«БЕЛАРУСЬГУМАТЭ́ХНІКА»,

завод па вытв-сці гумавых тэхн. вырабаў у Бабруйску. Створаны ў 1952 для вырабу натуральнага каўчуку. У 1954—57 пераабсталяваны ў рэгенератны з-д, з 1959 Бабруйскі з-д гумавых тэхн. вырабаў. У 1959—65, 1970 і 1977 рэканструяваны і расшыраны. У 1976—90 галаўное прадпрыемства ВА «Беларусьгуматэхніка». З 1990 арэнднае, з 1992 нар. прадпрыемства, з 1994 акц. т-ва. Асн. прадукцыя (1995): фармавыя і нефармавыя гумава-тэхн. вырабы для камплектацыі аўтамабіляў і трактароў, рукавы гумавыя з нітачным узмацненнем, ніткі з латэксу, падлогавыя пакрыцці, гумавыя порыстыя і няпорыстыя пласціны і дэталі для абутку, стужка канвеерная, вырабы з ліццёвага поліурэтану, пласціны гумавыя, гумаватканінныя, гукаізаляцыйныя бітумныя і тэкстыльна-бітумныя.

т. 3, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы для аховы (гідраізаляцыі) буд. канструкцый, будынкаў і збудаванняў ад шкоднага ўздзеяння вады і хімічна агрэсіўных водных раствораў. Падзяляюцца на проціфільтрацыйныя (герметызавальныя) і процікаразійныя; паводле віду асн. матэрыялу — на нафтабітумныя, дзёгцевыя, палімерныя, армацэментавыя і інш. (у іх састаў могуць уводзіцца мінер. напаўняльнікі і мадыфікаваныя дабаўкі — растваральнікі, стабілізатары, пластыфікатары, антысептыкі, структураўтваральнікі і г. д.). Бываюць абклеечныя, абмазачныя, цвёрдыя і пластычныя. Могуць арміравацца стальнымі або палімернымі валокнамі, метал. або шкласеткай, шклотканінай і інш.

Абклеечныя гідраізаляцыйныя матэрыялы — руберойд, пергамін, гідраізол, шклоруберойд, металаізол і інш. рулонныя матэрыялы, аснова якіх (з кардону, шкловалакна, метал. фольгі і інш.) прамочана або пакрыта бітумам ці дзёгцевымі рэчывамі. Укладваюць у некалькі слаёў, змацоўваюць масцікай. Абмазачныя гідраізаляцыйныя матэрыялы — гарачыя або халодныя бітумныя і дзёгцевыя масцікі, бітумныя лакі і фарбы з напаўняльнікамі, пасты і эмульсіі (гл. Лакафарбавыя матэрыялы). Выкарыстоўваюць для ізаляцыі трубаправодаў, падземнай часткі жалезабетонных канструкцый, для аховы метал. канструкцый ад карозіі. Цвёрдыя гідраізаляцыйныя матэрыялы — тынк цэментавы (з воданепрымальнымі і ўшчыльняльнымі дабаўкамі), асфальтавы і інш.; пліты і маты асфальтавыя (арміраваныя і неарміраваныя, гарачапрасаваныя); прыродныя, керамічныя і бетонныя камяні, прамочаныя арган. вяжучымі рэчывамі; жалезабетонныя вырабы (бетоны высокай шчыльнасці), а таксама лісты са сталі і інш. Выкарыстоўваюць для аховы фундаментаў і сцен будынкаў, тунэляў, рэзервуараў, гідратэхн. збудаванняў. Пластычныя гідраізаляцыйныя матэрыялы падзяляюцца на масцікавыя (аналагічныя абмазачным, але наносяцца большай колькасцю слаёў), плітачныя (сумесь бітумаў з напаўняльнікамі, арміраваная кардонам, тканінамі, метал. сеткамі) і асфальтавыя (асфальтавая масціка з напаўняльнікамі, выкарыстоўваецца для ізаляцыі праезнай часткі мастоў, падлогі ў міжпаверхавых перакрыццях і г.д.). Пашыраны пакрыцці з тэрмапластаў — палімерных плёнак (наносяць на трубы для іх гідраізаляцыі і інш.). Гідраізаляцыйныя матэрыялы выбіраюць з улікам геал. і гідрагеал. умоў, рэжыму падземных вод, важнасці збудаванняў і асаблівасці іх эксплуатацыі, ступені небяспекі ад уцечкі вадкасці з ёмістасці і інш.

А.​Я.​Вакар.

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЖУЧЫЯ РЭ́ЧЫВЫ ў будаўніцтве,

рэчывы, якія пераходзяць з вадкага або цестападобнага стану ў каменепадобны і звязваюць пры гэтым змешаныя з імі запаўняльнікі ці змацоўваюць камяні. Бываюць неарганічныя (мінеральныя) і арганічныя. Выкарыстоўваюцца для вырабу бетону і будаўнічых раствораў, гідра-, цепла- і гукаізаляцыйных матэрыялаў і вырабаў, канструкцыйных і дэкар. пластыкаў і інш.

Неарганічныя вяжучыя рэчывы — парашкападобныя рэчывы, здольныя пры змешванні з вадой утвараць пластычную кансістэнцыю і цвярдзець. Бываюць: гідраўлічныя, якія пасля змешвання з вадой цвярдзеюць і захоўваюць трываласць на паветры і ў вадзе (партландцэмент і яго разнавіднасці, пуцаланавыя, шлакавыя і гліназёмістыя цэменты, гідраўл. вапна і інш.); паветраныя, якія цвярдзеюць і захоўваюць трываласць толькі на паветры (гіпсавыя і магнезіяльныя рэчывы, паветр. вапна і інш.); аўтаклаўнага цвярдзення, якія эфектыўна цвярдзеюць толькі пад ціскам у аўтаклавах (вапнава-крэменязёмістыя і вапнава-нефелінавыя вяжучыя, пясчаністы партландцэмент і інш.). Арганічныя вяжучыя рэчывы — цвёрдыя або вязкавадкія прыродныя ці штучныя высокамалекулярныя злучэнні, здольныя пад уплывам фіз.-хім. працэсаў пераходзіць у цвёрды або малапластычны стан. Падзяляюцца на бітумныя (гл. Асфальт, Бітумы), дзёгцевыя і палімерныя (гл. Палімеры). У састаў вяжучых рэчываў уводзяць дабаўкі, якія паляпшаюць іх якасць або надаюць новыя ўласцівасці. На Беларусі ёсць значныя паклады сыравіны для атрымання вяжучых рэчываў (гл. Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць).

І.​І.​Леановіч.

т. 4, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКАФА́РБАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна хімічнай прамысловасці, якая займаецца вытв-сцю лакафарбавых матэрыялаў: лакаў і эмалей, розных фарбавальнікаў, пакосту і інш. Алейныя фарбы звычайна вырабляюцца з тонказдробненага пігменту, які размеркаваны ў масе плёнкаўтваральнага рэчыва — пакосту (раней атрымлівалі толькі з расліннага алею). Разам з натуральным пакостам наладжана вытв-сць сінт. і паўсінт. (гліфталевага) пакосту. Сыравіна для атрымання фарбавальнікаў і пігментаў разнастайная, найб. значнай з’яўляюцца араматычныя вуглевадароды — бензол, талуол, нафталін, антрацэн, ксілол і іх вытворныя. Шырока выкарыстоўваліся бітумныя лакі — растворы прыродных або штучных бітумаў ва ўайт-спірыце, ксілоле, шкіпінары і інш. растваральніках. У 1-й пал. 20 ст. з’явіліся лакі на аснове эфіраў цэлюлозы, потым — сінт. смол. Цяпер выкарыстоўваюцца лакі на аснове палімераў (алкідных смол), якія ўтвараюцца пры ўзаемадзеянні мнагаатамных спіртоў з многаасноўнымі кіслотамі.

На Беларусі лакі і фарбы пачалі вырабляць у 1920-я г., напачатку ў арцелях па вырабе хім. прадукцыі, потым на прамысл. прадпрыемствах. У 1960-х г. пабудаваны буйныя Мінскі лакафарбавы завод і Лідскі лакафарбавы завод. Усяго на Беларусі каля 30 прадпрыемстваў і вытв-сцей Л.п. У 1994 прадпрыемствы Беларусі вырабілі 16,1 тыс. т лакаў на кандэнсацыйнай аснове, 2,9 тыс. т алейных фарбаў, 3,9 тыс. т пакосту. Гл. таксама Лакафарбавыя пакрыцці.

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Лакафарбавая прамысловасць. У цэху прыгатавання эмалей на Мінскім лакафарбавым заводзе.

т. 9, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)