1. Грамадскі лад, заснаваны на рабаўладанні. Антычнае рабства.// Пра грамадскі лад, пры якім клас стваральнікаў асноўных матэрыяльных каштоўнасцей з’яўляецца бяспраўным, пазбаўленым уласнасці на сродкі вытворчасці. Прыгоннае рабства. Каланіяльнае рабства. Наёмнае рабства.
2. Стан, становішча раба (у 1 знач.). Аддаць у рабства. Вызваліцца ад рабства.// Палітычна залежнае становішча чалавека. І паралелі, і мерыдыяны Ім хочацца жалезнымі зрабіць, Каб шар зямны ў краты быў закован, І ў рабстве жыў пакораны народ.Панчанка.
3.перан. Поўнае падпарадкаванне чужой волі, уплыву. Сямейнае рабства.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
амфітэа́тр
(гр. amphitheatron, ад amphi = па абодва бакі + theatron = відовішча)
1) антычнае збудаванне для масавых відовішчаў, у якім месцы для гледачоў узвышаліся паўкругам;
2) месцы ў глядзельнай зале: у тэатры — за партэрам, у цырку — уступамі.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
КАМЮ́ ((Camus) Альбер) (7.11.1913, г. Мандові, Алжыр — 4.1.1960),
французскі пісьменнік, філосаф, прадстаўнік экзістэнцыялізму. Скончыў Алжырскі ун-т (1937). З 1939 у Францыі. Займаўся журналістыкай, тэатр. дзейнасцю. Загінуў у аўтамаб. катастрофе. Творчасць умоўна падзяляюць на 3 перыяды: «абсурду» (зб-кіфілас.-лірычных эсэ «Ніцво і твар», 1937; «Шлюбны баль», 1938; філас. эсэ «Міф пра Сізіфа». 1942; раманы «Шчаслівая смерць», нап. 1938, выд. 1971; «Чужаніца», 1942; п’есы «Калігула», «Непаразуменне», абедзве 1944), «бунту» (раман «Чума», 1947; п’есы «Аблога», 1948; «Праведныя», 1950; філас.-гіст. трактат «Чалавек, які бунтуе», 1951), «выгнання» (раман «Падзенне», 1956; зб-кі эсэ і апавяданняў «Лета», 1954, «Выгнанне і царства», 1957). Аўтар кніг «Злабадзённыя нататкі» (т. 1—3, 1950—58), «Шведскія прамовы» (1958), інсцэніровак твораў Ф.Дастаеўскага, У.Фолкнера і інш. У творах пераважаюць тэмы абсурднасці існавання, адзіноты, закінутасці чалавека і адначасова яго адказнасці за свае паводзіны, непазбежнасці маральнага выбару. Філас. глыбіня спалучаецца ў іх з моўным лаканізмам, амаль поўнай адсутнасцю метафар, рэмінісцэнцый. Зыходны пункт філас. разважанняў К. — трагічнае перажыванне смерці Бога, абвешчанай у свой час Ф.Дастаеўскім і Ф.Ніцшэ. Для К. яна азначала страту метафізічнага сэнсу жыцця чалавека.
На яго думку, вопыт чалавечага існавання, якое непазбежна заканчваецца смерцю, прыводзіць мыслячую асобу да ўсведамлення абсурднасці зямнога быцця; аднак гэта не павінна абяззбройваць чалавека, і ён выбірае бунт супраць усіх багоў, які надае каштоўнасць індывідуальнаму жыццю. Чалавек мусіць жыць і дзейнічаць так, каб адчуць сябе шчаслівым у гэтым абсурдным свеце. Трагічны вопыт вайны і Супраціўлення прывёў К. да эстэтыкі бунту, якая адраджала колішняе, антычнае значэнне л-ры і мастацтва, усёй духоўнай культуры, значэнне адзінства прыгажосці, дабра і справядлівасці ў жыцці як асобнага чалавека, так і ўсяго грамадства. Менавіта яны надаюць сэнс і веліч чалавечаму жыццю, творчасці і самой смерці; усведамленне абсурду прыводзіць да бунту, а бунт — да свабоды, у якой чалавек знаходзіць сэнс жыцця. К. лічыў, што жыццё чалавека — гэта пастаянная і няспынная творчасць, магчымая толькі ва ўмовах свабоды; без свабоды няма творчасці і ўсяго таго, што складае асноўныя вымярэнні чалавечых каштоўнасцей.
На бел. мову прозу К. перакладаў З.Колас. У Бел. т-ры імя Я.Коласа пастаўлена п’еса К. «Непаразуменне». Нобелеўская прэмія 1957.
Калігула // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995;
Рус.пер. — Избранное. Мн., 1989;
Сочинения. М., 1989;
Избр. произв.М., 1993;
Бунтующий человек. М., 1990;
Творчество и свобода: Статьи, эссе, зап. книжки. М., 1990.
Літ.:
Великовский С.И. Грани «несчастного сознания»: Театр, проза, филос. эстетика, эстетика А.Камю. М., 1973: Яго ж. В поисках утраченного смысла. М., 1979;
Кушкин Е.П. Альбер Камю: Ранние годы. Л., 1982;
Акудовіч В. Камень Сізіфа;
Білацэрківец Н. Ганебная «чалавечнасць» гісторыі;
Лявонава Е. Дастаеўскі і Камю // Крыніца. 1994. № 11(5);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ,
самая старажытная сістэма вершаскладання, якая ўзнікла ў народнай паэтычнай творчасціўсх. славян у перыяд сінкрэтычнага мастацтва, дзе слова існавала неаддзельна ад музыкі, жэста, руху. Нар. верш спяваўся або напеўна дэкламаваўся. Так, рус.быліны, укр.думы, бел.замовы і галашэнні вымаўляліся нараспеў, нярэдка ў суправаджэнні (за выключэннем замоў і галашэнняў) муз. інструмента (гусляў, кобзы, ліры). Асабліва цесна звязаны слова і мелодыя, сэнс і гучанне ў бел.нар. песнях (гістарычных, каляндарна-абрадавых, лірычных). У нар. вершы вял. ролю адыгрываў чыста музычны прынцып арганізацыі рытму: у аснове сувымернасці была колькасць часу, неабходная для вымаўлення першаснай рытмічнай адзінкі — склада. У выніку слова настолькі падначальвалася напеву, што часта пазбаўлялася граматычнага націску або ён перастаўляўся з аднаго склада на другі, у вершаваных радках з’яўляліся лішнія словы, асобныя склады расцягваліся або сцягваліся (замест «у» і «і» з’яўляліся «ў» і «й»), Пазней, калі вершаваны тэкст пачаў паступова адасабляцца ад мелодыі, арганізуючым рытмічным пачаткам нар. верша стаў моцны (апорны) націск, які падпарадкоўваў сабе націскі суседніх слоў (не толькі дапаможных, але і самастойных). Чаргаванне пэўнай колькасці такіх націскаў у вершаваных радках стварала рытм танічнага ў сваёй аснове нар. верша (гл.Танічнае вершаскладанне). Існуюць 2 тыпы нар. верша: напеўны і гутарковы, або рэчытатыўны. Гутарковы верш больш позні, у ім у адрозненне ад напеўнага некалькі меншая сувязь з музыкай (напевам). Пашыраныя яго формы — былінны верш, раёшнік. Напеўны верш таксама неаднастайны. Даследчык бел. фальклору І.Насовіч у прадмове да зб. «Беларускія песні» (1874) вылучаў у залежнасці ад колькасці апорных націскаў 3 віды нар. напеўнага верша — «у адзін тэмп»:
Камарочкі мае,
Не кусайце мяне,
А кусайце паноў,
Што не пускаюць дамоў;
«у два тэмпы»:
Ты сяло маё, / сяло новае
Сяло новае, / ўсё кляновае!
Ой, ты чым, сяло, / прыукрашана.
Ці калінаю, / ці малінаю,
А ці чорнаю / смародзінаю?;
«у тры тэмпы»:
Мак зялёны, / мак чырвоны, / у поўначы квіцець,
Там за гарою, / там за другою / мяне татка клічэць.
Песенны рытм «у тры тэмпы» найб. пашыраны ў стараж. песнях. Магчыма, ён паўплываў на рытміку былін, для якіх у пераважнай большасці таксама характэрны 3 моцныя націскі ў вершаваных радках.
Н.в. паступова відазмянялася пад уплывам літ. верша, які ўзнік у беларусаў у пач. 16 ст., — антычнага (метрычнага) верша ў паэзіі на лац. мове (гл.Антычнае вершаскладанне) і сілабічнага ў паэзіі на старабел. мове (гл.Сілабічнае вершаскладанне). Літ. верш з яго роўнаскладовасцю радкоў, раўнамернасцю чаргавання моцных (доўгіх) і слабых (кароткіх) складоў адчувальна ўплываў на чыста танічныя прынцыпы нар. верша. З 16 ст. ў вершы нар. песень узнікаюць сілаба-танічныя формы, што аб’ядноўваюць ранейшыя прыкметы тонікі (аднолькавая колькасць рытмічных акцэнтаў у радках) з новымі прыкметамі сілабізму (аднолькавая колькасць складоў). У песнях з’яўляюцца рыфмы, строфы; у сваю чаргу раннія сілаба-танічныя формы нар. верша пачалі ўплываць на літ. сілабічны верш, паскараючы фарміраванне сілаба-танічнага вершаскладання.
Літ.:
Ралько І.Д. Беларускі верш. Мн., 1969;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ, версіфікацыя,
сістэма гукавой арганізацыі вершаванай мовы на аснове пэўнай рытміка-інтанацыйнай суладнасці і перыядычнасці. У адпаведнасці з культ. традыцыямі і прасадычнымі асаблівасцямі мовы еўрап. вершаскладанне падзяляецца на дысметрычнае (несувымернае) і метрычнае (размеранае, урэгуляванае). Адзінка сувымернасці вершаў у розных мовах — склад. Асн. фанетычныя характарыстыкі склада (складаўтваральнага галоснага) — вышыня, даўжыня і сіла. Упарадкавацца можа як агульная колькасць складоў (сілабічнае вершаскладанне), так і колькасць складоў пэўнай вышыні (меладычнае вершаскладанне), даўжыні (антычнае, або метрычнае вершаскладанне) і сілы (танічнае вершаскладанне). Звычайна гэтыя фанетычныя прыкметы ўзаемазвязаны, таму існуюць сістэмы, заснаваныя на дзвюх і больш прыкметах (напр., сілаба-меладычнае, сілаба-метрычнае, сілаба-танічнае вершаскладанне). У розных мовах розныя сістэмы вершаскладання развіваюцца па-рознаму. Напр., у рус. мове, дзе вышыня і даўжыня гукаў не з’яўляюцца фаналагічнымі (сэнсавызначальнымі), не развілося меладычнае і метрычнае вершаскладанне. У франц. мове, дзе таксама не фаналагічны націск у слове, не развіліся танічнае і сілаба-танічнае вершаскладанне. Разам з тым не ўсе сістэмы, прыдатныя для пэўнай мовы, атрымліваюць аднолькавае развіццё (напр., стараж.-грэч. мова дазваляла пашырэнне і метрычнага, і танічнага, і сілабічнага вершаскладання, а пераважным стала метрычнае).
У бел. паэзіі склаліся 2 віды дысметрычнага вершаскладання — інтанац.-сказавае і танічнае, або акцэнтнае. Першы з іх заснаваны на гукавой уладкаванасці пэўных сінтаксічных частак ці перыядаў паэт. фразы (напр., стараж. ўзоры нар. паданняў, асобныя ўрыўкі «Слова пра паход Ігараў»). Танічны верш заснаваны на раўнамернасці т.зв. моцных акцэнтаў у рытмарадзе, якія падкрэсліваюць сэнсавую і структурную ролю пэўных слоў. Да танічнага верша звярталіся амаль усе бел. пісьменнікі (паэма «Безназоўнае» Я.Купалы, «Сымон-музыка» Я.Коласа, «Сцяг брыгады» А.Куляшова). Найб. развітыя і арыгінальныя ўзоры антычнага вершаскладання ёсць у творчасці бел. паэтаў-лаціністаў 16—17 ст. Я.Вісліцкага, М.Гусоўскага і інш. Зараджэнне бел. сілабікі ў 16—17 ст. звязана з дзейнасцю Ф.Скарыны, Я.Пашкевіча, Сімяона Полацкага. Нягледзячы на сваю неадпаведнасць прасодыібел. мовы, сілабічнае вершаскладанне праіснавала амаль да канца 19 ст. і было важным этапам у гіст. развіцці нац. паэзіі. У творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча і інш. прадстаўнікоў новай бел. л-ры сілабічнае вершаскладанне мадэрнізавалася і ўзбагацілася. Пад уплывам нар.-песенных формаў, жывых традыцый гутарковай мовы яно прыкметна танізавалася, набліжаючыся да сілаба-танічнага гучання (пачатак паэмы «Гапон» Дуніна-Марцінкевіча). Паралельна з гэтым у пач. 19 ст. пад уплывам рус. і ўкр. літаратур зарадзілася і бел. сілабатоніка (паэмы «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»). Працэс сінтэзу сілабічных і танічных прынцыпаў вершаскладання завяршыўся ў канцы 19 ст. (цыкл «Песні» Багушэвіча, вершы і байкі Я.Лучыны, А.Гурыновіча). У пач. 20 ст. сілаба-танічнае вершаскладанне стала пануючым у бел. паэзіі. Для яго характэрна максімальная танізацыя вершаванай мовы, кандэнсацыя энергіі рытму на самых значных у сэнсавых адносінах словах, шырокае выкарыстанне сродкаў эмац. падкрэслівання (эмац. звароты і выклічнікі, паўзы, міжрадковыя пераносы, паўторы, гукаперайманні). Істотную выяўл. ролю адыгрывае страфа як вышэйшая форма арганізацыі верша. У сувязі з далейшым паглыбленнем сац.-эстэтычных і філас. асноў сучаснай бел. паэзіі побач з традыц. формамі сілабатонікі ўсё большае пашырэнне набывае свабодны верш, які будуецца на чаргаванні эквівалентных па гучанні рытмарадоў, аб’яднаных адзінствам думкі, дынамізмам унутр. лірычнай плыні.
Літ.:
Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Пытанні тэорыі літаратуры. М., 1964;
Ралько І.Д. Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі. Мн., 1969;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ВАПІС,
від выяўленчага мастацтва, творы якога ствараюцца спосабам нанясення колеравых матэрыялаў на якую-небудзь цвёрдую аснову; адлюстроўвае рэчаіснасць, пераасэнсаваную творчай фантазіяй мастака як вынік эстэт. асваення свету. У залежнасці ад прызначэння твора, пануючага маст. стылю (готыка, рэнесанс, класіцызм, рэалізм і інш.), мастака Ж. дае ацэнку духоўнаму зместу эпохі і з’яўляецца дзейсным сродкам эстэт. выхавання грамадства. Як высокаразвітая форма чалавечай дзейнасці з’яўляецца сферай стварэння маст. каштоўнасцей.
Вызначальная спецыфічная асаблівасць Ж. — шматбаковае выкарыстанне выяўл. магчымасцей колеру для стварэння гарманічна цэласнай сістэмы (каларыту). Звычайна ўжываецца шэраг узаемазвязаных колераў і іх адценняў (гама колеравая), але існуе і Ж. адценнямі аднаго колеру (монахраматызм). З дапамогай колеру, малюнка, кампазіцыі, фактуры Ж. стварае маст. вобразы, якія могуць узнаўляць матэрыяльнасць свету, плоскаснасць і перспектыву прасторы, ствараць ілюзію руху, адлюстроўваць жывую прыроду ці адасобленыя ідэі (алегорыя, сімвал). Па сукупнасці матэрыялаў і тэхніцы іх выкарыстання вылучаюць алейны жывапіс, тэмперу, васковы жывапіс, фрэску, а сэка і інш Часам для выканання жывапісных работ выкарыстоўваюць акварэль, гуаш, эмаль, пастэль, туш. Непасрэдна з Ж звязаны вітраж, мазаіка, панарама і дыярама. Залежна ад прызначэння, характару вобразаў і выканання адрозніваюць манументальны жывапіс, станковы Ж. (карціна, абраз, гл.Станковае мастацтва), дэкаратыўны жывапіс, мініяцюру, дэкарацыйны Ж. (гл.Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва). Паводле тэматыкі і прадметаў адлюстравання Ж. падзяляецца на жанры: гістарычны жанр, бытавы жанр, анімалістычны жанр, батальны жанр, партрэт, пейзаж, нацюрморт і інш. Па тэхніцы пісьма адрозніваюць Ж шматслаёвы (з падмалёўкамі і лесіроўкамі) і Ж. у адзін прыём (альпрыма).
Ж. узнік у эпоху позняга палеаліту (40—8 тыс.г. назад). Захаваліся наскальныя размалёўкі (Пд Францыі, Пн Іспаніі і інш.) — выкананыя вохрамі, сажай і вуглем абстрактныя абагульненыя выявы асобных жывёл, пазней і сцэн палявання. Ж рабаўладальніцкага грамадства валодаў развітой вобразнай сістэмай, багатымі тэхн. сродкамі (гл. раздзелы па мастацтве ў аўт.Егіпет Старажытны, Індыя, Кітай, Антычнае мастацтва). У сярэдневякоўі ў Еўропе дамінаваў рэліг. Ж (гл.Іканапіс), які часам змяшчаў і гіст. сюжэты. Ж.Адраджэння сцвярджаў агульныя прынцыпы новага гуманіст. мастацтва (Рафаэль, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы, А.Дзюрэр, Я. ван Эйк і інш). У 17—18 ст. працэс развіцця еўрап. Ж ўскладніўся. Пачалі складвацца нац. школы ў Францыі (Ж. дэ Латур, Н.Пусэн, Ж.Л.Давід), у Італіі (М.Караваджа. П’етра да Картона, Дж.Цьепала), Іспаніі (Эль Грэка, Д.Веласкес, Ф.Сурбаран, Ф.Гоя), Фландрыі (П.П.Рубенс, Я.Іорданс, А. ван Дэйк), Галандыі (Ф.Халс, Рэмбрант, Я.Вермер), Англіі (Т.Гейнсбара, У.Хогарт), Расіі (Ф.Рокатаў, Дз.Лявіцкі, У.Баравікоўскі). Пашырылася і сістэма жанраў, паглыбілася псіхалагічная праблематыка. Сфарміраваліся розныя жывапісныя сістэмы з агульнымі стылявымі прыкметамі (дынамічны Ж барока з характэрнай незамкнутай, спіралепадобнай кампазіцыяй; Ж класіцызму з дакладным, строгім і ясным малюнкам; Ж. ракако з гульнёй вытанчаных нюансаў колеру, светлых і бляклых тонаў) і не акрэсленыя стылявымі рамкамі. Развіліся больш камерныя, тонкія тэхнікі Ж (пастэль, акварэль, партрэтная мініяцюра). У 19 ст. склалася нац. школа Ж. ў Амерыцы (гл. ў арт.Злучаныя Штаты Амерыкі). Пашырыліся маст. сувязі паміж Еўропай і інш. часткамі свету, вынікам чаго стаў пэўны ўзаемаўплыў Ж розных рэгіёнаў. У канцы 19 ст. ў барацьбе з познім класіцызмам, акадэмізмам і натуралізмам склаўся Ж рамантызму з яго актыўнай цікавасцю да драм. падзей гісторыі і сучаснасці, насычанасцю каларыту (Т.Жэрыко, Э.Дэлакруа, А.А.Іванаў). Ж. рэалізму імкнуўся да дакладнага, пераканаўчага адлюстравання жыцця (Дж.Констэбл, К.Каро, А.Дам’е). Для сцвярджэння рэаліст. Ж.Расіі вял. значэнне мела Т-ва перасоўных мастацкіх выставак (гл.Перасоўнікі). У развіцці каларызму і пленэрнага Ж. важную ролю адыграў імпрэсіянізм (Э.Дэга, А.Рэнуар, К.Манэ і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. характар Ж. стаў асабліва складаным і супярэчлівым: суіснавалі, узаемаўплывалі і змагаліся паміж сабою разнастайныя рэаліст. і авангардысцкія плыні (фавізм, футурызм, лучызм, кубізм, мадэрн, абстракцыянізм і інш.), што выявілася ў творчасці буйнейшых мастакоў таго часу: П.Пікасо, А.Матыса, Ф.Лежэ, Р.Дэланэ ў Францыі; Д.Рыверы, Д.Сікейраса ў Мексіцы; Р.Гутуза ў Італіі; Дж.Полака ў ЗША. У 1940—50-я г. ў зах.-еўрап. і амер. мастацтве найб. распаўсюджаным стылем быў сюррэалізм, які да 1960-х г. саступіў лідэрства поп-арту. З канца 1960-х г. Ж. актыўна развіваецца ў напрамках опарта, кінетычнага мастацтва, гіперрэалізму і інш., а таксама ў рэаліст. кірунку.
На Беларусі Ж. вядомы з 11—12 ст. Ён развіваўся як самабытная з’ява ў рэчышчы мастацтва ўсх. славян пад уплывам візантыйскага і зах.-еўрап. (фрэскі Полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царквы, мініяцюры Тураўскага евангелля, Аршанскага евангелля). Твораў станковага Ж. таго перыяду практычна не захавалася. У пач. 16 ст. склалася беларуская іканапісная школа; паступова ў рэліг. кампазіцыі сталі пранікаць гіст. сюжэты, выявы фундатараў і інш., вызначылася тэндэнцыя да развіцця свецкага Ж. Канец 16—18 ст. пазначаны росквітам параднага, т. зв. сармацкага. партрэта (партрэт Аляксандра Астрожскага невядомага мастака. 17 ст.). У канцы 18—19 ст. ў бел. Ж. дамінавалі класіцызм і рамантызм (творы І.Аляшкевіча, В.Ваньковіча, Я.Дамеля, Я.Сухадольскага). Пашырыліся жанры пейзажа (творчасць В.Дмахоўскага. К.Русецкага, Ф.Смуглевіча), нацюрморта, які ўводзіўся і ў інш. жанры (І.Хруцкі). Вял. ролю ў развіцці бел. Ж. адыгралі Віленская мастацкая школа і Пецярбургская АМ. У 2-й пал. 19 ст. пад уплывам рус. мастацтва развіліся тэндэнцыі крытычнага рэалізму («На этапе» К.Альхімовіча, «Салдат з хлопчыкам» Н.Селівановіча і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. самым пашыраным жанрам стаў пейзаж (творы В.Бялыніцкага-Бірулі. Ф.Рушчыца), які вылучаўся высокай самабытнай культурай каларыту. Жывапісныя творы прадстаўнікоў дэмакр. кірунку мелі яскрава выражаны сац. характар («Зямля» і «Эмігранты» Рушчыца, «Шэсце навальніцы» К.Стаброўскага і інш.). Для творчасці мастакоў 1920—30-х г. характэрна актыўнае пераасэнсаванне асн.еўрап. стыляў і накірункаў, пошукі нац. стылістыкі і палітры (Бялыніцкі-Біруля, Я.Драздовіч, У.Кудрэвіч, Ю.Пэн, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, М.Станюта, М.Філіповіч, М.Шагал; дзейнасць Віцебскага народнага мастацкага вучылішча). З канца 1930-х г. у бел. Ж. склаўся метад т. зв. сацрэалізму. асн. прыкметамі якога сталі рэаліст. трактоўка дэталей, спрошчаная ідэалізацыя тыпажу, гераізацыя рэв. гісторыі і сучаснасці, паліт ангажыраванасць У гады Вял.Айч. вайны ў Ж. пераважалі сюжэтна-тэматычная карціна, батальны і партрэтны жанры (творы Я.Зайцава, Сергіевіча, У.Сухаверхава, В.Волкава, А.Шыбнёва) Тэма вайны і яе эмацыянальнае асэнсаванне дамінавалі да канца 1950-х г. Своеасаблівасць бел. прыроды паказана ў творах Бялыніцкага-Бірулі. У 1960-я г. ў бел. Ж. пераважаў т. зв. суровы стыль, якому ўласцівы абагульненасць форм, манументальнасць і сімвалічнасць вобразаў, някідкі каларыт (творы Г.Вашчанкі, В.Грамыкі, М.Савіцкага і інш.). З 2-й пал. 1970-х г. узнікла цікавасць да нац. гісторыі, нар. спадчыны. Пашырылася стылістычная і жанравая разнастайнасць Бел. асветнікам. дзеячам культуры і гісторыі прысвячалі свае творы Вашчанка, А.Марачкін, Г.Скрыпнічэнка, Ф.Янушкевіч; завершанасцю і эмацыянальнай змястоўнасцю вылучаюцца пейзажы П.Масленікава, І.Рэя, В.Цвіркі, Л.Шчамялёва, У.Маскоўскіх, творы Р.Таболіча, М.Апіёка; самабытны характар бел. нацюрморта выяўлены ў творчасці В.Жолтак, В.Свентахоўскай. З сярэдзіны 1980-х г. як альтэрнатыва афіцыйнаму мастацтву ўзнік андэрграўнд, у якім тэмай Ж. з’яўляліся самі выяўл. сродкі. Для Ж. пачатку 1990-х г. характэрны разнапланавасць кірункаў, імкненне да сінтэзу жанраў і стылістыкі як сродку абнаўлення маст. мовы (М.Селяшчук, А.Задорын, Л.Хобатаў, В.Захарынскі, Р.Заслонаў і інш). Важную ролю ў развіцці бел. школы Ж. адыграла адкрыццё ў 1947 Мінскага маст. вучылішча, у 1953 — маст. ф-та Бел.тэатр.-маст. ін-та (з 1991 БелАМ). Іл.гл. таксама да арт.Іканапіс, Беларуская іканапісная школа, Манументальны жывапіс, Станковае мастацтва, Тэатральна-дэкаратыўнае мастацтва, а таксама да арт. пра асобныя стылі і жанры мастацтва.
Літ.:
Всеобщая история искусств. Т. 1—6. М., 1956—66;
Ильина Т.В. История искусств: Западноевроп. искусство. 2 изд. М., 1993;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94.