ДЫЭТЫ́ЛАВЫ ЭФІ́Р, этылавы эфір, серны эфір, эфір,

аліфатычны просты эфір, H5C2OC2H5. Бясколерная вадкасць са своеасаблівым пахам, tкіп 34,5 °C, шчыльн. 713,8 кг/м³ (20 °C). Атрыманы ў 16 ст. В.​Кордусам дэгідратацыяй этанолу ў прысутнасці сернай к-ты (гэтым спосабам карыстаюцца і цяпер).

Д.э. змешваецца са спіртам, бензолам і інш. арган. растваральнікамі, абмежавана — з вадой (6,5% пры 20 °C); выбухова- і вогненебяспечны (т-ра загарання -41 °C). У прам-сці атрымліваюць як пабочны прадукт пры вытв-сці этылавага спірту гідратацыяй этылену. Выкарыстоўваюць як растваральнік нітратаў цэлюлозы (у т. л. ў вытв-сці бяздымнага пораху), жывёльных і раслінных тлушчаў, прыродных і сінт. смол, алкалоідаў і інш.; экстрагент, анестэзіруючы сродак у медыцыне. Злёгку раздражняе дыхальныя шляхі, пры атручэнні настае ўзбуджэнне, потым санлівасць і страта прытомнасці, ГДК 300 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 6, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЫ́ЛАВЫ СПІРТ, метанол, драўняны спірт,

прасцейшы аднаатамны аліфатычны спірт, CH3OH. Упершыню вылучаны ў 1835 франц. хімікамі Ж.​Б.​Дзюма і Э.​Пеліго з прадуктаў сухой перагонкі драўніны, сінтэзаваны ў 1857 П.Э.М.Бертло.

Бясколерная вадкасць са слабым пахам этанолу, tкіп 64,509 °C, шчыльн. 791 кг/м³ (20 °C). Добра раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Спалучае хім. ўласцівасці слабой асновы і вельмі слабой к-ты. Кіслародам паветра пры 500—600 °C у прысутнасці каталізатара акісляецца да фармальдэгіду. У прам-сці атрымліваюць пераважна каталітычнай рэакцыяй з сінтэз-газу (гл. Газіфікацыя паліва). Выкарыстоўваюць як сыравіну для арган. сінтэзу (пераважна фармальдэгіду), як растваральнік. Моцны яд (уздзейнічае на нерв. і сасудзістую сістэмы), атручэнне магчыма пры прыёме ўнутр (смяротная доза для чалавека 30 г), удыханні пары і пранікненні праз скуру, ГДК 5 мг/м³.

т. 10, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРКАПТА́НЫ [ад лац. nierc(urius) ртуць + captans які захоплівае],

тыолы, арганічныя злучэнні, у малекуле якіх сульфгідрыльная група (—S—H) непасрэдна злучана з вуглевадародным радыкалам. З’яўляюцца сярністымі аналагамі спіртоў агульная ф-ла R—SH, дзе R — аліфатычны або араматычны (Ar) радыкал. М. з Ar-радыкаламі наз. тыяфеноламі (гл. Тыяфенол).

Аліфатычныя М., за выключэннем метантыолу CH3SH (tкіп 6,02 °C), — вадкасці; ніжэйшыя вызначаюцца моцным і непрыемным пахам, які адчуваецца ў паветры пры вельмі нізкіх канцэнтрацыях (~2∙10​−9 мг/л). М. — слабыя к-ты: са шчолачамі і цяжкімі металамі ўтвараюць солі — меркаптыды, у прыватнасці, нерастваральныя меркаптыды ртуці (RS)2Hg (адсюль назва М.). Выкарыстоўваюць у сінтэзе пестыцыдаў, лек. сродкаў, стабілізатараў палімераў, для адарызацыі паліва, у т. л. бытавога газу (пераважна этантыол і прапантыол), як рэгулятары полімерызацыі ў вытв-сці каўчуку (аліфатычныя М. з 8—16 атамамі вугляроду). ГДК для ніжэйшых М. 0,8—1 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 10, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІКАРБАНА́ТЫ,

сінтэтычныя палімеры, складаныя поліэфіры вугальнай к-ты і дыгідроксізлучэнняў. Маюць агульную ф-лу [—ORO—C(O)—]n, дзе R — араматычны ці аліфатычны радыкал.

Найб. пашыраны араматычныя П. на аснове дыфенілолпрапану (бісфенолу А), найважн. з іх П., які атрымліваюць полікандэнсацыяй бісфенолу А з фасгенам [—OC6H4C(CH3)2C6H4OC(O)—]n. Цвёрдае аморфнае бясколернае рэчыва, мал. м. (2—12)∙10​4, шчыльн. 1200 кг/м³, tпл 220—230 °C, раскладаецца пры t > 320 ​oC. Тэрмапласт. Раствараецца ў метыленхларыдзе, хлараформе і інш. арган. растваральніках. Характарызуецца высокімі трываласцю і цвёрдасцю, добрымі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі. Аптычна празрысты, атмасфера- і марозаўстойлівы (т-ра эксплуатацыі ад -100 да 135 °C), цяжкагаручы матэрыял. Выкарыстоўваюць П. як канстр. матэрыялы ў аўтамабілебудаванні, электроннай і электратэхн. прам-сці, як высокачастотныя дыэлектрыкі ў радыёэлектроніцы, у вытв-сці фільтраў для крыві, касцявых пратэзаў, абалонак для лек. сродкаў пралангаванага дзеяння, вочных лінзаў, лінзаў для оптыкі, асвятляльнай арматуры і інш.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фармальдэгі́д

[ад лац. form(ica) = мурашка + альдэгід]

арганічнае злучэнне, самы просты аліфатычны альдэгід; бясколерны газ з рэзкім пахам; выкарыстоўваецца ў вытворчасці пластмас, смол, лекавых рэчываў, у папяровай і тэкстыльнай прамысловасці; мурашыны альдэгід, метанал.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)