ту́мба, -ы, мн. -ы, тумб і -аў, ж.

1. Невысокі слупок каля дарогі або тратуара.

Бетонная т.

2. Падстаўка для чаго-н. у выглядзе слупка.

3. Круглае збудаванне для наклейвання аб’яў, афіш і пад.

Рэкламная т.

4. перан. Пра тоўстага непаваротлівага чалавека (часцей жанчыну) (разм., зневаж.).

|| памянш. ту́мбачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

МУЗЕ́Й САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКАЙ БАЯВО́Й САДРУ́ЖНАСЦІ Адкрыты ў 1968 у в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл., дзе 12—13.10.1943 у Вял. Айч. вайну адбыўся першы бой Польскай пях. дывізіі імя Т.​Касцюшкі сумесна з 42-й і 290-й стралк. дывізіямі Чырв. Арміі супраць ням.-фаш. захопнікаў. Пл. экспазіцыі 907 м², 6,5 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Матэрыялы расказваюць пра фарміраванне і баявыя дзеянні 1-й Польскай дывізіі, сумесныя баі з часцямі Чырв. Арміі. Сярод экспанатаў сцягі сав. і польск. часцей, схемы баявых аперацый, узоры зброі тых часоў, дыярама «Бой за Леніна». Мемар. комплекс сав.-польск. баявой садружнасці ўтвараюць: будынак музея ў форме каскі, бетонная стэла перад яго ўваходам (дрэўка сцяга сціскаюць 2 моцныя рукі), 2 магільныя пліты з Вечным агнём на ўшанаванне памяці сав. і польск. воінаў, што загінулі ў гэтым баі; помнік на брацкай магіле сав. воінаў.

А.​С.​Фядосенка.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАТЭХНІ́ЧНЫ ТУНЭ́ЛЬ,

гарызантальны або нахілены падземны вадавод замкнёнага папярочнага сячэння з напорным ці безнапорным рухам вады, які пракладваецца без раскрыцця грунту. Паводле воднагасп. прызначэння адрозніваюць гідратэхнічныя тунэлі энергетычныя (падводзяць ваду да ГЭС або адводзяць яе), ірыгацыйныя, вадаскідныя (для скіду лішкаў вады з вадасховішчаў), будаўнічыя (для часовага пропуску вады пры буд-ве гідравузла), камунальныя (водаправодныя і каналізацыйныя; у Мінску іх каля 40 км), камбінаваныя.

Будуюцца горным спосабам (з плоскімі падэшвай і сценамі, скляпеністым перакрыццем) або праходкай механізаванымі і немеханізаванымі шчытамі (круглай формы, з абдзелкай са зборнага ці маналітнапрасаванага бетону). Для бяспечнага правядзення горнабуд. работ перад пастаяннай абдзелкай робяць мацаванне — метал. арачнае, анкернае, напырск-бетоннае, камбінаванае. Абдзелка бетонная або жалезабетонная, камбінаваная (з вонкавым маналітным бетонным кальцом, унутры — стальная ці таркрэт-абалонка з проціфільтрацыйнай пракладкай або без яе). Пад тунэлем часам робяць дрэнаж, на ўваходзе і выхадзе — агалоўкі (парталы) з смеццезатрымальнымі рашоткамі і затворамі, на выхадзе — вадабойны калодзеж і інш.

Літ.:

Гидротехнические сооружения. Ч. 2. М., 1979.

М.​М.​Кунцэвіч.

т. 5, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕТО́ННЫЯ РАБО́ТЫ,

сукупнасць тэхнал. працэсаў па бетанаванні маналітных бетонных і жалезабетонных канструкцый і збудаванняў. Уключаюць падрыхтоўку бетоннай сумесі, яе транспартаванне на буд. пляцоўку, укладку (звычайна ў апалубку), ушчыльненне, нагляд за бетонам пры яго цвярдзенні, кантроль якасці бетанавання.

Рыхтуюць бетонную сумесь на спец. устаноўках ці бетонных з-дах з дапамогай бетоназмяшальнікаў і дастаўляюць да месцаў укладкі спец. бетанавозамі, аўтамабілямі-самазваламі, канвеерным, помпавым і кранавым транспартам. Укладваюць сумесь у блокі бетанавання і разраўноўваюць пры дапамозе бетонаўкладчыкаў, бетанапомпаў, эстакад (з праходжаннем сумесі па вібраправодах), стужачных транспарцёраў, пнеўманагнятальнікаў, латакоў, вібражалабоў, вібрахобатаў і інш. Ушчыльняюць сумесь вібрыраваннем (гл. Вібраўшчыльненне бетону), цэнтрыфугаваннем, прасаваннем, вакуумаваннем. Выкарыстоўваюць таксама метад таркрэт-бетону, пры якім па адным гнуткім шлангу сціснутым паветрам падаюцца сухія кампаненты сумесі, а па другім — вада пад ціскам; бетонная сумесь са змяшальніка выкідваецца на паверхню, паслойна накладваецца і ўшчыльняецца пад напорам струменя. У пачатку цвярдзення бетону яго засцерагаюць ад мех. пашкоджанняў і страсенняў, падтрымліваюць неабходны тэмпературна-вільготнасны рэжым. Пры выкананні бетонных работ зімой выкарыстоўваюць супрацьмарозныя дабаўкі, падаграюць сумесь (пры прыгатаванні ці перад укладкай) і ўкладзены бетон.

Бетонныя работы: а — выгрузка бетоннай сумесі аўтамабілямі-самазваламі; б — бетанаванне з эстакад; в — укладка сумесі пад’ёмнымі кранамі; г — утоптванне буйнога запаўняльніка ў раствор цяжкім вібратарам.

т. 3, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕТО́Н (франц. béton ад лац. bitumen горная смала),

штучны буд. матэрыял, які атрымліваецца пасля фармавання і цвярдзення сумесі вяжучага рэчыва (з вадой ці без яе), напаўняльнікаў і (пры неабходнасці) спец. дабавак. Вяжучае — звычайна цэмент, запаўняльнікі — пясок, жвір, пемза, туф, ракушачнік ці керамзіт, аглапарыт. Бетонная сумесь набывае трываласць пры дадатных т-рах у прыродных умовах каля месяца, пасля тэрмаапрацоўкі — за 8—10 гадз (пры адмоўных т-рах робяць пара- і электрапрагрэў).

Бетоны бываюць на неарганічных (цэментны і сілікатны бетоны, гіпсабетон і інш.) і арганічных (асфальтабетон, палімербетон) вяжучых. У залежнасці ад аб’ёмнай шчыльнасці (у кг/м³) бетоны падзяляюць на асабліва цяжкі (больш за 2500), цяжкі (ад 1800 да 2500), лёгкі (ад 500 да 1800), асабліва лёгкі (менш за 500). Па прызначэнні адрозніваюць бетоны канструкцыйныя, канструкцыйна-цеплаізаляцыйныя, цеплаізаляцыйныя і спецыяльныя (гарачаўстойлівыя, кіслотатрывалыя, дарожныя і да т.п.). Асноўная ўласцівасць бетону — трываласць, якая характарызуецца яго маркай (бывае ад 50 да 800). Бетоны ідуць на бетонныя вырабы і канструкцыі, жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, збудаванні.

На Беларусі распрацаваны і ўкаранёны ў вытв-сць тэхналогіі прыгатавання лёгкага аглапарытабетону (гарачаўстойлівы), аглапарытасілікатабетону (канструкцыйны і цеплаізаляцыйны матэрыял), палімерцэментнага бетону (мае павышаную дэфармавальнасць, зносаўстойлівасць, устойлівы да хім. агрэсіўных асяроддзяў), палімербетонаў (каразійна-, зноса- і марозаўстойлівы), буйнапорыстага бетону (цеплаізаляцыйны і фільтравальны матэрыял), цэнтрыфугаванага бетону (ідзе на выраб танкасценных трубаў, калон, паляў і інш.) і ячэістага бетону (мае нізкую вільгацепаглынальнасць, не патрабуе параізаляцыйнага слоя).

т. 3, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бу́нкер, ‑а, м.

1. Металічная ці бетонная скрыня (на суднах — адсек) для часовага захоўвання збожжа, вугалю ці якіх‑н. іншых сыпкіх рэчываў і матэрыялаў. Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі. Непадалёку свінаркі грузілі ў бункеры падвеснай дарогі корм і развозілі яго па ўсіх трох вялізных карпусах свінафермы. Паслядовіч.

2. Падземнае жалезабетоннае бамбасховішча.

3. Наземнае драўляна-земляное ці бетоннае сховішча з амбразурамі для вядзення агню; дзот, дот. Паліцаі.. пакапалі вакол школы акопы, нарабілі бункеры, паставілі ў іх кулямёты. Сабаленка.

[Англ. bunker.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асно́ва, -ы, мн. -ы, -но́ў, ж.

1. Апорная частка прадмета, каркас, на якім трымаюцца астатнія часткі.

А. машыны.

2. Ніжняя частка якога-н. прадмета або збудавання, падмурак.

Бетонная а.

3. перан. Пачатак, узор, тое галоўнае, на чым будуецца што-н., што з’яўляецца сутнасцю чаго-н.

Эканамічная а. сацыяльнага ладу.

4. мн. Зыходныя, галоўныя палажэнні якой-н. навукі, тэорыі і пад.

Асновы агратэхнікі.

Эстэтычныя асновы паэзіі.

5. Падоўжныя ніткі ў тканіне.

А. палатна.

6. У граматыцы: частка слова без канчатка.

А. слова.

◊

На аснове чаго — зыходзячы з чаго-н., на падставе чаго-н.

Ляжаць (быць) на аснове чаго — быць асноўным у чым-н.

Класці (пакласці) у аснову што, браць за аснову што — браць (узяць) у якасці галоўнага, асноўнага.

|| прым. асно́ўны, -ая, -ае (да 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

платфо́рма, ‑ы, ж.

1. Роўная бетонная, каменная і пад. пляцоўка ўздоўж чыгуначнага палатна на станцыі; перон. Тым часам падыходзіў таварны поезд. Сухавараў і настаўнік выйшлі на платформу. Колас. Кузьма і Марына перайшлі на першую платформу і спыніліся ля кіёска. Корбан. // Узвышаная пляцоўка наогул.

2. Невялікая чыгуначная станцыя; паўстанак.

3. Таварны вагон з невысокімі бартамі без даху. Падышоў і гружаны цягнік: жалезныя платформы з гарматамі, танкамі, некалькі закрытых вагонаў, з дзесятак цыстэрнаў. Лынькоў. Дзе ў вагоне, дзе на платформе, дзе на машыне, дзе пехатою, але Вера цяпер ужо цвёрда вырашыла дабірацца да Варонежа. Кулакоўскі.

4. Вялікая вобласць зямной кары, якой ўласціва малая інтэнсіўнасць тэктанічных рухаў і магматычных праяўленняў.

5. перан. Праграма дзеянняў, сістэма поглядаў, палітычных патрабаванняў якой‑н. партыі, групы. Палітычная платформа.

[Фр. plate-forme.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)