БАРТАШЭ́ВІЧ ((Bartoszewicz) Альберт Іосіфавіч) (н. 2.8.1942, в. Раёўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

польск. мовазнавец. Д-р (1972), праф. (1992). Скончыў Вроцлаўскі ун-т (1964). Працаваў у пед. ін-це ў г. Аполе, Пазнанскім і Варшаўскім ун-тах (1964—92), з 1987 дырэктар Варшаўскага філіяла Ін-та рус. мовы імя Пушкіна ў Маскве. З 1993 заг. кафедры ў Вышэйшай пед. школе ў г. Ольштын. Даследуе польск., бел. і рус. мовы, агульнае мовазнаўства. На аснове «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84) склаў першы ў бел. мовазнаўстве «Адваротны слоўнік сучаснай беларускай мовы» (т. 1—4, Варшава, 1988—89; з І.​Камендацкай).

А.​С.​Аксамітаў.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУНІКО́ЎСКІ ((Dunikowski) Ксаверы Францішак) (24.11.1875, г. Кракаў, Польшча — 26.1.1964),

польскі скульптар, мастак. Скончыў Кракаўскую АМ (1903), з 1930 яе прафесар. Прафесар Дзярж. вышэйшай школы пластычных мастацтваў у Вроцлаве (з 1959). Творчасць Д. зазнала ўплыў сімвалізму (цыкл «Чалавек», 1898—1905), кубізму («Надмагілле Баляслава Смелага», 1917—20), Майстар партрэтаў (А.​Міцкевіч, 1908, і інш.). У 1925—29 выканаў для Вавельскага замка ў Кракаве серыю «Вавельскія галовы». У 1940-я г. стварыў «Пантэон польскай культуры». Аўтар помніка Ю. Дзятлу ў Кракаве (1937—39), мемар. манументаў «Помнік паўстанцам» каля г. Аполе (1946—52), «Помнік вызвалення зямлі Варміньскай і Мазурскай» у Ольштыне (1949—53). Дзярж. прэміі Польшчы 1948, 1955.

К.Дунікоўскі. Адам Міцкевіч. З серыі «Вавельскія галовы». 1925—29.

т. 6, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́СМАН ((Kosman) Марцэлі) (н. 8.5.1940, г. Ізбіца-Куяўска Куяўска-Паморскага ваяв., Польшча),

польскі гісторык. Д-р габілітаваны (1971), праф. звычайны (1988). Скончыў Пазнанскі ун-т. З 1967 у Ін-це гісторыі Польск. АН у Познані, з 1976 дырэктар Курніцкай б-кі Польскай АН, у 1983—93 заг. кафедры гісторыі Усх. Еўропы Вышэйшай пед. школы ў г. Аполе (цяпер Апольскі ун-т), з 1987 заг. аддзела журналістыкі Ін-та паліталогіі і журналістыкі Пазнанскага ун-та. Аўтар прац па гісторыі культуры новага часу, царквы ў ВКЛ, дыпламатыі, гісторыі Беларусі і Літвы, у т. л.: «Рэфармацыя і контррэфармацыя ў Вялікім княстве Літоўскім у святле канфесійнай прапаганды» (1973), «Гісторыя Беларусі» (1979), «Арол і Пагоня» (1992), «Могілкі даўняй Вільні» (1994).

т. 8, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ДРА, Одэр (чэш. і польск. Odra, ням. Oder),

рака ў Чэхіі (вярхоўі), Польшчы і Германіі (часткова служыць мяжой паміж імі). Даўж. 854 км, пл. басейна 119 тыс. км². Пачынаецца ў паўд. адгор’ях Усх. Судэтаў, цячэ па Сярэднееўрапейскай раўніне, упадае 2 рукавамі ў Шчэцінскі зал. Балтыйскага м. Каналізавана паміж гарадамі Кендзежын-Козле і Бжэг-Дольны (на 186 км). Гал. прытокі: Барыч, Варга (справа), Бубр, Ныса-Лужыцка (злева). Веснавое разводдзе, летне-асенняя межань з асобнымі ліўневымі паводкамі, павышаная воднасць зімой. Сярэдні расход вады 580 м³/с. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт (7 электрастанцый, найб. ў г. Бжэг-Дольны). Суднаходная (на 711 км). Каналамі злучана з рэкамі Эльба і Вісла. На О. гарады Острава (Чэхія), Аполе, Вроцлаў, Шчэцін (Польшча), Франкфурт-на-Одэры (Германія). У міжрэччы Віслы і Одэра ў Вял. Айч. вайну адбылася Вісла-Одэрская аперацыя 1945.

т. 11, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУБО́ВІЧ (Уладзімір) (20.6.1908, г. Краснадар, Расія — 7.4.1962),

бел. і польскі археолаг. Скончыў Віленскі ун-т (1932), працаваў у яго археал. музеі. З 1944 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АН БССР, у 1946—62 праф. Тарунскага і Вроцлаўскага ун-таў, кіраўнік Вроцлаўскага аддз. Ін-та археалогіі Польскай АН. У 1935—39 з жонкаю Г.Цэгак-Галубовіч працаваў на археал. раскопках у Глыбоцкім, Міёрскім, Навагрудскім, Пастаўскім і інш. раёнах, склаў археал. карты гэтых тэрыторый. Даследаваў стараж. Вільню, Мінск, апрацоўваў матэрыялы раскопак Гродна, вывучаў ганчарную вытв-сць у Зах. Беларусі. Даследаваў помнікі ў Зах. Польшчы (г. Аполе) і Германіі. Займаўся этнаграфіяй і тапанімікай.

Тв.:

Кривой город — Вильно (разам з Г.​Галубовіч) // Краткие сообщения Ин-та истории материальной культуры. М.; Л., 1945. Вып. 11;

Славянские поселения правобережной Дисны в Вилейском округе БССР (з ёй жа) // Тамсама;

Garncarstwo wiejskie zachodnich terenów Białorusi. Toruń, 1950.

Л.​Д.​Побаль.

т. 4, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАТО́ЎСКІ ((Grotowski) Ежы) (н. 11.8.1933, г. Жэшаў, Польшча),

польскі рэжысёр, тэарэтык тэатр. мастацтва. Скончыў Вышэйшую тэатр. школу ў Кракаве і Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве. Дырэктар, маст. кіраўнік і рэжысёр эксперым. Тэатра-лабараторыі (з 1959 у г. Аполе, у 1962—84 у Вроцлаве). Насуперак агульнапрынятаму «тэатру дэкарацый» стварыў т.зв. «бедны тэатр», спектаклі якога характарызаваліся спецыфічным спалучэннем гуку і руху, цеснай узаемасувяззю паміж акцёрам і гледачом; з гэтымі мэтамі распрацаваў новы, поўны экспрэсіі метад акцёрскай ігры. Вядомасць набыў пастаноўкамі пераважна класічных твораў, якія выкарыстоўваў у якасці сюжэтнай асновы для ўласных сцэнарыяў. Найб. значныя працы: «Дзяды» А.​Міцкевіча (1961), «Кардыян» Ю.​Славацкага (1962), «Акропаліс» С.​Выспянскага (1962), «Трагічная гісторыя доктара Фауста» паводле К.​Марла (1963), «Стойкі прынц» Кальдэрона—Славацкага (1965), «Apokalypsis cum figuris» (1968). З 1973 арганізоўваў у Польшчы і за мяжой т.зв. паратэатральныя лабараторыі стажыроўкі акцёраў паводле мастацка-даследчай праграмы Special Projekt. Аўтар кнігі «У напрамку да беднага тэатра» (1970). Дзярж. прэмія Польшчы 1972.

Літ.:

Osiński Z. Grotowski i jego Laboratorium. Warszawa, 1980;

Яго ж. Grotowski wytycza trasy. Warszawa, 1993.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 5, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЖНЕСІЛЕ́ЗСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,

наступальныя дзеянні войск 1-га Укр. фронту (каманд. Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) 8—24 лют.; частка стратэг. наступлення сав. войск у Еўропе ў студз.—сак. 1945 у 2-ю сусв. вайну. Падрыхтавана ў ходзе завяршэння Вісла-Одэрскай аперацыі 1945. Мела на мэце: разгром процістаячай групоўкі праціўніка, выхад на рубеж р. Нейсе і захоп зручнага плацдарма для далейшага наступлення. У паласе наступлення абараняліся ням. 4-я танк. і 17-я арміі групы армій «Цэнтр» (каманд. ген.палк. Ф.​Шорнер), корпус 9-й арм. групы армій «Вісла». Гал. ўдар сав. войскі наносілі з двух плацдармаў на Одэры — на Пн і на Пд ад Брэслаў (Вроцлаў). З левага фланга наносіўся трэці ўдар з плацдарма на ПдЗ ад Опельна (Аполе). У першы дзень наступлення 8 лют. сав. войскі прарвалі абарону праціўніка ў цэнтры і на правым флангу; на левым флангу дзейнічалі менш паспяхова і 10 лют. перайшлі да абароны. Гал. сілы разграмілі падыходзячыя рэзервы праціўніка і да 15 лют. паглыбіліся ў яго абарону на 60—100 км, занялі шэраг гарадоў Ніжняй Сілезіі, акружылі буйныя ням. гарнізоны, якія пазней былі ліквідаваны. Да 24 лют. войскі фронту выйшлі на р. Нейсе на адну лінію з войскамі 1-га Бел. фронту і занялі выгаднае аператыўна-стратэг. становішча для далейшага наступлення на Берлінскім напрамку. Верхнесілезская (Опельнская) групоўка ням.-фаш. войск, што супрацьстаяла фронту, ліквідавана ў ходзе Верхнесілезскай аперацыі 1945.

т. 11, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛЕ́ЗІЯ (польск. Śląsk, чэш. Slezsko, ням. Schlesien),

гістарычная славянская вобласць у верхнім і сярэднім цячэнні р. Одра (Одэр). Большая частка ў складзе Польшчы (Апольскае, Дольнашлёнскае, Шлёнскае і інш. ваяводствы). Паўд. С. часткова ў складзе Чэхіі (раёны каля граніцы з Польшчай).

Назва С., верагодна, ад сілінгаў — часткі стараж.-герм племя вандалаў, якія жылі тут да 6 ст. н.э. З 6—7 ст. заселена славянамі. У пач. 10 ст. С. ў складзе Чэхіі (дзяржавы Пржэмыславічаў), з 990 — Польшчы (дзяржавы Пястаў). У 1000 насельніцтва С. прыняло хрысціянства. З 1138 С. — удзельнае княства, у 1163—73 і пасля 1241 раздроблена. З пач. 13 ст. тут сяліліся і ням. каланісты (продкі сілезскіх немцаў). У 1-й пал. 14 ст. зноў увайшла ў Чэхію. З 1526 С. (акрамя Севежскага, Асвенцімскага, Заторскага княстваў) — уладанне аўстр. Габсбургаў. У выніку Сілезскіх войнаў (1740—42, 1744—45) і Сямігадовай вайны 1756—63 большая частка С. ўключана ў склад Прусіі (акрамя княстваў Опава і Цешын, тэр. якіх засталася пад уладай Габсбургаў — т.зв. Аўстрыйская С.). У 1793 і 1844 у рэгіёне адбыліся Сілезскія паўстанні ткачоў. У 1919 пруская правінцыя С. (утворана ў 1807) падзелена на правінцыі Верхняя С. з цэнтрам у г. Опельн (Аполе) і Ніжняя С. з цэнтрам у г. Брэслаў (Вроцлаў); тут адбыліся Сілезскія паўстанні 1919, 1920, 1921. З 1920 б. Аўстрыйская С. ў складзе Чэхаславакіі. У 1922 Саветам Лігі Нацый каля ​1/3 Верхняй С. перададзена Польшчы. У кастр. 1938 (пасля Мюнхенскага пагаднення 1938 аб падзеле тэр. Чэхаславакіі) польскія войскі занялі Цешынскую С. Пасля 2-й сусв. вайны рашэннем Патсдамскай канферэнцыі 1945 большая частка С. вернута Польшчы (гэта становішча прызнана герм.-польскім дагаворам аб межах 14.11.1990); у 1946 тут праведзена масавая дэпартацыя сілезскіх немцаў, частка іх вярнулася ў рэгіён у 1950-я і 1970-я г.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 14, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)