Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
...БІЁЗ (грэч. biōsis ад bios жыццё), састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які звязаны з жыццём, з жыццёвымі працэсамі, напр., анабіёз, анаэрабіёз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХМЕ́ЦЬЕЎ (Парфен Іванавіч) (9.3.1860, Саратаўская вобл., Расія — 24.10.1913),
расійскі фізік і біёлаг-эксперыментатар. Скончыў Цюрыхскі ун-т (1885), дзе і працаваў. У 1890—1907 праф. Сафійскага ун-та (Балгарыя). У 1913 у ун-це Шаняўскага (Масква). Навук. працы па праблемах магнетызму, электрычнасці, геафізікі і фіз. хіміі. Эксперыментальна даследаваў анабіёз пры пераахаладжэнні млекакормячых (лятучых мышэй); распрацаваў тэрмаэлектрычны тэрмометр для вымярэнняў змены т-ры цела ў насякомых; займаўся пытаннямі практычнага выкарыстання пераахаладжэння пры лячэнні туберкулёзу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЭРАБІЁЗ (ад ан... + аэра... + ...біёз),
анаксібіёз, жыццё пры адсутнасці свабоднага малекулярнага кіслароду. Звычайная ўмова існавання анаэробных арганізмаў. Тэрмін анаэрабіёз увёў франц. вучоны Л.Пастэр (1861); ён паказаў, што мікраарганізмы, якія выклікаюць маслянакіслае браджэнне, гінуць у прысутнасці кіслароду. У шматклетачных жывёл анаэрабіёз — часцей часовы стан, які забяспечвае выжыванне ў перыяды недахопу кіслароду і суправаджаецца рэзкім падзеннем абмену рэчываў і пераходам у неактыўнае становішча (гл.Анабіёз). Працэсы анаэробнага ператварэння (браджэнне, гніенне) маюць вял. значэнне ў кругавароце рэчываў у прыродзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕРАФІ́ТЫ [ад грэч. xēros сухі + ...фіт(ы)],
расліны засушлівых мясцін, здольныя з дапамогай некат. прыстасаванняў (гл.Ксерамарфізм) пераносіць перагрэў і абязводжванне. Сукуленты маюць мясістае лісце, паверхневую каранёвую сістэму, утрымліваюць у клетках значную колькасць звязанай вады (напр., алоэ, кактусы, скочкі, расходнік і інш.). У геміксерафітаў добра развіта каранёвая сістэма, якая дасягае грунтавых вод, інтэнсіўныя транспірацыя і абмен рэчываў (вярблюджая калючка, шалфей і інш.). Эўксерафіты — апушаныя расліны з нізкаінтэнсіўным абменам рэчываў, маюць неглыбокую (50—60 см) каранёвую сістэму (калматка палявая, некат. віды палыну, цмен пясчаны і інш.). Пайкілаксерафіты пры значным абязводжванні пераходзяць у анабіёз, маюць у сабе 2—5% вады, але арганізацыя клеткі не парушаецца ў выніку захоўвання энергет. паўнацэннасці дыхання (некат. мхі, лішайнікі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАЎРО́ТКІ (Rotatoria),
клас чарвей падтыпу першаснаполасцевых. 3 атр., каля 2000 відаў. Пашыраны па ўсім свеце ў вадзе. На Беларусі каля 100 відаў. Уваходзяць у склад бентасу і планктону.
Адзіночныя, каланіяльныя, рухомыя і прымацаваныя формы.
Даўж. 0,01—2,5 мм. Бясколерныя і каляровыя, двухбаковасіметрычныя. Цела выцягнутае ці шарападобнае, звычайна падзелена на галаву, тулава і нагу, укрыта кутыкулай або панцырам. На галаве калаўротны апарат — сістэма раснічак, з дапамогай якіх К. перамяшчаюцца і кормяцца. Большасць К. адкладвае яйцы, ёсць жывародныя. Размнажэнне аднаполае (партэнагенез) або спалучаецца з двухполым (гетэраганія). Пры неспрыяльных умовах К. ўпадаюць у анабіёз. Паліфагі, кормяцца водарасцямі, бактэрыямі, дэтрытам; ёсць драпежнікі і паразіты беспазваночных і раслін. Удзельнічаюць у ачышчэнні вадаёмаў; корм для планктонаедных малявак рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ ПРЫСТАСАВА́ННІ жывёл, марфалагічныя, фізіялагічныя або эталагічныя асаблівасці, якія забяспечваюць захаванне жывёл і іх патомства ад ворагаў і неспрыяльных умоў навакольнага асяроддзя. Утварыліся эвалюцыйна ў барацьбе за існаванне.
Марфалагічныя прыстасаванні ўключаюць ахоўную афарбоўку і форму жывёл, органы актыўнай і пасіўнай абароны (рогі, клюшні, ядавітыя органы змей, жукоў, пчолаў, восаў, скарпіёнаў, рыб, іголкі, калючкі, ракавіны, панцыры, мімікрыю). Ад неспрыяльных умоў жывёл ахоўваюць луска, валасяное покрыва, пер’е, тлушчавая праслойка скуры, шкарлупіна яец і інш. Да фізіялагічных ахоўных прыстасаванняў належаць ядавітасць лімфы, крыві, унутр. органаў і скуры жывёл, выдзяленне пахучых рэчываў, назапашванне харч. рэчываў у арганізме, анабіёз, спячка ў жывёл і інш.Эталагічныя (звязаныя з паводзінамі) ахоўныя прыстасаванні — аўтатамія (самакалечанне), сімуляцыя смерці, адпужванне гукамі, позамі і рухамі, міміка, рухі хваста, міграцыі, назапашванне корму; барацьба з паразітамі, групавая абарона, інстынкты пабудовы жылля, клопаты пра патомства і інш.