АРТАПЕДЫ́Я [ад арта... + грэч. pais (paidos) дзіця],

галіна медыцыны, якая вывучае прадухіленне, распазнаванне і лячэнне захворванняў, дэфармацый і вынікаў пашкоджанняў апорна-рухальнай сістэмы. Разам з траўматалогіяй складае адзіную ўрачэбную спецыяльнасць.

Заснавальнік навук. артапедыіфранц. ўрач Н.​Андры (N.André), які ў 1741 увёў гэты тэрмін. Класічныя апісанні пашкоджанняў і захворванняў органаў апоры і руху і рэкамендацыі па іх лячэнні трапляліся яшчэ ў працах Гіпакрата і Ібн-Сіны. У пач. 16 ст. франц. ўрач А.​Парэ распрацаваў метады ампутацыі канечнасцяў і прапанаваў апараты для выкарыстання іх пры артапедычных захворваннях. Прагрэсу артапедыі ў Расіі садзейнічалі працы Я.​В.​Мухіна (1806) пра асновы лячэння пераломаў і вывіхаў, М.​І.​Пірагова (1840), які распрацаваў вучэнне аб працэсах рэгенерацыі пасля аперацыі ахілавага сухажылля, увёў нерухомую гіпсавую павязку і інш. Працы М.​П.​Нікольскага (1870), М.​Ф.​Руднева (1880) садзейнічалі прагрэсу касцёва-пластычнай хірургіі, працы В.​І.​Разумоўскага, М.​І.​Студэнцкага, В.​М.​Шаўкуненкі (канец 19 — пач. 20 ст.) — развіццю артапедычных аперацый пры артрадэзіі, астэаміі, касалапасці. Пад кіраўніцтвам заснавальніка сістэмы артапедычнай дапамогі ў краінах б. СССР М.​М.​Прыёрава створаны Лячэбна-пратэзны ін-т (1921), метадычны цэнтр па артапедыі і траўматалогіі.

На Беларусі асобныя пытанні артапедыі пачалі вывучаць у 19 — пач. 20 ст. У ліку першых у Еўропе К.​І.​Гібенталь выкарыстаў гіпс для фіксацыі зламанай канечнасці (1812). Сістэматычныя даследаванні па артапедыі вядуцца з 1930-х г. у Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, на адпаведных кафедрах мед. ін-таў. Развіццю артапедыі садзейнічалі працы М.​Н.​Шапіры, Б.​Н.​Цыпкіна, В.​А.​Маркса, Р.​Х.​Мінінай, І.​Р.​Варановіча, А.​С.​Крука, А.​У.​Руцкага, С.​С.​Навумовіча, А.​А.​Губко, А.​М.​Сакалоўскага і інш. Асн. кірункі даследаванняў: прафілактыка і лячэнне артапедычных захворванняў і траўмаў, распрацоўка метадаў і сродкаў мед. рэабілітацыі хворых і інвалідаў з прычыны ўскладненых пашкоджанняў касцей і суставаў, хірургічнага лячэння пухлін, ліквідацыі вынікаў дэгенератыўна-дыстрафічных працэсаў у касцях і суставах, эндапратэзаванне, удакладненне пытанняў дыягностыкі.

Літ.:

Маркс В.О. Ортопедическая диагностика. 2 изд. Мн., 1978;

Травматология и ортопедия. 3 изд. М., 1990;

Волков М.В. Болезни костей у детей. 2 изд. М., 1985.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАШКЕ́ВІЧ (Людміла Антонаўна) (н. 19.3.1946, Мінск),

бел. вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Д-р мед. н. (1997), праф. (2000). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1968). З 1975 у Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі (з 1996 нам. дырэктара). Навук. працы па захворваннях і пашкоджаннях апорна-рухальнага апарату, касцявой анкалогіі.

Тв.:

Особенности диагностики опухолей позвоночника // Мед. новости. 1996. № 11;

Диагностика опухолей позвоночника (разам з І.​Р.​Варановіч) // Вестн. травматологии и ортопедии. 1997. № 3.

т. 12, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУМО́ВІЧ (Сямён Сцяпанавіч) (н. 15.2.1922, г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Д-р мед. н. (1973). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1951). З 1951 у Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі. Навук. працы па эксперым. пратэзаванні, хірург. дапамозе пры прыроджанай і набытай паталогіі тазасцегнавога сустава, прыроджаных і сістэмных захворваннях дзіцячага ўзросту.

Тв.:

Оперативное лечение переломов шейки бедра. Мн., 1963;

Применение дистракционных аппаратов в детской ортопедии // Здравоохранение Белоруссии. 1975. № 3.

т. 11, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНО́ВІЧ (Іосіф Робертавіч) (н. 3.12.1928, в. Гайна Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Д-р мед. н. (1968), праф. (1973). Засл. дз. нав. Беларусі (1987). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953). З 1953 у Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі. Навук. працы па лячэнні пераломаў, несапраўдных суставаў і дэфектаў касцей, эндапратэзаванні суставаў, дыягностыцы і лячэнні спінальных хворых і касцявых пухлін. Аўтар спосабу лячэння пераломаў мышчалак сцегнавой і вялікагалёначнай касцей з дапамогай спіц і клямара без ускрыцця каленнага сустава.

Тв.:

Остеосинтез металлическими спицами. Мн., 1969 (разам з Л.​Я.​Грыгор’евым);

Повреждения коленного сустава. Мн., 1971;

Заживление переломов костей: Эксперимент. и клинич. исслед. Мн., 1994 (у сааўт.).

т. 4, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЖАНЕ́ЎСКІ (Іосіф) (31.3.1806, Слуцкі р-н Мінскай вобл. — 1870),

бел. вучоны ў галіне хірургіі і інфекц. хвароб. Д-р медыцыны (1829), праф. (1837). Скончыў мед. ф-т Віленскага ун-та (1827). З 1842 займаўся практычнай дзейнасцю па хірургіі ў Вільні. Навук. працы па пытаннях сыпнога тыфу, лячэнні пераломаў, артапедыі, дэсмургіі.

т. 8, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАЕ́НКА (Яўген Дзмітрыевіч) (н. 9.11.1947, г. Мурманск),

бел. хірург. Д-р мед. н. (1992). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1972). З 1975 у Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі (з 1993 дырэктар). Навук. працы па дыягностыцы і хірург. лячэнні хвароб суставаў, па даследаванні працэсаў трэння і зношвання сустаўных храсткоў, па стварэнні новых прэпаратаў для аховы храсткоў ад дэструкцыі і павелічэнні іх рэпарацыйных здольнасцяў пры паталогіі.

т. 2, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУБКО́ (Аляксандр Аляксандравіч) (5.11.1936, в. Хадзяўляны Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 10.6.1993),

бел. вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Д-р мед. н. (1983), праф. (1984). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1959). З 1967 працаваў у ім, адначасова кіраўнік артапеда-траўматычнай клінікі на базе 6-й клінічнай бальніцы Мінска. Навук. працы па лячэнні адкрытых пераломаў доўгіх трубчастых касцей, інфіцыраваных пераломах, незрашчэнні касцей, метадах дыягностыкі і лячэння артапеда-траўматычных хворых.

т. 5, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЬЦАВА (Яўгенія Васілеўна) (31.12. 1924, станіца Бакланаўская Дубоўскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 14.3.1969),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі чалавека і жывёл. Д-р біял. н. (1969). Скончыла Ленінградскі ун-т (1950). З 1952 у Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі. Навук. працы па электрафізіял. характарыстыцы стану мышачнай і нерв. сістэмы пры скаліёзах у дзяцей.

Тв.:

Некоторые вопросы патогенеза «идиопатического» сколиоза (разам з І.​Р.​Варановічам) // Здравоохранение Белоруссии. 1967. № 8.

т. 10, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦО́ЎНАЯ ТЭРАПІ́Я,

працоўная дзейнасць хворага чалавека з лек. мэтай або з мэтай рэабілітацыі.

Пашырана пры лячэнні псіхічна хворых, накіравана на развіццё або захаванне ў іх прафес. навыкаў; стымулюе жыццёвыя працэсы, умацоўвае інтэлектуальна-валявыя якасці ў адпаведнасці з патрабаваннямі рэальнасці, вызваляе хворага ад адчування асабістай непаўнацэннасці. П.т. выкарыстоўваюць таксама ў траўматалогіі, артапедыі, неўралогіі, дзе яна накіравана на аднаўленне парушанай рухальнай функцыі і працоўных навыкаў (напр., пры паралічах, паркінсанізме, плексітах).

т. 13, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

артапеды́чны

(ад артапедыя)

які мае дачыненне да артапедыі, прызначаны для лячэння дэфармацый цела або для іх кампенсацыі (напр. а. абутак).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)