МАГНІТАТЭРАПІ́Я,

метад фізіятэрапіі, заснаваны на выкарыстанні ў лекавых мэтах пераменнага нізкачастотнага магнітнага поля. Мясц. ці агульнае ўздзеянне магнітным полем мае супрацьзапаленчы, абязбольваючы і спазмалітычны эфект. М. выкарыстоўваюць пры хваробах апорна-рухальнага апарата, органаў стрававання, мышцаў, перыферычнай нерв. сістэмы.

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАТЫ́ЧНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА,

частка нервовай сістэмы, якая мае адчувальныя і рухальныя валокны, што інервуюць апорна-рухальны апарат і скуру. Падзел нерв. сістэмы на саматычную і вісцэральную (унутр. органаў), уведзены англ. фізіёлагам У.​Х.​Гаскелам, умоўны. Гл. таксама Вегетатыўная нервовая сістэма.

т. 14, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЭ́СТА,

крыніцы серавадародных тэрмальных вод бальнеалагічнага курорта Сочы (Расія). Тэрмальныя (18—67 °C) сульфідна-хларыдна-натрыевыя воды з мінералізацыяй 3—41 г/л, маюць ёду да 12 мг/л, брому да 70 мг/л, радон, эфектыўныя пры лячэнні хвароб органаў кровазвароту, цэнтр. і перыферычнай нерв. сістэм, апорна-рухальнага апарата, скурных, гінекалагічных і інш. Лячэнне ўвесь год.

т. 10, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРА́НА (Merano),

кліматабальнеалагічны курорт у Італіі, на ПнЗ ад г. Бальцана. Вядомы з 19 ст. Клімат вельмі мяккі зімой, сухі субтрапічны летам. Шмат крыніц мінер. вод, у т. л. радонавых. Лечаць хваробы органаў дыхання, апорна-рухальнай і перыферычнай нерв. сістэм, скуры, мочапалавой сістэмы. Бальнеа-фізіялячэбніцы, пансіянаты, атэлі. Буйны цэнтр турызму. Месца правядзення міжнар. кінафестываляў, шахматных турніраў. Шмат арх. помнікаў.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 10, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ПУ,

бальнеакліматычны курорт у Японіі. На беразе аднайм. заліва, каля падножжа вулканічнага масіву на в-ве Кюсю. Развіваецца з 19 ст. (мінер. крыніцы выкарыстоўвалі з 17 ст.). Субтрапічны вільготны мусонны клімат і мінер. воды, каля 2 тыс. гарачых (да 100 °C) крыніц, пясочныя сульфідныя ванны на пляжы, спрыяльныя пры лячэнні хвароб апорна-рухальнага апарату і перыферычнай нерв. сістэмы. Шмат санаторыяў, гасцініц, пансіянатаў. Бальнеалагічны і вулканалагічны НДІ.

т. 3, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НКЯ,

бальнеакліматычны курорт у Балгарыі. За 17 км ад Сафіі, на схілах гор Люлін. Развіваецца з пач. 20 ст. Клімат умерана кантынентальны, з мяккай зімой, працяглым сонечным летам. Крыніцы мінер. водаў рознага саставу, у т. л. радонавых і тэрмальных. Акрамя сардэчна-сасудзістых лечаць хваробы гінекалагічныя і апорна-рухальнага апарату. Санаторыі, дамы адпачынку, гасцініцы, кемпінгі. База Сусветнай арг-цыі аховы здароўя для ўдасканалення мед. кадраў краін Паўд.-Усх. Еўропы па праблемах рэабілітацыі пры сардэчна-сасудзістых захворваннях.

т. 2, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТЫ́Я ПЯСКІ́, Златні-Пясцы,

прыморскі кліматычны курорт у Балгарыі. На беразе Чорнага м., за 17 км на ПнУ ад г. Варна. Спрыяльныя прыродныя ўмовы (марскі клімат, мяккая зіма, гарачае сонечнае лета з марскімі брызамі, пляжы з дробным залаціста-жоўтым пяском) забяспечваюць эфектыўную клімата- і таласатэрапію неспецыфічных хвароб органаў дыхання, сардэчна-сасудзістай, апорна-рухальнай і нерв. сістэм, нырак, абмену рэчываў. Вял. прыродны парк, летні т-р, непадалёку стараж. манастыр Аладжа (засн. ў 3 ст.).

т. 6, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАШКЕ́ВІЧ (Людміла Антонаўна) (н. 19.3.1946, Мінск),

бел. вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Д-р мед. н. (1997), праф. (2000). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1968). З 1975 у Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі (з 1996 нам. дырэктара). Навук. працы па захворваннях і пашкоджаннях апорна-рухальнага апарату, касцявой анкалогіі.

Тв.:

Особенности диагностики опухолей позвоночника // Мед. новости. 1996. № 11;

Диагностика опухолей позвоночника (разам з І.​Р.​Варановіч) // Вестн. травматологии и ортопедии. 1997. № 3.

т. 12, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́РШТАНАС (Birštonas),

горад у Літве, на р. Нёман (Нямунас), за 39 км ад Каўнаса. Вядомы з 14 ст. 4,1 тыс. ж. (1992). Бальнеалагічны і кліматычны курорт. 2 санаторыі. Краязнаўчы музей. Мінер. крыніцы вядомы з 18 ст.; інтэнсіўна выкарыстоўваюцца з 19 ст. ў лек. мэтах (піццё, ванны, арашэнні) пры хваробах страўнікава-кішачнага тракту, печані, з тарфянымі гразямі мясц. радовішчаў — пры лячэнні хвароб гінекалагічнай, апорна-рухальнай, перыферычнай нерв. сістэм. Вял. маляўнічы парк з гарой Вітаўтаса. Побач з Бірштанасам заказнік Пунайскі бор, турбаза.

т. 3, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ДЭН-БА́ДЭН (Baden-Baden),

горад, бальнеалагічны курорт на ПдЗ ФРГ, у гарах Шварцвальд, зямля Бадэн-Вюртэмберг. Вядомы са стараж.-рымскіх часоў (з пач. нашай эры). 52 тыс. ж. (1990). Паліграф., эл.-тэхн., тэкст., хім., тытунёвая прам-сць. Міжнар. вядомасць як курорт набыў у 19 ст. Каля 20 крыніц тэрмальных (да 68 °C) радонавых водаў, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні суставаў, перыферычнай нерв., сардэчна-сасудзістай, апорна-рухальнай, стрававальнай сістэм. Санаторыі, матэлі, пансіянаты з лячэннем, пітныя галерэі і інш. Музеі. Арх. помнікі 7—19 ст.

Горад Бадэн-Бадэн.

т. 2, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)