прагрэсі́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які паступова ўзрастае. Прагрэсіўная аплата працы.

2. Які імкнецца да прагрэсу, перадавы ў палітычных, сацыяльна-эканамічных адносінах. Гаварыць пачаў Анры Люсан, рэдактар прагрэсіўнай газеты. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕКЕРЭ́ЛЬ (Becquerel),

сям’я франц. фізікаў.

Антуан Сезар (7.3.1788, Шаціён-Каліньі, дэп. Луарэ, Францыя — 18.1.1878), член Парыжскай АН (1829). Асн. працы па люмінесцэнцыі, крышталяоптыцы, магнетызму, тэрмаэлектрычнасці. Аляксандр Эдмон (24.3.1820, Парыж — 11.5.1891), сын Антуана Сезара, член Парыжскай АН (1863), з 1880 яе прэзідэнт. Даследаваў прыроду фотагальванічнага эфекту, аўтар прац па пытаннях фосфарасцэнцыі, фотахіміі, фатаграфіі, атм. электрычнасці і інш. Антуан Анры (15.12.1852, Парыж — 25.8.1908), сын Аляксандра Эдмона, член Парыжскай АН (1889). Даследаванні па электрамагнетызме, оптыцы, фота- і электрахіміі, метэаралогіі. Адкрыў (1896) і даследаваў радыеактыўнае выпрамяненне соляў урану. Нобелеўская прэмія 1903. Яго імем названа адзінка радыеактыўнасці бекерэль. Жан (5.2.1878, Парыж — 4.7.1953), сын Антуана Анры, член Парыжскай АН (1946). Навук. працы па фоталюмінесцэнцыі, магнітаоптыцы, крышталяоптыцы.

Літ.:

Капустинская К.А. Анри Беккерель. М., 1965.

т. 2, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮНА́Н ((Dunant) Анры Жан) (8.5.1828, г. Жэнева, Швейцарыя — 30.10.1910),

швейцарскі паліт. дзеяч, гуманіст, заснавальнік Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа. Аўтар кн. «Успамін пра Сальферына» (1862, пра падзеі аўстра-італа-франц. вайны 1859), у якой абгрунтаваў ідэю стварэння міжнар. арг-цыі па дапамозе ахвярам вайны, чым значна паўплываў на заключэнне Жэнеўскай канвенцыі 1864. Нобелеўская прэмія міру 1901 (разам з Ф.Пасі).

А.Дзюнан.

т. 6, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

В’ЁТА́Н ((Vieuxtemps) Анры) (17.2.1820, г. Верв’е, Бельгія — 6.6.1881),

бельгійскі скрыпач, кампазітар. Адзін з буйнейшых скрыпачоў рамант. кірунку. Вучань Ш.Берыо. Выступаў з 7-гадовага ўзросту. Гастраліраваў у краінах Еўропы і Амерыкі. У 1838—40 і 1845—52 працаваў у Расіі. На яго творчасць паўплывала знаёмства з М.Глінкам, А.Даргамыжскім і інш. Аўтар 7 віртуозных канцэртаў для скрыпкі з аркестрам (найб. значны 4-ы), п’ес на тэмы рус. кампазітараў і інш. У 1871—73 праф. Брусельскай кансерваторыі. Сярод яго вучняў Э.Ізаі. З 1879 жыў у Алжыры.

т. 4, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎЕ́ ((Navier) Луі Мары Анры) (15.2.1785, г. Дыжон, Францыя — 23.8.1836),

французскі інжынер і вучоны, адзін з заснавальнікаў тэорыі пругкасці. Чл. Парыжскай АН (1824). Скончыў Політэхн. школу (1804) і Школу мастоў і дарог (1806), у якіх і працаваў. Навук. працы па буд. механіцы, тэорыі пругкасці, супраціўленні матэрыялаў, гідраўліцы і гідрамеханіцы. Вывеў агульныя ўраўненні раўнавагі і руху пругкага цела, ураўненні руху несціскальнай вязкай вадкасці (Н. — Стокса ўраўненні), распрацаваў метад разліку вісячых мастоў. Аўтар першага падручніка па супраціўленні матэрыялаў.

Літ.:

Тимошенко С.П. История науки о сопротивлении материалов: Пер. с англ. М., 1957.

т. 11, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛДЭ ((Velde) Хенры) (Анры) Клеменс ван дэ (3.4.1863, г. Антверпен, Бельгія — 25.10.1957),

бельгійскі архітэктар і майстар дэкар. мастацтва. Вучыўся ў АМ у Антверпене (1881—83) і ў Парыжы. Адзін з заснавальнікаў ням. Веркбунда (1907). Кіраваў маст.-прамысл. школай у Веймары (1902—14), Нац. вышэйшай школай дэкар. мастацтваў у Бруселі (з 1926). Ініцыятар стылю мадэрн, пазней тэарэтык і лідэр функцыяналізму. Сярод яго твораў інтэр’еры Фолькванг-музея ў Хагене (1901—02), дом Эшэ ў Хемніцы (1902—03), тэатр Веркбунда ў Кёльне (1914; усе ў Германіі); музей Кролер-Мюлер у Отэрла (Галандыя, 1926—37), бібліятэка ун-та ў Генце (Бельгія, 1935—40).

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКЕ́Н (Lekain; сапр. Кен; Cain) Анры Луі

(31.3.1729, Парыж — 8.2.1778),

французскі акцёр; найбуйнейшы прадстаўнік асветніцкага класіцызму. Вучань і паслядоўнік Вальтэра. Зазнаў уплывы М.Барона і А.Лекуўрор. У 1740-я г. ўдзельнічаў у спектаклях прыватных т-раў. З 1750 акцёр «Камеды Франсэз» у Парыжы. Салонна-арыстакратычнай вытанчанасці акцёрскай ігры проціпастаўляў вобразы, напоўненыя грамадз. пафасам і велічнай прастатой. Лепшыя ролі ў трагедыях Вальтэра — Арасман («Заіра»), Магамет («Магамет»), Чынгісхан («Кітайскі сірата»), у творах А.М.Лем’ера — Лінсей («Гіперместра»), Вільгельм Тэль («Вільгельм Тэль»), Ж.Ф.Лагарпа — Уорык («Граф Уорык») і інш. Ажыццявіў рэформу ў галіне тэатр. касцюма, імкнуўся да гіст. і этнагр. дакладнасці ў адзенні персанажа.

т. 9, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБ’Е́ ((Barbier) Анры Агюст) (29.4.1805, Парыж — 13.2.1882),

французскі паэт. Па адукацыі юрыст. Вядомасць прынёс зб. паліт. сатыры «Ямбы» (1831) пра падзеі Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 у Францыі. Афарбаваныя трагізмам выкрывальныя вершы Барб’е з іх алегарычнасцю і метафарычным стылем распачалі рамант. этап у гісторыі франц. грамадз. паэзіі. Тэму нац.-вызв. руху распрацоўваў у цыкле элегій і санетаў «Плач» (1833) і ў санетах «Гераічныя сугучнасці» (1843). Аўтар зб-каў «Лазар» (1837) і «Камічныя сатыры» (1865). У канцы 1840-х г. прыйшоў да пропаведзі хрысціянскага ўсёдаравання. Перакладаў Дж.Бакачыо, У.Шэкспіра, С.Т.Колрыджа.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. стихотворения. М., 1953.

Літ.:

Данилин Ю. Очерк французской политической поэзии XIX в. М., 1974.

т. 2, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕБЕ́Г ((Lebesgue) Анры Леон) (28.6. 1875, г. Бавэ, Францыя — 26.7.1941),

французскі матэматык, адзін з заснавальнікаў тэорыі функцый сапраўднай пераменнай. Чл. Парыжскай АН (1922). Замежны чл.-кар. АН СССР (1929). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1897). Праф. Парыжскага ун-та і Сарбоны (з 1910), Калеж дэ Франс (з 1921). Навук. працы па тэорыі функцый, тэорыі інтэгравання, тэорыі мностваў, гісторыі метадалогіі матэматыкі. Пабудаваў новую тэорыю інтэграла (інтэграл Л.), увёў новыя паняцці меры, мноства і вымяральных функцый (1902—04), што зрабіла магчымым інтэграванне шырокага класа функцый. Даследаванні Л. спрыялі стварэнню новых кірункаў у матэматыцы.

Літ.:

Тумаков И.М. АЛ.Лебег, 1875—1941. М., 1975.

А.Лебег.

т. 9, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ ШАТЭЛЬЕ́ ((Le Chatelier) Анры Луі) (8.10.1850, Парыж — 17.9.1936),

французскі фізікахімік і металазнавец, адзін з заснавальнікаў металазнаўства. Чл. Парыжскай АН (1907). Ганаровы чл. АН СССР (1927). Праф. Парыжскай вышэйшай горнай школы (1877—1919), Калеж дэ Франс (1898—1907) і Парыжскага ун-та (1907—25). Навук. працы па вывучэнні ўплыву ціску і т-ры на раўнавагу ў хім. рэакцыях, па даследаванні металургічных і хіміка-тэхнал. працэсаў. Сфармуляваў агульны закон зрушэння хім. раўнавагі (гл. Ле Шатэлье — Браўна прынцып). Сканструяваў тэрмаэл. пірометр, металаграфічны мікраскоп (1897), удасканаліў методыку даследавання будовы металаў і сплаваў. Прэзідэнт Франц. хім. т-ва (1931).

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 2. 3 изд. М., 1986.

т. 9, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)