супо́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Агульны, сумесны. Дзень выходзіць з-за зямлі, Яснавокі і румяны .. Разлівае ззянне-смех Для супольнае карысці. Колас. Людзі ў згодзе супольнай На дарогі, сцяжыны Выйшлі з песняю вольнай, Дзень сустрэлі зажынак. Калачынскі.

2. Які ажыццяўляецца сумесна з кім‑н. [Камандзір:] — Збяромся мы. .. і абмяркоўваем якую-небудзь супольную баявую аперацыю. Брыль. Мы ўспамінаем наша першае супольнае падарожжа. Лужанін. Ёсць хлеб і тавар, Станкі і машыны Для працы супольнай. Калачынскі.

3. Які належыць усім або некалькім, аб’ядноўвае ўсіх, некалькіх. Супольная маёмасць. □ Вось чаму кожны лічыць за высокі гонар атрымаць акрайчык караваю і тым самым далучыцца да супольнага скарбу. Усікаў. Колькі нявыпітай брагі У нас за супольным сталом! Танк.

4. Аднолькавы з кім‑н., уласцівы каму‑н. адначасова з іншымі. Супольныя інтарэсы. / у знач. наз. супо́льнае, ‑ага, н. Галава і Сухарукі мелі шмат супольнага ў сваіх характарах: абодва палохаліся пісаных паперак і бліскучых гузікаў. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зато́р 1, ‑у, м.

1. Скучанасць людзей, транспарту або іншых прадметаў, якія перамяшчаюцца ў адным напрамку, а таксама затрымка руху ў месцах такой скучанасці; пробка (у 2 знач.). Пранесліся савецкія бамбардзіроўшчыкі, неўзабаве ў галаве калоны пачуліся выбухі. Утварыўся затор. Гурскі. Каб рэгуліроўшчык ведаў, што там затор, «пробка», ён бы ўсе машыны пусціў у аб’езд, па другой вуліцы. Жычка. // Скопішча крыг на рацэ вясной, бярвення ў час лесасплаву і пад. Воддаль чуліся гулкія выбухі — гэта ўзрывалі заторы [лёду] ля моста і ніжэй па рацэ. Хадкевіч. Увесь лес, які ішоў з вярхоўяў ракі, трэба было прапусціць так, каб ні адно бервяно не засталося на беразе і каб не ўтваралася затораў. Чарнышэвіч.

2. перан. Разм. Затрымка ў рабоце. — Не вырас яшчэ свой лес, а таму і з будаўніцтвам заторы. Лупсякоў.

зато́р 2, ‑у і ‑а, м.

Спец.

1. ‑у. Сумесь, прызначаная для браджэння пры вырабе гарэлкі, піва і інш.

2. ‑а. Колькасць брагі, якая пераганяецца за адзін раз для атрымання гарэлкі, а таксама гарэлка, атрыманая ў выніку такой перагонкі. Радзівон выгнаў.. аж два заторы. Прыдалася гарэлка добрая. Сачанка. — Выгналі адзін затор, я хапануў першака — і мора па калена. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчаслі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Якому дадзена шчасце (у 1 знач.), які мае, адчувае шчасце, радасць, захапленне ад каго‑, чаго‑н. Маладая, шчаслівая маці сядзіць над белай лазовай калыскай. Брыль. Я шчаслівы, што ў суджаны час Нарадзіўся на гэтай зямлі. Гілевіч. / у знач. наз. шчаслі́вы, ‑ага, м.; шчаслі́вая, ‑ай, ж. А гадзіннік? Шчаслівы яго Кіне так, без увагі, Бо заўсёды ад шчасця свайго Ён п’яны, як ад брагі. Куляшоў. // Прасякнуты шчасцем, поўны шчасця. Віхураю закалыханы, Шчаслівыя сніў [Баракаў] ужо сны... Куляшоў. Поўніць гоман, спеў шчаслівы Сёлы, гарады. Колас. // Які выражае сабой шчасце, радасць; выкліканы шчасцем, радасцю. Тацяна засмяялася ціхім шчаслівым смехам. Зарэцкі. — Няўжо праўда? — гледзячы на Любу шчаслівымі вачыма, не паверыў.. [Хадкевіч]. Васілевіч.

2. Які прыносіць, дае радасць, шчасце, дабрабыт і пад.; напоўнены шчасцем, радасцю. [Аўдоцця:] Падзякуйце, дзеткі мае, за сваю шчаслівую долю нашай роднай Камуністычнай партыі. Крапіва. Мой родны Мінск, Табою ганаруся І слаўлю твой шчаслівы, светлы лёс. Прыходзька.

3. Якому шанцуе, спрыяе шчасце, удача. — Ага, і праўда. Шчаслівы ты, Вадзім. За накрыты стол трапіў. Паўлаў. — Іншая справа — табе: ты кучаравы, а кучаравыя — шчаслівыя. Машара. // у знач. наз. шчаслі́вы, ‑ага, м.; шчаслі́вая, ‑ай, ж. Той, каму заўсёды спадарожнічае ўдача.

4. Які прыносіць, прынёс шчасце, радасць, удачу. Шчаслівы білет. □ Але нядоўга цягнулася такое шчаслівае паляванне. Лынькоў. Міны, якія паставіла.. Цюленева, былі шчаслівымі: на іх падарваліся два воінскія эшалоны. «Маладосць». // Удачны, паспяховы. Дружнай працы плён шчаслівы Наўсцяж шуміць сцяной... Броўка. Спачатку былі толькі казкі, з вечна шчаслівым канцом, вечнай перамогай дабра, пасля пайшла суровая падчас, а падчас прыгажэйшая за казкі жыццёвая праўда. Брыль. // Зручны, добры, удалы. — Ты падумай толькі, якая гэта шчаслівая ідэя! Зарэцкі. Падвярнуўся шчаслівы выпадак — у школу спатрэбіўся фізрук. Парахневіч.

•••

Нарадзіцца пад шчаслівай зоркай гл. нарадзіцца.

Шчаслівай дарогі! гл. дарога.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)