Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́БА-БЫК, жаба-вол (Rana catesbeiana),
бясхвостае земнаводнае сям. жаб сапраўдных. Пашырана ва ўсх.ч.Паўн. Амерыкі ў кустовых зарасніках па берагах рэк і ручаёў з чыстай вадой. Завезена ў некат. краіны Паўд. Амерыкі і Японію.
Даўж. да 20 см, маса да 600 г. Цела аліўкава-бурае або аліўкава-зялёнае з вял. цёмна-бурымі або чорнымі плямамі. Добра плавае. Заднія канечнасці магутныя (даўж. да 2,5 25 см), з плавальнымі перапонкамі. Самцы выдаюць моцныя гукі, якія нагадваюць рык быка (адсюль назва). Апалонікі развіваюцца да 2 гадоў. Корміцца беспазваночнымі, рыбамі, жабамі. птушанятамі, дробнымі млекакормячымі. Аб’ект промыслу і развядзення; выкарыстоўваюць у ежу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАБЫ́ТНЫ БЫК, тур (Bos primigenius),
вымерлая млекакормячая жывёла сям. пустарогіх атр. парнакапытных; продак еўрап. свойскай буйн. раг. жывёлы. Быў пашыраны ў лесастэпах і стэпах Усх. паўшар’я ў 2-й пал. антрапагенавага перыяду. На Беларусі трапляўся да пач. 17 ст. ў Белавежскай пушчы, лясах Панямоння і Прыбужжа. Апошні тур (самка) у прыродных умовах забіты ў Польшчы ў 1627, на тэр.Зах. Сібіры дажыў да 18 ст.
Выш. ў карку да 2 м, маса да 1,5 т. Падобны да сучасных свойскіх быкоў, за выключэннем пераважна чорнай афарбоўкі цела і белай паласы ўздоўж спіны. У канцы антрапагену П.б. распаліся на буйную і дробную расы. Лічыцца, што буйная засталася ў дзікім стане (была аб’ектам палявання), а дробная прыручана ў Грэцыі каля 4 тыс.г. назад.