ГАЙДА́Й (Леанід Іовіч) (30.1.1923, г. Свабодны Амурскай вобл., Расія — 19.11.1993),
рускі кінарэжысёр. Нар.арт. Расіі (1974), нар.арт.СССР (1989). Скончыў тэатр. студыю пры Іркуцкім абл.драм. т-ры (1947), Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1955). Працаваў у жанры сатыр. камедыі. Майстар эксцэнтрыкі, гратэску, пародыі. Яго фільмы адметныя лёгкасцю, дасціпнасцю і адточаным рытмам: «Пёс Барбос і незвычайны крос» (кінаальманах «Зусім сур’ёзна», 1961), «Самагоншчыкі» (1962), «Дзелавыя людзі» (1963), «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Каўказская палонніца» (1967), «Брыльянтавая рука» (1969), «12 крэслаў» (1971), «Іван Васілевіч мяняе прафесію» (1973), «Спортлато-82» (1982), «Прыватны дэтэктыў, або Аперацыя «Кааперацыя» (1990), «На Дзерыбасаўскай добрае надвор’е, ці На Брайтан-Біч ізноў ідуць дажджы» (1992). Аўтар ці сааўтар сцэнарыяў сваіх фільмаў. Дзярж. прэмія Расіі 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́ШНІКАЎ (Уладзімір Аляксандравіч) (5.3.1923, Мінск — 28.9.1994),
бел. акцёр. Засл.арг. Беларусі (1967). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1951). З 1951 у Дзярж. т-ры лялек Беларусі, у 1990—94 у Мінскім абл. т-ры лялек «Батлейка» ў Маладзечне. Характарны акцёр. Вобразы, створаныя К. у нац. рэпертуары, вызначаюцца мяккай лірычнасцю, сакавітасцю акцёрскіх фарбаў: у Дзярж. т-ры лялек — Дзед, Кароль Дурымонт («Дзед і Жораў», «Цудоўная дудка» В.Вольскага), Цар («Каваль Вярнідуб» паводле А.Якімовіча), Дзед («Ліпавічкі» паводле У.Галубка), Бацька («Званы твайго лёсу» А.Вольскага і П.Макаля), пёс Мамент і Паромшчык («Чаканпе сабакі Тэафіла» Г.Марчука) і інш.; у т-ры «Батлейка» — Чорт, Чараўнік і Кароль («Казкі Несцеркі» і «Сіняя світа» А.Туравай), Бацька, Каваль, Казачнік («Піліпка і Ведзьма» С.Кавалёва), Пёс Барбос («Чароўны камень» В.Лукшы), Удаў («Прывітанне для мартышкі» Р.Остэра і «Насарог і жырафа» Х.Гюнтэра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКУ́ЛІН (Юрый Уладзіміравіч) (18.12.1921, г. Дзямідаў Смаленскай вобл., Расія — 21.8.1997),
расійскі артыст цырка і кіно. Нар.арт.СССР (1973). Герой Сац. Працы (1990). Скончыў Студыю размоўных жанраў і клаунады пры Маскоўскім цырку (1950) і працаваў у гэтым цырку як клоун-дывановы пад кіраўніцтвам Карандаша, з 1951 у дуэце з М.Шуйдзіным. З 1983 маст. кіраўнік, дырэктар Маскоўскага цырка на Цвятным бульвары. У масцы клоуна прадстаўляў флегматычнага, знешне праставатага, але хітрага чалавека. З гэтай маскай у вобразе Балбеса зняўся ў эксцэнтрычных кінакамедыях «Пёс Барбос і незвычайны крос» (1961), «Самагоншчыкі» (1962), «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Каўказская палонніца» (1967). У фільмах «Калі дрэвы былі вялікімі» (1962), «Ка мне, Мухтар!» (1965) праявіліся драм. дараванне артыста, уменне раскрыць у ролі складаную гаму псіхал. станаў. Прастатой і стрыманасцю манеры вылучаюцца ролі ў фільмах «Дваццаць дзён без вайны» (1977), «Пудзіла» (1984), лірычнай і чалавечай непасрэднасцю — знешне камедыйна-гратэскныя ролі ў фільмах «Брыльянтавая рука» (1969), «Старыя-разбойнікі» (1972). Зняўся таксама ў фільмах «Андрэй Рублёў» (1971), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975), «Цырк для маіх унукаў» (1990). Дзярж. прэмія Расіі 1970.