падма́заць, ‑мажу, ‑мажаш, ‑мажа; зак., каго-што.

1. Злёгку або дадаткова змазаць чым‑н. Падмазаць скавараду. Падмазаць падшыпнікі. □ Мы пачалі ладзіць павозку. Праверылі, ці добра трымаюцца лёсткі ў білах, падцягнулі атосы, паправілі палукашак, густа падмазалі дзёгцем колы. Якімовіч.

2. перан. Разм. Даць хабар, падкупіць. Сроіл, баючыся пагалоскі, што ў ягоным садзе забілі чалавека, добра падмазаў і паліцыю і ўрача. Корбан.

•••

Падмазаць пяткі (пяты) — хутка пабегчы, уцячы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размаі́тасць, ‑і, ж.

Разм.

1. Уласцівасць размаітага; наяўнасць непадобных, непаўторных элементаў у чым‑н.; разнастайнасць. Прывольныя лугі вабяць сваім раздоллем, прыгажосцю, цудоўнай стракатасцю колераў і размаітасцю пахаў. Асіпенка.

2. зб. Пра сукупнасць самых розных рэчаў. Сяргей кідаў работу і насіў на воз скруткі толю, скрынкі з цвікамі, хамуты, атосы, абады і іншую гаспадарчую размаітасць. Адамчык. Толькі к канцу дня мы скончылі беганіну па горадзе і, нагружаныя ўсялякай размаітасцю, галодныя і стомленыя, вярнуліся да сваёй фурманкі. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скру́так, ‑тка, м.

1. Прадмет, згорнуты, скручаны трубкай; рулон. Скрутак сукна. Скрутак ватманскай паперы. □ [Цярэшка] паддаваў на плечы мяхі, насіў доўгія скруткі дываноў. Грахоўскі. Сяргей кідаў работу і насіў на воз скруткі толю, скрынкі з цвікамі, хамуты, атосы. Адамчык. [Паходня] ўявіў Марынку ў яе пакоі, столік, завалены кнігамі, сшыткамі, скруткамі чарцяжоў. Хадкевіч. // Прадмет, звіты, скручаны колцам. Да хаты збочыла з шашы яшчэ адна грузавая машына са скруткамі калючага дроту. Хомчанка. Большы брат згатаваў добры абед, нават два скруткі каўбасы на стол палажыў. Якімовіч. Андрэй, узлёгшы на самую высокую яліну, увесь вечар паліў, начапіўшы на доўгую палку, скруткі бяросты. Скрыпка. // перан. Пра тое, што падобна на скрутак (скруткі). Дровы гарэлі кепска. Са шчылін .. выпаўзалі скруткі дыму. Савіцкі.

2. Прадмет або некалькі прадметаў, загорнутых у паперу, тканіну і пад.; пакунак. Мама разгортвае скрутак і ўсё, што ў ім ёсць, раскладвае на паперы. Брыль. // Наогул скручаныя або звязаныя разам прадметы; клунак. На .. [муле] высока сядзіць на нейкіх скрутках і мяшках жанчына. В. Вольскі. З-пад .. [ложкаў] віднеліся дошкі, скруткі вопраткі. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падцягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.

1. Нацягнуць, напяць тужэй. Падцягнуць пасак. Падцягнуць атосы. □ Варанецкі падцягнуў папругі свайму жарабку, ускочыў на сядло, і яны панесліся напрамкі цераз поле да свінафермы. Дуброўскі. Доктар усхапіўся, хуценька надзеў фуражку, падцягнуў гальштук. Сіпакоў. // Разм. Закруціць тужэй, падшрубаваць. Падцягнуць гайку. // Нацягваючы, падняць вышэй. [Костусь] падцягнуў вышэй халявы паляўні[чы]х сваіх ботаў,.. саскочыў з весніц. Чорны. [Зарубін] усё-такі падаслаў газету, акуратна падцягнуў штаны на каленях і толькі пасля гэтага сеў. Мехаў.

2. Цягнучы, наблізіць да каго‑, чаго‑н. Манг выбраў доўгую галіну, зачапіў човен, падцягнуў да берага. Маўр. Хутка ўжо драбіны былі закладзены даверху, аставалася ўскінуць некалькі бярвенняў, якія мы падцягнулі да воза. Дамашэвіч. Круцізна берага і густы чарот перашкаджалі падцягнуць рыбіну бліжэй. Ляўданскі.

3. Сабраць, сканцэнтраваць дзе‑н., перамясціць бліжэй да каго‑, чаго‑н. (вайсковыя сілы, часці). Першымі пачалі.. [вайну] белапалякі.. Падцягнулі .. войска, падвезлі гарматы, бронемашыны, зброю. Колас. Абарона была прарвана, і мы апынуліся ў Карпатах. Аднак і немцы не зявалі. Яны падцягнулі новыя сілы і злучылі лінію фронту. Няхай.

4. перан. Разм. Прымусіць лепш выконваць работу, свае абавязкі, падняць дысцыпліну. Каб мець час падцягнуць дачок па музыцы, Сасноўскія ў гэтым годзе раней, чым звычайна, прыехалі з дачы. Карпаў.

5. і без дап. Далучыцца да таго, хто спявае, падпяваючы яму. Нечакана за алешнікам, каля ракі, у вышыню ўзляцела вясёлая песня. Зазвінелі маладыя жаночыя галасы.. Ім падцягнулі мужчынскія басы. Шамякін.

6. безас. Разм. Уцягнуць унутр (жывот, бакі і інш.). — Які ты худы, косці адны. — Гаварыла [жонка] шэптам. — Адны косці. І жывата зусім няма, бач, падцягнула як. Галавач. Губы і шчокі.. [жонцы] падцягнула, у старасці ўжо гаварыць не магла, толькі шамкала. Кулакоўскі.

•••

Жывот падцягнула (падвяло) — хочацца есці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трымце́ць, ‑мчу, ‑мціш, ‑мціць; незак.

1. Быць ахопленым трымценнем; дрыжаць, калаціцца. [Лоўгач] толькі цяпер заўважыў чырвоныя плямы на белых абвіслых шчоках, заўважыў, як трымціць у Марфы абвіслая губа.. Савіцкі. Трымцелі рукі, млела здаровая нага, а на хворую балюча было ступаць, кружылася галава. Місько. // Мігаць, мігацець (пра агонь, святло). Чаму сярод зорных гронак, Што ў рэчку зляцелі з кручы, Як абручальны пярсцёнак. Трымціць маладзік бліскучы? Макаль. // Перарывіста, няроўна гучаць (пра голас, гукі). Голас .. [Валі] надрываўся, трымцеў, і вочы былі поўныя жалю і смутку. Гроднеў. // Утвараць з рознымі адценнямі гукі. Так ад раніцы і да вечара Ён [шпак] трымцеў у сто дзевяць адценняў, Быццам цёплае чалавечае У прастор пераліць хацеў ён. Чэрня. // Трэсціся, калыхацца. Лістота трымцела над галавою і рэдка падала. Пташнікаў. А мая бярозка стаяла, пазірала на ўсё гэта і, здаецца, задаволена варушыла галінкамі, на якіх з гарэзным імпэтам трымцелі лісточкі і гайдаліся каташкі. Васілёнак. Трымцяць багуны і асокі І смокчуць ваду чараты. Калачынскі. // Дрыжаць (пра лёгкі рух паветра, смуту, марыва і пад.). Нагрэтае паветра трымцела на фоне блакітнага далягляду. Беразняк. Стаяла гарачыня, над палямі з ранку да вечара трымцела празрыстае марыва. Чаркасаў. // Злёгку калыхацца, пакрывацца рабізною (пра ваду, раку і пад.). Ад лёгкага павеву ветрыка вада рабацілася, трымцела. Пальчэўскі. Гайдаецца шумна сасна, і хвалі трымцяць на азёрах. Глебка. // перан. Узмоцнена і часта біцца (пра сэрца). Малыя, .. стараючыся не паказаць адзін аднаму, што сэрца трымціць ад страху, лазілі ў зараснікі. Мележ. І ў грудзях маіх сэрца трымціць Нераскрытай вясковай пупышкай. Бураўкін. Антон Паўлавіч ішоў дадому, а сэрца соладка трымцела ад задавальнення. Пянкрат. // чым. Часта рухаць, варушыць. Калі сонца прабівалася скрозь краны, часамі, нібы з другога свету, вырываўся і хутка-хутка трымцеў цёмнымі крыльцамі матылёк. Карпюк. // Махаючы крыламі, трымацца ў паветры (пра птушак, матылькоў і пад.). Нібы падвешаныя на нітачцы, трымцелі на адным месцы ў паветры ледзь бачныя птушачкі. С. Александровіч.

2. Дрыжаць, трапятаць ад моцнага хвалявання, якога‑н. унутранага пачуцця. [Кастусь:] — Не трэба мне .. грошай, калі за іх апошнім сабакам, трэба быць і вечна трымцець ад страху. Машара. // перан. Прабівацца, праяўляцца, выяўляцца дзе‑н., у чым‑н. Але недзе ў грудзях яшчэ трымціць радасць, і ты адчуваеш, што тое, што было, застанецца назаўсёды ў тваёй душы, як дарагі скарб. Асіпенка. Недзе на самым дне душы .. [Барыса Хмары] трымцела крыўда. Васілевіч.

3. Дрыжаць, калаціцца ад удараў, стуку і пад. Хвалі з такой сілай білі ў барты, што сцены каюты трымцелі дробна-дробна. Лынькоў. Ходырам хадзілі драбіны, на калдобінах і паваротах падлятаў насціл, трымцелі атосы. Жычка.

4. перан.; перад кім-чым і без дап. Адчуваць страх, баязлівасць перад кім‑, чым‑н. Стаіць на адным месцы Марыля, трымціць, калоціцца... А паны варочаюць кублы, куфры ў хаце, растрасаюць усё, выбіраюць, .. пакуюць... Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)