АКО́ЛЬНІЧЫ,
прыдворны чын, другі пасля баярына, у Рускай дзяржаве ў 13 — пач. 18 ст. У 14—15 ст. акольнічы ўваходзілі ў склад Думы вял. князёў, займалі пасады ваяводаў, намеснікаў, паслоў, стаялі на чале прыказаў. У 16—17 ст. блізкія да цара акольнічы атрымалі баярскія званні.
т. 1, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
бая́рын, ‑а; мн. баяры, ‑яраў; м.
1. Гіст. У дапятроўскай Расіі — вышэйшы дараваны сан, а таксама асоба, якой надаваўся гэты сан. Ён, Валуеў, паходзіў ад беларускага баярына Вала, што перабег на службу да маскоўскіх князёў яшчэ перад Кулікоўскай бітвай. Караткевіч.
2. Гіст. Радавіты дваранін, буйны памешчык.
3. Уст. Шафёр, распарадчык на вяселлі ў жаніха, дружна маладога.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БУТРЫМО́ВІЧЫ, Бутрымы,
шляхецкі род герба «Тапор» у ВКЛ. Паходзяць ад літоўскага баярына Бутрыма, які ўдзельнічаў у заключэнні Гарадзельскай уніі 1413. Найб. вядомыя:
Ян, намеснік смаленскі ў 1422. Ян, шамбялян Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў 1789. Адрыян, уніяцкі епіскап-суфраган пінскі і тураўскі, у 1793 суфраган кіеўскага мітрапаліта. Мацей (1745—1814), дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай. Вучыўся ў Пінскім езуіцкім калегіуме. З 1778 канюшы, з 1780 мечнік, з 1783 суддзя гродскі, з 1785 падстароста, з 1791 лоўчы пінскі. Набліжаны гетмана М.К.Агінскага. Ініцыятар шырокіх гасп. пераўтварэнняў на Піншчыне. Ажыццяўляў пракладку гасцінцаў, Мухавецкага і Агінскага каналаў, праводзіў меліярацыю. Удзельнічаў у працы Чатырохгадовага сойма 1788—92, падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791.
т. 3, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРУШЭ́ВІЧЫ,
шляхецкі род герба «Вадвіч» у ВКЛ. Паходзяць ад Наруша, унука літоўскага баярына Мантыгерда (Мантыгірда), родапачынальніка Мантыгірдавічаў. Найб. вядомыя Н.:
Мікалай Ян (?—16.4.1575), староста ваўкавыскі, маркаўскі і мядзельскі, каралеўскі сакратар з 1558, адначасова пісар ВКЛ з 1562, падскарбі земскі з 1566. Адзін з ініцыятараў валочнай памеры ў ВКЛ. Станіслаў (?—1589), кашталян мсціслаўскі з 1580(?), смаленскі з 1588. Крыштоф (каля 1570—1630), лоўчы ВКЛ у 1613—24, падскарбі надворны ў 1615—18 і падскарбі вялікі з 1618, адначасова пісар ВКЛ. Аляксандр Крыштоф (?—21.6.1668), пісар ВКЛ у 1654—58, падканцлер ВКЛ з 1658. Казімір Адам (3.3.1730—4.4.1803), каталіцкі рэліг. дзеяч, езуіт, рэктар Віленскай акадэміі ў 1769—73. Адам Тадэвуш Станіслаў (1733—96), гл. Нарушэвіч А.Т.С.
т. 11, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л ФЁДАРАВІЧ Раманаў
(22.7.1596, Масква — 23.7.1645),
расійскі цар [1613—45], першы з дынастыі Раманавых. Сын баярына Ф.М.Раманава (у 1619—33 патрыярх пад імем Філарэта). Выбранне М.Ф. на прастол Земскім саборам (3.3.1613) завяршыла працяглы перыяд паліт. нестабільнасці, які наступіў у Расіі пасля спынення дынастыі Рурыкавічаў (1598). Фактычна краінай правілі сваякі М.Ф., а ў 1619—33 — яго бацька. Урад М.Ф. завяршыў няўдалыя для Расіі войны з Рэччу Паспалітай (1609—18) і Швецыяй (1610—17), заключыў з імі, адпаведна, Дэулінскае перамір’е 1618 і Сталбоўскі мір 1617. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 таксама была няўдалай для Расіі, але паводле Палянаўскага міру 1634 кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV адмовіўся ад прэтэнзій на рас. прастол. Пры М.Ф. аднаўляліся дзярж. апарат і гаспадарка краіны, будаваліся засечныя межы супраць крымскіх татар, працягвалася каланізацыя Сібіры.
т. 10, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́С ГАДУНО́Ў (каля 1552, г. Кастрама — 23.4.1605),
расійскі цар [1598—1605]. Сын баярына Фёдара Гадунова. Вылучыўся ў час апрычніны. Зяць Малюты Скуратава (гл. Скуратаў-Бельскі Р.Л.) і швагер цара Фёдара Іванавіча, пры якім фактычна правіў краінай. Пасля яго смерці выбраны Земскім саборам на царскі трон. Ва ўнутр. палітыцы імкнуўся да эканам. стабілізацыі, у т. л. палегчыў становішча пасадскіх людзей, садзейнічаў будаўніцтву новых гарадоў. У 1589 дамогся стварэння незалежнай ад канстанцінопальскага патрыярха Маскоўскай патрыярхіі. Праводзіў міралюбівую знешнюю палітыку (у выніку адзінай вайны са Швецыяй 1590—93 Расія вярнула Івангорад, Ям, Капор’е і воласць Карэла), наладзіў культ. супрацоўніцтва з краінамі Зах. Еўропы. Запрыгоньванне сялян, голад 1600—02 і інш. выклікалі незадаволенасць яго праўленнем і нар. хваляванні (гл. Хлопка паўстанне 1603, Сялянская вайна пачатку 17 ст.). Памёр раптоўна ў час барацьбы з Ілжэдзмітрыем I. Маст. вобраз Барыса Гадунова стварылі ў аднайм. творах А.С.Пушкін (трагедыя) і М.П.Мусаргскі (опера).
Літ.:
Скрынников Р.Г. Борис Годунов. М., 1983.
т. 2, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎЦЫ,
шляхецкі род герба «Магіла» ў ВКЛ. Паходзяць ад смаленскага баярына Міцькі Быхаўца, сыны якога ў пач. 16 ст. замест страчаных зямель на Смаленшчыне атрымалі ад вял. кн. Жыгімонта I Старога маёнткі ў Дарсунішскай вол. і Трокскім пав. Найб. вядомыя Быхаўцы:
Людвік, ксёндз-бернардзінец, аўтар твораў рэліг.-павучальнага характару. Сакратар Літоўскай правінцыі бернардзінцаў, да 1747 прэзідэнт у Нясвіжскім канвенце ордэна, назіральнік ордэна францысканцаў у Віцебскім ваяв. (1760). Юзаф Уладзіслаў (1778—5.7.1845), філосаф. Скончыў Гал. школу ВКЛ у 1794, вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры, Гётынгена, Кёнігсберга. Вучань і перакладчык І.Канта. Удзельнік напалеонаўскіх войнаў на баку Францыі. Ян (каля 1732—?), дэп. Трыбунала ВКЛ (1797—1802), у 1802—32 суддзя слонімскіх земскага і межавога судоў. Юзаф, падстолі ваўкавыскі (1780), крайчы ВКЛ (1793). Адам Ян Віктар (23.12.1796—?), чл. ваўкавыскага апеляцыйнага суда. За ўдзел у паўстанні 1863—64 сасланы. Аляксандр, старшыня ваўкавыскага апеляцыйнага суда. У 1820-я г. ў яго б-цы захоўвалася Хроніка Быхаўца.
А.П.Госцеў.
т. 3, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗАВА (дзявочае Сакаўніна) Фядосся Пракопаўна
(21.5.1632, Масква — 12.11.1675),
дзяячка рус. расколу, паплечніца пратапопа Авакума, баярыня. Сваячка М.І.Міласлаўскай, жонкі цара Аляксея Міхайлавіча. У 1649 выдадзена замуж за баярына Г.І.Марозава, аўдавела ў 1662. Перабудавала хатні ўклад свайго жыцця на манастырскі ўзор, прымала ўсіх, каго праследавалі за старую веру. У М. жыў, вярнуўшыся ў 1664 са ссылкі, Авакум; перапісвалася з ім пасля яго другой ссылкі. У 1670 тайна пастрыглася ў манашкі пад імем Феадора. Разам з сястрой княгіняй Е.П.Урусавай 16.11.1671 зняволена за прыхільнасць да стараверства, непадпарадкаванне цару і патрыярху. Падверглася жорсткім катаванням, яе ўладанні канфіскаваны. У 1673 разам з Урусавай і жонкай стралецкага палкоўніка М.Г.Данілавай адпраўлена ў г. Бораўск (Калужская вобл.). Зняволеныя ў земляную турму, памерлі ад голаду. М. прысвечаны «Пра трох спаведніц слова плачэўнае» Авакума, «Аповесць пра баярыню Марозаву» (1670-я г.) ананімнага аўтара, малюнкі і карціны В.Сурыкава, В.Пярова і інш.
Літ.:
Повесть о боярыне Морозовой / Подготовка текстов и исслед. А.И.Мазунина. Л., 1979;
Повесть о боярыне Морозовой. М., 1991.
Н.К.Мазоўка.
т. 10, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЭ́ЧЫН,
вёска ў Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Сіпа, на аўтадарозе Гродна—Слонім. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПнУ ад Зэльвы, 98 км ад Гродна, 16 км ад чыг. ст. Зэльва. 795 ж., 347 двароў (1997).
У пач. 15 ст. сяло баярына Дрэмута. З 15 ст. належаў Копачам, Сангушкам, Вішнявецкім, Нарбутам, Палубенскім, Сапегам і інш. З 1537 мястэчка. У 1786 пабудаваны Дзярэчынскі палац. У 1790 было 160 двароў. З 1795 у Рас. імперыі, у Слонімскім пав. У 1878—2269 ж., 2 школы. 2 царквы, сінагога, 28 крам. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР, цэнтр сельсавета Зэльвенскага р-на. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў чэрв. 1942 расстралялі ў Дз. больш за 2 тыс. чал. З 14.4.1962 у Мастоўскім, з 25.12.1962 у Ваўкавыскім, з 1965 у Мастоўскім, з 1966 у Зэльвенскім р-нах. У 1971—991 ж., 334 двары.
Лесазавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Дзярэчынская Спаса-Праабражэнская царква (сярэдзіна 19 ст.), касцёл Ушэсця (пач. 20 ст.).
т. 6, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЖЭ́ЧНІКАЎ (Іван Іванавіч) (25.9.1792, г. Каломна Маскоўскай вобл. — 8.7.1869),
рускі пісьменнік. Удзельнік Айч. вайны 1812 і замежных паходаў рус. арміі 1813—15. У 1820—37 (з перапынкамі) дырэктар навуч. устаноў Пензенскай, Казанскай, Цвярской губ. З 1843 віцэ-губернатар у Цверы, у 1853—54 — у Віцебску. У 1856—58 цэнзар у Пецярбургу. З 1858 у Маскве. Друкаваўся з 1807. Адзін з пачынальнікаў рус. гіст. рамана («Апошні Навік», ч. 1—4, 1831—33; рамантызаваная версія першых перамог Расіі ў Паўн. вайне 1700—21). Лепшы гіст. раман — «Ледзяны дом» (1835), у якім праўдзіва ўзнавіў эпоху царавання Ганны Іванаўны і «біронаўшчыны». Суровы каларыт часоў стварэння цэнтралізаванай Маскоўскай дзяржавы ў 15 ст. апісаў у рамане «Басурман» (1838). Пісаў вершаваныя трагедыі («Апрычнік», нап. 1842, забаронена цэнзурай, выд. 1859; паводле яе аднайм. опера П.Чайкоўскага), вадэвілі. Аўтар раманаў «Вядзьмар на Сухаравай вежы» (1840, незавершаны), «Няшмат гадоў таму» (ч. 1—4, 1862), «Унучка панцырнага баярына» (1868; напісаны па матэрыялах, сабраных ім у Віцебску, дзе з кансерватыўных пазіцый паказана паўстанне 1863—64), мемуарнай аповесці «Беленькія, чорненькія і шэранькія» (1856), нарысаў-успамінаў пра А.Пушкіна, В.Бялінскага, вайну 1812. У «Паходных запісках рускага афіцэра» (1820) акрамя сваіх ваен. уражанняў змясціў запісы пра бел. гарады. Эпісталярная спадчына часоў службы ў Віцебску адлюстроўвае спачувальнае стаўленне аўтара да бел. сялян.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—6. Можайск, 1994.
Літ.:
Петров С.М. Русский исторический роман XIX в. 2 изд. М., 1984. С. 95—142;
Воробьева Т. Лажечников в Витебске // Неман. 1970. № 9;
Симанович Д. Сквозь даль времен. Мн., 1984.
Л.В.Календа.
т. 9, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)