БО́РНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

мінеральныя рэчывы, у якіх бор знаходзіцца ў даступнай для раслін форме; адзін з відаў мікраўгнаенняў. У якасці борных угнаенняў выкарыстоўваюць борную к-ту, борны канцэнтрат, буракс, борны суперфасфат, некаторыя борныя руды і інш. Асабліва эфектыўныя на дзярнова-падзолістых, перагнойна-карбанатных, некаторых балотных глебах, чырваназёмах, шэразёмах і інш. Найб. успрымальныя да борных угнаенняў насеннікі канюшыны, люцэрны, кармавыя і сталовыя караняплоды, цукр. буракі, бульба, грэчка, лён, бавоўнік.

т. 3, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ТЭКС НАТУРА́ЛЬНЫ (ад лац. latex вадкасць, сок),

млечны сок каўчуканосных раслін, пераважна гевеі бразільскай; калоідная сістэма з дыспергаваных у вадзе глобул (дыяметрам 0,2—2 мкм) каўчуку натуральнага (НК). Мае 37—41% (па масе) сухіх рэчываў, у т.л. 35—38% НК, і да 2,5% бялкоў.

Атрымліваюць падсочкай кары дрэва. Для прадухілення каагуляцыі і гніення ў свежы Л.н. дадаюць аміяк, гідраксід натрыю, буракс і інш. кансервавальныя агенты. Для перапрацоўкі канцэнтруюць, у асн. цэнтрыфугаваннем (канцэнтрат мае каля 60% НК). Выкарыстоўваюць для атрымання НК, латэксных вырабаў, кляёў. Гл. таксама Латэксы сінтэтычныя.

т. 9, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́ТЫ,

1) солі борных кіслот: метаборнай (HBO2), ортаборнай (H3BO3) і нявылучаных у свабодным стане паліборных (H3m−2nBmO3m−n). Вядома каля 100 прыродных баратаў у выглядзе борных рудаў (буракс, ашарыт і інш.). Бараты складаюцца з боракіслародных груповак (колькасць атамаў бору ў іх вагаецца ад 1 да 9), якія ўтвараюць больш складаныя структуры. Бараты — бясколерныя аморфныя ці крышт. рэчывы. Бываюць гідратаваныя і бязводныя. Бязводныя маюць tпл 500—2000 °C, хімічна больш устойлівыя. У вадзе раствараюцца толькі бараты шчолачных металаў і амонію, астатнія — у гліцэрыне. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, палівы, керамікі, эмаляў, вогнетрывалых пакрыццяў і флюсаў, пры фарбаванні, як пігменты, антысептыкі, фунгіцыды.

2) Эфіры ортаборнай кіслаты [(RO)3B], дзе R — алкіл, арыл і інш. Выкарыстоўваюць як антыаксіданты, каталізатары, у сінтэзе арган. злучэнняў бору і фарбавальнікаў, як фунгіцыды, антысептыкі, дабаўкі ў маторнае паліва, змазвальнае масла, палімеры.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 2, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОР (лац. Borum),

B, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы Мендзялеева. Ат. н. 5, ат. м. 10,81. Прыродны бор складаецца з двух стабільных ізатопаў ​10B (19,57%) і ​11B (80,43%), існуе як мінерал буракс, керніт, ашарыт і інш.; у зямной кары ёсць 5·10​−3%, у вадзе акіянаў 4,6 мг/л. Атрыманы ў 1808 Л.Ж.Гей-Люсакам і Л.Ж.Тэнарам.

Вядома больш за 10 алатропных мадыфікацый бора. Бывае бясколерным, шэрым ці чырвоным крышталічным або цёмным аморфным рэчывам і мае розныя фіз.-хім. характарыстыкі. Па цвёрдасці (па Маосу 9,3, па Вікерсу 274,4 ГПа) займае другое (пасля алмазу) месца сярод рэчываў. Вельмі крохкі; у пластычны стан пераходзіць пры т-ры вышэй за 2000 °C. Хімічна дастаткова інертны, не рэагуе з вадародам (боравадароды атрымліваюцца ўскосным шляхам); з іншымі рэчывамі рэагуе толькі пры высокіх т-рах: акісляецца на паветры пры 700 °C, з азотам пры 1200—2000 °C утварае нітрыд бору, з вугляродам пры 1300 °C і вышэй — карбіды, з большасцю металаў — барыды, пры сплаўленні са шчолачамі — бараты; царская гарэлка і азотная кіслата акісляюць бор да борнай кіслаты (гл. таксама Бору злучэнні). Атрымліваюць з буры і керніту, аднаўленнем аксіду ці галагенідаў бору, раскладаннем галагенідаў і гідрыдаў. Выкарыстоўваюць як кампанент каразійнаўстойлівых гарачатрывалых сплаваў, кампазіцыйных матэрыялаў, сплаваў для рэгулявальных прыстасаванняў адз. рэактараў і лічыльнікаў нейтронаў, як паўправадніковы матэрыял і для барыравання.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 3, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ТРЫЙ (лац. Natrium),

Na, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 11, ат. м. 22,98977; належыць да шчолачных металаў. У прыродзе адзін стабільны ізатоп ​23Na. У зямной кары 2,64% па масе (6-ы па распаўсюджанасці элемент), трапляецца толькі ў выглядзе солей (мінералы галіт, мірабіліт, буракс, чылійская салетра і інш.). Найб. пашыраны метал. элемент у Сусв. акіяне (у марской вадзе каля 1,510​16 т). Уваходзіць у састаў жывых арганізмаў, пераважна ў выглядзе хларыду NaCl (чалавеку штодзённа неабходна ад 2 да 10 г NaCl). Н. метал. атрыманы ў 1807 англ. хімікам Г.Дэві, назва ад араб. натрун (грэч. nitron — прыродная сода).

Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 97,86 °C, tпл 883,15 °C, шчыльн. 968,42 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны. На паветры імгненна акісляецца (захоўваюць пад слоем абязводжанай газы ці мінер масла). Бурна ўзаемадзейнічае з вадой (утварае натрыю гідраксід), к-тамі (гл. Натрыю злучэнні), кіслародам (утварае аксід Na2O ці натрыю пераксід), фторам, хлорам. Са спіртамі ўтварае алкагаляты, з вадародам пры 200 °C — гідрыд NaH, з азотам у эл. разрадзе — нітрыд Na3N. з вугляродам пры 800—900 °C — карбід (ацэтыленід) Na2C2, з графітам — клатраты. з многімі металамі — інтэрметал. злучэнні. Атрымліваюць электролізам расплаву NaCl ці NaOH. Выкарыстоўваюць як аднаўляльнік у вытв-сці тытану, цырконію, танталу, каталізатар у арган. сінтэзе, Н. і яго сплавы з каліем — як цепланосьбіт у ядз. рэактарах, пару — для напаўнення газаразрадных лямпаў. сплавы са свінцом — у вытв-сці тэтраэтылсвінцу, штучны ізатоп ​24Na — у медыцыне.

Літ.:

Ситтиг Н. Натрий, его производство, свойства и применение: Пер. с англ. М., 1961.

У.С.Камароў.

т. 11, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)