гідратэхн. збудаванняў, днішчах караблёў і інш. Найб. агрэсіўныя для металаў аблігатныя сульфатрэдукавальныя бактэрыі (Desuflobrio desulfuricans, D. rubentschitckii, D. aestuarii). Для аховы ад біякарозіі выкарыстоўваюцца кантактныя і лятучыя фунгіцыды. Гл. таксама Біяпашкоджанне і Біядэградацыя.

т. 3, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯПСІ́Я (ад бія... + грэч. opsis разгляданне),

дыягнастычная аперацыя выразання пробнага кавалачка хваравіта змененай тканкі жывога арганізма з далейшым мікраскапічным даследаваннем для вызначэння характару паталагічнага працэсу (запаленне, пухліна і інш.). Біяпсія ў час хірург. аперацыі (тэрміновая) дае магчымасць удакладніць клінічны дыягназ і вызначыць межы пашкоджання. Разнавіднасць біяпсіі — біяпункцыя, пры дапамозе якой ацэньваюць характар змянення ўзятых для даследавання клетак, вадкіх тканак (напр., спіннамазгавой вадкасці).

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯРЭХАЛАКА́ЦЫЯ (ад бія... + рэха + лакацыя),

выпрамяненне і ўспрыманне жывёламі высокачастотных гукавых сігналаў з мэтай выяўлення аб’ектаў (здабыча, перашкода і інш.) у прасторы, а таксама атрымання інфармацыі аб іх уласцівасцях і памерах; адзін са спосабаў арыентацыі жывёл. Развіта ў лятучых мышэй, дэльфінаў, некаторых птушак, землярыек і інш. Дзякуючы біярэхалакацыі кіты, напр., лёгка шукаюць згуртаванні планктону, дэльфіны лацыруюць чароды рыб на адлегласці да 3 км.

т. 3, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)