РА́КІ-ПУСТЭ́ЛЬНІКІ (Paguridae),

сямейства дзесяціногіх ракападобных тыпу членістаногіх. Каля 40 родаў, 600 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Для аховы мяккага брушка звычайна пасяляюцца ў пустых ракавінах бруханогіх малюскаў, часам у сцёблах бамбуку і інш. Ракавіну носяць з сабою, пры небяспецы цалкам хаваюцца ў яе, а вусце закрываюць клюшняй (адсюль назва). Па меры росту цела мяняюць ракавіну на больш умяшчальную. Шырока вядомы сімбіёз Р.-п. з актыніямі і інш. каралавымі паліпамі, некат. многашчацінкавымі чарвямі.

Даўж. да 17 см. Брушка пазбаўлена цвёрдага покрыва; часта сустракаецца асіметрыя клюшняў і брушка; некат. канечнасці часам недаразвітыя. Кормяцца водарасцямі, бентасам, дэтрытам.

Ю.​Р.​Гігіняк.

Ракі-пустэльнікі: 1 — дарданус; 2 — пагурус.

т. 13, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рак¹, -а, мн. -і, -аў, м.

Пакрытая панцырам прэснаводная або марская жывёліна з клюшнямі і брушкам.

Рачны р.

Калі рак свісне — невядома калі або ніколі.

Паказаць, дзе ракі зімуюць каму — правучыць, пакараць каго-н.

|| памянш. рачо́к, -чка́, мн. -чкі́, -чко́ў, м.

|| прым. ра́кавы, -ая, -ае і рачы́ны, -ая, -ае.

Ракавая шыйка (брушка рачнога рака). Рачыныя вочы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пігі́дый

(ад гр. pyge = зад)

задні аддзел брушка ў насякомых.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАНО́СКА ТАЎСТАХВО́СТАЯ (Leucorrhinia caudalis),

насякомае атрада стракоз. Усходнееўрап. від з ізаляванымі ўчасткамі арэала. На Беларусі трапляецца лакальна, занесена ў Чырв. кнігу. Жыве на забалочаных участках праточных вадаёмаў, старыцах рэк, парослых белымі або жоўтымі гарлачыкамі.

Даўж. брушка 24—27 мм, крыла 29—32 мм. Цела чорнае. Пры аснове задніх крылаў па чорнай пляме. Брушка на канцы расшырана, у самцоў у пярэдняй частцы з блакітным налётам. Цыкл развіцця 2 гады. Лічынкі жывуць у стаячых або слабапраточных вадаёмах. Драпежнік, корміцца дробнымі насякомымі і іх лічынкамі.

Беланоска таўстахвостая.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЗО́РШЧЫКІ (Anax),

род стракоз сям. каромыслаў. Да 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. Жывуць на берагах стаячых і слабапраточных вадаёмаў. На Беларусі 1 від — Д.-імператар (A. imperator), зарэгістраваны на Нарачанскіх і Браслаўскіх азёрах; занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела да 80 мм, крыла да 51 мм. Грудзі зялёныя, брушка ў самцоў светла-сіняе, зверху з шырокай чорнай падоўжнай паласой; у самак брушка зялёнае з бурай паласой. Вочы на некат. адлегласці датыкаюцца. Лічынкі развіваюцца ў стаячых і праточных вадаёмах.

Да арт. Дазоршчыкі. Дазоршчык-імператар.

т. 6, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

траску́н, ‑а, м.

1. Жук сямейства лістаедаў, які ўтварае трэск трэннем кончыка брушка аб надкрыллі.

2. Разм. Моцны мароз. — Спі, сынок! — азвалася спрасонку маці. Ён ціха пасядзеў на ложку, пакруціў галавою і, прыслухаўшыся да цемнаты, уцяміў — страляў мароз-траскун у сцяне. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абдо́мен

(лац. abdomen = жывот)

брушка, задні аддзел цела некаторых членістаногіх, напр. ракападобных.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

брюшко́ ср.

1. (у насекомых) бру́шка, -ка ср.;

2. (уменьш.-ласк. к брю́хо; животик) разг., шутл. жыво́цік, -ка м.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

цэ́ркі

(гр. kerkos = хвост)

парныя прыдаткі 11-га сегмента брушка насякомых, гамалагічныя канечнасцям.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПЧАЛА́ МЕДАНО́СНАЯ (Apis mellifera),

насякомае надсям. пчаліных атр. перапончатакрылых. «Грамадскія» насякомыя, жывуць пчалінымі сем’ямі. Пашыраны паўсюдна. Даюць мёд, пчаліны воск, пропаліс, пчаліны яд, пяргу, матачнае малачко.

Цела (даўж. да 15 мм. у маткі да 25 мм) мае хіцінавае покрыва, складаецца з галавы, грудзей і брушка. Мае 2 складаныя і 3 простыя вокі, якія добра адрозніваюць жоўты, сіні, сіне-зялёны, фіялетавы, пурпуровы колеры, ультрафіялетавае выпрамяненне, таксама формы прадметаў. Ніжнія сківіцы і губа пераўтвораны ў хабаток. У галаве і часткова ў грудзях размешчаны залозы — слінныя і тыя, што выпрацоўваюць лічынкавы корм (матачнае малачко). Задняя пара ног мае кошычкі, у якіх пчала можа несці да 40 мг пылку. На 3—6-м сегментах брушка знаходзяцца васковыя залозы. У канцы брушка ў маткі і рабочай пчалы ёсць орган абароны — джала, злучанае з дзвюма залозамі. якія выдзяляюць пчаліны яд. Органы стрававання: глотка, стрававод, мядовы валлячок (умяшчае да 65 мг нектару). сярэдняя кішка і задні аддзел. Корм дарослых пчол — мёд, пярга; матку ў час адкладвання яец кормяць матачным малачком. Да палавога размнажэння здольныя матка і трутні. У час вылету матка спароўваецца з некалькімі (5—9) трутнямі. Сперма захоўваецца ў арганізме маткі ўсё жыццё, але апладняюцца не ўсе яйцы. З аплодненых яец развіваюцца маткі і рабочыя пчолы, з неаплодненых — трутні. Ператварэнне поўнае.

Пчала меданосная: 1 — простыя вочкі; 2 — вусікі; 3 — складанае вока; 4 — язычок; 5 — першая пара ног; 6 — другая пара ног; 7 — кошычак; 8 — трэцяя пара ног; 9 — шчотачка; 10 — джала; 11 — брушка; 12 — заднія крылы; 13 — пярэднія крылы; 14 — грудзі; 15 — галава.

т. 13, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)