у Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., за 27 км на ПдУ ад г. Кобрын. Створана ў 1986 на канале Арэхаўскі (бас.р. Мухавец), за 8 км ад вусця. Пл. 1,47 км², даўж. 1,6 км, найб.шыр. 1,1 км, найб.глыб. 9,2 м, аб’ём вады 7,1 млн.м³. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель і рыбагадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКА-БУ́ГСКІ КАНА́Л,
частка Дняпроўска-Бугскага воднага шляху ў Кобрынскім, Драгічынскім і Іванаўскім р-нах Брэсцкай вобл. Звязвае р. Піна (бас.р. Прыпяць) з р. Мухавец (бас.р.Зах. Буг). Агульная даўж. 95 км. Ў навігацыю глыб. канала да 1,6 м, шыр. ад 22 да 28 м. Вытокам канала ўмоўна лічыцца водападзел каля в. Селішча (у вусці Белаазерскага канала). Складаецца з 2 частак: Бугскай (ад вусця Белаазерскага канала да ўпадзення ў р. Мухавец каля г. Кобрын, даўж. 50 км) і Прыпяцкай (ад вусця Белаазерскага канала да ўпадзення ў р. Піна каля в. Перадуб, даўж. 45 км). Канал праходзіць па забалочанай нізіне. Асн. прытокі Бугскай ч. канала — Арэхаўскі, Валавельскі, Каралеўскі, Павіццеўскі каналы, Прыпяцкай ч. — Ляхавіцкі, Жыроўскі, Белаазерскі, Залядынскі, Зуброўскі каналы і р. Сасновіца. Асн. крыніцы жыўлення — перакід вады з Прыпяці праз азёры Святое, Валянскае (у межах Украіны) і Белае. Узроўневы рэжым канала рэгулюецца гідратэхн. збудаваннямі. Пабудаваны ў 1775—1848; у 1940 рэканструяваны. У Вял.Айч. вайну разбураны. У 1945—46 Д.-Б.к. адноўлены, пазней рэканструяваны. Суднаходны. Перавозяць пераважна мінер. сыравіну, буд. матэрыялы. лес. Выкарыстоўваецца таксама як водапрыёмнік меліярац. каналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАРЫ́ЦКІ РАЁН.
На ПдЗ Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,4 тыс.км². Нас. 29,1 тыс.чал. (1998), гарадскога 40%. Сярэдняя шчыльнасць 21 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Маларыта. Уключае 78 сельскіх населеных пунктаў, 9 сельсаветаў: Арэхаўскі, Велікарыцкі, Гвозніцкі, Лукаўскі, Макранскі, Маларыцкі, Олтушскі, Хаціслаўскі, Чарнянскі.
Тэрыторыя раёна размешчана ў межах Брэсцкага Палесся. Паверхня — плоская раўніна з асобнымі ўчасткамі дзюнна-ўзгорыстых форм. Агульны нахіл з Пд на Пн. 99% тэрыторыі на выш. 150—170 м, найвыш. пункт 189 м (за 4 км на ПдЗ ад Маларыты). Карысныя выкапні: мел, торф, сапрапель, сілікатныя і буд. пяскі, гліна. Сярэдняя т-растудз. -4,4 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 543 мм за год.
Вегетац. перыяд 207 сут. Найб.р. Рыта (прыток Мухаўца) з прытокам Маларыта. Азёры Арэхаўскае, Олтушскае, Малое. Лукаўскае вадасховішча. Найб.меліярац. каналы Бона, Гусацкі, Замшанка. Пераважаюць глебы дзярнова-карбанатныя забалочаныя (33,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,2%), тарфяна-балотныя (29,2%). Пад лесам 45% тэр. раёна. Лясы хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя, дубовыя і інш., чвэрць з іх — штучныя насаджэнні. Пад балотамі каля 20% тэрыторыі, большая ч. з іх асушана. Заказнікі: рэсп. значэння біял.Лукава; бат.мясц. значэння Гусакі і Багуслаўка. Помнікі прыроды: рэсп. значэння — Цар-дуб (800 гадоў), Дуб-патрыярх (700 гадоў), ельнікі астраўныя ў Пажэжынскім і Маларыцкім лясніцтвах.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 46,3 тыс.га, з іх асушаных 74%. На 1.1.1999 у раёне 15 калгасаў, 38 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы і цукр. буракоў. Прадпрыемствы харч. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Брэст—Ковель і аўтадарогі Кобрын—Уладава і Брэст—Ковель. У раёне 15 сярэдніх, 6 базавых, 8 пач., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 16 дашкольных устаноў, 30 дамоў культуры і клубаў, 28 б-к, 4 бальніцы, паліклініка, 4 амбулаторыі, 11 фельч.-ак. пунктаў. Арх. помнікі: цэрквы Раства Багародзіцы (2-я пал. 17 ст.) у в. Дарапеевічы, Раства Багародзіцы (1713) у в. Ляхаўцы, Праабражэнская (1783) у в. Олтуш, Праабражэнская (1799) у в. Хаціслаў. Выдаецца газ. «Голас часу».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ РАЁН На З Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 25.12.1962). Пл. 2 тыс.км². Нас. 40,7 тыс.чал. (1998). Сярэдняя шчыльн.нас. 20 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Кобрын. 162 сельскія нас. пункты. 13 сельсаветаў: Аніскавіцкі, Астроміцкі, Батчынскі, Бухавіцкі, Гарадзецкі, Дзівінскі, Залескі, Кісялёвіцкі, Навасёлкаўскі, Осаўскі, Павіццеўскі, Тэвельскі, Хідрынскі.
Пераважную ч. раёна займае Брэсцкае Палессе. Паверхня — аднастайная забалочаная раўніна. 90% тэрыторыі знаходзяцца на вышыні 145—150 м, 3% — вышэй за 150 м. Найвыш. пункт 167,7 м (на Пн ад в. Тэўлі). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -4,7 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 531 мм за год. Вегет. перыяд 203 сут. Найб.р. Мухавец з прытокамі Дахлоўка, Шэўня, Кобрынка, Трасцяніца. Дняпроўска-Бугскі і Арэхаўскі каналы. Возера Любань. Пераважаюць глебы дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (36,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,3%) і тарфяна-балотныя (26%). Пад лесам 26% тэрыторыі. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, трапляюцца дубовыя і яловыя. 18,1% лясоў штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя. Балоты займаюць 7% тэрыторыі, нізінныя, найб. масіў Вялікі Лес. Біял. заказнікі мясц. значэння: Клішча, Мелянкова, Дзівін-Вялікі Лес; геал. (тарфяны) — Елка. Помнікі прыроды рэсп. значэння: Кобрынскі парк імя А.В.Суворава, «Сувораўскі дуб» каля в. Дзівін.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 116,5 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 29 калгасаў, 2 саўгасы, 21 фермерская гаспадарка, племзавод «Дружба», птушкафабрыка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, бульбаводства, буракаводства (цукр. буракі), насенняводства збожжавых. Вырошчваюць збожжавыя, лён-даўгунец, кармавыя культуры, агародніну. Прадпрыемствы харч. (пладова-агароднінакансервавая вытв-сць), дрэваапр., буд. матэрыялаў, металаапр., паліўнай (торф), лясной прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі і аўтадарогі Брэст—Гомель, Брэст—Мінск. Суднаходства па Дняпроўска-Бугскім канале і р. Мухавец. У раёне 24 сярэднія, 10 базавых (у т. л. 1 школа-інтэрнат), 6 пач., 5 муз., 2 дзіцяча-юнацкія спарт. школы, 16 дашкольных устаноў, 44 клубныя ўстановы, 62 б-кі, 6 бальніц, 10 амбулаторый, 26 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: цэрквы Пакроўская (пач. 20 ст.) у в. Акцябр, Параскеўская (1882) у в. Балота, Пакроўская (1674) у в. Бухавічы, Крыжаўзвіжанская (1864) у в. Бяроза, Мікалаеўская (2-я пал. 19 ст.) у в. Верхалессе, Вазнясенская (пабудавана ў 1799 у в. Акцябр, у 1876 перавезена ў в. Гарадзец), Прачысценская (пач. 20 ст.) і Параскевы Пятніцы (1740) у в. Дзівін, царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Казішча, Дзмітрыеўская (18 ст.) у в. Лелікава, Міхайлаўская (19 ст.) у в. Навасёлкі, Прачысценская (пач. 20 ст.) у в. Павіцце, Успенская (1872) у в. Тэўлі, Пакроўская (пач. 20 ст.) у в. Хабовічы; планіроўка і забудова вёскі (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Бярозна. Выдаецца газ. «Кобрынскі веснік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ХАВІЦКІ РАЁН Размешчаны на У Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,5 тыс.км². Нас. 76,8 тыс.чал. (2000), гарадскога 43,6%. Сярэдняя шчыльн. 31 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Мар ’іна Горка. Уключае г.п.Рудзенск і Свіслач, р.п.Праўдзінскі, 304 сельскія населеныя пункты, Праўдзінскі, Рудзенскі і Свіслацкі пасялковыя Саветы, 21 сельсавет: Ананіцкі, Блонскі, Блужскі, Вецярэвіцкі, Вузлянскі, Гарэлецкі, Голацкі, Дрычынскі, Дубраўскі, Дукорскі, Навапольскі, Навасёлкаўскі, Пухавіцкі, Пярэжырскі, Селецкі, Суцінскі, Сяргеевіцкі, Талькаўскі, Турынскі, Чырвонакастрычніцкі, Шацкі.
Тэр. раёна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пласкахвалістая, 90% яе на выш. 160—200 м, 7% — вышэй за 200 м. Найвыш. пункт 236 м (на Пд ад в. Сяргеевічы). Карысныя выкапні: торф, сапрапель. пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп 17,9 °C. Ападкаў 592 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сут. Найб. рэкі Свіслач з прытокамі Волма, Цітаўка, Талька; Пціч з прытокам Шаць. Азёры Сяргееўскае і Мацярынскае. Меліярац. каналы Дрычынскі, Мацеевіцкі і інш. Пераважаюць глебы с.-r. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (33%), дзярнова-падзолістыя (31,8%), тарфяна-балотныя (23,8%). Пад лесам 39,9% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, яловыя; трапляюцца асінавыя, дубовыя, грабавыя, ясянёвыя, ліпавыя і інш.Найб. лясістасць на Пд. Пад балотамі 4,4% тэрыторыі. Найб. балотныя масівы Суціна, Арэхаўскі Мох, Кляцішынскае. На тэр. раёна біял. заказнікі рэсп. значэння: Копыш, Мацеевіцкае, Амяльнянскі; мясц. значэння — Вецярэвіцкі. Ахоўныя тарфянікі: Ананічы, Падгаць, Турэц. Помнік прыроды рэсп. значэння — хвоя кедравая еўрапейская ў г. Мар’іна Горка; мясц. значэння — сядзібна-паркавы ансамбль у г. Мар’іна Горка, гіст.-культурны ландшафт у в. Дудзічы.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 112,2 тыс.га, з іх асушаных каля 38 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 22 калгасы, 6 саўгасаў, 36 фермерскіх гаспадарак, птушкафабрыка, міжгасп. аб’яднанне «Ананічы», аграфірма «Верасень». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжа, бульбы, лёну. Прадпрыемствы харч. (хлеб, цэльнамалочныя прадукты, марожанае, камбікорм, прэміксы, солад, вырабы з бульбы, сухое бульбяное пюрэ, пладаягадныя віны), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), паліўнай (тарфяны брыкет), кааператыўнай (хлеба-булачныя і каўбасныя вырабы) прам-сці; вытв-сць цюбінгаў для метрапалітэна, вырабаў з пластмас, тэхн. маслаў і змазак, кардону. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Мінск—Гомель, аўтадарогі: Мінск—Гомель, ад г. Мар’іна Горка на Чэрвень, Негарэлае, Старыя Дарогі. У раёне 31 сярэдняя школа, у т. л. 4 школы-садкі, 7 базавых, 4 пач. школы, школа-гімназія, 3 школы мастацтваў, 4 муз. школы, дапаможная школа-інтэрнат, ПТВ, аграрна-тэхн. каледж (гл.Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум), 28 дашкольных устаноў, 37 клубаў, 45 б-к, 8 бальніц, паліклініка, 5 амбулаторый, 29 фельч.-ак. пунктаў, абласны дзіцячы санаторый «Пухавічы», санаторыі-прафілакторыі «Талька», «Індустрыя». Раённы краязнаўчы музей у в. Блонь і яго філіялы ў г. Мар’іна Горка, вёсках Блужа і Гарэлец; музей матэрыяльнай культуры «Дудуткі» у в. Дудзічы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (2-я пал. 19 ст.) і Свята-Троіцкая царква (1826) у в. Блонь, сядзіба (19 ст.) у в. Дукора, царква Іаана Прадцечы (сярэдзіна 19 ст.) у в. Скрыльская Слабада. Выдаецца газ. «Пухавіцкія навіны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТА,
залішне ўвільготнены ўчастак зямной паверхні, укрыты пластом торфу глыбінёй не менш як 30 см у неасушаным стане (менш як 30 см — забалочаныя землі). Найбольш балот у лясной зоне Паўн. паўшар’я (ПнЕўрап. часткі, Канада, Палессе, Зах. Сібір, Камчатка і інш. раёны), а таксама ў вільготных раёнах Афрыкі, Азіі і Паўд. Амерыкі. Агульная плошча балот у свеце каля 350 млн.га. У выніку гасп. дзейнасці балоты трансфармуюцца ў акультураныя с.-г., лясныя і паляўнічыя ўгоддзі, распрацоўваюцца прам-сцю, часткова займаюцца пад гар. і прамысл. забудовы. У прыродным стане выконваюць шматлікія біясферныя функцыі: месцажыхарства спецыфічных відаў балотнай флоры і фауны, бездакорныя геахім. бар’еры і прыродныя фільтры на шляхах руху водаў, рэгулятары клімату, газавага саставу атмасферы, захавальнікі інфармацыі аб змене расліннасці і клімату на працягу многіх тысячагоддзяў. Балоты вывучае навука балотазнаўства. На Беларусі балоты займаюць 2,5 млн.га (плошча асушаных 1,2 млн.га) з запасам торфу-сырцу 4,4 млрд.т. Тарфяных радовішчаў 9192, сярэдняя глыб. адкладаў торфу 1,87 м, найб. магутнасць тарфянога пласта 10,5 м.
Утвараліся балоты пераважна ў розныя перыяды з пачатку галацэну (10—12 тыс.г. назад) і да нашага часу ад забалочвання мінер. глебы або затарфавання вадаёмаў (гл.Балотаўтваральны працэс, Балотныя адклады).
Балоты падзяляюцца на нізінныя (эўтрофныя) з багатым грунтавым і паверхнева-сцёкавым жыўленнем, вярховыя (алігатрофныя) з бедным атм. жыўленнем і пераходныя (мезатрофныя), якія жывяцца атм. ападкамі і часткова паверхнева-сцёкавымі і грунтавымі водамі (гл.Балотныя воды). Паводле характару расліннасці бываюць лясныя, кустовыя, травяныя, мохавыя, паводле макрарэльефу — далінныя, поймавыя, схілавыя, водападзельныя. Нізінныя балоты ўтвараюцца ў далінах рэк, па берагах азёраў, у месцах выхаду крыніц. На Беларусі пашыраны на Пд і ПдЗ, асабліва на Палессі і Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Складаюць 82,7% пл. ўсіх балотаў. Найб. балоты — Аброўскае, Выганашчанскае балота, Вялікі Лес, Грычын, Паганянскае балота, Хольча, Старобінскае і інш. Сярэдняя ч. гэтых балот ляжыць на адным узроўні з ускраінамі або ніжэй за іх, зрэдку паверхня нахіленая. Для нізінных балот характэрны эўтрофныя расліны, патрабавальныя да мінер. элементаў. Ва ўмераным клімаце гэта лясныя балоты з вольхай, бярозай, вярбой, хвояй, елкай, лазой або травяныя ці мохавыя балоты з асокамі, трыснягом, чаротам, рагозамі, разнатраўем, гіпнавымі і сфагнавымі імхамі. Фауна разнастайная: вадзяныя пацукі, палёўкі, выдры, зрэдку бабры і андатры, асабліва шмат птушак — кулікі, пагонічы, драчы, гусі, качкі, вялікі вераценнік, лугавы конік, бакас, балотная сава. Вярховыя балоты знаходзяцца звычайна на водападзелах. Найб. пашыраны ў паўн.ч. Беларусі (масівы Даўбенішкі, Весялоўскае, Стрэчна, Обаль-1 і інш.). Складаюць 13,1% пл. ўсіх балот Беларусі. Паверхня іх у сярэдзіне пукатая, таму што торф у цэнтры балот назапашваецца больш інтэнсіўна, чым на перыферыі. Для вярховых балот характэрны алігатрофныя расліны, непатрабавальныя да зольных элементаў. Флора бедная: дрэвы — хвоя, лістоўніца; кусцікі — верас балотны, мірт, багун, багноўка, журавіны, імшарніца, буякі; травы — шэйхцэрыя, падвей похвенны, марошка, чаротнік, расіца круглалістая; сфагнавыя імхі. Фауна таксама бедная: воўк (летам), лось, глушэц, курапатка белая, журавель. На Беларусі пераходныя балоты складаюць 4,2% пл. ўсіх балот. Буйныя масівы — Паддубічы, Асовіны, Смалярня і інш. Для іх характэрны мезатрофныя расліны: звычайныя бяроза пушыстая, хвоя, асокі, буякі, багун, журавіны, сфагнавыя і гіпнавыя імхі. Фауна мяшаная ад нізінных і вярховых балот. На Беларусі вял. масівы балот ахоўваюцца ў Бярэзінскім біясферным запаведніку, Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным запаведніку і Прыпяцкім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, у нац. парку «Белавежская пушча». На балотах існуюць 8 гідралагічных заказнікаў (на масівах Выганашчанскае балота, Дзікае балота, Ельня, Заазер’е і інш.), 21 біял. заказнік (напр., Амяльнянскі, Бабінец, Букчанскі, Борскі, Вялікае Балота, Дзянісавіцкі, Дубатоўскае, Запольскі) і інш. На самых вял. і перспектыўных тарфяных радовішчах створаны 12 рэзерватаў бітумінознай сыравіны для атрымання тарфянога воску (Арэхаўскі Мох, масіў Скачальскага воз., Тажылаўскі Мох і інш.), 4 рэзерваты гідролізнай сыравіны для атрымання кармавых дражджэй і інш. прадукцыі (Даўбенішкі, Слаўнае, Сэрвач, Эсьмонскі Мох і інш.) і 113 радовішчаў тарфяных лек. гразяў. Балота з’яўляецца месцам палявання, збірання ягад, грыбоў, лекавых траў. Гл. таксама карту «Тарфяныя балоты».
Літ.:
Кац Н.Я. Болота земного шара. М., 1971;
Тюремнов С.Н. Торфяные месторождения. 3 изд. М., 1976;
Бамбалов Н.Н., Тановицкий И.Г., Беленький С.Г. Развитие исследований в области генезиса, использования и охраны торфяных месторождений Беларуси // Твёрдые горючие отложения Беларуси и проблемы охраны окружающей среды. Мн., 1992.