ГОРАЎТВАРЭ́ННЕ, арагенез,

сукупнасць рэльефаўтваральных працэсаў, у выніку якіх узнікаюць горныя ўзняцці зямной паверхні. Выклікаецца тэктанічнымі рухамі пад уплывам эндагенных (унутраных) сіл Зямлі. Абумоўлена энергіяй, што выдзяляецца ў працэсе развіцця ўнутрызямных рэчываў пры ўплыве сілы цяжару і сіл, якія ўзнікаюць пры вярчэнні Зямлі. Гораўтварэнне можа быць тэктанічным, вулканічным і складаным. Гораўтварэнню супрацьстаяць экзагенныя (знешнія) працэсы. Сучасныя горы — вынік працяглага сумеснага дзеяння эндагенных і экзагенных з’яў з чаргаваннем перавагі ўзыходных працэсаў над дэнудацыяй. Гіпотэзы гораўтварэння розныя. Найноўшыя звязваюць з рухамі буйных літасферных пліт Зямлі. З працэсамі гораўтварэння звязана ўзнікненне пэўных карысных выкапняў.

А.​А.​Саламонаў.

т. 5, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАМАРФО́З (ад грэч. airō падымаю + morphōsis узор, форма),

анагенез, арагенез, морфафізіялагічны прагрэс, эвалюцыйнае пераўтварэнне марфалагічнай структуры і функцый арганізма, у выніку якога ён падымаецца на прынцыпова новую, больш прагрэсіўную ступень развіцця; адзін з асн. кірункаў біял. прагрэсу. Тэрмін увёў рус. вучоны А.​М.​Северцаў (1920). Арамарфоз садзейнічае высокай жыццяздольнасці арганізма, павышэнню ўзроўню абмену рэчываў, развівае больш актыўныя спосабы барацьбы за існаванне і інш. Магчымасці арамарфозу рэалізуюцца ў працэсе развіцця ідыяадаптацый і інш. больш вузкіх прыстасаванняў, на базе якіх могуць фарміравацца новыя арамармозы. Напр., лёгкія для кісцяпёрых рыб (продкаў наземных пазваночных) былі ідыяадаптацыяй, што давала ім магчымасць існаваць у вадаёмах з паніжанай колькасцю растворанага кіслароду. Для іх патомкаў (наземных пазваночных) арамарфозам стала ўдасканаленне лёгачнага дыхання. Якасны скачок арамарфозу адбыўся пры пераходзе ад рэптыліяпадобных да млекакормячых: чатырохкамернае сэрца, унутрывантробны тып развіцця, узнікненне пёравага, валасянога покрыва і інш.

т. 1, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)