ПАЎДНЁВА-ЦІХААКІЯ́НСКАЕ ПАДНЯ́ЦЦЕ (ХРЫБЕ́Т),

падводны сярэдзіннаакіянічны хрыбет у паўд. частцы Ціхага ак., усх. працяг Аўстрала-Антарктычнага падводнага падняцця. Цягнецца ў паўн.-ўсх. напрамку на 4100 км, у раёне 135° зах. д. аддзяляецца разломам Элтанін ад Усх.-Ціхаакіянскага падводнага падняцця. Шыр. да 750 км, глыб. падэшвы 4500 м. Пераважная глыб. над хрыбтом 2500—3000 м, найменшая — 878 м. Ад інш. сярэдзіннаакіянічных хрыбтоў адрозніваецца больш вял. шырынёй, меншай выражанасцю рыфтавай зоны.

т. 12, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-АЎСТРАЛІ́ЙСКАЯ КАТЛАВІ́НА,

падводная катлавіна ў паўд.-ўсх. частцы Індыйскага ак., на Пд ад Аўстраліі. На Пн і ПнУ абмежавана мацерыковым схілам Аўстраліі, на ПдАўстрала-Антарктычным падводным падняццем. Даўж. каля 2400 км, шыр. больш за 900 км, пераважаюць глыбіні каля 5000 м, найб. 6019 м (у зоне разлому Дыямантына). Усх. ч. катлавіны — плоская абісальная раўніна, у паўн.-зах. ч. дно расчлянёна глыбокімі жалабамі і хрыбтамі. Донныя асадкі — чырвоныя гліны, месцамі з жалеза-марганцавымі канкрэцыямі, уздоўж паўн. і ўсх. ускраін — фарамініферавыя ілы.

т. 12, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЎСАН ((Mawson) Дуглас) (5.5.1882, г. Брадфард, Вялікабрытанія — 14.10.1958),

аўстралійскі геолаг, падарожнік, даследчык Антарктыкі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1923). Скончыў Сіднейскі ун-т (1904). З 1905 у Адэлаідскім ун-це, у 1920—54 праф., заг. кафедры. У 1907—09 удзельнічаў у англ. экспедыцыі пад кіраўніцтвам Э.Г.Шэклтана, якая дасягнула Паўд. магнітнага полюса. У 1911—14 кіраўнік аўстрал. экспедыцыі на караблі «Аўрора», у 1929—31 — англа-аўстрала-новазеландскай экспедыцыі на караблі «Дыскаверы». У Антарктыцы М. адкрыў і пазначыў на карце больш за 200 геагр. аб’ектаў. Навук. працы па вывучэнні геалогіі і гляцыялогіі Усх. Антарктыкі і Паўд. Аўстраліі (стратыграфія дакембрыю, геахімія, мінералогія). Імем М. ў Антарктыцы наз. палярная станцыя, паўвостраў, бераг, мора і інш.

т. 10, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТА́РКТЫКА,

паўднёвая палярная вобласць Зямлі, якая ўключае мацярык Антарктыду і прылеглыя да яго ўчасткі Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў з астравамі. Мяжа Антарктыкі — паўн. размяшчэнне антарктычнага палярнага фронту, які праходзіць паміж 48° і 60° паўд. шыраты. Пл. каля 52,5 млн. км². Мацярык акружае шэльфавая паласа з глыбінямі да 500—600 м. Круты мацерыковы схіл на глыб. каля 3000 м зменьваецца шырокай паласой акіянскіх катлавін: Афрыканска-Антарктычнай, Аўстрала-Антарктычнай, Белінсгаўзена і Паўд.-Антыльскай з глыбінямі 5000—7000 м. Найглыбейшая частка — Паўд.-Сандвічаў жолаб (да 8428 м) з вял. сейсмічнасцю. На Пн ад катлавін Паўд.-Антыльскі і Афрыканска-Антарктычны хрыбты, Аўстрала-Антарктычнае і Паўд.-Ціхаакіянскае ўзвышша з тэктанічнымі разломамі і вулканічнымі масівамі. Антарктыка — найб. суровая вобласць Зямлі з нізкімі т-рамі паветра, снежнымі завірухамі, моцнымі вятрамі і туманамі. Мацярык — вобласць пастаяннага марозу. У субантарктычных раёнах сярэднія т-ры паветра самага цёплага месяца 10 °C, самага халоднага ад 0 да -10 °C. Ападкаў 300 — 500 мм каля ўзбярэжжа Усх. Антарктыды і да 1000 мм за год на паўн.-зах. узбярэжжы Антарктычнага п-ва і субантарктычных астравах. Т-ра антарктычных водаў ад -1,8 да 2 °C зімой і ад -1,2 да 3,5 °C летам. Салёнасць каля 34‰. На паўн. перыферыі Антарктыкі магутнае антарктычнае цыркумпалярнае цячэнне (пераносіць ваду на У), у 60-х шыротах сістэма стацыянарных цыкланічных кругаабаротаў антарктычнага цячэння (пераносіць ваду на З, уздоўж узбярэжжа Антарктыды). Плошча, занятая марскімі льдамі, у канцы зімы 18—19 млн. км², летам 2—3 млн. км². Характэрны сталовыя айсбергі. Арганічны свет антарктычнай сушы вельмі бедны, у акіянах — багаты. На астравах тундравая расліннасць (імхі, лішайнікі, парасонавыя, некаторыя злакі і інш.). Шмат марскіх птушак — пінгвіны, буравеснікі, паморнікі, альбатросы, белы сявец, конік антарктычны і інш. У марской фауне кіты (фінвал, гарбач, сіні кіт, сейвал), ластаногія (марскі слон, марскі леапард, цюлені Уэдэла, Роса, крабаед, маржы), донныя арганізмы (ігласкурыя губкі, імшанкі і інш.). Рыбы сям. нататэніевых, ёсць анчоўсы, камбала і інш.

Міжнародны дагавор 1959 устанаўлівае, што тэр. Антарктыкі — нейтральная і дэмілітарызаваная зона, якая выкарыстоўваецца ў мірных мэтах пры поўнай свабодзе навук. даследаванняў.

Літ.:

Трешников А.Ф. Антарктика: исследования, открытия. Л., 1980;

Слевич С.Б. Антарктика в современном мире. М., 1985.

Айсберг у Антарктыцы.
Кіты ў Антарктыцы.

т. 1, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́СЫ чалавека

(франц. гасе ад італьян. razza парода),

біялагічныя падраздзяленні адзінага віду сучаснага чалавека (Homo sapiens), якія склаліся гістарычна на пэўных тэрыторыях (арэалах) і характарызуюцца сукупнасцю пэўных спадчынных прыкмет будовы цела. Чалавечыя Р. не маюць тэндэнцыі да відаўтварэння і не з’яўляюцца ступенямі эвалюцыі. Паміж Р. не існуе жыццёва важных марфал., фізіял., псіхічных адрозненняў; неабмежаванае змешванне чалавечых Р. сведчыць пра адзінства іх паходжання і прыналежнасць да адзінага віду. Расавыя асаблівасці не ўплываюць на развіццё грамадства. Расавы склад народаў — вынік гіст. развіцця.

Першыя спробы класіфікацыі Р. адносяцца да 17—18 ст. (Г.​Лейбніц, К.​Ліней, Ж.​Бюфон, І.​Кант, Ж.​Кюўе і інш). Шырокае прызнанне атрымала класіфікацыя франц, вучонага Ж.​Дэнікера (1889), якая лягла ў аснову большасці сучасных сістэм. Значны ўклад у распрацоўку класіфікацыі Р. сав. антраполагаў (В.​В.​Бунак, Г.​Ф.​Дэбец, М.​М.​Чабаксараў, А.​І.​Ярхо і інш.). У сучаснай антрапалогіі існуюць 2 кірункі ў класіфікацыі чалавечых Р. — тыпалагічны і папуляцыйны. Паводле першага рабілася спроба вызначыць «расавую прыналежнасць» кожнага індывіда, што часта немагчыма, бо расавыя прыкметы наследуюцца не комплексам, а незалежна адна ад адной і часта значна вар’іруюць нават у малой групе насельніцтва, звязанай кроўнай роднасцю; падобныя прыкметы могуць узнікаць самастойна і нават ад дзеяння розных генаў. У 2-й пал. 20 ст. найбольшае прызнанне ў класіфікацыі Р. атрымаў папуляцыйны кірунак, які ўлічвае, што характарыстыка Р. заснавана на стат. крытэрыях, сярэдніх велічынях прыкмет і іх працэнтным размеркаванні, гэта асабліва важна пры вызначэнні Р. 2-га парадку, якія адрозніваюцца паміж сабой па 2—3 прыкметах. Папуляцыяністы вывучаюць адрозненні паміж групамі людзей, звязаных шлюбнымі сувязямі, па характары спадчыннасці вонкава падобных прыкмет (колер скуры і інш.), размеркаванні груп крыві і інш. Пры выяўленні роднасці Р. усё большае значэнне надаецца прыкметам з устаноўленай формай спадчыннасці. Пры гэтым, аднак, улічваецца, што канцэнтрацыя гэтых прыкмет можа значна зменьвацца пад уплывам адбору і т.зв. геннага дрэйфу, г.зн. выпадковай страты або назапашвання генаў у малых ізаляваных папуляцыях. Неабмежаванае змешванне Р. дае магчымасць прадбачыць, што ў будучым Р. перастануць існаваць, а фіз. адрозненні паміж людзьмі набудуць індывідуальны характар.

Чалавецтва падзяляецца на 3 вял. Р. 1-га парадку: аўстрала-негроідную (экватарыяльную), якая ўключае аўстралоідную, ведоідную, меланезійскую, негрскую, бушменскую Р. 2-га парадку (гл. Негроідная раса); еўрапеоідную (еўразійскую), якая ўключае атланта-балтыйскую, беламорска-балтыйскую, сярэднееўрапейскую, індаміжземнаморскую, балкана-каўказскую Р. 2-га парадку (гл. Еўрапеоідная раса); мангалоідную (азіяцка-амерыканскую), якая ўключае паўночна-азіяцкую, арктычную (эскімоскую), далёкаўсходнюю, паўднёваазіяцкую, амерыканоідную Р. 2-га парадку (гл. Мангалоідная раса). Становішча некат. груп, фізічны тып якіх не ўкладваецца ў гэты падзел, дыскусійнае. Аўстралійцы формаю валасоў падобны да еўрапеоіднай Р., іншымі прыкметамі — да экватарыяльнай (гл. Аўстралоідная раса). Айны фізічнымі прыкметамі больш падобны да еўрапейцаў, а паходжаннем бліжэй да аўстралійцаў. Гатэнтоты і бушмены падобныя да мангалоідаў жоўтым колерам скуры, інш. прыкметамі — да экватарыяльнай Р. Амер. індзейцы некат. прыкметамі набліжаюцца да еўрапеоіднай Р., іншымі яны бліжэйшыя да мангалоідаў (гл. Амерыканоідная раса). Складаным з’яўляецца пытанне пра паходжанне палінезійцаў, у якіх выяўляецца падабенства да ўсіх трох вял. Р. Ёсць меркаванне, што яны ўтварыліся ад расавых змяшэнняў. Прамежкавае становішча займаюць эфіопская (паміж еўрапеоіднай і аўстрала-негроіднай Р.), паўднёваіндыйская (паміж ведоіднай і індаміжземнаморскай Р.), уральская (паміж беламорска-балтыйскай і паўночнаазіяцкай), паўднёва-сібірская (паміж мангалоіднай і еўрапеоіднай) Р. Нейтральнае становішча займае курыльская Р.

Паводле даследаванняў Р.​Я.​Дзянісавай, В.​В.​Бунака і В.​Дз.​Дзячэнкі на тэр. Беларусі вылучаны 2 антрапал. тыпы. Беларусы паўн.-зах., паўн. і паўн.-ўсх. раёнаў маюць сярэдні рост, светлы колер скуры, вачэй і валасоў, сярэднешырокі нізкі твар з прамой або ўвагнутай спінкай носа, сярэднегустой барадой і належаць да беламорска-балтыйскай Р. 2-га парадку еўрапеоіднай вял. Р. Беларусы Палесся маюць больш цёмны колер вачэй і валасоў, больш прамую спінку носа і належаць да сярэднееўрапейскай Р. 2-га парадку еўрапеоіднай вял. Р.

Фарміраванне сучасных Р., магчыма, адбылося ў эпоху позняга палеаліту, калі ўжо можна прасачыць прадстаўнікоў асн. Р.: еўрапеоідам адпавядаюць краманьёнцы, аўстрала-негроіднай Р. — познапалеалітычнае насельніцтва Паўд. і Цэнтр. Афрыкі і Інданезіі, мангалоідам — стараж. насельніцтва Сібіры і Кітая. У канцы позняга палеаліту і ў мезаліце з Пд і У людзі засялілі вобласць Паўн. Еўразіі, што суправаджалася змяшэннем прадстаўнікоў еўрапеоіднай і мангалоіднай Р. і ўтварэннем прамежкавых тыпаў. У познім палеаліце засяляецца Аўстралія з Паўд.-Усх. Азіі і Амерыка з Паўн. Азіі праз вобласць Берынгава праліва. І пазней на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва адбываюцца пастаянныя міграцыі насельніцтва. Найб. з іх, т.зв. Вялікае перасяленне народаў, адбылося на мяжы н.э. з Цэнтр. Азіі праз Зах. Сібір, Казахстан, Сярэднюю Азію ў стэпы Прычарнамор’я. З 10 ст. нарманы праніклі ў Грэнландыю і Паўн. Амерыку, з 16 ст. іспанцы, партугальцы, пазней галандцы і англічане засялялі Амерыку, рускія — Сібір, галандцы і англічане каланізавалі Паўд. Афрыку. У 19 ст. ўзмацнілася эміграцыя з розных краін Еўропы ў Амерыку, англічане каланізавалі Аўстралію і Новую Зеландыю, кітайцы і японцы рассяліліся на астравах Ціхага акіяна.

Літ.:

Тегако Л.И. Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.

І.​І.​Салівон.

т. 13, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫ́ЙСКІ АКІЯ́Н,

трэці па велічыні акіян на Зямлі (пасля Ціхага і Атлантычнага). Размешчаны пераважна ў Паўд. паўшар’і, паміж Афрыкай, Азіяй, Аўстраліяй і Антарктыдай. Пл. з морамі 76,17 млн. км², аб’ём вады 282,6 млн. км³. Сярэдняя глыб. 3711 м, найб. — 7729 м (Зондскі жолаб). Умоўную мяжу з Атлантычным ак. праводзяць па мерыдыяне мыса Ігольнага, з Ціхім ак. — па мерыдыяне м. Паўднёвага.

Берагі. Берагавая лінія слаба расчлянёная, за выключэннем паўн. часткі, дзе размяшчаецца большасць ускраінных мораў і буйнейшых заліваў. Да бас. І.а. належаць моры: Чырвонае (унутр.), Аравійскае, Андаманскае, Тыморскае, Арафурскае і антарктычныя — Рысер-Ларсена, Касманаўтаў, Садружнасці, Дэйвіса, Моўсана, Дзюрвіля; буйныя залівы: Адэнскі, Персідскі, Аманскі, Бенгальскі, Карпентарыя, Вялікі Аўстралійскі (гл. адпаведныя арт.). На ПнЗ і У берагі карэнныя, на ПнУ і З пераважаюць наносныя.

Астравы. Астравоў параўнальна мала. Найбольшыя з іх мацерыковага паходжання: Мадагаскар, Сакотра, Шры-Ланка. У адкрытай ч. акіяна трапляюцца вулканічныя астравы: Кразе, Каморскія, Маскарэнскія, Андаманскія і інш.; каралавыя астравы: Лакадыўскія, Мальдыўскія, Чагас, Какосавыя, Аміранцкія (гл. адпаведныя арт.).

Рэльеф дна і тэктанічная будова. У будове дна вылучаюцца: падводная ўскраіна мацерыкоў (шэльф) — 29%, мацерыковы схіл — 2%, ложа акіяна — 52%, сярэдзінна-акіянічныя хрыбты — 17% ад пл. акіяна. У межах шэльфа змяншаецца магутнасць зямной кары мацерыковых ускраін і яна пераходзіць у акіянічную. На ПнУ акіян абмежаваны складанай пераходнай зонай (актыўнай ускраінай — зонай паглынання літасферных пліт), якая ўключае Зондскую астраўную дугу і Зондскі жолаб. Шыр. шэльфаў не перавышае некалькіх дзесяткаў кіламетраў, у раёне м. Ігольнага на Пд Афрыкі, каля зах. ўзбярэжжа п-ва Індастан і паўн.-зах. ўзбярэжжа Аўстраліі яна пашыраецца да 300—350 км. Край шэльфа знаходзіцца на глыб. 100—200 м (каля Антарктыды да 400—500 м). Мацерыковы схіл уяўляе сабой круты (да 10—30°) уступ, месцамі расчлянёны падводнымі далінамі рэк Інд, Ганг і інш. У межах ложа акіяна вылучаецца Сярэдзінна-Індыйскі хр., утвораны сістэмай сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў (Аўстрала-Антарктычнае падняцце, Заходне-Індыйскі хрыбет, Аравійска-Індыйскі, Афрыканска-Антарктычны, Цэнтральнаіндыйскі), якая ў раёне Адэнскага зал. і Чырвонага м. спалучаецца з унутрымацерыковымі сістэмамі рыфтаў. Агульная даўж. сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў І.а. каля 20 тыс. км, шыр. 400—1000 км і больш, выш. 2,5—4 км. Сярэдзінна-Індыйскі хр. падзяляе ложа акіяна на 3 сегменты, у якіх размяшчаюцца глыбакаводныя катлавіны: у паўн.-ўсх. секары — Аманская, Аравійская, Цэнтральная, Какосавая, Зах.-Аўстралійская, Натураліста, Паўд.-Аўстралійская; у зах. — Самалійская, Аміранцкая, Маскарэнская, Мадагаскарская, Каморская, Мазамбікская і Агульяс; у прыантарктычным — Кразе, Афрыканска-Антарктычная, Аўстрала-Антарктычная (гл. адпаведныя арт.). Сярэдзінныя хрыбты маюць максімальна расчлянёны рэльеф. Яны рассечаны шматлікімі трансформнымі разломамі, якія ў агаленнях даюць поўны разрэз акіянічнай кары (знізу ўверх) — ультраасн. пароды, габра, габра-дыябазы, базальтавыя лавы і асадачны слой. Сярэдняя магутнасць акіянічнай кары ў катлавінах 6 км. Рэльеф ложа ўскладняецца буйнымі хрыбтамі і масівамі, частка якіх (Мадагаскарскі, ч. Маскарэнскага з банкай Сейшэльскіх а-воў і банкай Сая-дэ-Мелья, узв. Агульяс) маюць мацерыковую кару. Паміж хрыбтамі размешчаны жалабы (Зондскі, Тыморскі, Кай). Фарміраванне І.а. пачалося 130—150 млн. гадоў назад пасля расколу Гандваны ў выніку рухаў Афр., Антарктычнай і Інда-Аўстрал. літасферных пліт. Напрамак і скорасць руху пліт мяняліся на працягу геал. гісторыі І.а. Найб. стараж. частка І.а. — вялізнае меза-палеазойскае базальтавае ложа на У і Пд. Зондскі жолаб утварыўся ў кайназойскі перыяд.

Донныя адклады. У размеркаванні асадкаў І.а. праяўляецца залежнасць ад шыротна-кліматычнай, цыркуммацерыковай і вертыкальнай занальнасці. Уздоўж мацерыкоў па перыферыі акіяна пашыраны тэрыгенныя адклады. У пелагіялі акіяна на глыб. менш за 4000 м намнажаюцца фарамініферавыя і какалітавыя ілы. На больш значных глыбінях у гуміднай экватарыяльнай і антарктычнай зонах яны замяшчаюцца крамяністымі (дыятомавымі і радыялярыевымі) іламі, у арыднай — чырвонымі глыбакаводнымі глінамі. Карысныя выкапні: нафта і газ (Персідскага заліва нафтагазаносны басейн, шэльфы Паўд.-Усх. Азіі, Аўстраліі; узбярэжжа Бангладэш, у Андаманскім і Чырвоным м., Адэнскім зал., уздоўж узбярэжжа Афрыкі); россыпныя радовішчы касітэрыту, рутылу, цырконію, манацыту (на ўзбярэжжы Паўд.-Усх. Азіі і Аўстраліі); буйныя палі жалеза-марганцавых канкрэцый на дне катлавін (Зах.-Аўстралійская, Цэнтральная, Паўд.-Аравійская, Кразе і інш.); вял. паклады солі ў Чырвоным м.

Клімат. І.а. размешчаны з Пн на Пд ва ўсіх кліматычных паясах Паўд. паўшар’я. Паўн. ч. знаходзіцца ў экватарыяльным і субэкватарыяльны паясах і толькі часткова (Чырвонае м., Персідскі зал. і ч. акіяна каля паўд. берагоў Аравійскага п-ва) у трапічным поясе Паўн. паўшар’я. Для паўн. часткі І.а. характэрна мусонная цыркуляцыя, якая фарміруецца пад уплывам сезоннага чаргавання высокага і нізкага атм. ціску над Азіяй. На трапічных і субтрапічных шыротах паўд. часткі І.а. пераважаюць паўд.-ўсх. пасатныя вятры, на ўмераных шыротах — зах. вятры з цыклонамі. У трапічных шыротах летам і ўвосень частыя ўраганы (тайфуны).

Гідралагічны рэжым. Паверхневыя цячэнні абумоўлены атм. цыркуляцыяй. На Пн пераважаюць мусонныя цячэнні, летам накіраваныя на У, зімою — на З. Каля афр. берагоў пераменнае Самалійскае цячэнне цёплае зімою і халоднае летам. Міжпасатнае супрацьцячэнне выразнае паміж 3° і 80 паўд. ш зімою. Пастаяннае Паўднёвае Пасатнае цячэнне з адгалінаваннямі цёплых Мадагаскарскага цячэння, Мазамбікскага цячэння і Ігольнага мыса цячэння. Кругаварот у Паўд. паўшар’і заканчваюць халодныя Заходніх Вятроў цячэнне і Заходне-Аўстралійскае цячэнне. Глыбінныя цячэнні ад Антарктыды і субтрапічных шырот пранікаюць на Пн да п-ва Самалі. У падпаверхневых слаях экватарыяльных шырот з З на У супрацьцячэнне Тарэева, звязанае з буйнамаштабнай сістэмай глыбіннага ўсх. пераносу. Пераважныя т-ры вады на паверхні вышэй за 20 °C, на крайнім Пд — ніжэй за 0 °C. Салёнасць ад 32 да 36,5‰, найб. — у Чырвоным м. (41‰) і Персідскім зал. (37—39‰). Шчыльнасць вады найб. (1027 кг/м³) у антарктычных шыротах, найменшая (1018 кг/м³) у паўн.-ўсх. ч. акіяна і ў Бенгальскім зал. прылівы паўсутачныя і няправільныя паўсутачныя (5—11,9 м у Камбейскім зал., 0,5—1,6 м у адкрытым акіяне). Ільды ўтвараюцца ў антарктычных шыротах і выносяцца ветрам і цячэннямі да 55° паўд. ш. ў жн. і да 65—68° паўд. ш. ў лютым. Айсбергі асабліва шматлікія паміж 40 і 80° усх. д.

Флора і фауна. У мелкаводнай трапічнай зоне шмат каралаў. Б.ч. ўзбярэжжа занята мангравымі зараснікамі са спецыфічнай фаунай. Ва ўмеранай зоне на мацерыковай водмелі чырвоныя і бурыя водарасці (ламінарыі фукусы, макрацысціс), розныя беспазваночныя. У слоі вады глыб. да 100 м у адкрытым акіяне перадзініевыя і дыятомавыя, а ў Аравійскім м. сіне-зялёныя водарасці. Асн. масу жывёл складаюць рачкі капеподы (больш за 100 відаў), малюскі, медузы, сіфанафоры і інш. З аднаклетачных характэрны радыялярыі, з рыб — лятучыя рыбы, буйныя і дробныя тунцы, рыбы паруснікі, акулы і інш. Толькі ў І.а. знойдзена найстаражытнейшая рыба латымерыя. Шмат кальмараў. Буйныя марскія млекакормячыя — дзюгонь, зубаты і бяззубы кіты, ластаногія. Сярод птушак найб. альбатросаў, фрэгатаў, пінгвінаў.

Гаспадарчае выкарыстанне. На І.а. прыпадае 5—6% сусв. ўлову рыбы і морапрадуктаў (сардзінела, тунцы, пеламіды, акуні, селядзец, анчоўсы, крэветкі і інш). Гал. раён промыслу — зах. ч. акіяна. Найбагацейшыя запасы нафты і газу на шэльфе Б. і Сярэдняга Усходу (Персідскі зал.); перспектыўныя шэльфавыя зоны Індастана, Усх. Афрыкі, Зах. Аўстраліі. Прыбярэжна-марскія россыпы Індастана, Шры-Ланкі, Зах. Аўстраліі багатыя ільменітам, цырконам, рутылам і манацытам. Каля берагоў М’янмы і Тайланда пашырана волаваносная руда (касітэрыт). Прыбярэжна-марскія радовішчы інтэнсіўна распрацоўваюцца. Глыбакаводная цэнтральная ч. акіяна перспектыўная для здабычы жалеза — марганцавых канкрэцый. Большая ч. марскіх маршрутаў транзітная (заканчваюцца ў партах Атлантычнага і Ціхага ак.). Гал. марскія шляхі пралягаюць у паўн. ч. акіяна (у шыротным напрамку) і з Персідскага зал., уздоўж узбярэжжа Афрыкі, у Атлантычны ак. Вялікае значэнне маюць перавозкі цераз Суэцкі канал. Пераважаюць экспартныя сыравінныя грузы (нафта і нафтапрадукты, жалезная руда, збожжа), павялічваюцца перавозкі імпартных прамысл. тавараў. Асн. маршруты авіяліній перасякаюць І.а. у раёнах і Персідскага зал., Аравійскага м. і Бенгальскага зал. Адкрытыя раёны І.а. перасякае адна авіялінія ад Найробі праз а-вы Мадагаскар, Маўрыкій, Какосавыя да Паўд. Аўстраліі (Перт). На дне пракладзены тэлегр. кабелі. На берагах І.а. размешчаны спецыялізаваныя парты: Рас-Танура (Саудаўская Аравія), Харк (Іран), Міна-эль-Ахмады (Кувейт) і інш. і універсальныя — Адэн (Йемен), Бамбей, Калькута (Індыя), Карачы (Пакістан), Янгон (М’янма), Фрымантл (Аўстралія), Дурбан (ПАР), Мапуту (Мазамбік), Мамбаса (Кенія), Дарх-Салам (Танзанія), Магадыша (Самалі) і інш.

Літ.:

Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI в. М., 1991;

Индийский океан. Л., 1982.

А.​М.​Матузка, Р.​Р.​Паўлавец.

т. 7, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)