чмялі́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чмяля, уласцівы яму. Чмяліны мёд. □ Маленькіх пчаляроў у Пуцілкавічах было многа. У час сенакосу яны збіралі чмяліныя гнёзды і пераносілі іх у свае берасцяныя вуллі. С. Александровіч. // Такі, як у чмяля (пра гул, голас). Струн гітарных гул чмяліны, Кастаньет бусліны клёкат. Дзве ружовых гітарысткі Абарвалі дзве струны. Панчанка. Манатонны, нудны постук колаў чмяліным гудам поўз у вушы. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самазабыццё, ‑я, н.
1. Забыццё самога сябе, сваіх перажыванняў; лагоднае заспакаенне. Адзін я моўчкі ўдыхаю смольныя пахі, цішыню роднага краю, лаўлю вухам далёкі бусліны клёкат і думаю, думаю, аж да самазабыцця, пакуль да мяне не дакранулася чыясьці рука. Сабаленка. Пасля лазні і малінавага чаю з мёдам у Чабаноўскага наступіла тое лагоднае пачуццё самазабыцця, калі спіш і не спіш, а ўсё на свеце здаецца такім дарагім і родным, што, здаецца, туліў бы яго да млосных ад любві грудзей. Асіпенка.
2. Найвышэйшая ступень узбуджанасці, якая прыводзіць да забыцця самога сябе і ўсяго навакольнага. Любоўнае самазабыццё. □ Мая прамова пад зоркамі адрасу не мае. Я адчуваю, што магу любіць Стасю да самазабыцця. Навуменка. Не, напэўна, мала хто бачыў людзей, якія б так працавалі, — увішна, настойліва, амаль да самазабыцця. Ракітны. // Узрушанасць, расхваляванасць. Саша Красуцкі спалохаўся. Упершыню ў жыцці спалохаўся да самазабыцця, да агіднага, ганебнага ляскання зубамі і дрыжыкаў у каленях. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)