ЖУКО́ЎСКІ [імя невяд.; 1746 (?), г. Слуцк Мінскай вобл. — ?],

танцоўшчык. З мяшчан. Вучыўся ў балетнай школе Г.​Ф.​Радзівіла з 1756 (у А.Пуціні і Л.М.Дзюпрэ) і танцаваў у яго прыдворным т-ры ў Слуцку (дэбютаваў у 1758 у «Балеце на тры пары», лібрэта і паст. Пуціні), а таксама ў г. Белым (Бяла-Падляска, Польшча), гастраліраваў у Нясвіжы (1757, 1759). З 1760 саліст балета Нясвіжскага т-ра М.​К.​Радзівіла Рыбанькі (упамінаецца ў складзе трупы ў 1787—90).

Г.​І.​Барышаў.

т. 6, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХНЕ́ВІЧ (Кася) (1746?, г. Слуцк Мінскай вобл. — ?),

танцоўшчыца. З 1756 вучылася ў Слуцкай балетнай школе Г.​Ф.​Радзівіла (у А.Пуціні і Л.Дзюпрэ), з 1758 танцавала ў яго прыдворным т-ры (дэбютавала ў «Балеце на тры пары» ў паст. Пуціні), выступала таксама на гастролях у г. Нясвіж і Белае (цяпер Бяла-Падляска, Польшча). Была найб. таленавітай у трупе, удасканаленню яе майстэрства аддаваў асаблівую ўвагу Пуціні. З 1760 салістка (першая танцоўшчыца) Нясвіжскага т-ра М.​К.​Радзівіла Рыбанькі.

Г.​І.​Барышаў.

т. 10, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІ ((Bielski) Іахім) (каля 1540, в. Бяла, каля г. Серадз, Польшча — 8.1.1599),

польскі храніст і пісьменнік. Сын Марціна Бельскага. Вучыўся ў лютэранскай акад. гімназіі ў Бжэгу. З 1588 каралеўскі сакратар. У 1597 выдаў «Хроніку Польшчы» — грунтоўную пераробку з дапаўненнямі адной з кніг «Хронікі ўсяго свету» бацькі, якая даведзена да 1586 і асвятляе падзеі з пазіцый шляхты. Магчыма, з’яўляецца аўтарам «Далейшага працягу Польскай хронікі», дзе выкладзены падзеі 1587—98 (выд. ў Варшаве ў 1851). У творы падрабязна апісаны падзеі, звязаныя з Налівайкі паўстаннем 1595—96.

т. 3, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІ (Bielski; сапр. Вольскі) Марцін

(1495 в. Бяла, каля г. Серадз, Польшча — 18.12.1575),

польскі пісьменнік і гісторык. Склаў «Жыццяпісы філосафаў» (1535), напісаў п’есу «Камедыя пра Юстына і Канстанцыю» (1557), шэраг сатыр. вершаў. Першы з храністаў пачаў пісаць на польск. мове. Найб. вядомы як складальнік «Хронікі ўсяго свету» (Кракаў, 1551, 1554, 1564) — гіст.-літ. кампіляцыі, багатай разнастайнымі звесткамі з гісторыі многіх народаў свету, у т. л. славянскіх. Адзін з аўтараў «Хронікі Польшчы», якую дапоўніў матэрыяламі бел.-літоўскіх летапісаў і выдаў у 1597 яго сын (гл. Бельскі Іахім).

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 3, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗІ́ШЧАНСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НЦАЎ.

Існаваў у 1662—1865 у в. Гарадзішча (цяпер Пінскі р-н Брэсцкай вобл.). Засн. трокскім ваяводам Я.​Копацем, які ў якасці фундушу даў фальваркі з в. Бышляк, Бяла, Волька, Гарадзішча, Заазер’е, Купяцічы, Любель, Селішча, Сошна, Цёлкавічы (у 1818 у іх было 350 сялян). У ансамбль кляштара ўваходзілі мураваныя касцёл, 2-павярховы жылы корпус, званіца, кузня, бровар, крама, флігель, калодзеж. Касцёл св. Ганны пабудаваны ў 1774, меў разьбяныя алтары, амбон і інш., сцены і скляпенні аздоблены размалёўкамі. У школе пры кляштары ў пач. 19 ст. навучалася 15 шляхецкіх дзяцей, працавала сталярная майстэрня, у б-цы было 1574 кнігі (1829). У 1865 кляштар скасаваны, касцёл закрыты. У 1910 касцёл зноў дзеючы, у 1944 разбураны ням.-фаш. захопнікамі. Захаваўся жылы корпус.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 5, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТАШЭ́ВІЧ ((Bartoszewicz) Юльян) (17.1.1821, г. Бяла-Падляска, Польшча — 5.11.1870),

польскі гісторык, літаратуразнавец. Чл. Віленскай археал. камісіі. У 1838—42 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це, пазнаёміўся з Я.​Баршчэўскім і памагаў яму ў рэдагаванні альманаха «Niezabudka» («Незабудка»). У 1840—60-я г. рэдагаваў газ. «Dziennik Warszawski» («Варшаўскі веснік»), «Kronika wiadomości krajowych і zagranicznych» («Хроніка мясцовых і замежных паведамленняў»), у якіх змяшчаў і карэспандэнцыі з Беларусі. Аўтар прац «Каралевічы-біскупы» (1851), «Арцыбіскупы і прымасы» (1858—68), «Польскія гетманы» (1860—66), «Першапачатковая гісторыя Польшчы» (т. 1—4, 1878—79). У «Гісторыі польскай літаратуры» (т. 1—2, 2-е выд., 1877) даў звесткі і пра стараж. бел. л-ру. На бел. матэрыяле часткова заснаваны яго працы «Выдатныя польскія дзеячы XVIII ст.» (т. 1—3, 1853—56) і «Гістарычныя і літаратурныя даследаванні» (т. 1—3, 1880—81).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГІ́НСКІ ((Roginski) Раман) (29.2.1840—15.2.1915),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў Варшаўскую рэальную гімназію (1861). З-за пагрозы арышту за ўдзел у патрыят. маніфестацыях у Варшаве эмігрыраваў у Парыж. Вучыўся ў вайсковай школе ў Генуі. У 1862 вярнуўся ў Варшаву, прызначаны камісарам ад Цэнтр. нац. к-та ў Варшаве па Падляшскім ваяв. 23.1.1863 зрабіў няўдалую спробу авалодаць г. Бяла-Падляска. 7.2.1863 удзельнічаў у бітве пад Сямяцічамі, пасля рушыў у глыб Беларусі. 13.2.1863 заняў Пружаны, 25—26 лют. разбіты каля в. Баркі, З сак. ўзяты ў палон у Тураве. Смяротны прыгавор ад 23.8.1863 заменены на 20 гадоў катаргі, якую адбываў ва Усолі (Пермская губ.). У 1868 пераведзены на пасяленне, жыў у Верхняўдзінску (Забайкальская вобл.), Віціме, Іркуцку. У 1892 вярнуўся на радзіму. Аўтар успамінаў аб падзеях 1863—64.

Дз.​М.​Чаркасаў.

С.З.Рагінскі.

т. 13, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗДЗЯЛО́ЎСКАЯ (Ядвіга Іосіфаўна) (1.3.1902, г. Бяла-Падляска, Польшча — 26.8.1992),

бел. жывапісец. Засл. дз. культуры Польшчы (1982). Скончыла Варшаўскую маст. школу (1939). У 1959—77 выкладала ў студыі выяўл. мастацтва ў г. Маладзечна Мінскай вобл. Творчасці ўласцівы гарманічнасць каларыту, дакладнасць маст. вобраза, лірычнасць. Аўтар сюжэтна-тэматычных карцін «Немцы адступаюць» (1946), «У рабства» (1947), «Дом-музей П.​І.​Чайкоўскага ў Кліне» (1951), «Раніца» (1956), «Адам Міцкевіч і Марыля Верашчака ў Туганавічах» (1965); партрэтаў «Дзяўчынка ў ружовым» (1956), «Маладая балерына» (1960), «Цыганка з дзіцем» (1968), «Мастак Б.​Шахназараў» (1981); пейзажаў «Масток» (1956), «Від на аул Кубачы» (1963), «Нясвіж. Вясна ў парку» (1975), «Вясна ў лесе» (1982); нацюрмортаў «Кветкі і фрукты», «Вясновы нацюрморт» (абодва 1963), «Чаромха» (1966), «Белая акацыя», «Нацюрморт з вінаградам», «Мальвы» (усе 1976), «Нацюрморт з рабінаю» (1980), «Вязынка», «Рэквіем», «Родныя кветкі» (усе 1982), «Сказ беларускага лесу» (1984) і інш. Працавала таксама ў графіцы.

Л.​Ф.​Салавей.

Я.Раздзялоўская. Мальвы. 1976.

т. 13, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮПРЭ́ ((Dupré) Луі) (каля 1697 — кастр. 1774),

французскі танцоўшчык, балетмайстар, педагог; адзін з заснавальнікаў мужчынскага сцэн. танца. Вучыўся ў школе пры «Каралеўскай акадэміі музыкі і танца» ў Парыжы («Гранд-Апера»), у 1715—22 і 1730—51 саліст гэтага т-ра. У 1722—30 працаваў у Варшаве, гастраліраваў у Лондане, Дрэздэне, Вене. Танцаваў у лірычных трагедыях, балетах, операх-балетах, а таксама чаконы і пасакаллі. Яго танец вылучаўся грацыёзнасцю, пластычнасцю, высакароднай манерай выканання. У 1756 запрошаны Г.​Ф.​Радзівілам у прыдворны т-р у Слуцку, разам з А.Пуціні. Дз. — стваральнік мясц. балета. У 1756—58 выкладаў у Слуцкай балетнай школе, выступаў у Слуцку і ў Белым (Бяла-Падляска, Польшча). У 1758 пераехаў у Нясвіж, дзе паводле дагавору з М.​К.​Радзівілам Рыбанькай павінен быў да 1761 выступаць на сцэне, пісаць лібрэта і ставіць балеты, падрыхтаваць для т-ра 8 дзяцей і вучыць танцам усіх, каго яму дадуць. Сярод яго вучняў Ж.Ж.Навер, Г.​Вестрыс, М.​Гардэль.

Г.​І.​Барышаў.

Ж.Дзюпрэ. Дубы ля дарогі. 1850-я г.

т. 6, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗВО́РСКА-ЕЛІЗА́Р’ЕВА (Маргарыта Мікалаеўна) (н. 13.2.1946, г. Бяла-Слаціна, Балгарыя),

бел. рэжысёр оперы, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыла Балгарскую (1969) і Ленінградскую (1974) кансерваторыі. У 1975—94 рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1975 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У бел. т-ры паставіла оперы «Дон Карлас» Дж.​Вердзі (1979), «Служанка-пані» Дж.​Б.​Пергалезі (1981), «Воўк і сямёра казлянят» А.​Уладзігерава (1984), «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні (1986), «Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта (1987), «Тоска» Дж.​Пучыні (1991), камічную кантату «Выбар капельмайстра» І.​Гайдна (1981), фантазію «Шэкспір і Вердзі» (1992), «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» («Кацярына Ізмайлава») Дз.​Шастаковіча (1994); у Бел. акадэміі музыкі — «Паяцы» Р.​Леанкавала, «А досвіткі тут ціхія» К.​Малчанава, «Арфей і Эўрыдыка» К.​В.​Глюка, «Так робяць усе» Моцарта і інш. Як рэжысёру ёй уласцівы тонкае разуменне сцэнаграфічнай эстэтыкі, сучаснае светаадчуванне, сінтэз новай оперна-рэжысёрскай лексікі і класічнай традыцыі.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 7, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)