БУ́ДНЫ (Сымон) (каля 1530, в. Буды, цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча — 13.1.1593),
дзеяч бел. культуры, гуманіст, філосаф, асветнік; актыўны ўдзельнік рэфармацыйнага руху; адзін з заснавальнікаў навук. крытыкі Бібліі. Скончыў Кракаўскі ун-т (паступіў у 1544), магчыма, і Базельскі пратэстанцкі ун-т. З 1558 выкладаў на бел. мове ў пратэстанцкай школе ў Вільні, з 1560 кальвінісцкі прапаведнік у Клецку. Заснавальнік (з Л.Крышкоўскім і М.Кавячынскім) Нясвіжскай друкарні, дзе выдаў на бел. мове «Катэхізіс», свае творы «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» і інш. Незадаволены памяркоўнасцю кальвінізму, перайшоў на радыкальныя пазіцыі антытрынітарызму. З 1573 прапаведнік у Лоску (Валожынскі р-н). У 1574 у створанай ім Лоскай друкарні надрукаваў свой пераклад Новага Запавету з прадмовай, каментарыямі і заўвагамі, уласныя творы «Пра дзве сутнасці Хрыста», «Супраць хрышчэння дзяцей», «Кароткі доказ, што Хрыстос не з’яўляецца такім жа Богам, як айцец...» і інш. Меў сяброўскія кантакты з І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам, вёў перапіску з багасловам Арцеміем, Феадосіем Касым, удзельнічаў у рабоце арыянскіх сінодаў, дыспутах з езуітамі, палемізаваў з ідэолагамі арыянства Пятром з Ганёндза, Якубам з Калінаўкі, М.Чаховіцам. Ідэі Буднага паўплывалі на развіццё еўрап. рацыяналізму 17 ст., садзейнічалі фарміраванню вальнадумства. Як прадаўжальнік традыцый Ф.Скарыны, выступаў за роўнасць усіх саслоўяў перад законам і справядлівасць правасуддзя. Яго паліт. ідэал — асветная манархія. Не адмаўляючы сутнасці прыгонніцтва, патрабаваў абмежавання феад. самавольства. Лічыў, што простаму народу патрэбны мір, што феадалы павінны клапаціцца пра яго адукацыю. Шмат зрабіў для развіцця бел. мовы, выступаў за выкарыстанне жывой нар. мовы ў рэліг. пісьменстве і царк. набажэнствах, за ўсебаковае супрацоўніцтва ўсіх славянскіх народаў.
Літ.:
Парэцкі Я.І. Сымон Будны. Мн., 1975;
Саверчанка І.В. Сымон Будны: Гуманіст і рэфарматар. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 2-і,
міжнароднае аб’яднанне сацыяліст. і рабочых партый у 1889—1914. Засн. ў Парыжы пры ўдзеле Ф.Энгельса, які да самай смерці (1895) з’яўляўся яго ідэйным кіраўніком. Пастаянны выканаўча-інфарм. орган (з 1900) — Міжнароднае сацыялістычнае бюро. Асн. пытанні міжнар. рабочага руху разглядаліся на кангрэсах: Парыжскім (1889), Брусельскім (1891), Цюрыхскім (1893), Лонданскім (1896), Парыжскім (1900), Амстэрдамскім (1904), Штутгарцкім (1907), Капенгагенскім (1910) і Базельскім (1912). У канцы 1912 І. 2-і аб’ядноўваў 27 сацыяліст і рабочых партый з 23 краін. На 1-м Парыжскім кангрэсе (1889) прыняты рашэнні аб штогадовым святкаванні дня міжнар. салідарнасці працоўных 1 мая, метадах і сродках барацьбы рабочага класа, неабходнасці выкарыстоўваць парламент у інтарэсах рабочых. Канечнай мэтай міжнар. рабочага руху быў абвешчаны сацыялізм, яго бліжэйшымі задачамі — увядзенне 8-гадзіннага рабочага дня, належнай аховы працы і ажыццяўленне інш.сац.-эканам. правоў рабочых. На Брусельскім, Цюрыхскім і Лонданскім кангрэсах прымаліся рашэнні аб негатыўным стаўленні рабочага класа да вайны і каланіялізму. У канцы 19 — пач. 20 ст. кіраўніцтва буйнейшых сацыяліст. партый І. 2-га паступова адыходзіла ад рэв. ідэалогіі марксізму, лічачы неабходным для канкрэтных інтарэсаў працоўных ісці на супрацоўніцтва з буржуазіяй (гл.Апартунізм). Супраць гэтай тэндэнцыі вялі барацьбу рас. бальшавікі на чале з У.І.Леніным. У сувязі з нарастаннем пагрозы сусв. вайны Штутгарцкі, Капенгагенскі і Базельскі кангрэсы асудзілі імперыял. войны, выкрывалі мілітарызм, выступалі супраць ваен. пагрозы. Аднак у пач. 1-й сусв. вайны кіраўніцтва еўрап.сацыяліст. партый (у Германіі, Францыі і інш.) падтрымала свае ўрады — прагаласавала ў парламентах за выдзяленне ваен. крэдытаў. Гэта азначала адыход ад прынцыпу інтэрнацыяналізму на пазіцыі сацыял-патрыятызму («сацыял-шавінізм»), І. 2-і пацярпеў ідэйны крах і фактычна распаўся ў 1914. Спробай аднавіць І. 2-і была дзейнасць Сацыялістычнага рабочага інтэрнацыянала (1923—40). Яго пераемнікам з’яўляецца Сацыялістычны інтэрнацыянал, заснаваны ў 1951.
Літ.:
Кривогуз И.М. «Сознательный рабочий никогда не отречется»: (К истории Второго Интернационала 1889—1914 гг.). М., 1990.