хвароба чалавека, якая выклікаецца паразітаваннем у яго арганізме дызентэрыйнай амёбы (Entamoeda histolytica) і характарызуецца язвавым пашкоджаннем тоўстага кішэчніка. Цысты ўзбуджальніка выдзяляюцца ў навакольнае асяроддзе з калам, у вадзе могуць захоўваць жыццяздольнасць да 8 месяцаў; трапляюць у арганізм праз брудныя рукі, прадметы ўжытку, забруджаную агародніну, ваду. Інкубацыйны перыяд да 1,5 месяца. Хвароба пачынаецца слабасцю, зніжэннем апетыту, болямі ў жываце. Надворак пачашчаецца да 5—15 разоў за суткі, вадкі, са сліззю і крывёй. Развіваюцца з’явы інтаксікацыі. Без лячэння магчымы пераход у хранічную форму з ускладненнямі (разрывы кішак і абсцэсы ў печані і мозгу). Лячэнне толькі ў стацыянары з наступным наглядам урача.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАНЯНО́ЖКІ (Rhizopoda),
прасцейшыя жывёлы падтыпу саркодавых. 3 атр. (амебы, ракавінныя амёбы і фарамініферы), больш за 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды ў марскіх і прэсных вадаёмах і глебе. На Беларусі каля 40 відаў.
Памеры ад некалькіх мікраметраў да 3 см. Цела складаецца з паверхневага гамагеннага слоя — эктаплазмы і ўнутр. зярністага — эндаплазмы з ядром, вакуолямі і інш. ўключэннямі. Некат. К. маюць унутр. шкілет або ракавіну. Перамяшчаюцца і захопліваюць ежу з дапамогай часовых вырастаў (псеўдаподый). Размнажэнне бясполае і палавое. Кормяцца бактэрыямі, прасцейшымі і водарасцямі. Есць паразіты, узбуджальнікі інвазійных хвароб жывёл і чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСЦЕ́ЙШЫЯ (Protozoa),
падцарства аднаклетачных жывёл групы эўкарыёт. Разглядаюцца як зыходны этап у эвалюцыі шматклетачных жывёл. 5 (па інш. класіфікацыях да 9) тыпаў: саркамастыгафоры (Sarcomastigophora), апікомплексы (Apicomplexa), міксаспарыдыі, мікраспарыдыі, інфузорыі. Больш за 40 (70) тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у марскіх і прэсных водах, у глебе, многія — паразіты, узбуджальнікі хвароб чалавека і жывёл. Некат. паразіт. П. выкарыстоўваюцца для барацьбы з насякомымі—шкоднікамі с.-г. і лясных раслін. Амёбы, інфузорыі і інш. шырока выкарыстоўваюцца ў біяфіз., генет., цыталагічных і інш. даследаваннях. П. — важная састаўная ч.кругавароту рэчываў у біясферы, удзельнічаюць у ачыстцы забруджаных вод, фарміраванні донных адкладаў. На Беларусі найб. трапляюцца жгуцікавыя, саркодавыя, інфузорыі, мікраспарыдыі, міксаспарыдыі, сярод выкапнёвых — прамянёвікі і фарамініферы.
Памеры пераважна мікраскапічныя (0,002—0,15 мм), у некат. буйнейшыя (да 2 см). Адасобленыя або каланіяльныя арганізмы. Форма зменлівая (амёбы), шарападобная (прамянёвікі), прадаўгаватая (інфузорыі). Вонкавы слой цытаплазмы ўтварае пелікулу, у караняножак — ракавіна. Маюць адно або некалькі ядраў аднолькавай (апаліны) або рознай (большасць інфузорый) будовы. У цытаплазме размешчаны скарачальныя, стрававальныя, выдзяляльныя вакуолі, фібрылярныя ўтварэнні і інш.арганелы, якія выконваюць пэўныя функцыі. Рухаюцца з дапамогай псеўдаподый, жгуцікаў, раснічак. Здольныя да фотасінтэзу або жывяцца гатовымі арган. рэчывамі, многія — драпежнікі. Размнажэнне бясполае (дзяленне, пачкаванне) або палавое (кан’югацыя, капуляцыя). Многія П. пры чаргаванні форм размнажэння маюць складаныя жыццёвыя цыклы (асабліва спаравікі). У неспрыяльных умовах утвараюць цысты. З’яўляюцца кормам для заабентасу, зоапланктону, малявак рыб і інш. Вывучае П. — протазаалогія. Гл. таксама Пратысталогія.
Літ.:
Серавин Л.Н. Простейшие..: Что это такое? М., Л., 1984;
Жизнь животных. Т. 1. 2 изд. М., 1987;
Хадорн Э., Винер Р. Общая зоология: Пер. с нем. М., 1989.