ПО́ЛЮС І ПАЛА́РА,

спалучаныя пункт і прамая, якія характарызуюць уласцівасці ліній 2-га парадку.

Калі пункт P і прамая Q1Q2 размешчаны адносна крывой 2-га парадку L так, што для адвольнага пункта Q выконваецца роўнасць M2Q/QM1 = M2P/PM1 (гарманічнае размяшчэнне пунктаў M1, M2, P, Q), то пункт P наз. полюсам, а прамая Q1Q2 — яго палярай. Паляра пункта, што знаходзіцца на лініі L, супадае з датычнай у гэтым пункце. Аналагічна вызначаюцца полюсы і палярныя плоскасці для паверхняў 2-га парадку. П. і п. выкарыстоўваюцца ў праектыўнай геаметрыі.

Да арт. Полюс і паляра.

т. 12, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАБУ́ (палінезійск.),

1) пашыраная ў першабытным грамадстве сістэма забарон, парушэнне якіх нібыта караецца звышнатуральнымі сіламі. Звычай Т. ўпершыню апісаў у 1771 Дж.​Кук у абарыгенаў а-воў Тонга (Палінезія); там табуіраваным было ўсё, што адносілася да багоў і духаў, што належала жрацам і правадырам. Т. рэгламентавалі найважнейшыя бакі жыцця чалавека, найперш захаванне шлюбных норм. выкарыстанне пэўных прадметаў, слоў і г. д. Узнікненне Т. відавочна звязана з патрэбамі чалавечага грамадства, якое складвалася. каб падпарадкаваць паводзіны індывідуума інтарэсам калектыву. Перажыткі Т. захоўваюцца і ў сучасных рэлігіях (напр., у хрысціянстве паняцце граху аналагічна Т.).

2) У шырокім сэнсе — строгая забарона.

т. 15, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛЕ́ЛЬНЫЯ ПРАМЫ́Я,

прамыя, якія ляжаць у адной плоскасці і не перасякаюцца. У эўклідавай геаметрыі ў плоскасці праз усякі пункт, што не ляжыць на дадзенай прамой, праходзіць толькі адна прамая, якая не перасякае дадзеную. У Лабачэўскага геаметрыі ў плоскасці праз пункт C па-за дадзенай прамой AB праходзіць бясконцае мноства прамых, якія не перасякаюць AB, з іх паралельнымі да AB наз. толькі 2 — CE і CF. Прамая CE паралельная да AB у напрамку ад A да B, калі: пункты B і E ляжаць па адзін бок ад AC; CE не перасякае AB; усякі прамень унутры вугла ACE перасякае AB. Аналагічна вызначаецца прамая CF, паралельная да AB у напрамку ад B да A. У рыманавай геаметрыі П.п. не існуе.

Паралельныя прамыя.

т. 12, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭ́ДНЯЕ, сярэдняе значэнне,

лікавая характарыстыка групы лікаў ці функцый. Выкарыстоўваецца ў практыцы вымярэнняў і вылічэнняў фіз. велічынь, матэм. статыстыцы і інш. раздзелах матэматыкі.

С. групы лікаў — лік, што знаходзіцца паміж найменшым і найбольшым з іх. Найб. пашыраны: С. арыфм. x = (x1 + x2 + ... + xn)/n. С. геам. g = x1 x2 ... xn n , С. гарманічнае h = ( 1 / x1 + 1 / x2 + ... + 1 / xn ) і С. квадратычнае ( x12 + x22 + ... + x2n ) / n . С. функцыі — лік, што знаходзіцца паміж найменшым і найбольшым яе значэннямі, і для функцыі, зададзенай на адрэзку [a,b] выражаецца праз вызначаны інтэграл 𝑓 = 1 b − a ∫ a b 𝑓 ( x ) dx . Аналагічна вызначаецца С. функцый некалькіх пераменных у некаторай вобласці.

т. 15, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУР’Е́ ШЭ́РАГ,

шэраг для раскладання перыядычнай функцыі на гарманічныя кампаненты (гл. Гарманічны аналіз); асобная форма трыганаметрычнага шэрагу. Наз. імем Ж.Б.​Ж.​Фур’е, які яго ўвёў (1807).

Калі 𝑓(x) — перыядычная функцыя з перыядам 2T, то раскладанне яе ў Ф.ш. мае выгляд: 𝑓(x) = a0 2 + ∑ n = 1 ( an cos 2πx T + bn sin 2πx T ) , дзе an = ∫ −T T 𝑓(x) cos 2πx T dx і bn = ∫ −T T 𝑓(x) sin 2πx T dx — каэфіцыенты Фур’е, n = 1, 2, 3, ... . Аналагічна будуецца Ф.ш. для функцый многіх пераменных. Раскладанне функцый у Ф.ш. абагульняецца на любыя артанармоўныя сістэмы функцый (гл. Артаганальная сістэма), абагульненне Ф.ш. пры T→∞ — Фур’е інтэграл.

т. 16, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́БНАСЦЬ у матэматыцы,

лік, які характарызуе меру блізкасці дакладнага і набліжанага значэнняў пэўнай велічыні. Адрозніваюць абсалютную Х. — модуль рознасці |x − a| і адносную Х. — |x − a|/a (звычайна выражаецца ў працэнтах), дзе a — дакладнае і x — набліжанае значэнні зададзенай велічыні.

Пры лікавым рашэнні задач Х. вынікаў абумоўлена набліжаным матэм. апісаннем рэальнага працэсу, недакладнасцю задання зыходных даных, недакладнасцю метаду рашэння і Х. акруглення. Звычайна значэнне a невядомае і таму для характарыстыкі дакладнасці набліжанай роўнасці x ≈ a абмяжоўваюцца ўказаннем верхняй мяжы абс. Х. (лімітнай абс. Х.), якая вызначаецца як лік Δa такі, што |x − a| ≤ Δa. Аналагічна вызначаецца лімітная адносная Х. Выраз «лік x роўны a з дакладнасцю Δa» матэматычна запісваецца як x = a ± Δa. Гл. таксама Памылак тэорыя.

т. 17, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАБЛІ́ВАЕ,

філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае адрозненне адзінкавых рэчаў і з’яў, што маюць агульныя ўласцівасці; мера і спосаб аб’яднання агульнага і адзінкавага ў адной з’яве. Напрыклад, паняцце «беларус» выступае як агульнае ў адносінах да кожнага чалавека бел. нацыянальнасці і як асаблівае да паняцця «славянін»; апошняе выступае як агульнае ў адносінах да паняцця «беларус» і як асаблівае да паняцця «чалавек». Аналагічна ў адносінах да асобнага чалавека бел. нацыянальнасці асаблівае (напр., беларус) з’яўляецца агульным, а ў адносінах да яшчэ большай агульнасці (чалавек) яно можа быць адзінкавым. Узаемасувязь адзінкавага, асаблівага і агульнага мае важнае метадалагічнае значэнне. У працэсе пазнання яна можа рэалізоўвацца ў 2 кірунках: шляхам узыходжання ад адзінкавага да асаблівага і ад яго да ўсеагульнага, а таксама ад усеагульнага і агульнага да асаблівага і ад яго да адзінкавага.

А.​А.​Лазарэвіч.

т. 2, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЕНТА́ЦЫЯ [французскае orientation ад лацінскага oriens (orientis) усход] у матэматыцы, абагульненне паняцця напрамку на прамой на геаметрычныя аб’екты больш складанай структуры. Арыентацыя на прамой задаецца выбарам аднаго з двух магчымых напрамкаў. Замкнутую крывую можна арыентаваць па гадзіннікавай стрэлцы ці супраць яе. На плоскасці можна выбраць пэўную арыентацыю для ўсіх замкнутых крывых, якія ёй належаць і самі не перасякаюцца. Калі ўсе такія крывыя арыентаваць супраць або па гадзіннікавай стрэлцы, то ўся плоскасць будзе арыентаваная супраць або па гадзіннікавай стрэлцы. Аналагічна вызначаюць арыентацыю паверхні, якая мае 2 бакі. Аднабаковыя паверхні, напрыклад Мёбіуса ліст, не арыентуюцца. Паверхні, якія абмяжоўваюць частку прасторы, заўсёды належаць да арыентаваных. Арыентацыя прасторы задаецца выбарам Арыентацыі ўсіх замкнутых паверхняў, якія абмяжоўваюць вызначаныя часткі прасторы. Арыентацыя прасторы (плоскасці) задаюць таксама выбарам дэкартавай сістэмы каардынат (правай ці левай). Паняцце Арыентацыі пашыраецца і на мнагамерныя прасторы.

Арыентацыя замкнутай крывой: 1, 2 — па гадзіннікавай стрэлцы; 3 — супраць яе.

т. 2, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ПУКЛАСЦЬ І ЎВАГНУ́ТАСЦЬ крывой,

уласцівасць крывой, калі ўсе пункты любой яе дугі ляжаць не вышэй (не ніжэй) за хорду, якая сцягвае гэтую дугу. Пункт, у якім выпукласць крывой пераходзіць ва ўвагнутасць, наз. пунктам перагіну. Напр., крывая y=sin x увагнутая ў інтэрвале (0, π), выпуклая ў інтэрвале (π, 2π), пункт перагіну x=π.

Калі функцыя 𝑓(x) мае першую і другую вытворныя, то выпукласць і ўвагнутасць можна ахарактарызаваць так: у пунктах выпукласці крывая ляжыць не ніжэй за датычную і другая вытворная 𝑓″(x) > 0, у пунктах увагнутасці — не вышэй за датычную і 𝑓″(x) < 0 (калі 𝑓″(x) = 0, патрабуюцца дадатковыя даследаванні). Аналагічна вызначаецца выпукласць і ўвагнутасць паверхняў. Вобласць (частка плоскасці або прасторы), якая абмежавана выпуклай крывой (або выпуклай паверхняй), наз. выпуклай. Уласцівасці выпуклых абласцей вывучаюцца ў геаметрыі выпуклага цела.

В.​В.​Гарохавік.

Выпукласць і ўвагнутасць функцыі y=f(x); x0 — пункт перагіну.

т. 4, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКА́РТАВА СІСТЭ́МА КААРДЫНА́Т,

прамалінейная сістэма каардынат на плоскасці ці ў прасторы. Названа ў гонар Р.Дэкарта. Бывае прамавугольная (восі каардынат узаемна перпендыкулярныя) і косавугольная (вугал паміж каардынатнымі восямі адрозны ад прамога).

Прамавугольную Д.с.к. на плоскасці вызначаюць 2 каардынатныя восі — перпендыкулярныя прамыя, на кожнай з якіх пазначаны дадатны напрамак і зададзены адрэзак адзінкавай даўжыні (OE1=OE2=1). Пункт 0 іх перасячэння наз. пачаткам каардынат, вось Ox — воссю абсцыс, вось Oy — воссю каардынат. Прамавугольнымі дэкартавымі каардынатамі пункта М наз. ўпарадкаваная пара лікаў (x, y), вызначаных формуламі: x=OMx, y=OMy (прамыя MM і MMy паралельныя адпаведна восям Oy і Ox). У выпадку агульнай Д.с.к. (афінная сістэма каардынат) маштабныя адрэзкі на кожнай восі розныя (OE1 ≠ OE2) і каардынатныя восі не перпендыкулярныя. Аналагічна вызначаецца Д.с.к. у прасторы (дадаецца вось аплікат Oz).

Дэкартава сістэма каардынат: а, б, в — прамавугольная, косавугольная, афінная на плоскасці; г — прамавугольная ў прасторы.

т. 6, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)