БІЯАРГАНІЧНАЯ ХІМІЯ
Развіццё біяарган. хіміі на Беларусі пачалося ў 1959, калі склаліся навук. і творчыя сувязі паміж Ін-там фізіка-арган. хіміі АН Беларусі (ІФАХ), Мінскім мед. ін-там і Ін-там арган. хіміі АН СССР для сумесных даследаванняў па сінтэзе, стэрэахіміі і біял. актыўнасці мадыфікаваных стэроідаў (А.А.Ахрэм, Б.Б.Кузьміцкі, Л.І.Ухава). У 1972 створаны Аддзел біяарган. хіміі ў складзе ІФАХ. Буйнамаштабныя даследаванні ў галіне біяарган. хіміі пачаліся ў 1974 пасля ўтварэння Ін-та біяарган. хіміі АН Беларусі (ІБАХ) пад кіраўніцтвам яго заснавальніка і першага дырэктара А.А.Ахрэма, што абумоўлена развіццём новых тэхналогій, практычнымі задачамі медыцыны, сельскай гаспадаркі, хім. і мікрабіял. прам-сці.
У галіне хіміі гармонаў, гарманальнай рэгуляцыі і рэцэпцыі вызначаны механізмы фізіял. працэсаў з удзелам гармон-звязвальных глікапратэінаў крыві. Створаны новы кірунак біяарган. хіміі — структурная арганізацыя і функцыянаванне мембранных сістэм распазнавання гармон-глікапратэінавых комплексаў (А.А.Ахрэм, А.В.Свірыдаў, А.А.Стральчонак). Распрацавана серыя радыеімуналагічных дыягнастычных тэст-сістэм і на іх аснове набораў рэактываў для дыягностыкі функцыянальнага стану шчытападобнай залозы, вызначэння стэроідаў і пухлінных маркераў. Прапанаваны біяспецыфічныя метады ачысткі аб’ектаў, спосабы сінтэзу і методыкі кантролю якасці кампанентаў радыеімуналагічных сістэм для колькаснага вызначэння стэроідных і тырэоідных гармонаў і шэрагу бялковых антыгенаў у сываратцы крыві чалавека; аптымізаваны ўмовы імунахім. рэакцый у гэтых сістэмах і праведзена іх шырокая апрабацыя ў клініцы. За распрацоўку і ўкараненне ў практыку аховы здароўя радыеімуналагічных сродкаў мікрааналізу і арганізацыю іх вытв-сці супрацоўнікам ІБАХ А.А.Ахрэму, Н.В.Півень, А.В.Свірыдаву, А.А.Стральчонку, В.Л.Чашчыну ў 1988 прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі. Распрацаваны лабараторныя мадэлі універсальнага базавага кампанента цвердафазных імунааналітычных набораў з радыеактыўнай, ферментнай і флюарэсцэнтнай меткамі; створаны неізатопныя тэст-сістэмы, заснаваныя на прынцыпе ўзмоцненай хемілюмінесцэнцыі, для масавых абследаванняў насельніцтва, што пацярпела ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, для выяўлення генетычных парушэнняў у развіцці плода ў цяжарных жанчын, груп рызыкі анкалагічных хворых (Дз.І.Мяцеліца, А.В.Свірыдаў, В.Л.Чашчын, А.І.Шчэрбань, А.М.Яромін). Вылучаны і даследаваны структуры і функцыі бялкоў, што ўдзельнічаюць у біясінтэзе, транспарце і працэсах рэцэпцыі стэроідных гармонаў, бялковыя кампаненты мітахандрыяльнай стэроід-гідраксіліравальнай сістэмы з кары наднырачнікаў быка. Устаноўлена поўная амінакіслотная паслядоўнасць ключавых бялкоў стэроід-гідраксіліравальнага ферментнага комплексу (Т.Б.Адамовіч, А.А.Ахрэм, С.А.Усанаў, В.Л.Чашчын, У.М.Шкуматаў).
У 1973—82 даследаваны: склад мікрасамальных гідраксіліравальных сістэм печані, уласцівасцей кампанентаў гідраксіліравальных комплексаў, а таксама механізмы дзеяння цытахром P-450-змяшчальных комплексаў у рэканструяваных мембранах і ў сістэмах, дзе прыродны акісляльнік O2 заменены арган. гідрапераксідамі (П.А.Кісялёў, У.П.Курчанка, Дз.І.Мяцеліца, С.А.Усанаў, А.М.Яромін); тапаграфія найважнейшых ферментаў біясінтэзу стэродіных гармонаў у мембранных структурах клеткі. Метадам накіраванага мутагенезу атрыманы мутантныя формы цытахрому P-450 чалавека, што важна для разумення механізму шэрагу цяжкіх спадчынных хвароб (А.А.Гілеп, С.А.Усанаў).
Распрацаваны і выпрабаваны ў мед. установах краіны наборы рэагентаў імунаферментнага аналізу для мікравызначэння картызолу, страфанціну K, ферыціну, тыраксін-звязвальнага глабуліну і інш. антыгенаў і рэкамендаваны да прамысл. вытв-сці. Прапанаваны гамагенны імунаферментны аналіз стэроідаў у міцэлярных сістэмах (А.І.Карасева, Дз.І.Мяцеліца, А.М.Яромін).
Вывучаны заканамернасці ферментацыйнага каталізу з удзелам фосфаліпаз (М.А.Кісель, Н.М.Ліцьвінка). З 1975 даследуецца ўплыў біялагічна актыўных рэчываў на структуру, стабільнасць і канфармацыйныя пераходы ў ДНК. Распрацаваны новыя метады вылучэння ДНК, яе ачысткі і аналізу. Прапанавана эфектыўная тэхналогія атрымання асабліва чыстай ДНК для мед. і навук. мэт (А.А.Ахрэм, Д.Ю.Ландо).
Распрацаваны хім. і хім.-мікрабіял. метады сінтэзу прыродных і мадыфікаваных нуклеазідаў, нуклеатыдаў і алігануклеатыдаў. Практычным вынікам гэтых даследаванняў стала распрацоўка разам з акц. т-вам «Белмедпрэпараты» тэхналогіі атрымання субстанцыі супрацьлейкознага прэпарату «Цытарабін». Сумесна з Ін-там мікрабіялогіі Нац. АН Беларусі прапанаваны (А.І.Зінчанка) метад атрымання прэпарату «Кладрыбін» для лячэння розных відаў лейкеміі і рассеянага склерозу (А.М.Калінічэнка, І.А.Міхайлопула). У выніку праведзеных пад кіраўніцтвам А.А.Ахрэма, Б.Б.Кузьміцкага, Ф.А.Лахвіча комплексных даследаванняў па сінтэзе, біяскрынінгу і залежнасці «структура—актыўнасць» гетэрацыклічных аналагаў стэроідаў вылучаны злучэнні з высокай фізіял. актыўнасцю, у якіх карысныя тэрапеўтычныя эфекты аддзелены ад гарманальных.
Вядзецца праца па стварэнні экалагічна бяспечных хім.-біял. сродкаў абароны і павышэння ўрадлівасці раслін (біярацыянальных пестыцыдаў) на аснове інсекта- і фітагармонаў стэродінай структуры, ферамонаў (кайрамонаў) і ахоўных рэчываў ад насякомых, а таксама рэгулюючых рост раслін вытворных цыклічных β-дыкетонаў, інш. прыродных злучэнняў, што імітуюць дзеянне прыродных біярэгулятараў (А.І.Быхавец, Ф.А.Лахвіч, І.І.Петрусевіч). У 1996 за цыкл прац «Сінтэз, даследаванне і выкарыстанне брасінастэроідаў — новага класа гармонаў раслін» супрацоўнікам ІБАХ В.К.Альховіку, У.М.Жабінскаму, М.І.Завадскай, Ф.А.Лахвічу, Р.П.Літвіноўскай, У.А.Хрыпачу прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі.
Комплексныя даследаванні біял. актыўнасці сінтэтычных прастаноідаў дазволілі вылучыць шэраг злучэнняў, перспектыўных у якасці імунакарэктараў, супрацьязвавых сродкаў, радыепратэктараў і сенсібілізатараў радыеадчувальных пухлінных клетак пры прамянёвай тэрапіі злаякасных новаўтварэнняў (І.Г.Дацькоў, А.В.Каралёва, Б.Б.Кузьміцкі, Ф.А.Лахвіч, Г.С.Любін, Ф.С.Пашкоўскі, В.М.Раманава).
Выкананы тэарэт. канфармацыйны аналіз пептыдаў бялкоў і інш. злучэнняў. Створана комплексная праграма прагназіравання, выкарыстаная пры распрацоўцы і стварэнні шэрагу біяспецыфічных сарбентаў. Разам з тэарэт. канфармацыйным аналізам распрацаваны арыгінальны эксперым. падыход для канфармацыйнага аналізу важкіх бялковых аб’ектаў: імунаглабулінаў і іх фрагментаў (А.М.Андрыянаў, У.П.Галубовіч, З.І.Краўчук, С.П.Марцаў, А.А.Чуманевіч).
Літ.:
Ахрем А.А., Галактионов С.Г., Голубович В.П. Конформация биогенных аминов. Мн., 1978;
Метелица Д.И. Активация кислорода ферментными системами. М., 1982;
Ахрем А.А., Ковганко Н.В. Экдистероиды: химия и биологическая активность. Мн., 1989;
Шерман С.А., Андрианов А.М., Ахрем А.А. Конформационный анализ и установление пространственной структуры белковых молекул. Мн., 1989;
Лахвич Ф.А., Козинец В.А. Алкилированные простаноиды: синтез и биологическая активность. М., 1991;
Хрипач В.А., Лахвич Ф.А., Жабинский В.Н. Брассиностероиды. Мн., 1993;
Быховец А.И., Гончарук В.М. Как защитить сад, огород. Мн., 1998;
Khripach V.A., Zhabinskii V.N., de Groot A. Brassinosteroids: A nev class of plant hormones. San Diego etc., 1999;
Пивень Н.В., Милютин А.А. Онкоиммунология. Мн., 2001;
Литвинко Н.М. Активность фосфолипаз A2 и C при биохимическом моделировании. Мн., 2002.
Дз.І.Мяцеліца, Ф.А.Лахвіч, Н.М.Ліцьвінка.
т. 18, кн. 2, с. 527