ВАХО́ЎСКАЯ (Варвара Іванаўна) (1855, Херсонская вобл. — 1929),

рэвалюцыянерка-народніца. Жонка А.В.Бонч-Асмалоўскага. З 1872 вучылася ў Цюрыху, дзе ўступіла ў бакунінскі гурток. У 1873 вярнулася ў Расію, вяла рэв. прапаганду. Была арыштавана ў 1874, 1875, 1882, 1908. Па працэсе 193-х засуджана да ссылкі, па хадайніцтве бацькі перададзена яму на парукі. Уваходзіла ў рэв. арг-цыю «Чорны перадзел». У 1880 пераехала ў маёнтак мужа Блонь (Пухавіцкі раён Мінскай вобл.), жыла пад наглядам паліцыі. Падтрымлівала сувязь з кіраўніцтвам «Народнай волі», аказвала яму матэрыяльную дапамогу. Удзельнічала ў стварэнні і дзейнасці Блонскай сялянскай арганізацыі, дапамагала б. палітвязням, стварыла б-ку нелегальнай л-ры. Аўтар успамінаў.

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОНЧ-АСМАЛО́ЎСКІ (Глеб Анатолевіч) (3.11.1890, в. Блонь Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 1.11.1943),

антраполаг і археолаг. Д-р гіст. н. Сын А.В.Бонч-Асмалоўскага. Скончыў Петраградскі ун-т (1923). У 1924—30 у Ленінградскім ун-це. З 1930 навук. супрацоўнік Геалагічнага ін-та АН СССР і Дзярж. акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры. У 1926—27 і 1934 разам з К.​М.​Палікарповічам вёў археал. раскопкі на Гомельшчыне і Смаленшчыне (Бердыж, Гамкава, Каменная гара). Удзельнік этнагр. і археал. экспедыцый на Каўказе і ў Крыме. У час раскопак у пячоры Кіік-Каба (Крым, 1923—24) упершыню на тэр. СССР выявіў рэшткі выкапнёвага чалавека — неандэртальца, прылады працы ранняга палеаліту. У 1934 арыштаваны, засуджаны на 3 гады лагераў. Пакаранне адбываў у Варкуце. Пасля вяртання жыў пад Ленінградам. Рэабілітаваны ў 1942.

Г.А.Бонч-Асмалоўскі.

т. 3, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ХАВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1964, адкрыты ў 1968 як школьны ў в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл., з 1969 народны, з 1974 сучасная назва; з 1993 размешчаны ў в. Блонь у сядзібным доме рэвалюцыянера-народніка А.В.Бонч-Асмалоўскага. Пл. экспазіцыі 297 м², 6,5 тыс. адзінак асн. фонду (2001). Мае аддзелы: жыццё і дзейнасць асветнікаў Бонч-Асмалоўскіх, мастака-партызана Г.Ф.Бржазоўскага, нас. пункты Пухавіцкага раёна, Вял. Айч. вайна, нар. побыт, знакамітыя людзі краю, прырода і экалогія. Сярод экспанатаў археал. і нумізмат. калекцыі з раскопак гарадзішчаў, матэрыялы пра землякоў-удзельнікаў грамадз. вайны 1918—20, стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну на тэр. раёна, асабістыя рэчы землякоў — Герояў Сав. Саюза, дзярж. дзеячаў, кампазітараў, літаратараў і інш. У экспазіцыі музея інтэр’ер сял. хаты, прылады ручной апрацоўкі лёну і вырабы з яго 19 — пач. 20 ст., калекцыі карцін Бржазоўскага, прылад працы і хатняга ўжытку, вырабы ткацтва, саломапляцення, разьбы па дрэве, вышыванкі. Мае філіялы ў вёсках Блужа, Гарэлец і г. Мар’іна Горка.

А.​А.​Прановіч.

т. 13, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОНЧ-АСМАЛО́ЎСКІ (Анатоль Восіпавіч) (10.7.1857, Віцебск — 23.9.1930),

рэвалюцыянер-народнік. З 1876 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Прыхільнік рэв. арг-цыі «Зямля і воля». Падтрымліваў кантакты з А.​Дз.​Міхайлавым, М.​А.​Марозавым, С.​Л.​Пяроўская У 1879 увайшоў у гурток «Маладыя землявольцы», які пасля расколу «Зямлі і волі» далучыўся да арг-цыі «Чорны перадзел». У 1879 за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях высланы ў бацькоўскі маёнтак Блонь Ігуменскага пав. У 1880 садзейнічаў арганізацыі друкарні «Чорнага перадзелу» ў Мінску. Арганізаваў у Блоні гурток самаадукацыі, распаўсюджваў нелегальную л-ру, стварыў Блонскую сялянскую арганізацыю. Неаднаразова быў арыштаваны (у 1882, 1886, 1901, 1908, 1912). У канцы 1890-х г. адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі. У 1901—04 у ссылцы ва Усх. Сібіры. У 1905 у ЦК партыі эсэраў. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07, у час Снежаньскага ўзбр. паўстання змагаўся на барыкадах у Маскве. У час 1-й сусв. вайны ў эвакуацыі, працаваў у арг-цыях дапамогі бежанцам з Беларусі. У 1917 чл. выканкома Уладзімірскага губ. Савета сял. дэпутатаў. Дэлегат Усебел. з’езда (1917). З 1918 у Мінску, актыўна ўдзельнічаў у каап. руху. З 1926 у Маскве, чл. Усесаюзнага т-ва паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў.

А.В.Бонч-Асмалоўскі.

т. 3, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ХАВІЦКІ РАЁН Размешчаны на У Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,5 тыс. км². Нас. 76,8 тыс. чал. (2000), гарадскога 43,6%. Сярэдняя шчыльн. 31 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Мар ’іна Горка. Уключае г.п. Рудзенск і Свіслач, р.п. Праўдзінскі, 304 сельскія населеныя пункты, Праўдзінскі, Рудзенскі і Свіслацкі пасялковыя Саветы, 21 сельсавет: Ананіцкі, Блонскі, Блужскі, Вецярэвіцкі, Вузлянскі, Гарэлецкі, Голацкі, Дрычынскі, Дубраўскі, Дукорскі, Навапольскі, Навасёлкаўскі, Пухавіцкі, Пярэжырскі, Селецкі, Суцінскі, Сяргеевіцкі, Талькаўскі, Турынскі, Чырвонакастрычніцкі, Шацкі.

Тэр. раёна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пласкахвалістая, 90% яе на выш. 160—200 м, 7% — вышэй за 200 м. Найвыш. пункт 236 м (на Пд ад в. Сяргеевічы). Карысныя выкапні: торф, сапрапель. пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп 17,9 °C. Ападкаў 592 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сут. Найб. рэкі Свіслач з прытокамі Волма, Цітаўка, Талька; Пціч з прытокам Шаць. Азёры Сяргееўскае і Мацярынскае. Меліярац. каналы Дрычынскі, Мацеевіцкі і інш. Пераважаюць глебы с.-r. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (33%), дзярнова-падзолістыя (31,8%), тарфяна-балотныя (23,8%). Пад лесам 39,9% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, яловыя; трапляюцца асінавыя, дубовыя, грабавыя, ясянёвыя, ліпавыя і інш. Найб. лясістасць на Пд. Пад балотамі 4,4% тэрыторыі. Найб. балотныя масівы Суціна, Арэхаўскі Мох, Кляцішынскае. На тэр. раёна біял. заказнікі рэсп. значэння: Копыш, Мацеевіцкае, Амяльнянскі; мясц. значэння — Вецярэвіцкі. Ахоўныя тарфянікі: Ананічы, Падгаць, Турэц. Помнік прыроды рэсп. значэння — хвоя кедравая еўрапейская ў г. Мар’іна Горка; мясц. значэння — сядзібна-паркавы ансамбль у г. Мар’іна Горка, гіст.-культурны ландшафт у в. Дудзічы.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 112,2 тыс. га, з іх асушаных каля 38 тыс. га. На 1.1.2000 у раёне 22 калгасы, 6 саўгасаў, 36 фермерскіх гаспадарак, птушкафабрыка, міжгасп. аб’яднанне «Ананічы», аграфірма «Верасень». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжа, бульбы, лёну. Прадпрыемствы харч. (хлеб, цэльнамалочныя прадукты, марожанае, камбікорм, прэміксы, солад, вырабы з бульбы, сухое бульбяное пюрэ, пладаягадныя віны), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), паліўнай (тарфяны брыкет), кааператыўнай (хлеба-булачныя і каўбасныя вырабы) прам-сці; вытв-сць цюбінгаў для метрапалітэна, вырабаў з пластмас, тэхн. маслаў і змазак, кардону. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Мінск—Гомель, аўтадарогі: Мінск—Гомель, ад г. Мар’іна Горка на Чэрвень, Негарэлае, Старыя Дарогі. У раёне 31 сярэдняя школа, у т. л. 4 школы-садкі, 7 базавых, 4 пач. школы, школа-гімназія, 3 школы мастацтваў, 4 муз. школы, дапаможная школа-інтэрнат, ПТВ, аграрна-тэхн. каледж (гл. Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум), 28 дашкольных устаноў, 37 клубаў, 45 б-к, 8 бальніц, паліклініка, 5 амбулаторый, 29 фельч.-ак. пунктаў, абласны дзіцячы санаторый «Пухавічы», санаторыі-прафілакторыі «Талька», «Індустрыя». Раённы краязнаўчы музей у в. Блонь і яго філіялы ў г. Мар’іна Горка, вёсках Блужа і Гарэлец; музей матэрыяльнай культуры «Дудуткі» у в. Дудзічы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (2-я пал. 19 ст.) і Свята-Троіцкая царква (1826) у в. Блонь, сядзіба (19 ст.) у в. Дукора, царква Іаана Прадцечы (сярэдзіна 19 ст.) у в. Скрыльская Слабада. Выдаецца газ. «Пухавіцкія навіны».

Р.​Р.​Паўлавец, Л.​А.​Паўловіч.

т. 13, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)