Лачу́га ’хаціна’ (паўд.-усх., КЭС), узята з мовы старавераў — з рус. лачу́га, якое з цюрк. Параўн. чагат. alačuɣ ’палатка, шацёр з лямцу, кары, галін’, тат., кірг. alačyk ’тс’ (Радлаў, 1, 362; Фасмер, 2, 468). Сюды ж лачу́жнік (лаянк.) ’бяздомнік, які цягаецца па чужых хатах, халупах’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бадзя́га 1, ‑і, ДМ ‑дзязе, ж.

Прэснаводная губка, якая ў высушаным стане выкарыстоўваецца ў медыцыне для лячэння рэўматызму. Сёлета нага паправілася — дала жонка рады, націраючы бадзягай. Чыгрынаў.

бадзя́га 2, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзязе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Бяздомны, незаняты працай чалавек. Жаласць да самога сябе агарнула Пракопа. Хто ён цяпер? Бадзяга, жабрак, бяздомнік! Колас. Моўчкі глядзіць беспрацоўны бадзяга На белакрылыя чайкі над морам. Танк. / Пра жывёл. Вунь — галаву падняў, глядзіць: вазьмі! Бадзяга-конь! Няма куды падзецца. Бялевіч. Зімою воўк есць усё, што трапіць яму на зуб. Выбіраць галоднаму бадзягу не прыходзіцца. В. Вольскі. // Пра чалавека, які ўвесь час вандруе, мяняе месцажыхарства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бадзя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. У пошуках чаго‑н. весці вандроўнае, без пэўнага занятку і прыстанішча жыццё. Можна сабе ўявіць, якое шчасце мець свой кут і не мець вечнай патрэбы бадзяцца па свеце, каб зарабляць хлеб у чужых людзей! Чорны. Два гады бадзяўся Тодар па маёнтках, бяздомнік, беззямельнік. Чарнышэвіч.

2. Марна траціць час, сланяючыся без справы. Сын трымаўся адзін, нудзеў, бадзяўся з кута ў кут і да ўсяго быў халодны і абыякавы. Чорны. // Бязмэтна блукаць дзе‑н. Я прыйшоў у лес без якой там пэўнай мэты ці пільнай патрэбы. Проста бадзяўся па аглухлых палянах, дыхаў сыраватым паветрам. Ігнаценка. [Ігнат] бадзяўся то па агародзе, то па вуліцы, не знаходзячы месца. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Туля́цца ‘хавацца’, ‘бадзяцца без прытулку’ (Нас., Бяльк., Шат., Касп., Сержп. Прымхі, ТС, Ян., Байк. і Некр.), ‘ухіляцца ад работы, гультаяваць’ (Некр. і Байк., Жд. 2), ‘хадзіць без работы, ацірацца’ (Бір., ТС), ‘хадзіць, прыгнуўшыся ды за нешта хаваючыся’ (Варл.), ‘імкнуцца пазбегнуць чаго- або каго-небудзь, хавацца’: tulájecsa, jak sabáka ad much (Федар. 4), туляцца па завуголлю ‘хавацца ад непажаданых сустрэч, пазбягаць сустрэчы з кім-небудзь’ (Нік., Оч., ТС, Растарг.), ст.-бел. тулятися, тулатися, тулятисе ‘хадзіць без пэўнай мэты, бадзяцца’ (Скарына; Александрыя; 1610 г., ГСБМ). Укр. ту́лятися, туля́тися ‘блукаць, бадзяцца’, ‘гараваць, жывучы ў чужых людзей’, рус. дыял. туля́ться ‘хавацца, бадзяцца’, польск. tułać się ‘хадзіць без мэты’, чэш. toulati se, славац. túľaťsa ‘тс’, харв. tȕlati ‘бадзяцца’, túlati se ‘хадзіць ціха, нібы крадучыся’, макед. дыял. тула се ‘бадзяцца, валачыцца’ (МЈ, 10, 1–2, 105). Прасл. дыял. *tulati sę ‘бадзяцца, туляцца, хадзіць крадком, употайкі’, на думку Борыся (Etymologie, 365), адносна позняя інавацыя часткі праславянскіх дыялектаў (без лужыцкіх моў) — дзеяслоў шматразовага дзеяння ад прасл. *tuliti sę ‘завівацца’, ‘нагінацца, горбіцца’, гл. туліць, туліцца, першаснае значэнне было ‘згінаць, прыгінацца, хавацца ідучы’ (Борысь, 653–654; ЕСУМ, 5, 674; Брукнер, 584). Махэк₂ (648) выводзіць з *lutati ‘бадзяцца’, што цяжка даказаць, як і вывядзенне з лат. tūlʼat, tūlʼāties ‘хадзіць без працы, бадзяцца’ (Блесэ, SB, 5, 25) беларускага туляцца, што, паводле Лаўчутэ (Балтизмы, 149), вельмі сумніўна, бо не прымаецца пад увагу матэрыял іншых славянскіх моў. Сюды ж туля́ць ‘хаваць (напр., ад рэкруцтва)’ (Нас.), туле́нне ‘хаванне, прытулак’ (Нас.), туля́нне ‘хавацца ў розных кутках’ (Нас., Бяльк.); ту́ляннік, туля́ньніца ‘той, хто ўхіляецца (ад працы і інш.)’ (Юрч. СНЛ); туля́га ‘бадзяга, чалавек, які пазбягае сустрэчы’ (ТСБМ, Сцяшк.), ‘баязлівец, нерашучы чалавек’ (ТСБМ), ‘бяздомнік’ (Некр. і Байк.), туляя́ ‘гультай, нядбайнік’ (Шат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)