Плывуне́ц ’ранні баравік’ (уздз., мсцісл., Нар. словатв.). Да плыць, выплыва́ць (гл.). Матывацыя: баравікі з’яўляюцца тады, калі каласуе жыта = ’выплывае” ў трубку”’ (тамсама).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

каласаві́к, ‑а, м.

Разм. Баравік, які расце ў час каласавання жыта. У чэрвені штогод паяўляюцца баравікі. Іх называюць каласавікамі, бо яны растуць у час, калі красуе жыта. Мяжэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падбяро́завік, ‑а, м.

Ядомы грыб з гладкай буравата-шэрай шапкай, які расце ў бярэзніку; абабак; бабка; бярозавік; чорнагаловік. На кожным кроку сустракаліся грыбы — баравікі, падбярозавікі, падасінавікі. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хвайня́к, ‑у, м.

Разм. Тое, што і хвойік. Міма акна праплываюць старыя хвайнякі. Навуменка. І я ўспомніў, як світаннем У густыя хвайнякі, Бы да любай на спатканне, Бег збіраць баравікі... Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уро́ссып, прысл.

1. У розныя бакі. Бегчы ўроссып. □ Куры ашалела кінуліся ўроссып, далей ад небяспекі. Шыловіч.

2. Асобна, не разам. На доўгіх століках, уроссып, Як карапузы-хлапчукі, Нядаўна вымытыя ў росах, На сонцы спяць баравікі. Гілевіч. Стануць уроссып касцы на палосах, рушыць да бою працоўная раць. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мікольнік, жытк. мікольнікі, нікольнікі, ст.-дар. мікольные грыбы́ ’майскія грыбы (баравікі)’, ’від дуба’ (БЛ, 4, 33; лельч., Жыв. сл.; Сцяшк. Сл.; Мат. Маг.), ’лешч, які нерастуе недзе каля свята Міколы’ (бас. Нёмана, Жук.). Утвораны ад імя св. Міколы, якое з с.-грэч. Νικόλαος. Мена н > м адбылася на слав. глебе (параўн. таксама рус., укр. Микола, польск. Mikołaj, серб.-харв. Mikola.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

баравіко́вішча Месца ў лесе, дзе растуць баравікі Boletus (Краснап. Бяльк., Слаўг.). Тое ж баравікоўшчына (Бых.), баравікаўня́, баравіковічышча (Слаўг.).

в. Баравікоўшчына Валож.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

БАРАВІ́К, белы грыб (Boletus edulis),

шапкавы грыб сям. балетусавых. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца нярэдка ў хвойніках, ельніках, дубровах, бярэзніках і мяшаных лясах. Расце адзіночна і групамі. Сапратроф. Пладовыя целы з’яўляюцца ў чэрв. — кастрычніку.

Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы масай да 2, рэдка 4 кг. Шапка паўшарападобная, дыям. 4—20 см, мясістая, пазней плоска-пукатая, матавая. У залежнасці ад умоў росту ад белага да фіялетава-карычневага колеру. Ножка цыліндрычная або клубнепадобная, белаватая, з тонкім сеткавым малюнкам. Мякаць і гіменафор (малады) белыя, прыемна пахнуць, на зломе не мяняюць колеру. Утварае мікарызу з многімі дрэвамі (адрозніваюць каля 20 формаў баравіка — хваёвы, яловы, бярозавы, дубовы, грабавы і інш.). Багаты бялком, вугляводамі, тлушчам, мінер. рэчывамі; мае вітаміны A, B, C, D, PP, таксама антыбіётыкі, танізавальныя і проціпухлінныя рэчывы. Спажываюць баравікі смажаныя, вараныя, марынаваныя, сушаныя.

Баравік.

т. 2, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

завя́лы, ‑ая, ‑ае.

Які завяў, зрабіўся вялым; засохлы, падсохлы. Зморшчаныя, завялыя баравікі нанізвалі на нітку, і яны дасушваліся ўжо на сонцы. Жычка. Марцін сяджу на драбінках калёс, звесіўшы ногі, і нецярпліва кусаў пахучую завялую травінку, выцягнутую з сена. Мележ. // перан. Які страціў жвавасць, свежасць; пабляклы. Я ўспомніў.. каменданта — нізкага, тоўстага, з бычыным каркам і завялымі непрыкметнымі вачыма. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чорнагало́вік, ‑а, м.

1. Шматгадовая травяністая расліна сямейства губакветных. На купінах рос чорнагаловік і асака самага горшага гатунку. Крапіва.

2. Разм. Пра таго, хто мае цёмныя або чорныя валасы. Вось важаты першага звяна Лёня Ваўчок, энергічны, жвавы чорнагаловік. Краўчанка.

3. Разм. Разнавіднасць баравіка з цёмнай, чорнай шапкай. Тут — баравікі-прыгажуны, пераважна чорнагаловікі, і растуць яны сем’ямі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)