прыстасаванне для выпрамянення і прыёму электрамагнітных хваляў, адзін з асн. элементаў ліній радыёсувязі. Перадавальная антэна пераўтварае энергію эл.-магн. ваганняў, засяроджаную ў выхадных вагальных ланцугах радыёперадатчыка, у энергію радыёхваляў. Прыёмная антэна выконвае адваротнае пераўтварэнне энергіі радыёхваляў у энергію ВЧ-ваганняў і аддзяляе карысны сігнал ад перашкод. У большасці перадавальных антэн інтэнсіўнасць выпрамянення залежыць ад напрамку (накіраванасць выпрамянення), што павышае напружанасць эл.-магн. хвалі ў бок найб. выпрамянення (раўназначная эфекту, выкліканаму павышэннем выпрамяняльнай магутнасці); вызначаецца каэфіцыентам накіраванага дзеяння (КНДз). Залежнасць напружанасці эл. поля ад напрамку назірання графічна адлюстроўваецца дыяграмай накіраванасці (ДН). Звычайна ДН мае многапялёсткавы характар (вынік інтэрферэнцыі выпрамянення ад асобных элементаў антэны); адрозніваюць гал. пялёстак і бакавыя. Чым большыя памеры антэны ў параўнанні з даўжынёй хвалі, тым вузейшы гал. пялёстак, большы яго КНДз і большая колькасць бакавых пялёсткаў. Асн. характарыстыкі антэны (ДН, КНДз і ўваходнае супраціўленне, што характарызуе ўзгадненне антэны з лініяй перадачы) аднолькавыя ў рэжымах перадачы і прыёму. Паводле канструкцыі і прынцыпу работы антэны бываюць: бягучай хвалі антэна, дыяпазонная антэна, рамачная антэна, хваляводна-рупарная антэна, люстраная антэна, вібратарная, шчылінная, лінзавая, антэнная рашотка і інш.
Вібратарная антэна — праваднік даўжынёй L = 0,5λ, дзе λ — даўж. хвалі; КНДз=1,64, для яго павелічэння звычайна выкарыстоўваюць многавібратарныя антэны (гл.Тэлевізійная антэна), выкарыстоўваюць ва ўсіх дыяпазонах радыёхваляў. Шчылінная антэна — метал. экран з прамавугольнымі адтулінамі; выкарыстоўваюць у дыяпазоне ЗВЧ. Лінзавая антэна складаецца з абпрамяняльніка (вібратарная, шчылінная або інш.антэны) і дыэлектрычнай лінзы, якая факусіруе хвалю ў вузкі прамень; КНДз да 104; выкарыстоўваецца ў радыёлакацыйных і вымяральных устаноўках. Антэнная рашотка — сістэма слабанакіраваных антэн, якія ў рэжыме перадачы далучаюцца да агульнага генератара праз сістэму размеркавання магутнасці, у рэжыме прыёму — да агульнага прыёмніка; КНДз прыблізна роўны здабытку КНДз асобнага выпрамяняльніка і іх колькасці. Асаблівасць — магчымасць павароту ДН адносна самой рашоткі (эл. сканіраванне), што дасягаецца зменай рознасці фазаў паміж суседнімі выпрамяняльнікамі з дапамогай спец. фазавярчальнікаў па камандах ЭВМ.
А.А.Юрцаў.
Антэна лінзавая і яе дыяграмы накіраванасці (ДН).Антэна вібратарная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
тэлеві́зар, ‑а, м.
Радыётэхнічнае ўстройства для прыёму тэлевізійных перадач і іх гукавога суправаджэння. У кутку — тэлевізар, без чаго ў нашы часы проста жыць нельга.Скрыган.Над стрэхамі таксама правады, і ледзь не ўсюды антэны для тэлевізараў.Кулакоўскі.
[Ад грэч. tēle — далёка і лац. visio — бачанне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
радыёма́чта
(ад радыё- + мачта)
апора, на якой падвешваюцца або ўмацоўваюцца на неабходнай вышыні антэны наземных радыёстанцый.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГО́МЕЛЬСКІ РАДЫЁЗАВО́Д.
Створаны ў 1966—69 як з-д металаканструкцый «Прамень». З 1975 сучасная назва. Уваходзіў у цэнтр.навук.-вытв. аб’яднанне «Вымпел». Выпускаў радыёэлектронныя прылады, антэны, радыёрэлейныя лініі, сістэмы навігацыі, тавары нар. ўжытку. З 1992 уваходзіць у міждзярж. карпарацыю «Вымпел». Выпускае сродкі сувязі, халадзільныя ўстаноўкі, быт. тэхніку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНГУ́СТЫ (Palinurus),
род беспазваночных жывёл атр. дзесяціногіх ракападобных. 5 відаў. Пашыраны на шэльфе трапічных і субтрапічных мораў. Жывуць на камяністым дне, у расколінах скал.
Даўж. да 75 см, маса да 13 кг і больш. Цела і тоўстыя антэны маюць моцныя шыпы. Начныя жывёлы. Кормяцца жывёльным кормам, пераважна малюскамі. Развіццё з ператварэннем. Аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНІЁМЕТР (ад грэч. gonia вугал + ...метр),
1) прылада для вымярэння двухгранных вуглоў паміж гранямі цвёрдых цел. Бывае прыкладны і адбівальны. Прыкладны ганіёметр мае транспарцір і лінейку. Дакладнасць вымярэнняў да 15. Адбівальны ганіёметр мае каліматар, зрокавую трубу і адліковае прыстасаванне. Дакладнасць вымярэнняў да 1′. Выкарыстоўваецца ў метралогіі, крышталяграфіі, геадэзіі і інш. 2) Прыстасаванне для зрушэння дыяграмы накіраванасці антэныэл. спосабам. Выкарыстоўваецца ў радыёпеленгатарах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ЎПЛІУСЫ (ад грэч. nauplios жывёла з панцырам),
планктонныя лічынкі розных ракападобных. Цела не сегментаванае; прыдаткаў 3 пары: спераду рота аднагалінастыя адчувальныя антэнулы, ззаду — двухгалінастыя антэны і жвалы жавалы (мандзібулы), якія выкарыстоўваюцца пры плаванні. Маюць няпарнае (наўпліяльнае) вока. Паміж жваламі жаваламі і анальнай адтулінай знаходзіцца зона росту, у якой па меры развіцця ўзнікаюць т.зв. постнаўпліяльныя сегменты з канечнасцямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЕНТА́ЦЫЯкасмічнага апарата,
1) зададзенае вуглавое становішча касмічнага апарата (КА) адносна нябесных целаў, сілавых ліній магнітнага і гравітацыйнага палёў або іншых напрамкаў у прасторы.
2) Кіраванне вуглавым рухам КА на ўчастку свабоднага палёту — наданне яго восям пэўнага становішча адносна зададзеных напрамкаў. Бывае аўтаматычная і ручная. Арыентацыя залежыць ад прызначэння КА: пры даследаваннях нябесных целаў з борта КА неабходна яго арыентаваць на адпаведны аб’ект; ШСЗ, які выкарыстоўваецца для сувязі і мае накіраваныя антэны, арыентуюць на зямныя пункты сувязі; КА з сонечнымі батарэямі арыентуюць рабочай паверхняй батарэй на Сонца; збліжэнне некалькіх КА патрабуе іх узаемнай арыентацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВО́ЯДЖЭР»
(англ. Voyager),
назва амерыканскіх аўтам. міжпланетных станцый для даследавання планет-гігантаў Сонечнай сістэмы і іх спадарожнікаў з пралётнай траекторыі.
«Вояджэр-2» і «Вояджэр-1» (маса кожнага 798 кг), запушчаныя 20.8 і 5.9.1977, праляцелі адпаведна 9.7 і 5.3.1979 на адлегласцях 648 тыс.км і 280 тыс.км ад Юпітэра; адкрыты кальцо і 3 спадарожнікі. Станцыі зрабілі гравітацыйны манеўр у полі прыцягнення Юпітэра і ў 1980—81 праляцелі каля Сатурна; выяўлена 6 спадарожнікаў, мноства кольцаў Сатурна, даследавана іх тонкая структура. Пасля гэтага «Вояджэр-1» выйшаў за межы экліптыкі. «Вояджэр-2» пасля карэкцыі траекторыі праляцеў 24.1.1986 каля Урана, была пацверджана наяўнасць кольцаў вакол планеты, выяўлены 10 спадарожнікаў, 20.4.1989 праляцеў каля Нептуна, адкрыты 4 кальцы, 6 спадарожнікаў, праведзены даследаванні спадарожніка Трытон. Апошняя інфармацыя з «Вояджэра-2» атрымана на пач. 1990 (панарама з 6 планет Сонечнай сістэмы). У выніку палётаў «Вояджэра» вызначаны састаў і дынаміка атмасфер планет, удакладнены мадэлі іх унутр. будовы і паходжання Сонечнай сістэмы. На борце «Вояджэра-1» і «Вояджэра-2» знаходзяцца пасланні пазаземным цывілізацыям. Станцыі працягваюць аддаляцца ад Сонца; сувязь з імі плануецца падтрымліваць да 2000.
Н.А.Ушакова.
Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Вояджэр»: 1 — тэлевізійныя камеры; 2 — дэтэктары плазмы, касмічных прамянёў і зараджаных часціц; 3 — востранакіраваная і маланакіраваная антэны; 4 — штанга з магнітометрамі; 5 — радыеізатопныя энергетычныя ўстаноўкі; 6 — мікрарухавікі; 7 — антэны для рэгістрацыі радыёвыпрамянення планет і хваль у плазме; 8 — радыятар; 9 — ультрафіялетавы і інфрачырвоны спектрометры.Да арт.«Вояджэр». Траекторыя палёту аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Вояджэр-2».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СЯЦАВЫ САМАХО́ДНЫ АПАРА́Т,
месяцаход, транспартная прылада, якая можа кіравацца аўтаматычна ці касманаўтамі, для перамяшчэння па паверхні Месяца і правядзення навук. даследаванняў.
Першыя аўтам. М.с.а., кіравальныя з Зямлі, «Месяцаход-1» і «Месяцаход-2» створаны ў СССР і дастаўлены на паверхню Месяца 17.11.1970 аўтам. міжпланетнай станцыяй (АМС) «Месяц-17» і 16.1.1973 — АМС «Месяц-21» адпаведна. Месяцаходы складаліся з 2 асн. частак: герметычнага прыборна-агрэгатнага адсека і колавага шасі. У адсеку размяшчаліся сістэмы тэрмарэгулявання, электрасілкавання, радыёкомплексу, дыстанцыйнага кіравання і інш. Звонку знаходзіліся ТВ-камеры, антэны, навук. апаратура і інш. Электрасілкаванне забяспечвалася хім. і сонечнымі батарэямі і ізатопнымі крыніцамі. Шасі (8 вядучых колаў) забяспечвала перамяшчэнне па паверхні Месяца, рэжым руху выбіраўся на аснове ТВ-інфармацыі і тэлеметрычных звестак. Працягласць актыўнага функцыянавання «Месяцахода-1» — 301,3 сут, пройдзена 10,54 км, даследавана 80 тыс.м² месяцавай паверхні, атрымана больш за 200 панарам і больш за 20 тыс. здымкаў паверхні Месяца. «Месяцаход-2» ва ўмовах складанага рэльефу за 123 сут пераадолеў 37 км. Першы кіравальны месяцаход — амер. апарат «Ровер» (1971). У 1971—72 на Месяц дастаўлены касм. караблямі «Апалон-15, -16, -17» 3 месяцаходы «Ровер» для перамяшчэння астранаўтаў. Макс. маса (з 2 астранаўтамі і грузам) 725 кг, макс. пройдзеная адлегласць 36 км.
Літ.:
Передвижная лаборатория на Луне — Луноход-1. Т. 1—2. М., 1971—78.
У.С.Ларыёнаў.
Да арт.Месяцавы самаходны апарат. Кампаноўка і габарытныя памеры (мм) «Месяцахода-1»: 1 — герметычны прыладны адсек; 2 — тэлекамеры; 3 — вугалковы адбівальнік; 4 — востранакіраваная і маланакіраваная антэны; 5 — радыятар-ахаладжальнік; 6 — сонечная батарэя; 7 — штыравая антэна; 8 — прылада для вызначэння фізіка-механічных уласцівасцей грунту; 9 — тэлефотакамеры; 10 — блок колаў шасі.