МАКАРЭ́ВІЧ (Леанід Васілевіч) (н. 5.4. 1939, в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1999). Скончыў БПІ (1969). З 1969 працуе ў Баранавіцкім арх.-канструктарскім аддзеле ін-та «Брэстграмадзянпраект». Асн. работы: у г. Баранавічы — кінатэатр «Кастрычнік» (1970), Дом Саветаў (1973), шматкватэрныя жылыя дамы (1977, 1982, 1989), Дом піянераў, будынак упраўлення КДБ (абодва 1984), царква Аляксандра Неўскага (1996); школа ў пас. Жамчужны Баранавіцкага р-на (1985), гасцініца Брэсцкага аблвыканкома (1986), цэрквы прападобнага Серафіма Сароўскага ў г. Белаазерск Бярозаўскага р-на, у в. Святая Воля Івацэвіцкага р-на (абедзве 1992) і інш.

т. 9, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́НЧЫК (Мікола) (Мікалай Міхайлавіч; н. 1.8.1923, в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. літ.-знавец і крытык. Д-р філал. н. (1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1977). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1952). Настаўнічаў. У 1957—70 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1970 заг. кафедры бел. л-ры Гомельскага ун-та, з 1980 — Мінскага ун-та культуры. Даследуе праблемы народнасці л-ры, узаемадзеянне л-ры і фальклору, асновы бел. вершаскладання, творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Куляшова, П.Глебкі і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 2, 1966), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (на рус. мове, 1977), падручнікаў для студэнтаў пед. ін-таў «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. 1917—1940» (т. 1, 1981), «Гісторыя беларускай літаратуры. XIX — пачатак XX ст.» (1981), «Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд» (1985). У 1973—85 гал. рэдактар рэсп. навук. зб. «Беларуская літаратура».

Тв.:

Максім Багдановіч і народная паэзія. Мн., 1963;

Аркадзь Куляшоў. Мн., 1964;

Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн., 1969;

Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;

«Сымон-музыка» Якуба Коласа і традыцыі фінскага эпасу // Бел. літаратура. Мн., 1982;

Вып. 10;

Классики белорусской литературы Янка Купала и Якуб Колас в контексте славянских культур // Славянские культуры и мировой культурный процесс. Мн., 1985.

т. 5, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ІКАНАПІ́СНАЯ ШКО́ЛА,

самабытная нац. жывапісная школа пач. 16 — пач. 19 ст. Склалася на аснове традыцый візантыйскага і стараж.-рус. мастацтва пад уплывам ідэй Адраджэння. Творы вызначаюцца вернасцю канону, умоўнасцю і сімвалізмам выяўл. мовы, характэрнасцю тыпажу, шырокім выкарыстаннем этнагр. элементаў, імкненнем адлюстраваць навакольную рэчаіснасць. Адметная рыса бел. абразоў — узорыстасць, багатая і разнастайная арнаментоўка, разны раслінны арнамент фону, мажорнасць агульнага эмацыянальнага ладу. У найб. ранніх творах 16 ст. спалучаюцца асн. рысы сярэдневяковага мастацтва з элементамі рэнесансу: светлы каларыт, арнаментыка, якая дапамагае выявіць аб’ём, лірычнасць вобразнага ладу («Маці Божая Іерусалімская» з Брэстчыны). У творах 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маст. традыцый Адраджэння з’яўляецца імкненне да перадачы прасторы, аб’ёму, натуральнасці формаў, прапарцыянальнасці ў выяве чалавека і асяроддзя («Нараджэнне Багародзіцы» з Брэстчыны; «Параскева Пятніца» са Случчыны, «Апосталы Лука і Сымон», «Пакланенне вешчуноў» з Брэстчыны). Для Беларускай іканапіснай школы 17 ст. характэрны аб’ёмнасць, дэталіроўка, паказ асобных персанажаў у тагачаснай вопратцы [«Тройца старазапаветная» з Брэстчыны, «Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая», сярэдзіна 18 ст., з в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.; «Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Успенне», 1650, з в. Олтуш Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл.; «Узнясенне Марыі (Асунта)», канец 17 ст.]. Іканапіс 18 ст. стаў своеасаблівай формай барацьбы за нац. самавызначэнне, што абумовіла яго непасрэдную сувязь з нар. вытокамі, усебаковае пранікненне нар. светапогляду і фалькл. матываў у прафес. мастацтва; значны ўплыў на яго зрабіла мастацтва барока (абразы басценавіцкага майстра, 1723—28; «Ушэсце» Паўла Клачковіча, 1751, з Брэстчыны). Шырокае развіццё набыло т.зв. «наіўнае барока», або народны «прымітыў» («Разасланне апосталаў» з Брэстчыны, «Тройца новазапаветная» з Віцебшчыны). У іканапісе 18 ст. прасочваецца імкненне спасцігнуць непаўторнасць і самабытнасць чалавечага характару, што збліжае яго з тагачасным свецкім партрэтным жывапісам. Пачынаючы з 17 ст. ў Беларускай іканапіснай школе, захаваўшы асн. агульнанац. рысы, выразнымі мясц. нюансамі вылучаўся іканапіс Віцебшчыны, Магілёўшчыны і найб. Брэстчыны — насычаным колерам, падкрэсленым малюнкам, устойлівымі формамі, характэрным палескім тыпажам («Мікола», сярэдзіна 17 ст., «Варвара-пакутніца», 18 ст., Яна Васілевіча з Кобрына; «Сабор архангела Міхаіла», 1751, «Тройца» В.Маркіянавіча, 1761). У канцы 18 — пач. 19 ст. бел. іканапіс паступова страціў сваю самабытнасць і перастаў існаваць як маст. школа. У 20 ст. ідзе спроба аднаўлення бел. іканапіснай школы.

Літ.:

Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагоддзяў: Фрэска, абраз, партрэт. Мн., 1980.

Э.І.Вецер.

т. 2, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАЦЭ́ВІЦКІ РАЁН,

на Пн Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 3 тыс. км2. Нас. 66,6 тыс. чал. (1997), гарадскога 40,8%. Сярэдняя шчыльнасць 22 чал. на 1 км2. Цэнтр раёна — г. Івацэвічы; г. Косава і г.п. Целяханы, 111 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 18 сельсаветаў: Аброўскі, Амяльнянскі, Быценскі, Волькаўскі, Выганашчанскі, Дабромысленскі, Даманаўскі, Жытлінскі, Квасевіцкі, Козіцкі. Косаўскі, Любішчыцкі, Мілейкаўскі, Падстарынскі, Рэчкаўскі, Святавольскі, Стайкаўскі, Яглевіцкі.

Паўночная ч. раёна размешчана на схілах Слонімскага ўзвышша і Баранавіцкай раўніне, паўднёвая — у Прыпяцкім Палессі. Паверхня плоскаўзгорыстая на Пн і нізінная на Пд, 95% тэр. на выш. 140—170 м. Найвыш. пункт 203 м (каля в. Мілейкі). Карысныя выкапні: торф, гліна, мел, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -5,5 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 595 мм за год. Вегетац. перыяд 198 сут. На ПнУ працякае р. Шчара з прытокамі Мышанка, Грыўда (з прытокам Бусяж), на ПдЗр. Жыгулянка, на ПдУ — вярхоўі р. Вісліца. Азёры: Выганашчанскае, Бабровіцкае. Вулькаўскае і Сомінскае; вадасховішчы: Даманаўскае, Аброва, Чамялынскае, Гошча. Буйнейшыя асушальныя каналы: Агінскі, Аброўскі, Восьмы, Дняпроўска-Нёманскі, Рудня. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (43,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (22%) і дзярнова падзолістыя (17,6%). Пад лесам 46% тэрыторыі. Найб. лясістасць на Пд. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя. Балоты займаюць 7,8% тэр., найб. Сухое, Заялоўе. Заказнікі рэсп. значэння: гідралагічны Выганашчанскае, біялагічны Спораўскі; заказнікі мясц. значэння: эксперым лесапаляўнічая гаспадарка Целяханская нац. парку Белавежская пушча, Грыўда-Уроч, Вял. Ямінец. Помнікі прыроды: парк Грудопаль (в. Дабромысль), Чыстая Дуброва (в. Кушняры), насаджэнне карэльскай бярозы ва ўрочышчы Церабеж.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 124,2 тыс. га, з іх асушаных 50,6 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 24 калгасы, саўгас, доследная база «Майск». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, цукр. буракі, лён. Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, ільноапрацоўчай, харч., тарфяной і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і шаша Мінск—Брэст, аўтадарогі на Пінск, Ружаны, Слонім, Бярозу; магістральныя газаправоды, у т.л. Таржок—Івацэвічы. У раёне 30 сярэдніх, 12 базавых, 8 пач., 6 муз. школ, прафес.-тэхн. вучылішча, 38 дашкольных устаноў, 51 клуб, 52 б-кі, 5 бальніц, 6 амбулаторый, 39 фельч.-ак. пунктаў, 2 санаторыі. Помнікі архітэктуры: цэрквы Міхайлаўская (1860) у в. Аброва; Юр’еўская (1790) у в. Альба; Успенская (1779) у в. Бусяж; Успенская (2-я пал. 17 ст.) і касцёл (канец 19 ст.) у в. Быцень; Ільінская (2-я пал. 18 ст.) са званіцай (1885) у в. Бялавічы; царква (19 ст.) у в. Вулька-Аброўская; Прачысценская (1925) у в. Глінная; Крыжаўзвіжанская (1838) у в. Гошчава; Мікалаеўская (1874) у в. Дабромысль; Юр’еўская (пач. 20 ст.) у в. Едчыкі; Ганны (1845) у в. Любішчыцы; царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Міронім; паштовая станцыя (1840) у в. Няхачава. Вылаецца газ. «Івацэвіцкі веснік».

Г.С.Смалякоў.

т. 7, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)