ДЖЫЁК ((Giauque) Уільям Фрэнсіс) (12.5.1895, г. Ніягара-Фолс, Канада — 29.3.1982),
амерыканскі фізікахімік. Чл.
Нац. АН ЗША (1936) і Амер. акадэміі мастацтва і навук (1950). Скончыў Каліфарнійскі ун-т у Берклі (1920), дзе і працаваў (з 1934 праф.). Навук. працы па вывучэнні тэрмадынамічных уласцівасцей рэчываў (кандэнсаваных газаў) пры звышнізкіх т-рах. Распрацаваў метад адыябатычнага размагнічвання для атрымання тэмператур ніжэй за 1 К (1927, метад магнітнага ахаладжэння) і дасягнуў т-ры 0,25 К (1933). Даказаў існаванне цяжкіх ізатопаў кіслароду17O і 18O (1929). Нобелеўская прэмія 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛВІН (Кэлвін; Calvin) Мелвін
(н. 7.4.1911, г. Сент-Пол, штат Мінесота, ЗША),
амерыканскі біяхімік і хімік-арганік. Чл.Нац.АН ЗША. Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва, ганаровы чл. многіх замежных т-ваў і акадэмій. Скончыў Мічыганскі каледж горнай прам-сці і тэхналогіі (1931). З 1947 праф. Каліфарнійскага ун-та ў Берклі (у 1960—80 заг. лабараторыі хім. біядынамікі) Навук. працы па праблемах фотасінтэзу. Адкрыў этапы біяхім. пераўтварэнняў двухвокісу вугляроду пры фотасінтэзе (цыкл К.). Нобелеўская прэмія 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКМІ́ЛАН, Мак-Мілан (McMillan) Эдвін Матысан (18.9.1907, Рэдонда-Біч, ЗША — 7.9.1991), амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1947). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал.ін-т (1928). У 1933—73 у Каліфарнійскім ун-це ў Берклі (з 1946 праф.), адначасова ў Радыяцыйнай лабараторыі імя Э.Лоўрэнса (у 1958—71 дырэктар). Навук. працы па адз. фізіцы і тэхніцы паскарэння элементарных часціц. Адкрыў першы штучны трансуранавы элемент — нептуній (1940; разам з Ф.Эйблсанам) і плутоній (1940; разам з Г.Т.Сібаргам). Прапанаваў прынцып аўтафазіроўкі (1945) і пабудаваў электронны сінхратрон на 330 МэВ (1947). Нобелеўская прэмія 1951 (разам з Сібаргам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЎРЭНС, Лорэнс (Lawrence) Эрнест Арланда (8.8.1901, г. Кантан, штат Паўд. Дакота, ЗША — 27.8.1958), амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1934). Замежны ганаровы чл.АНСССР (1942). Скончыў ун-т штата Паўд. Дакота (1922). З 1926 у Каліфарнійскім ун-це ў г.Берклі (з 1930 праф.), адначасова з 1936 дырэктар Радыяцыйнай лабараторыі. Навук. працы па паскаральнай тэхніцы, ядз. фізіцы і яе выкарыстанні ў біялогіі і медыцыне. Выказаў ідэю стварэння магн. рэзананснага паскаральніка элементарных часціц — цыклатрона і пабудаваў яго першую мадэль (1930), атрымаў дэйтроны (1933). Удзельнік стварэння атамнай бомбы. У яго гонар названы хім. элемент лаўрэнсій. Нобелеўская прэмія 1939.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 426—429.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІНАЛІ́ЗМ,
філасофскае вучэнне, адпаведна якому ў аб’ектыўнай рэчаіснасці рэальна існуюць толькі адзінкавыя рэчы з іх індывід. якасцямі і ўласцівасцямі, а агульныя паняцці з’яўляюцца толькі суб’ектыўнымі пабудовамі розуму, што выяўляюцца ў назве рэчаў і не адлюстроўваюць іх уласцівасцей.
Вытокі Н. ў антычнасці (Антысфен, Дыяген Сінопскі). Як вучэнне сфарміравалася ў эпоху сярэднявечча [У.Окам (Англія), І.Расцэлін, Ж.Бурыдан (Францыя) і інш.] у барацьбе з рэалізмам. Ідэі Н. на ідэаліст. аснове развіваліся ў вучэннях Т.Гобса, Дж.Берклі (Англія), Д.Юма, у сучасны перыяд — у семантычнай філасофіі. Падрываючы веру ў непахіснасць царк. догматаў, Н. выяўляў тэндэнцыю ў развіцці эмпірычнага даследавання рэальна існуючых рэчаў, павароту філасофіі ад разумовай рэліг. праблематыкі да вывучэння навакольнай прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛІПСІ́ЗМ (ад лац. solus адзін + ipse сам),
гранічная форма суб’ектыўнага ідэалізму, паводле якой несумненнай рэальнасцю прызнаецца толькі суб’ект, а аб’ектыўны свет існуе выключна ў свядомасці індывіда. Знаходзіцца ў супярэчнасці з жыццёвым вопытам і штодзённай дзейнасцю чалавека, таму ў завершаным выглядзе сустракаецца надзвычай рэдка (напр., у франц. філосафа і ўрача К.Брунэ). Асобныя рысы С. характэрны для суб’ектыўнага ідэалізму (Дж.Берклі, І.Фіхтэ), эмпірыякрытыцызму (Э.Мах), іманентнай філасофіі (В.Шупе, Р.Шуберт-Зольдэрн), прадстаўнікі якіх імкнуцца пазбягаць гранічных форм С. шляхам сінтэзу суб’ектыўнага і аб’ектыўнага ідэалізму. Тэрмін «С.» выкарыстоўваюць таксама ў этыцы для абазначэння крайняга эгаізму, эгацэнтрызму ці т.зв. практычнага С. (паводле вызначэння франц. экзістэнцыяліста Г.Марселя). Прадстаўнік практычнага С. — М.Штырнер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАСНЫЯ І ДРУ́ГАСНЫЯ Я́КАСЦІ,
гнасеалагічныя паняцці для адрознення якасцей (уласцівасцей) рэчаў паводле прынцыпу аб’ектыўнасці. Распрацоўваліся ў філасофіі Дж.Лока і інш. прадстаўнікоў зах.-еўрап. навукі 17—18 ст. Вытокі праблемы — у антычнай філасофіі. Дэмакрыт адрозніваў суб’ектыўныя веды «па меркаванні», якія звязаны з пачуццёвым успрыманнем, і веды «па ісціне» — аб’ектыўныя, якія грунтуюцца на мысленні. Пра якасці ў двух сэнсах разважаў Арыстоцель. Больш грунтоўнае ўяўленне аб першасных якасцях у працах Г.Галілея, Р.Дэкарта, Т.Гобса і Р.Бойля. Да першасных якасцей яны аднеслі механіка-геаметрычныя ўласцівасці цел. Лок ужо падзяліў усе якасці на першасныя і другасныя. Паводле яго, першасныя якасці прадметаў не залежаць ад суб’екта, гэта аб’ектыўныя якасці (працягласць, велічыня, фігура, становішча, колькасць і інш.). Другасныя якасці, наадварот, у многім залежаць ад суб’екта (колер, гук, пах, смак, цяпло, холад і інш.). Гэту праблему закраналі Дж.Берклі, Д.Юм, І.Кант і інш. філосафы. Берклі трактаваў яе ў суб’ектыўна-ідэалістычным кірунку; спрабаваў даказаць суб’ектыўнасць і другасных, і першасных якасцей. Юм і Кант таксама адкідалі аб’ектыўнасць першасных якасцей, бо не прызнавалі падабенства адчуванняў да ўласцівасцей знешніх аб’ектаў. Вытлумачаная ў суб’ектыўна-ідэалістычным духу гэта праблема стала перадумовай гнасеалогіі эмпірыякрытыцызму. З пункту гледжання дыялектыкі праблема П. і д.я. вырашальная, паколькі дыялектычны светапогляд зыходзіць з недапушчальнасці іх супрацьпастаўлення. І адны, і другія спасцігаюцца суб’ектам і з’яўляюцца суб’ектыўным вобразам аб’ектыўнай рэчаіснасці.
Літ.:
Беркли Дж. Три разговора между Гиласом и Филонусом: Пер. с англ. // Соч.М., 1978;
Локк Дж. Опыт о человеческом разумении: Пер. с англ. // Соч.М., 1985. Т. 1;
Нарский И. Джон Локк и его теоретическая система // Локк Дж. Соч.М., 1985. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДМЕ́Т,
у шырокім сэнсе — аб’ект, усякае існае, што выступае як абмежаванае і ў сабе завершанае; усё, што можа знаходзіцца ў адносінах або валодаць якімі-н. уласцівасцямі. Асн. віды П.: рэч, фізічна прыналежная да знешняга свету П.; стан як П. — агульны стан пачуццяў, або духоўная накіраванасць (напр., дух часу). У метафіз. матэрыялізме паняцце «П.» атаясамлівалася з паняццем «цела», паколькі працягласць або атаясамлівалася з матэрыяй (Р.Дэкарт і яго паслядоўнікі), або разглядалася як асн. атрыбут матэрыі (Т.Гобс, франц. матэрыялісты 18 ст.). Суб’ектыўны ідэалізм (Дж.Берклі, Э.Мах) разумеў пад рэччу сукупнасць адчуванняў, таму для яго рэальным з’яўляецца толькі адзін П. — свядомасць асобнага чалавека. У аб’ектыўным ідэалізме рэальны П. разглядаецца як адлюстраванне ідэй, паняццяў. Дыялектыка разглядае любы П. як працэс. У мове катэгорыі П. маюць свае спец. спосабы абазначэння (часцей гэта назоўнікі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУН ((Kuhn) Томас Сэмюэл) (н. 18.7.1922, г. Цынцынаты, ЗША),
амерыканскі філосаф і гісторык навукі, адзін з лідэраў гіст. школы ў метадалогіі і гісторыі навукі. Праф. ун-таў у Берклі (1958) і Прынстане (1964), Масачусецкага тэхнал. ін-та (1979). У яго канцэпцыі гісторыя навукі разглядаецца як чаргаванне эпізодаў барацьбы розных навук. супольнасцей, якія фарміруюцца і функцыянуюць на аснове прыняцця іх членамі пэўнай мадэлі навук. дзейнасці (парадыгмы, або «дысцыплінарнай матрыцы»). Найб. важныя яе эпізоды — «нармальная навука» (перыяд панавання пэўнай парадыгмы) і «навук. рэвалюцыя» (перыяд распаду парадыгмы, канкурэнцыя паміж альтэрнатыўнымі парадыгмамі і, у канчатковым выніку, пераход да новага перыяду «нармальнай навукі»). К. адмаўляе пераемнасць у развіцці навукі; прагрэс, паводле К., — гэта паняцце, якое мае сэнс толькі для «нармальнай навукі», дзе яго крытэрыем выступае колькасць вырашаных праблем.
Тв.:
Рус.пер. — Структура научных революций. 2 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕГРЭ́ ((Segré) Эміліо Джына) (1.2.1905, г. Тывалі, Італія — 22.4.1989),
амерыканскі фізік-эксперыментатар. Чл.Нац.АН ЗША (1952), Нац. акадэміі дэі Лінчэі (1958), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1973). Скончыў Рымскі ун-т (1928), дзе працаваў з 1929. З 1936 ва ун-це ў г. Палерма. З 1938 у ЗША. У 1938—72 у Каліфарнійскім ун-це ў г.Берклі (з 1946 праф.). У 1943—46 удзельнічаў у стварэнні атамнай бомбы ў ЗША. Навук. працы па атамнай спектраскапіі, ядз. фізіцы, радыяхіміі, штучнай радыеактыўнасці, фізіцы элементарных часціц. Эксперыментальна рэалізаваў запавольванне нейтронаў і адкрыў павольныя нейтроны (1934; разам з Э.Фермі і інш.). Адкрыў (разам з інш.) першы штучны элемент тэхнецый (1937), астат (1940) і ізатоп плутонію 239Pu (1941), а таксама антыпратон (1955). Нобелеўская прэмія (разам з О.Чэмберленам).
Тв.:
A mind always in motion: The autobiography of Emilio Segre. Berkeley, 1993;
Рус.пер. — Антипротоны. М., 1957;
Экспериментальная ядерная физика. Т. 3. М., 1961 (у сааўт.);