ВАТО́ ((Watteau) Жан Антуан) (10.10.1684, г. Валансьен, Францыя — 18.7.1721),

французскі жывапісец. Працаваў таксама ў галіне графікі і дэкар. жывапісу. Вучыўся ў Парыжы ў К.​Жыло і К.​Адрана. Зазнаў уплыў П.П.Рубенса. У 1717 атрымаў званне акадэміка за твор «Паломніцтва на востраў Кіферу». Пісаў жанравыя карціны («Бівак», «Саваяр з сурком», 1716, і інш.). Пазней у творах на тэмы «галантных урачыстасцей» і тэатр. сцэн («Цяжкае становішча», «Свецкае кола ў парку», «Свята кахання», «Жыль» і інш.) канчаткова сфарміраваўся яго своеасаблівы стыль, адметны вытанчанай грацыёзнасцю вобразаў і інтымнымі настроямі. Паэтычнасцю вылучаюцца і яго малюнкі (аловак, сангіна).

Літ.:

А.​Ватто. Старинные тексты / Сост. Ю.​К.​Золотов. М., 1971;

Герман М. Антуан Ватто. 2 изд. Л., 1984.

А.Вато.
А.Вато. Паломніцтва на востраў Кіферу. 1717.

т. 4, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПІТА́ЛЬ ((L’Hospital) Гіём Франсуа Антуан дэ) (1661, Парыж — 1704),

французскі матэматык. Аўтар першага друкаванага падручніка па дыферэнцыяльным злічэнні (1696), у аснову якога пакладзены лекцыі Х.Бернулі. Даследаваў шэраг складаных задач матэм. аналізу, даў адно з рашэнняў задачы аб брахістахроне.

Тв.:

Рус. пер. — Анализ бесконечно малых. М.; Л., 1935.

т. 9, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕКЕ́Р ((Becker) Жак) (15.9.1906, Парыж — 20.2.1960),

французскі кінарэжысёр. З 1932 асістэнт рэж. Ж.Рэнуара. Першы значны самастойны фільм — «Апошні козыр» (1942). Творчасць Бекера вылучалася стрыманасцю эмоцый, дакладнасцю і вытанчанасцю, цікавасцю да раскрыцця чалавечых характараў. Сярод лепшых фільмаў «Гупі — Чырвоныя Рукі» (1943), «Антуан і Антуанета» (1947), «Спатканне ў ліпені» (1949), «Залаты шлем» (1952), «Не чапай здабычу» (1954), «Манпарнас, 19» (1958), «Дзірка» (1960).

т. 2, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМА́РК (Lamarck) Жан Батыст Антуан П’ер дэ Манэ

(de Monet; 1.8.1744, Базантэн, Францыя — 18.12.1829),

французскі прыродазнавец, стваральнік цэласнай тэорыі развіцця жывога свету (гл. Ламаркізм). Чл. Парыжскай АН (1783). У 1772—76 у Вышэйшай мед. школе ў Парыжы. Праф. Музея прыродазнаўчай гісторыі. Навук. працы па эвалюцыі жывога свету, распрацоўцы класіфікацыі і сістэматыкі раслін, палеанталогіі, зоапсіхалогіі. Увёў падзел жывёл на пазваночных і беспазваночных, тэрмін «біялогія», апісаў шмат відаў выкапнёвых і сучасных арганізмаў.

Ж.Б.Ламарк.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЕ́ ((Meillet) Антуан) (11.11.1866, г. Мулен, Францыя — 12.9.1936),

французскі мовазнавец; прадстаўнік індаеўрапейскага параўнальна-гіст. мовазнаўства. Чл. Французскай акадэміі, чл.-кар. Пецярбургскай АН (1906). З 1906 праф. Французскага калежа, сакратар Парыжскага лінгвістычнага т-ва. Аўтар прац па агульным мовазнаўстве, слав., герм., стараж.-грэч., армянскай стараж.-персідскай і татарскай мовах: «Індаеўрапейскія дыялекты» (1908), «Гістарычнае і агульнае мовазнаўства» (т. 1—2, 1921—36) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Общеславянский язык. М., 1951;

Сравнительный метод в историческом языкознании. М., 1954.

т. 10, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́ ((Barye) Антуан Луі) (24.9.1795 ці 1796, Парыж — 25.6.1875),

французскі скульптар і жывапісец. Прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў скульптара Ф.​Ж.​Бозіо (з 1816) і жывапісца А.​Гро (з 1817). Чл. Парыжскай АМ (1868). Аўтар пейзажаў і скульпт. выяў жывёл, адметных тонкасцю назірання натуры, часта ў драматычныя моманты барацьбы («Тыгр, які раздзірае кракадзіла», «Удаў, які душыць газель», 1830-я г.; рэльеф «Леў» на цокалі Ліпеньскай калоны ў Парыжы, 1836; 4 групы драпежнікаў перад Музеем мастацтваў у Марселі, 1868; усе ў бронзе).

А.Бары. Удаў, які душыць газель. Бронза.

т. 2, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЧЫЁЛІ ((Caraccioli) Луі Антуан) (1721, Парыж — 29.5.1803),

французскі літаратар. Паходзіў з італьян. роду, аселага ў Францыі. З 1739 чл. каталіцкай кангрэгацыі аратарыянцаў. Падарожнічаў па Італіі і Германіі. У 1754—61 у Рэчы Паспалітай, выхавацель сыноў кароннага гетмана польскага Вацлава Жавускага. Аўтар твораў «Лісты, адрасаваныя знакамітай нябожчыцы, што нядаўна памерла ў Польшчы» (1770, 1771), «Польшча, якая яна была, якая ёсць і якая будзе» (1775), «Жыццё графа Вацлава Жавускага, вялікага генерала і першага сенатара Польшчы» (1782), у якіх даў звесткі па гісторыі Рэчы Паспалітай, апісаў свае асабістыя ўражанні ад падарожжаў па краіне, сустрэч з вядомымі дзярж. дзеячамі.

т. 8, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГЕНВІ́ЛЬ ((Bougainville) Луі Антуан дэ) (11.11.1729, Парыж — 31.8.1811),

французскі мараплавец. У 1763—65 даследаваў Фалклендскія а-вы. У 1766—69 на караблях «Будзёз» і «Этуаль» узначаліў 1-ю франц. кругасветную экспедыцыю, у час якой адкрыў (1768) у Ціхім ак. некалькі астравоў у архіпелагах Туамоту і Луізіяда. Паўторна адкрыў Саламонавы а-вы, да якіх даплыў у 1568 іспанец А.​Менданья дэ Нейра (з таго часу іх не ўдавалася выявіць). Сваё плаванне апісаў у кнізе «Кругасветнае падарожжа» на фрэгаце «Будзёз» і транспарце «Этуаль» у 1766—69 гадах» (1771). Яго імем названы в-аў Бугенвіль у групе Саламонавых а-воў і расліна бугенвілея.

т. 3, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДАРСЭ́ ((Condorcet) Мары Жан Антуан Нікала) (17.9.1743, г. Рыбмон, Францыя — 29.3.1794),

французскі філосаф-асветнік, матэматык, сацыёлаг, паліт. дзеяч. Маркіз. Член Франц. АН (1769). З 1785 сакратар Франц. акадэміі; супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.​Дзідро. Удзельнік франц. рэвалюцыі канца 18 ст. Дэп. Заканадаўчага сходу і Канвента. У філасофіі — прыхільнік дэізму і сенсуалізму. Чалавечы розум, паводле К., складае асн. сілу гісторыі, а яго неабмежаваныя магчымасці абумоўліваюць паступальны рух гіст. працэсу. Прыхільнік тэорыі натуральнага права. Прызнаваў актыўную ролю ў грамадскім развіцці разнастайных фактараў, асабліва эканомікі і палітыкі. Адмаўляў прынцып падзелу людзей на саслоўі і абгрунтоўваў ідэю паліт. раўнапраўя грамадзян. У эканам. пытаннях падзяляў погляды фізіякратаў. У матэматыцы даследаваў пераважна дыферэнцыяльныя і інтэгральныя ўраўненні, тэорыю верагоднасці.

В.​І.​Боўш.

т. 7, с. 577

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУДО́Н, Удон (Houdon) Жан Антуан (20.3.1741, г. Версаль, Францыя — 15.7.1828), французскі скульптар; адзін з буйных майстроў еўрап. скульптурнага партрэта 18 ст. Вучыўся ў Ж.Б.Пігаля. У 1764—68 пенсіянер Франц. акадэміі ў Рыме. У 1805—23 выкладаў у парыжскай Школе прыгожых мастацтваў. Надаючы вял. значэнне анатоміі як аснове скульптуры, выканаў анат. Фігуру «Экаршэ» (1767), якая стала навуч. дапаможнікам многім пакаленням скульптараў. Стварыў галерэю вобразаў вядомых гіст. асоб: бюсты Кацярыны II (1773), Ж.​Ж.​Русо (1778), А.​Г.​Мірабо (1791), Напалеона I (1806), помнік Дж.​Вашынгтону (1778), бюст (1778) і статую (1781) Вальтэра і інш. Натуральнай прастатой і лірычнасцю вызначаюцца жаночыя і дзіцячыя партрэты («Партрэт жонкі», 1787).

Літ.:

Арнасон Г.Г. Скульптура Гудона: Пер. с англ. М., 1982.

Ж.Гудон. Вальтэр у крэсле. 1781.

т. 5, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)