У Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас.р. Нарач. Уключае азёры Нарач, Мястра, Баторына, Бледнае возера, злучаны паміж сабой пратокамі (за выключэннем бяссцёкавага воз.Бледнае) і маюць агульны сцёк у р. Нарач. Агульная пл. каля 100 км², аб’ём вады 0,8 км³, пл. вадазбору 279 км². Уваходзіць у нац. парк Нарачанскі.
Фарміраванне азёр звязана з этапамі адступання паазерскага ледавіка, калі вызваленыя ад яго ўчасткі Нарачана-Вілейскай нізіны запоўніліся расталымі водамі і ўтварыўся азёрны басейн, падпруджаны Паўд.-Нарачанскай канцова-марэннай градой на Пд і Свянцянскімі градамі на Пн; узровень яго быў на 5—7 м вышэйшы за сучасны. 10—12 тыс. гадоў назад прыток ледавіковых вод спыніўся, узровень басейна панізіўся і пачалі фарміравацца сучасныя азёры. Паводле саставу іхтыяфауны вадаёмы Н.г.а. сігава-снятковыя, ляшчова-судаковыя, акунёва-плоткавыя, зарыбляюцца вугром. На азёрах адзначаны гняздоўі птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі: лебедзя-шыпуна, малой крачкі, скапы, малой паганкі. У сувязі з інтэнсіўным антрапагенным уздзеяннем назіраецца пагаршэнне экалагічнага стану азёр, асабліва воз. Нарач. Прымаюцца меры па ахове унікальнага прыроднага азёрна-ландшафтнага комплексу. Маляўнічасць азёр, хваёвыя лясы на берагах, спрыяльныя кліматычныя ўмовы абумовілі стварэнне тут курорта Нарач з санаторыямі, дамамі адпачынку, дзіцячымі лагерамі, турбазамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
бле́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Без натуральнага румянцу; бяскроўны. Госць быў увесь бледны ад хвалявання.Бядуля.Твар.. [маці] незвычайна бледны, змораны.Якімовіч.
2. Афарбаваны ў светлы, няяркі колер. Стомленыя вочы падслепавата жмурыліся на бледную палоску блізкага світанку.Лынькоў.Кіламетры два мы плылі непраходным купчастым балотам, на якім раслі тоненькія бярозкі і бледныя асіны.Бядуля.// Слабы, няяркі. Бледнае святло фары няярка асвятляла дарогу.Краўчанка.// Які свеціць няяркім святлом. Па-асенняму бледнае сонца асвятляла вёску.Хадкевіч.Па спалавеламу небу рассыпаліся бледныя зоры.Алешка.
3.перан. Нецікавы, бедны, няяркі. Бледныя вобразы. Бледная мова. □ На бледным фоне местачковай штодзённасці праявы рыжскага рабочага жыцця выступалі багатымі яскравымі прасветамі.Гартны.
4. Як састаўная частка некаторых батанічных і інш. назваў. Бледная паганка. Бледная немач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сужыццё, ‑я, н.
1. Сумеснае жыццё, сумеснае існаванне. Мірнае сужыццё і брацкае супрацоўніцтва народаў. Чайны грыб — сужыццё дрожджападобнага грыба і воцатнакіслай бактэрыі.
2.Разм. Палавая сувязь. Ці не мінула ўжо колькі год з таго часу, як згасла ў ім [Карызне] цікавасць да яе [жонкі] як да жанчыны і іхняе сужыццё абярнулася ў простае — праўда, нуднаватае троху, бледнае таварышаванне?Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
МЯ́ДЗЕЛЬСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2 тыс.км². Нас. 37,2 тыс.чал. (1998), гарадскога 36,8%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр. — г.Мядзел. Уключае г.п.Крывічы і Свір, курортны пас.Нарач, 306 сельскіх населеных пунктаў, Крывіцкі і Свірскі пасялковыя Саветы, 12 сельсаветаў: Будслаўскі, Дзягільскі, Занарачанскі, Княгінінскі, Латвянскі, Мядзельскі, Нарачанскі, Пузырэўскі, Сваткаўскі, Слабадскі, Старагабскі, Сырмежскі.
Большая ч.тэр. раёна размешчана на Нарачана-Вілейскай нізіне, паўн.ч. ў межах Свянцянскіх град. Паверхня пераважна спадзістахвалістая, 90% яе знаходзіцца на выш. 160—200 м, найвыш. пункт 234 м (на У ад курортнага пас. Нарач). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны, мінер. воды. Сярэдняя т-растудз. -6,7 °C, ліп. 17,3 °C. Ападкаў 660 мм. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб. рэкі Страча, Нарач, Вял. Перакоп, Вузлянка, Сэрвач (бас. Віліі), Мядзелка (бас. Дзісны). Найб. азёры: Нарач, Свір, Мядзел, Мястра, Баторына, Бледнае. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (43,6%), тарфяна-балотныя (22,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (21,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (10,6%). Пад лесам 42,7% тэр. раёна, пераважна на Пд і ПдЗ. Лясы хваёвыя, бярозавыя, яловыя, альховыя і інш. Пад балотамі 11,2 тыс.га. На тэр. раёна нац. парк Нарачанскі, заказнікі рэсп. значэння: біял. — Некасецкі, Пасынкі, Рудакова, гідралагічны Чарэмшыца, ландшафтны — Блакітныя Азёры. Ахоўваемыя тарфянікі: Баравікі, Баркаўшчызна, Беразнякі, 40 гадоў Кастрычніка, Пронькі, Радняк, Свірскае — Свірнішча, Трудапольскае I, II, Ходнеўшчына, Цалевічы, Чалеі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: бяроза карэльская (участкі каля в. Брэскія і ў Мядзельскім лясніцтве), вял камяні: Баярскі, Венцавіцкі, Высочкінскі, Гуліўскі, Красніцкі, Ляшчынскі, Мацкійскі, Пронькаўскі, Юшкавіцкі; камяні: Альшэўскі, Занарачанскі (седлавы з ямкамі), Чортаў камень Шкленікоўскі; грады (озы): Качаргінская, Лукінская, Цюкшынская; Дубовая гара; паўвыспы Наносы і Чараўкі; Студзянец (геал. агаленне), Сцепянёўскі берагавы ўступ. Помнікі прыроды мясц. значэння: паркі ў вёсках Альшэва, Будслаў, Камарова, Стары Мядзел, парк Перамогі на паўвостраве воз. Мястра; востраў на воз. Нарач, горы Барсучыха і Пуставіны; вял. камяні: Жаснянскі, Качаргінскі, Маргінаўскі; камяні Брылёўскі, Дзягільскі, Юшкавіцкі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 72,9 тыс.га, з іх асушаных 22,2 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, 12 фермерскіх гаспадарак, дапаможныя с.-г. прадпрыемствы Мінскага электрафурнітурнага з-да, Мінскага маторнага з-да («Дзягілі»), адкрытае акц.т-ва «Крывічы», доследная рыбная гаспадарка «Нарач», «Райаграпрамэнерга». Сельская гаспадарка спецыялізуецца пераважна на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, ільнаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Конегадоўля. Прадпрыемствы харч. і харчасмакавай (рыбныя кансервы, масла, спірт, віно, напіткі), металаапр., буд. і кааператыўнай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Маладзечна—Полацк, аўтадарогі на Мінск, Полацк, Вільнюс, Паставы, Докшыцы, Глыбокае, Вілейку, Маладзечна. У раёне 19 сярэдніх, 9 базавых, 2 пачатковыя, 4 муз., спарт. школы, школа-інтэрнат, цэнтр эстэт. выхавання, Дом дзіцячай творчасці, Дом фальклору, ПТВ, 19 дашкольных устаноў, 32 клубы, 48 б-к, 6 бальніц, 3 урачэбныя амбулаторыі, паліклініка, 22 фельч.-ак. пункты. Курорт Нарач з санаторыямі «Нарач», «Баравое», «Белая Русь», «Будаўнік», «Журавушка», «Прыазёрны»; дом адпачынку «Нарач»; пансіянаты «Спадарожнік» і «Сосны»; турбаза «Возера Нарач», аўтатурбаза «Нарачанка». Раённы музей нар. славы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (1887—93) у в. Альшэва; касцёл бернардзінцаў і плябанія (2-я пал. 18 ст.) у в. Будслаў; Успенская царква (1820-я г.) у в. Вузла; Троіцкі касцёл і кляштар кармелітаў (1713—14) у в. Засвір; сядзіба (пач. 20 ст.) у в. Камарова; касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Канстанцінава; царква (19 ст.) у в. Княгінін; Андрэеўскі касцёл, званіца, плябанія (пач. 20 ст.) і царква (2-я пал. 49 ст.) у в. Нарач; царква (канец 19 ст.) у в. Слабада; касцёл Маці Божай і званіца (на мяжы 18—19 ст.) у в. Шэметава. Выдаецца газ. «Нарачанская зара».