ГІМНА́СТЫКА (грэч. gymnastikē ад gymnazō трэнірую, практыкую),

сістэма фізічных практыкаванняў для ўмацавання здароўя і ўсебаковага фізічнага развіцця асобы. Гімнастычныя практыкаванні былі вядомыя за 3 тыс. гадоў да н.э. ў Кітаі і Індыі; у Стараж. Грэцыі пад гімнастыкай разумелі сістэму практыкаванняў. Вылучаюць віды гімнастыкі: асноўная, спартыўная і дапаможная. Асн. гімнастыка спрыяе агульнаму фіз. развіццю і ўмацаванню здароўя, развівае спрыт, сілу і інш. Гэта пераважна вучэбная гімнастыка. Уведзена ў дашкольных і школьных установах, арміі. Яе разнавіднасць — гігіенічная гімнастыка больш вядомая як зарадка. Спарт. гімнастыка апрача спецыяльна падабраных (вольных) практыкаванняў уключае практыкаванні на спарт. снарадах (брусы, перакладзіна, бервяно, «конь», батут і інш.), з рознымі прадметамі (скакалка, мяч, абруч і інш.); некаторыя практыкаванні ідуць з муз. суправаджэннем. Спарт. гімнастыка мае на мэце дасягненне вышэйшага спарт. майстэрства (гл. Акрабатыка, Мастацкая гімнастыка, Спартыўная гімнастыка). Дапаможная (прыкладная) гімнастыка спрыяе высокім дасягненням у розных відах спорту (спарт.-прыкладная гімнастыка), павышэнню прадукцыйнасці працы (вытворчая, прафесійна-прыкладная гімнастыка), узнаўленню страчаных функцый, умацаванню здароўя (лячэбна-аздараўленчая гімнастыка, гл. таксама Лячэбная фізкультура).

т. 5, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЧКІ́ НА БАТУ́ЦЕ,

высокія падскокі на спарт. батуце з пераваротамі і вярчэннем; від спорту з элементамі акрабатыкі. Батут — плеценая сетка даўж. 3,6—4,3 м; шыр. 1,8—2,15 м, замацаваная на раме, выш. 0,95—1,05 м. Віды спаборніцтваў: індывід., па сінхронных скачках (2 спартсмены) і камандныя Кожны від складаецца з абавязковай і адвольнай праграм, якія ўключаюць па 10 элементаў.

Да 1940-х г. выкарыстоўваліся як сродак трэніроўкі спартсменаў, пілотаў і парашутыстаў, уваходзілі ў цыркавыя праграмы. Спарт. спаборніцтвы праводзяцца з 1947 (ЗША). Міжнар. федэрацыя батута створана і праведзены 1-ы чэмпіянат свету ў 1964. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1970. Найб. пашыраны ў Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Швейцарыі.

Зборная каманда Беларусі — чэмпіён свету (1994). Мужчынская каманда — чэмпіён (1995) і сярэбраны прызёр (1996, 1998) чэмпіянатаў свету, чэмпіён Еўропы (1993). Жаночая каманда — сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1996), бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы (1993). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся: у мужчын — чэмпіёны і прызёры чэмпіянатаў свету Я.​Бяляеў, М.​Казак, Дз.​Паляруш, У.​Какорка (у сінхронных выступленнях з Казаком); у жанчын — сярэбраныя прызёры чэмпіянату свету Т.​Граеўская, Н.​Карпянкова, Г.​Лебедзева, Т.​Чуміна (бронз. прызёр чэмпіянату свету, 1978) і Т.​Мамай — чэмпіёнкі Еўропы ў індывід. (адпаведна 1974 і 1976) і сінхронных (1977) скачках, і інш.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 14, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)