БАРО́ГРАФ (ад бара... + ...граф),

самапісная прылада для пастаяннай рэгістрацыі атм. ціску. Бываюць анероідныя і ртутныя. Найб. пашыраны анероідныя, прыёмная частка якіх зроблена з некалькіх злучаных мембранных анероідных карабкоў (гл. Анероід). Змены атм. ціску выклікаюць перамяшчэнне вечкаў карабкоў, якія перадаюцца пяру, што чэрціць суцэльную крывую на стужцы барабана з гадзіннікавым механізмам (завод разлічаны на суткі або тыдзень). Выкарыстоўваецца на метэастанцыях.

т. 2, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЫНЯМЕ́Р,

1) Вышынямер авіяцыйны, альтыметр, прылада для вымярэння вышыні палёту лятальнага апарата над зямлёй. Адрозніваюць бараметрычныя вышынямеры (гл. Анероід) і радыёвышынямеры. Дзеянне бараметрычных вышынямераў заснавана на залежнасці атм. ціску ад вышыні палёту. Паказвае вышыню адносна месца ўзлёту. Радыёвышынямер працуе на прынцыпе адбіцця радыёхваль ад паверхні зямлі. Паказанні адпавядаюць сапраўднай вышыні палёту.

2) Вышынямер лесатаксацыйны, прылада для вымярэння вышыні дрэў і вугла іх нахілу. Заснавана на прынцыпе пабудовы падобных трохвугольнікаў.

3) Вышынямер геадэзічны, прылада для вызначэння перавышэння адных пунктаў над другімі (гарызонтаў): нівелір, тэадаліт, экліметр і інш. геадэзічныя прылады і інструменты.

т. 4, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)