апаро́ць, апару, апораш, апора; зак.

Разм. Знайсці ў выніку пільных пошукаў. [Цімох Сымонавіч:] — А тым часам я не пабаяўся з дачкой і з сынам — вы іх хутка пабачыце, яны баравікоў апаролі добрых — набраць арэхаў і пасадзіць іх у старыцы, дзе іх ніколі не было. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́шык, ‑а, м.

Невялікі кош; тое, што і кош (у 1 знач.). З калгаса прыбег.. Піліпчык. Ён прынёс цэлы кошык, напакаваны ўсякай ежай. Лынькоў. Мы назбіралі з доктарам Ваўковічам грыбоў — ён поўны кошык, а я ўсяго некалькі баравікоў — і селі адпачыць. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

задажджы́цца, ‑джыцца; безас. зак.

Разм. Пра зацяжныя дажджы, дажджлівае надвор’е. Задажджылася на цэлыя суткі. □ У грыбныя часы, калі задажджыцца і работа спыніцца на полі, дзядзька Марцін браў каробку і хоць выхадзіць палавіну дня, затое ж прынясе такіх баравікоў, што хоць вязі на выстаўку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распрада́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; зак., што.

Прадаць па частках, паступова ўсё дарэшты. Памешчыкі ў нас распрадалі маёнткі яшчэ да першай сусветнай вайны, павыязджалі ў горад. Карпюк. Дзяўчаты распрадалі вязанкі сушаных баравікоў, мяшочкі ягад і арэхаў, яйкі, сыры, масла і накуплялі сабе ўбораў. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трая́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Разм. Прадмет, які мае тры аднолькавыя часткі або складаецца з трох аднолькавых частак. Траянка баравікоў. Траянка арэхаў.

2. Абл. Мука з сумесі грэчкі, пшаніцы і ячменю. Пазычыць кулёк траянкі.

3. Абл. Страва з пшанічнай мукі. яец і салодкага малака, у якую мачаюць бліны. Смачней за траянку стравы не знойдзеш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чорнагало́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае цёмныя або чорныя валасы. Чорнагаловы Віця, нашмат меншы за сястру, першым чынам пачаў расказваць бацьку з маткай, колькі ён узяў добрых грыбоў — баравікоў і колькі падасінавікаў. Ермаловіч. // Які мае чорную галаву (пра птушку, жывёлу і пад.). Уверсе, на галлі, шмыгае чорнагаловая слаўка, скача, папіскваючы, чубатка-сініца, асыпаючы на мяне старыя шыпулькі. Хомчанка.

2. З цёмным, чорным верхам. Чорнагаловыя, ўдалыя, Баравічкі мае любыя! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

полк, палка, м.

1. Самастойная вайсковая адзінка, якая звычайна ўваходзіць у склад дывізіі або брыгады. Стралковы полк. □ Задача ўзвода, як і ўсяго палка, была — заняць рэйхстаг... Хомчанка. Праходзяць за ротаю рота гвардзейскія нашы палкі. Аўрамчык.

2. перан.; чаго. Вялікая колькасць, мноства. [Камендант:] — За ім [Шэметам], відаць, полк падшыванцаў стаіць. Бажко. Стаяць палкі баравікоў; дрыжыць басок чмяліны. Вялюгін.

•••

Кавалергардскі полк — першы полк гвардзейскай цяжкай кавалерыі, які ахоўваў асоб царскай фаміліі.

У нашым палку прыбыло гл. прыбыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Казля́к1 ’масляк’ (БРС, ТСБМ; лаг., петр., Жыв. сл.; уздз., Нар. словатв.; брасл., гарад., лудз., Сл. паўн.-зах.; Сцяшк., Шат.), ’грыб Boletus bovinus’ (Дэмб.), ’грыб Boletus scaber’ (Яруш.), ’нейкі грыб’ (Прышч. дыс., Сержп., Яруш.), ’перцавы грыб’ (уздз., Нар. словатв.), ’усякі грыб’ (Бяльк.), ’усе грыбы, апрача баравікоў’ (Арх. ГУ; глус., мазыр., стаўбц., Жыв. сл.; Маш.; шчуч., Сл. паўн.-зах.; Янк. 2), козляк: білый козляк ’грыб каўпак кольчаты, падбалацянка’ (пін., Жыв. сл.), козляк ’агульная назва ядомага грыба, апрача баравіка’ (бяроз., драг., іван., пін., Жыв. сл.), козлякы, козлек, кузлякы, кузлек ’тс’ (драг., Жыв. сл.), кузляк ’тс’ (стол., Жыв. сл.), козлякі ’агульная назва ўсіх ядомых грыбоў, акрамя баравікоў і падасінавікаў’ (пруж., Нар. словатв.). Укр. усх.-палес. казляк ’любы ядомы грыб, за выключэннем баравіка’, козляки ’тс’, рус. козляк ’грыб масляк; грыб абабак’ (першае лічыцца дыялектным: валд., наўг., цвяр., калін., бран., калуж., раз., ярасл., смален. і інш.). Лінгвагеаграфія не вельмі выразная. Улічваючы наяўнасць слова ў розных дыялектных зонах Беларусі і параўноўваючы вялікую рускую тэрыторыю распаўсюджання, казляк можна лічыць усх.-слав. інавацыяй. Бел. слова Сцяцко (Афікс. наз., 146) лічыць вытворным з дапамогай суфікса ‑як, відавочна, ад казёл, на карысць такой думкі паралельныя дэрываты ад казабел. казяк, рус. козьяк ’масляк, абабак’, аднак на магчымасць іншага тыпу дэрывацыі ўказваюць такія прыклады, як бел. швянч. казля ’масляк’ і козляк, козлячок, прыведзеныя Насовічам як дублеты да казёл, каза ў назвах грыбоў. Аб матывацыі гл. каза, казёл.

Казля́к2, казьляк ’размоклая рэч’ (Ян.). Перанос ад казля́к ’грыб’, цікава звярнуць увагу на літ. óžgrybis ’абабак’ і ’вялы чалавек, размазня’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

перанасі́ць, ‑нашу, ‑носіш, ‑носіць; зак.

1. каго-што і чаго. Перанесці, аднесці куды‑н. паступова або за некалькі прыёмаў усё, вялікую колькасць чаго‑н. Перанасіць усе дровы пад павець. Перанасіць бульбу ў склеп кашамі. □ Колькі Юрка перанасіў адтуль — з бярэзніку і з ячменю — баравікоў... І адзін, і з бацькам... Пташнікаў.

2. што. Знасіць вялікую колькасць чаго‑н. (пра адзежу, абутак і пад.).

3. што. Разм. Пранасіцца даўжэй за што‑н. Мае лапці лазовыя пераносяць твае боты казловыя. Прыказка.

4. каго. Пранасіць дзіця звыш тэрміну (пра цяжарную).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

НАРО́ДНАЯ МЕТЭАРАЛО́ГІЯ,

старажытная галіна нар. ведаў пра магчымае надвор’е ў бліжэйшы ці больш аддалены час. Выклікана неабходнасцю арыентавацца ў зменах стану надвор’я для аптымальнага вядзення гаспадаркі, земляробства. Прадказанні надвор’я засноўваліся на шматвяковым вопыце, назіральнасці, глыбокім веданні прыроды. Геагр. месцазнаходжанне, кліматычныя ўмовы і інш. вызначаюць характэрныя асаблівасці Н.м. ў розных народаў.

На Беларусі зыходнымі ў прадказанні надвор’я найчасцей былі каляндарныя святы, перыяды (адліга на Каляды — вясна будзе ранняя, а лета багатае). У прыкметах устанаўлівалася залежнасць характару надвор’я паміж асобнымі каляндарнымі днямі і перыядамі (калі перад Калядамі мароз і завіруха, то перад Вялікаднем будзе цёпла і ціха). Меркавалі пра будучае надвор’е таксама на падставе самаадчування чалавека, арганізм якога рэагаваў на змены атмасфернага ціску, набліжэнне ападкаў. Вял. колькасць метэаралагічных прагнозаў складаюць нар. павер’і, заснаваныя на назіраннях людзей за жывёльным светам, птушкамі, насякомымі (певень спявае ўвечары — будзе дождж ці адліга; калі пчолы з раніцы сядзяць у вуллі і гудуць, а мурашкі хаваюцца ў мурашніку — будзе дождж). Асаблівасці росту, цвіцення, выспявання пладоў розных раслін тлумачылі як прадказанне пэўных зрухаў у надвор’і, як прагноз на асаблівасці будучых пор года (напр., калі шмат баравікоў, то зіма будзе вельмі снежная). Прызнанымі арыенцірамі ў вызначэнні надвор’я лічыліся нябесныя свяцілы (сонца заходзіць у хмары — на дождж). Ад маладзікоў заўсёды чакалі атмасферных перамен. Уважлівае ўзіранне ў разнастайныя праявы навакольнага свету і ўменне ўлавіць іх прычынна-выніковую залежнасць дазволілі выпрацаваць цэлую сістэму ведаў у галіне Н. м. Пад увагу браліся таксама ўзаемасувязі атмасферных з’яў (чырвоныя воблакі пасля заходу сонца паказвалі на вецер). Прадказвалі надвор’е і па рэху: калі голас разлятаўся далёка, то чакалі пагоду, калі, наадварот, быў глухі — то непагадзь. Патрэба выклікаць тое ці інш. надвор’е нарадзіла ў свядомасці сялян комплекс магічных дзеянняў, рытуалаў (сыпалі мак у калодзеж, каб пайшоў дождж). Многія з нар. прыкмет знаходзяць у наш час навук. абгрунтаванне і ўзбагачаюць веды сучасных сіноптыкаў.

У.​А.​Васілевіч.

т. 11, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)