МАВЕРАНА́ХР (араб., літар. тое, што за ракой),
сярэдневяковая назва тэрыторыі па правым беразе р. Амудар’я. З’явілася ў час араб. заваяванняў 7—8 ст. Пазней М. называліся землі паміж рэкамі Сырдар’я і Амудар’я, дзе буйнейшымі гарадамі былі Бухара, Самарканд, Худжанд.
т. 9, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗЛІ́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА газавае, ва Узбекістане, за 100 км на ПнЗ ад г. Бухара, у пустыні Кызылкум. Уваходзіць у Амудар’інскую газанафтаносную правінцыю. Адкрыта ў 1956, распрацоўваецца з 1961. Пачатковыя запасы газу каля 0,5 трлн. м³. Прадукцыйныя пясчанікі і алеўраліты мелу на глыб. 680—1180 м. Цэнтр здабычы — г. Газлі. Газаправоды на Урал, у цэнтр. еўрап. частку Расійскай Федэрацыі, Ташкент і інш.
т. 4, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯНЬКО́Ў (Павел Пятровіч) (8.12.1879, г. Казань — 16.1.1949),
узбекскі жывапісец. Засл. дз. маст. Узбекістана (1939). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1901 — 06), у акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1906). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (1922—32). Майстар пленэру з тонкім адчуваннем прыроды і нац. каларыту Сярэдняй Азіі. Сярод работ: «Старая Бухара» і «Дзяўчаты-хівінкі» (1931), «Ліст з фронту» (1945), «Дзяўчына з дутарам» (1947), «Зноў на радзіме» (1948) і інш.
т. 3, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМУДАР’І́НСКАЯ ГАЗАНАФТАНО́СНАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
размешчана на Туранскай нізіне, у пустынных раёнах Каракумаў і Кызылкумаў, у цэнтр. і ўсх. ч. Туркменіі, на З Узбекістана, Пн Афганістана і Ірана. Займае паўд.-ўсх. ч. Туранскай пліты і Перадкапетдагскі краявы прагін. Пл. 417 тыс. км². Першае газавае радовішча адкрыта ў 1953. Выяўлена больш як 90 газавых, газакандэнсатных, газанафтавых радовішчаў на пач. 1980-х г. Прадукцыйныя адклады юры і мелу на глыб. 0,2—4 км. Газы сухія, метанавыя, нафты маласярністыя, шчыльн. 770—900 кг/м³. Газаправоды Бухара—Урал, Сярэдняя Азія—Цэнтр Рас. Федэрацыі і інш.
т. 1, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРХА́НАЎ (Аслі Бадрыдзінавіч) (н. 8.1.1915, г. Бухара, Узбекістан),
таджыкскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1965). Працаваў у т-ры імя Лахуці (Душанбе). У творчасці Бурханава тэмперамент спалучаецца з мяккім лірызмам і камедыйнасцю. Сярод роляў: Хушвакт («Паклёп» С.Саідмурадава і У.Ісмаілава), Сафар («У агні» С.Улуг-задэ), Ядгор («Дахунда» Дж.Ікрамі), Яга, Меркуцыо, Кент («Атэла», «Рамэо і Джульета», «Кароль Лір» У.Шэкспіра), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля). Паставіў спектаклі: «Настаўнік кахання» М.Міршакара (1945), «Два веронцы» Шэкспіра (1966) і інш. З 1940 здымаўся ў кіно: «Застава ў гарах», «Авіцэна», «Я сустрэў дзяўчыну», «Чалавек мяняе скуру», «Сказанне пра Сіявуш».
т. 3, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХА́РСКІ ЭМІРА́Т,
феадальная дзяржава ў Сярэдняй Азіі ў 1747—1920. Сталіца — г. Бухара. Утвораны ў 1747, калі ўлада ў Бухарскім ханстве перайшла да дынастыі Мангыт, прадстаўнікі якой наз. сябе эмірамі. Паліт. і эканам. становішча дзяржавы крыху стабілізавалася, аднак феад. раздробленасць не была ліквідавана. Сяляне, амаль пазбаўленыя зямлі, карысталіся ёю на правах здольшчыны. Паводле дагавораў 1868 і 1873 Бухарскі эмірат трапіў у васальную залежнасць ад Расіі. У вер. 1920 у Бухары ў выніку нар. паўстання, падтрыманага Чырв. Арміяй, быў скінуты эмір. 8.10.1920 абвешчана стварэнне на тэр. эмірата Бухарскай Народнай Савецкай Рэспублікі.
т. 3, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАДЗІ́Н (Сяргей Пятровіч) (25.9.1902, Масква — 22.6.1974),
рускі пісьменнік. Скончыў Вышэйшы літ.-маст. ін-т імя В.Я.Брусава (1926). З 1951 жыў у Ташкенце. Аўтар раманаў пра жыццё народаў Сярэдняй Азіі 1920-х г. «Апошняя Бухара», «Егіпцянін» (абодва 1932), гістарычных «Дзмітрый Данскі» (1941, Дзярж. прэмія СССР 1942), «Белы конь» (не завершаны, надрук. 1975—77), «Іван Каліта» (не завершаны, надрук. 1977), трылогіі «Зоркі над Самаркандам» («Кульгавы Цімур», 1953—54; «Кастры паходу», 1957—59; «Імгненны Баязет», 1972—73). Напісаў аповесць «Нараджэнне кветак» (1938). Навелы і ўспаміны ў кнізе «Дарогі» (выд. 1975).
т. 2, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШРАФІ́ (Мухтар Ашрафавіч) (11.6.1912, г. Бухара — 19.12.1975),
узбекскі кампазітар, дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1951). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1948). З 1930 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Узб. т-ра оперы і балета. З 1944 выкладаў у Ташкенцкай кансерваторыі (з 1953 праф., у 1947—62 дырэктар, з 1971 яе рэктар; з 1976 носіць яго імя). Аўтар опер «Буран» (з С.Васіленкам, 1939), «Дыларом» (1958), балета «Амулет кахання» (1969), 2 кантат, 2 сімфоній (у т. л. «Гераічнай», 1942), музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў і інш. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1952. Дзярж. прэмія Узбекістана 1970. Міжнар. прэмія імя Дж.Нэру 1973.
т. 2, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАХША́,
гарадзішча ва Узбекістане, якое існавала з антычных часоў да 11 ст. ў гіст. вобласці Согд (Сагдыяна). За 40 км на З ад г. Бухара. Захаваліся рэшткі гафрыраваных сцен цытадэлі, на З ад іх — палац. Выяўлены размалёўкі 7 ст. на сценах палаца (змаганне герояў з фантастычнымі жывёламі, сцэны бітваў коннікаў, палявання, урачыстасці прыёму цара); часткі палаца, пабудаваныя ў 8 ст., упрыгожаны раслінным арнаментам, фігуркамі людзей і жывёл, фантастычнымі пейзажамі і інш., выразанымі па алебастравай тынкоўцы. Знаходкі сведчаць пра сінкрэтычны характар мастацтва сагдыйцаў, дзе мясц. элементы спалучаюцца са стараж. антычнымі традыцыямі і рысамі будыйскага мастацтва.
т. 4, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКРАМІ́ (Джалол) (20.9.1909, г. Бухара, Узбекістан—11.6.1993),
таджыкскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Таджыкістана (1979). Друкаваўся з 1927. У кнігах апавяданняў і нарысаў «Жыццё і перамога» (1934), «Герой Дняпра» (1944), «Мухабат» (1951), «З Душанбе ў Кіеў» (1959), п’есах «Вораг» (1933), «Сэрца маці» (паст. 1942), «Гарнізон не здаецца» (1975), раманах «Шодзі» (ч. 1—2, 1940—49), «Дачка агню» (1962), трылогіі «Дванаццаць варот Бухары» (1961—74), «Вараннё жывучае» (1979) і інш. адлюстраваў паднявольны лёс жанчыны Усходу да рэвалюцыі, этапы станаўлення тадж. калгаснай вёскі, падзеі грамадз. і Вял. Айч. войнаў. Асобныя творы І. на бел. мову пераклаў У.Яцко.
т. 7, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)