«МИР ИСКУ́ССТВА»,

літаратурна-мастацкі ілюстраваны часопіс, пад эгідай якога сфарміравалася аднайм. маст. аб’яднанне (гл. «Свет мастацтва»), да 1903 друкаваліся таксама творы пісьменнікаў-сімвалістаў. Выдаваўся ў 1898/99—1904 у Пецярбургу (у 1899 М.​К.​Ценішавай і С.​І.​Мамантавым, у 1900—04 С.​Дзягілевым). Заснавальнік і гал. рэдактар Дзягілеў, з 1903 рэдактарам быў таксама А.​Бенуа. У галіне выяўл. мастацтва часопіс сцвярджаў эстэт. пазіцыю аб’яднання «Свет мастацтва», папулярызаваў рус. мастацтва 18 — пач. 19 ст., нар. творчасць, уздымаў праблемы рас. і замежнага маст. жыцця (артыкулы і нарысы Бенуа, І.​Грабара, Дзягілева і інш., пераклады з замежных выданняў, рэпрадукцыі твораў мастацтва). У літ. частцы «М.и.», якую ўзначальваў Дз.​Філасофаў, змяшчаліся рэліг.-філас. творы Дз.​Меражкоўскага, З.​Гіпіус, Л.​Шастова, В.​Розанава, літ.-крытычныя артыкулы В.​Брусава і А.​Белага. Публікаваліся таксама артыкулы па пытаннях эстэтыкі, маст. адукацыі, рэцэнзіі, нарысы пра тэатр., муз., арх. жыццё і інш. У афармленні часопіса ўдзельнічалі Л.​Бакст, Я.​Лансерэ, К.​Сомаў і інш. У 1903 выходзіла асобнае выданне «Хроника журнала «Мир искусства».

Літ.:

Лапшина Н. «Мир искусства». М., 1977;

Лифарь С. Дягилев. СПб., 1993.

т. 10, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАСТА́ЦТВА ДЗЕ́ЛЯ МАСТА́ЦТВА»,

«чыстае мастацтва», назва шэрагу эстэтычных канцэпцый, што грунтуюцца на сцвярджэнні самакаштоўнасці маст. творчасці і яе незалежнасці ад грамадскага жыцця. Філас. аснова гэтай канцэпцыі — вучэнне І.​Канта, які абвясціў «чысты» характар эстэтыкі, вольны ад маралі і палітыкі. У тэорыю аформілася да сярэдзіны 19 ст. ў Францыі, распаўсюдзілася ў еўрап. і інш. краінах. Сярод прадстаўнікоў «М. дзеля м.» С.​Малармэ, Т.​Гацье (Францыя), П.​Аненкаў, А.​Майкаў, А.​Бенуа (Расія) і інш. З крытыкай тэорыі «М. дзеля м.» і яе практыкі, што ігнаравала грамадскую праблематыку ў маст. творчасці, выступалі рус. рэв. дэмакраты, марксісты. Прыхільнікі «М. дзеля м.» ідэалізуюць эстэтыку мінулага, далучаюцца да фармаліст. плыней (абстракцыянізм, акмеізм, дэкадэнцтва, кубізм, сімвалізм, фармалізм).

т. 10, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я АРМЕ́НІІ, Дзяржаўная карцінная галерэя Арменіі. Засн. ў Ерэване ў 1921 як аддзел Дзярж. музея Арменіі, з 1931 аддзел Культурна-гіст. музея Арменіі, з 1935 Музей выяўл. мастацтва, з 1948 сучасная назва. У калекцыі каля 16 тыс. твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога арм., рус., зах.-еўрап. і ўсх. мастацтва. У аддзеле арм. мастацтва творы І.​Айвазоўскага, С.​Агаджаняна, Э.​Шаіна, М.​Сар’яна, С.​Сцепаняна, А.​Саркісяна, М.​Асламазян, Э.​Ісабекяна, А.рдарана і інш.; у аддзеле рус. мастацтва работы К.​Брулова, І.​Рэпіна, В.​Сярова, К.​Сомава, А.​Бенуа, С.​Канёнкава. К.​Пятрова-Водкіна, В.​Кандзінскага, М.​Шагала і інш.; у аддзеле зах.-еўрап. мастацтва карціны П.​П.​Рубенса, Ф.​Друэ, Ж.​А.​Фраганара, Г.​Курбэ і інш.

Літ.:

Государственная картинная галерея Армении. Ереван, 1965.

т. 8, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФРЫКА́НСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Афрыканскі кратон, Афрыкана-Аравійская платформа,

старажытная дакембрыйская платформа Гандванскай групы, якая займае амаль увесь Афрыканскі мацярык (за выключэннем Атласкіх і Капскіх гор), Аравійскі п-аў (без гор Амана) і в-аў Мадагаскар з Сейшэльскімі а-вамі. Крышталічны фундамент складзены з блокаў глыбока метамарфізаваных парод ранняга дакембрыю, якія акаймаваны познадакембрыйскімі складкавымі паясамі. На значнай тэрыторыі пароды фундамента выходзяць на паверхню ў шчытах і масівах. Платформавы чахол залягае ў сінеклізах, якія запоўнены пародамі позняга пратэразою і палеазою, аўлакагенах і перыакіянскіх прагінах (запоўнены пародамі мезазою і кайназою). Максімальная магутнасць платформавага чахла (8—10 км) назіраецца на перыферыі афрыканскай платформы (у сінеклізах Кару і Усх.-Лівійскай, аўлакагене Бенуа, перыакіянскіх прагінах). Кансалідацыя фундамента афрыканскай платформы завяршылася ў познім пратэразоі — раннім палеазоі. На працягу палеазою — ранняга мезазою платформа ўваходзіла ў склад суперкантынента Гандвана. Сучасныя рысы набыла ў мелавым перыядзе пасля расколу Гандваны. У выніку інтэнсіўнага падняцця, асабліва на У, у міяцэне ўзнікла Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма і рыфты Чырвонага м. і Адэнскага заліва, што суправаджалася вулканізмам. Афрыканская платформа мае буйныя радовішчы золата, алмазаў, плаціны, хрому, нікелю, урану, рэдказямельных элементаў, поліметалаў і інш.

М.​А.​Нагорны.

т. 2, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́ГІЛЕЎ (Сяргей Паўлавіч) (31.3.1872, б. маёнтак Грузіна, Наўгародская вобл., Расія — 19.8.1929),

рускі тэатральны і мастацкі дзеяч. У 1896 скончыў юрыд. ф-т Пецярбургскага ун-та, адначасова вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі ў М.​Рымскага-Корсакава. Вывучаў жывапіс, т-р, гісторыю маст. стыляў. Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Свет мастацтва» і рэдактар (разам з А.​Бенуа) аднайм. часопіса (1899—1904). У 1906—07 арганізоўваў у Парыжы, Берліне, Монтэ-Карла, Венецыі выстаўкі рус. мастакоў, з 1907 — штогадовыя выступленні за мяжой рус. артыстаў, т.зв. «Рускія сезоны», у 1907 — сімф. канцэрты (наз. «Гістарычныя рус. канцэрты»), у 1908 — сезоны рус. оперы. Стваральнік трупы «Рускі балет Дзягілева» (1911—29). У балеце як правадніку новых ідэй мастацтва бачыў сінтэз сучаснай музыкі, жывапісу, харэаграфіі; садзейнічаў стварэнню яркіх балетных спектакляў (у т. л. балеты «Жар-птушка», «Пятрушка», «Вясна свяшчэнная», «Вяселейка», «Апалон Мусагет» І.​Стравінскага, «Стальны скок», «Блудны сын» С.​Пракоф’ева, а таксама К.​Дэбюсі, М.​Равеля, кампазітараў «Шасцёркі» і інш.). Для афармлення спектакляў запрашаў найб. вядомых рас. мастакоў. Балеты ставілі М.​Фокін, В.​Ніжынскі, Л.​Мясін, Б.​Ніжынская, Дж.​Баланчын і інш.; сярод танцоўшчыкаў Т.​Карсавіна, М.​Кшасінская.

М.​Мордкін, Г.​Паўлава і інш. Тэатральныя антрэпрызы Дз. зрабілі вял. ўплыў на развіццё сусв. харэаграфіі.

Літ.:

Красовская В.М. Русский балетный театр начала XX в. [Ч.] 1. Хореографы. Л., 1971;

Сергей Дягилев и русское искусство: Ст., открытые письма. интервью. Переписка. Современники о Дягилеве. (Т.] 1—2. М., 1982;

Лифарь С. М.​С.​Дягилевым. СПб., 1994.

С.П.Дзягілеў Фрагмент карціны Л.​Бакста. 1906.

т. 6, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫІ́НСКІ ТЭА́ТР,

тэатр оперы і балета ў С.-Пецярбургу; адзін са старэйшых і буйнейшых муз. т-раў Расіі. Вядзе гісторыю з 1783 ад Каменнага (Вялікага) т-ра, дзе разам з камедыямі і трагедыямі ставіліся оперы і балеты. У 1803 оперная і балетная трупы аддзяліліся ад драматычнай. У 1836 т-р адкрыўся ў новым будынку (арх. А.​Кавас) операй «Жыццё за цара» («Іван Сусанін») М.​Глінкі. З 1860 наз. Марыінскі т-р (у гонар імператрыцы Марыі Аляксандраўны). З 1919 Дзярж. акад. т-р оперы і балета, з 1935 — імя С.​М.​Кірава, з 1991 зноў М.т. На сцэне т-ра традыцыйна ставяцца оперы і балеты рус. і зах.-еўрап. класікаў, з 1960-х г. рэпертуар узбагаціўся многімі творамі сучасных кампазітараў. У розны час у т-ры працавалі: дырыжоры А.​Лядаў, Э.​Напраўнік, М.​Малько; спевакі Л.​Собінаў, Ф.​Шаляпін, В.​Пятроў, Б.​Штокалаў, Г.​Кавалёва; танцоўшчыкі Т.​Карсавіна, М.​Кшасінская, В.​Ніжынскі, Г.​Паўлава, Г.​Уланава, М.​Барышнікаў, І.​Бельскі, Г.​Комлева, Н.​Кургапкіна, Н.​Макарава, Р.​Нурыеў; балетмайстры М.​Петыпа, М.​Фокін, Ф.​Лапухоў; мастак А.​Бенуа і інш. У трупе (1999): спевакі У.​Агнавенка, М.​Ахотнікаў, І.​Багачова, Я.​Гарахоўская, Ю.​Марусін, К.​Плужнікаў, Л.​Філатава; артысты балета А.​Асылмуратава, К.​Заклінскі, А.​Куркоў, В.​Ліхоўская, Ю.​Махаліна, Ф.​Рузіматаў і інш. Гал. дырыжор і маст. кіраўнік В.Гергіеў (з 1988), гал. балетмайстар А.Вінаградаў (1977—99).

Літ.:

Конков А., Ступников И. Театр оперы и балета им. С.​М.​Кирова. Л., 1976;

Мариинский — вчера, сегодня, всегда... СПб., 1993.

Будынак Марыінскага тэатра.
Марыінскі тэатр. Сцэна з балета «Раймонда» А.​Глазунова.

т. 10, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЫ́С ((Matisse) Анры Эміль Бенуа) (31.12.1869, г. Ле-Като, Францыя — 3.11.1954),

французскі жывапісец, графік і скульптар. Вучыўся ў Парыжы ў акадэміі Жуліяна (з 1891), Школе дэкар. мастацтваў (з 1893) і Школе прыгожых мастацтваў (1895—99). Зазнаў уплывы імпрэсіянізму, неаімпрэсіянізму, пуантылізму, П.​Сезана, А.​Радэна, усх. мастацтва. У 1905—07 адзін з лідэраў фавізму. У сваіх карцінах стварыў новы тып маст. выразнасці праз экзальтаваныя, яркія кантрастныя колеры, у якіх знікаюць лініі контураў выявы: «Жанчына ў зялёным капелюшы», «Расчыненае акно. Каліўр», «Асалода, цішыня і раскоша» (усе 1905), «Нацюрморт на чырвоным дыване», «Радасць быцця» (абодва 1906), «Марго» (1907), «Пустыня, чырвоная гармонія», «Чырвоны пакой» (абедзве 1908), «Танец» (1910) і інш. Пад уражаннем падарожжаў у Марока, Туніс, Паўд. Іспанію ствараў работы, у якіх пераважалі манахромныя фарбавыя плоскасці, выразныя колеравыя кантрасты, арабескі: «Чырвоная майстэрня» (1911), «Чырвоныя рыбы» (1914), «Мараканцы на тэрасе», «Тры сястры», «Мастак і мадэль» (усе 1916), «Дзяўчаты на пляжы» (1916—17), «Урок ігры на піяніна» (1917), серыя «Адаліскі» (1920-я г.), «Дэкаратыўная фігура на арнаментальным фоне» (1927—28), «Румынская блуза» (1940), «Маладая дзяўчына ў белай хустцы» (1941), «Азія» (1946), «Маладая англічанка» (1947), «Вялікі чырвоны інтэр’ер» (1948) і інш. Аўтар пано «Танец» і «Музыка» для асабняка С.​Шчукіна ў Маскве (1911), фрыза «Танец» у фондзе Барнса ў Мерыёне (ЗША, 1931—33), афармлення інтэр’ера (у т. л. вітражы) «Капэлы ружанцаў» у Вансе каля Ніцы (Францыя, 1953), скульптур «Дэкаратыўная фігура» (1908), «Венера ў ракавіне» (1931), рэльефу «Аголеная жаночая фігура са спіны» (1930) і інш. Вытанчанасцю лініі вызначаюцца графічныя творы: серыя «Тэмы і варыяцыі» (1941—42), ілюстрацыі да твораў А.​Мантэрлана, С.​Малармэ, П.​Рансара, Шарля Арлеанскага і інш.

Літ.:

Алпатов М.В. Матисс. М., 1969;

Зубова М.В. Графика Матисса. М., 1977;

Эсколье Р. Матисс: Пер. с фр. Л., 1979.

В.​Я.​Буйвал.

А.Матыс. Танец. 1910.
А.Матыс. Чырвоны пакой. 1908.

т. 10, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЛІЗА́Р’ЕЎ (Валянцін Мікалаевіч) (н. 30.10.1947, Баку),

бел. балетмайстар. Нар. арт. Беларусі (1979), нар. арг. СССР (1985). Акад. Міжнар. слав. акадэміі (1996), Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў у С.-Пецярбургу (1997). Праф. Бел. акадэміі музыкі (1995). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча імя А.​Ваганавай (1967), балетмайстарскае аддзяленне Ленінградскай кансерваторыі (1972). Стажыраваўся ў Францыі па стыпендыі ЮНЕСКА (1982). З 1973 гал. балетмайстар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1996 дырэктар — маст. кіраўнік Нац. акад. т-ра балета Беларусі, дзе стварыў усе свае асн. пастаноўкі: «Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына (1974), «Стварэнне свету» А.​Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава (1978), «Спартак» А.​Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага (1982), «Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа (1983), «Балеро» на муз. М.​Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага (1986, 1997), «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева (1988), «Дон К.іхот» Л.​Мінкуса (1989), «Страсці» («Рагнеда») А.​Мдывані (1995, Дзярж. прэмія Беларусі 1996). Ставіў балеты таксама ў Расіі, Польшчы, Югаславіі, Турцыі. Стваральнік харэаграфіі для тэлефільма «Фантазія» («Веснавыя воды», паводле І.​Тургенева) з удзелам М.​Плісецкай (1975, Цэнтр. тэлебачанне, рэж. А.​Эфрас) і інш. У творчасці імкнецца да ўвасаблення значных тэм сучаснасці. У харэаграфічнай мове шырока выкарыстоўвае прыёмы сучаснай пластыкі. Яго дзейнасць спрыяла міжнар. прызнанню бел. балетнага т-ра. Пад кіраўніцтвам Е. бел. балет з поспехам гастраліраваў амаль у 30 краінах свету. Яго творчасці прысвечаны тэлефільмы «Стварэнне» (1979) і «Валянцінаў дзень» (1993, рэж. абодвух В.​Шавялевіч). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу балетмайстраў і артыстаў балета (1970), 7-га Міжнар. конкурсу артыстаў балета (1993, Масква, спец. прыз), прэміі «Чалавек года» ў галіне муз. мастацтва з уручэннем прыза «Залатая Неферціці» (1996), вышэйшай узнагароды Міжнар. асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА «Бенуа дэ ла данс» (Парыж, 1996). Чл. Савета Еўропы па культуры (1990), старшыня і чл. журы міжнар. конкурсаў балета ў Маскве, Варне (Балгарыя), Нагоі (Японія), Кіеве, Віцебску.

Літ.:

Народный артаст СССР Валентин Елизарьев. Мн., 1987;

Чурко Ю.М. Искусство, созвучное времени // Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;

Валентин Елизарьев: [Альбом]. Мн., 1997.

Т.​М.​Мушынская.

В.М.Елізар’еў.
Сцэна з балета «Спартак» у пастаноўцы В.Елізар’ева.

т. 6, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНА́РДА ДА ВІ́НЧЫ (Leonardo da Vinci; 15.4.1452, г. Вінчы, Італія — 2.5.1519),

італьянскі жывапісец, скульптар, архітэктар, тэарэтык мастацтва, вучоны, інжынер. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Высокага Адраджэння.

Імкнуўся да спалучэння навук. і маст. мыслення, разглядаў жывапіс як універсальную мову, якая пры дапамозе прапорцый і перспектывы ўвасабляе ўсю разнастайнасць праяўлення разумнага пачатку ў прыродзе. У творчасці спалучаў натуралістычнасць выявы з ідэалістычнасцю задумы, увасобіў новы эстэт. ідэал, стварыў вобраз гарманічнага, духоўнага і фізічна дасканалага чалавека.

Вучыўся жывапісу ў майстэрні А.Верок’ё (1467—72). Яе метады працы, у якіх маст. практыка спалучалася з тэхн. эксперыментамі, збліжэнне з астраномам П.​Тасканелі, паўплывалі на развіццё яго навук. інтарэсаў. У ранні фларэнційскі перыяд (1452—81) развіваў традыцыі кватрачэнта. Творам уласціва плаўная аб’ёмнасць форм, падкрэсленая мяккай святлаценню мяккім святлаценем («Мадонна Роскін», анёл у карціне Верок’ё «Хрышчэнне Хрыста», пасля 1470; «Дабравешчанне», каля 1474; т.зв. «Мадонна Бенуа», каля 1478). Карціна «Пакланенне вешчуноў» (1481—82, не скончана) вызначаецца пошукамі драм. экспрэсіі, заснаванай на міміцы і руху. У 1482—1500 працаваў у Мілане пры двары герцага Л.​Сфорцы, празванага Мора, які даручыў Леанарда заснаваць Акадэмію мастацтва. Для выкладання ў ёй склаў трактаты пра жывапіс, святло, цень, рух, прапорцыі цела чалавека і інш. Быў ваен. інжынерам, гідратэхнікам, арганізатарам прыдворных феерый. Як архітэктар распрацаваў варыянты «ідэальнага» горада, канструкцыі цэнтральна-купальнага храма. У 1490—1500 працаваў над вял. (7,2 м) конным манументам Ф.​Сфорцы (мадэль яго ў натуральны памер была зруйнавана французамі пры ўзяцці Мілана). У 1490—91 выканаў жывапісны твор «Мадонна з дзіцем» («Мадонна Літа»). У карціне «Мадонна ў скалах» (1483—94; 2-і варыянт каля 1497—1511) найб. дасканала распрацаваў уласцівую большасці яго твораў кампазіцыю, пабудаваную на дакладных разліках. Яна ўяўляла сабой замкнёную ідэальную прастору, т.зв. прасторавую піраміду (трохвугольнік), у якую ўпісваюцца фігуры; найтанчэйшая святлацень (сфумата) мае ролю духоўна-сувязнага пачатку. У трапезнай кляштара Санта-Марыя дэле Грацые стварыў размалёўку «Тайная вячэра» (1495—97), якая стала адной з вяршынь усяго еўрап. мастацтва. У гэтым творы Леанарда адкрыў для жывапісу новую галіну — псіхал. канфлікт. Высокі этычны змест перададзены праз строгія матэм. заканамернасці кампазіцыі, што падпарадкоўвае сабе рэальную арх. прастору, праз ясную расстаноўку персанажаў, сістэму іх жэстаў і мімікі. Пасля 1500 працаваў у Фларэнцыі, Мантуі, Венецыі, Мілане, Рыме; у 1516 па запрашэнні караля Францыска I прыехаў у Францыю. У Фларэнцыі працаваў над размалёўкай у Палацца Век’ё («Бітва пры Анг’яры», 1503—06, не скончана, вядома па копіях з кардону), якая стаіць ля вытокаў батальнага жанру. У партрэце Моны Лізы (т. зв. «Джаконда», каля 1503) увасобіў узнёслы ідэал жаноцкасці і прыгажосці. У позніх творах развіваў пошукі ў галіне святлопаветранай перспектывы і гарманічнай пірамідальнай кампазіцыі («Св. Ганна з Марыяй і немаўляткам Хрыстом», каля 1500—07). Эксперыменты з маст. матэрыяламі, разнастайнасць інтарэсаў абумовілі невял. колькасць завершаных яго маст. і навук. работ, іх дрэнную захаванасць. Як вучоны ўзбагаціў амаль усе галіны ведаў свайго часу. У галіне механікі вывучаў пытанні трэння, раўнавагі, супраціўлення матэрыялаў і інш. Распрацоўваў канструкцыі машын і механізмаў, шмат з якіх значна апярэдзілі свой час (праекты металургічных печаў і пракатных станаў, ткацкіх станкоў, друкарскіх, дрэваапрацоўчых, землекапальных і інш. машын, падводнай лодкі, танка, лятальных апаратаў і парашута), праекты фартыфікацыйных і гідратэхн. збудаванняў. Шмат эксперыментаваў у галіне оптыкі, выказваў правільныя здагадкі аб прыродзе бінакулярнага зроку. Блізка стаяў да стварэння геліяцэнтрычнай сістэмы светабудовы. Займаўся анатамічнымі даследаваннямі, імкнуўся ўвесці ў біялогію эксперым. метад. Упершыню стаў разглядаць батаніку як самаст. біял. дысцыпліну. Яго анат. малюнкі сталі асновай сучаснай навук. ілюстрацыі. Да нашага часу захавалася каля 7 тыс. аркушаў яго рукапісаў і запісных кніжак, частка з якіх увайшла ў «Трактат пра жывапіс», што склаў пасля смерці мастака яго вучань Ф.​Мельцы. Іл. гл. таксама да арт. Адраджэнне.

Тв.:

Рус. пер. — Книга о живописи. М., 1934;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1935;

Избр. естественнонаучные произв. М., 1955;

Анатомия Записки и рисунки. М., 1965.

Літ.:

Дживелегов АК. Леонардо да Винчи. М., 1974;

Нардини Б. Жизнь Леонардо: Пер. с итал. М., 1978;

Гастев А. Леонардо да Винчи. М., 1982.

Л.​Ф.​Салавей.

Леанарда да Вінчы. Мадонна з дзіцем (Мадонна Літа). Каля 1490—91.
Леанарда да Вінчы. Аўтапартрэт. Каля 1510—13.

т. 9, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮ́М тэатральны,

спалучэнне па-мастацку адпаведных кампанентаў адзення і прадметаў, што яго дапаўняюць; састаўная частка тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва. Разам з грымам і прычоскай стварае сцэн. вобраз персанажа, вырашаны выяўл. сродкамі, дае яго зрокавую характарыстыку, выяўляе гіст., сац., нац. і індывід. асаблівасці, адлюстроўвае эстэт. ідэалы розных эпох. На яго значна ўплывае сучасная мода — мастак мадэрнізуе гіст. вопратку з улікам сучаснай яму эстэтыкі. У залежнасці ад агульнага стылявога вырашэння спектакля можа мець розную ступень умоўнасці. На яго ўплывае і жанр пастаноўкі (драма, опера, пантаміма і інш.), які вызначае ступень стылізацыі, а ў некат. выпадках (балет, пантаміма) уніфікацыі. У муз. т-ры ўзмацняецца роля каларыстычнага вырашэння К., што абумоўлена эмацыянальным уздзеяннем на чалавека музыкі і колеру.

Вытокі тэатральнага К. ў стараж. гульнях і абрадах, у тэатр. відовішчах. Першыя на Русі тэатральныя К. стваралі скамарохі. У класічным т-ры Усходу меў умоўна-сімвалічны характар. У еўрап. т-ры гэта быў бытавы К. з сімвалічна ўмоўнымі колерам, дэталямі, маскамі. З развіццём рэаліст. рэжысёрскага мастацтва ў 19 ст. павялічылася вобразнае значэнне К. як сродку псіхал. характарыстыкі персанажа і элемента агульнага выяўл. вырашэння. У пач. 20 ст. ўзнікла паняцце выяўл. рэжысуры, пабольшала роля К. як кампанента афармлення спектакля (у творчасці А.​Бенуа, Л.​Бакста, А.​Экстэр, Л.​Паповай, В.​Мухінай, А.​Весніна, пазней М.​Акімава, С.​Вірсаладзе, П.​Вільямса, Г.​Алексі-Месхішвілі, М.​Спертале, В.​Левенталя, Б.​Месерэра, Э.​Качаргіна і інш.).

Бел. К. бярэ пачатак у рытуальным адзенні і атрыбутах удзельнікаў русалляў, скамарохавых ігрышчаў, нар. драм, кірмашовага т-ра. У прыватнаўласніцкіх т-рах 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. К. развіваўся ў рэчышчы тагачаснай еўрап. традыцыі. Новы падыход да яго стварэння акрэсліўся ў пач. 20 ст. і быў звязаны з дэмакратызацыяй і агульным уздымам культуры, павышэннем цікавасці т-раў да нац. твораў. Этнагр. прынцып афармлення ўпершыню ўжыты ў пастаноўках І.​Буйніцкага і У.Галубка, якія выкарыстоўвалі аўтэнтычны нар. Я.​Купалы і юнага гледача, Л.​Кроля ў БДТ-2, А.​Грыгар’янца ў Дзярж. рус. драм. т-ры, т-ры імя Я.​Купалы. У муз. т-ры Беларусі станаўленне і развіццё К. звязана з імем С.​Нікалаева. Арганізацыя колеру ў аформленых ім спектаклях Дзярж. т-ра оперы і балета стала школай для многіх мастакоў муз. т-ра. Традыцыі Нікалаева развівалі І.​Пешкур, П.​Масленікаў і інш. Паступова ў стварэнні К. ўзнікалі графічныя тэндэнцыі, найб. выразныя ў творчасці Я.​Чамадурава, адметнай імкненнем да чыстага колеру і адкрытых колеравых кантрастаў з падкрэсліваннем выразнага лінеарнага рытму (эскізы К. да опер «Калючая ружа» Ю.​Семянякі, 1960, і «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага, 1974; балетаў «Папялушка» («Золушка») С.​Пракоф’ева, 1965; «Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга, 1966, і «Мара» Я.​Глебава, 1970). У 1970—90-я г. на аснове сінтэзу канструктыўнага і жывапіснага пачаткаў К. набыў рысы імправізацыйнасці, асацыятыўнасці, выяўл. падтэксту, часам набліжаецца да калажу, служыць акампанементам ці выступае ў ролі асн. вобразна-выяўл. дамінанты (эскізы касцюмаў Б.​Малкіна і Ю.​Тура да пастановак у Дзярж. рус. драм. т-ры, А.​Салаўёва ў Бел. т-ры імя Я.​Коласа, Я.​Волкава ў Гомельскім абл. драм. т-ры, Я.​Лысыка ў Дзярж. т-ры оперы і балета). У галіне К. працавалі таксама М.​Апіёк, Л.​Ганчарова, У.​Гардзеенка, Э.​Гейдэбрэхт, Б.​Герлаван, Л.​Герлаван, Э.​Грыгарук, В.​Жалонкіна, У.​Жданаў, Б.​Казакоў, Т.​Карвякова, В.​Лесін, З.​Марголін, Дз.​Мохаў, В.​Рачкоўскі, Л.​Рулёва, Л.​Трубяцкая, М.​Якунін і інш. У апошнія дзесяцігоддзі ўзнік новы від маст. К. — К. сцэнічны, які развіваецца пераважна як аўтэнтычны, максімальна набліжаны да нар. ў фактуры тканін, каларыстыцы аздаблення, дакладнасці крою і асн. прапорцый. Вял. ролю ў распрацоўцы сучаснага сцэн. К. адыгралі Л.​Баразна, М.​Раманюк і інш. На К. і яго характэрныя дэталі. Паступова аўтэнтычны К. саступіў месца па-мастацку апрацаванаму, у некат. пастаноўках набыў рысы гіст.-бытавога, што выявілася ў творчасці К.​Елісеева і А.​Марыкса для БДТ-1. У 1920—30-я г. ў працах тэатр. мастакоў выявіліся ўплывы амаль усіх кірункаў, што ўзнікалі ў выяўл. мастацтве, — характэрнай для пралеткульту ўмоўнасці, рысы мадэрнізму, канструктывізму, экспрэсіянізму, кубафутурызму. Гэта адбілася на К., створаных С.​Тоўбіным, М.​Аксельродам у БДТ-1, Л.​Нікіціным у БДТ-2, К.​Дзясніцкім і В.​Памфілавым у Бел. студыі оперы і балета. У 1930—60-я г. замацаваўся рэаліст. падыход да К., што яскрава выявілася ў працах Я.​Нікалаева ў т-ры імя Я.​Коласа, Марыкса ў т-рах імя аснове вывучэння нар. крыніц пачаўся новы падыход да стварэння сцэн. К., найб. выяўлены ў творчасці В.​Дзёмкінай, А.​Александровіч, Рулёвай, Ю.​Піскуна, А.​Юр’евай, Г.​Юрэвіч, В.​Макавец-Бартлавай і інш. Значны ўклад у распрацоўку сцэн. К. зрабілі Чамадураў, А.​Бялова, С.​Комава, І.​Булгакава і інш.

Літ.:

Градова К.В., Гутина Е.Н. Театральный костюм. Кн. 1. Женский костюм. М., 1976;

Градова К.В. Театральный костюм. Кн. 2. Мужской костюм. М., 1987;

Захаржевская Р.В. Костюм для сцены. 2 изд. М., 1973;

Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;

Карнач П.А. Дэкарацыйнае мастацтва музычнага тэатра БССР. Мн., 1973;

Мастацтва беларускіх дэкаратараў / Аўтар тэксту і скл. П.​А.​Карнач. Мн., 1989;

Маленко Л.И. Искусство костюма. Мн., 1983;

Фадзеева В.Я. Беларуская народная вышыўка. Мн., 1991.

Г.​У.​Юрэвіч, Л.​І.​Дабравольская.

Да арт. Касцюм тэатральны. М.​Якунін. Эскіз касцюма Несцеркі да спектакля «Несцерка» В.​Вольскага. 1980.
Да арт. Касцюм тэатральны. Я.​Нікалаеў. Эскіз касцюма сялянкі да спектакля «Лявоніха» П.​Данілава. 1960.
Да арт. Касцюм тэатральны. Я.​Чамадураў. Эскіз касцюмаў да балета «Золушка» С.​Пракоф’ева. 1965.
Да арт. Касцюм тэатральны. Л.​Бакст. Эскіз касцюма Саламеі. 1908.

т. 8, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)